Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

6 снежня 2018 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць краіны надаць яшчэ большую дынаміку развіццю супрацоўніцтва ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 6 снежня на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу.

"Сёння мы падводзім вынікі агульнай работы ў фармаце саюза за гэты год і вызначаем арыенціры ўзаемадзеяння на наступны. Што датычыцца перыяду, які завяршаецца, то ён з'яўляецца даволі неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод пазітыўных дасягненняў Прэзідэнт адзначыў уступленне ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, надзяленне Малдовы статусам наглядальніка. Дзяржавы - члены саюза таксама падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.

"Беларусь разлічвае, што нормы, замацаваныя ў гэтых дакументах, будуць рэалізаваны ў поўнай меры. Кожны з іх прымаўся з задзелам на будучыню і з разлікам на значны эканамічны эфект", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што існуюць важныя пытанні, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі. Яны датычацца ўстаранення бар'ераў у гандлі, фарміравання агульных рынкаў газу і нафты, лічбавізацыі эканомік краін ЕАЭС, развіцця кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг.

"Я вымушаны пра гэта гаварыць, але буду гаварыць не з пункту гледжання стагнання і рыдання, а з пункту гледжання таго, што мы дамовіліся, але не зрабілі. І з пункту гледжання таго, што наш саюз (на шчасце, я быў ля вытокаў яго стварэння) утвараўся на пэўных свабодах перамяшчэння рабочай сілы, капіталаў, паслуг, тавараў. І самае галоўнае, аб чым мы дамаўляліся, ствараючы нашу адзіную эканоміку, што ўсе суб'екты гаспадарання і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюза", - адзначыў беларускі лідар.


Устараненне бар'ераў і выключэнняў на рынку ЕАЭС

Прэзідэнт канстатаваў, што ў пачатку 2018 года Расія ў якасці старшыні ў органах ЕАЭС прадоўжыла работу па ўстараненні бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджаюць фарміраванню агульнага рынку ЕАЭС. "Гэта сапраўды адна з самых вострых праблем нашага саюза, якая яшчэ некалькі гадоў таму была абазначана беларускім бокам. Аднак гэта пытанне вырашаецца недапушчальна марудна. Больш таго, на змену бар'ерам, якія ўстараняюцца, узводзяцца новыя. І гэта стала практыкай", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта зусім недапушчальная сітуацыя, якая парушае дасягнутыя дамоўленасці. "Як паказала практыка, важна не толькі ўстараняць перашкоды, але і паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення. У сувязі з гэтым прапаную прадаставіць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзельніцай абмежаванняў або прадаўжэння ўжо дзеючых", - сказаў ён.

На думку беларускага боку, гэта не закране нацыянальныя інтарэсы дзяржаў, пры гэтым дасць магчымасць выключыць пратэкцыянізм, які наносіць сур'ёзны ўрон інтэграцыйным працэсам. "Усе прысутныя за гэтым сталом на сусветны пратэкцыянізм у гандлі адрэагавалі, абазваўшы яго груба - эканамічныя войны. Дык навошта ў сябе ствараем іх? - спытаў Прэзідэнт. - Трэба таксама павысіць адказнасць прадстаўнікоў выканаўчай улады нашых краін за прыняцце рашэнняў, якія ідуць уразрэз з прынцыпамі, замацаванымі ў нашым дагаворы аб саюзе".

Фарміраванне агульных рынкаў

Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бакі дамовіліся да 2025 года стварыць агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў.

"Мы абавязаны выканаць усё ў намечаныя тэрміны і забяспечыць работу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма - Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся".

Ён прывёў прыклад, які датычыцца пытання раўнапраўя і роўнасці ў ЕАЭС: "Дзеючы парадак цэнаўтварэння на пастаўляемы ў Беларусь прыродны газ: тарыф, што прымяняецца "Газпрамам" для беларускага боку на транспарціроўку газу з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі да нашай граніцы складае амаль $3 за 1 тыс. куб. м на 100 км, у той час як унутрырасійскі тарыф - каля $1".

З улікам гэтых абставін газ на граніцы са Смаленскай вобласцю абыходзіцца Беларусі па цане амаль $130 за 1 тыс. куб. м, а ўстаноўленая аптовая цана для спажыўцоў у Смаленскай вобласці Расіі - $70. Гэта амаль у два разы ніжэй. "Простае пытанне: як канкурыраваць у гэтай сітуацыі?" - спытаў Прэзідэнт Беларусі.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, каб краіны ЕАЭС ўжо на цяперашнім этапе прымалі рашучыя крокі да фарміравання паўнацэннага агульнага рынку саюза, у тым ліку ў сферы цэнаўтварэння на энерганосьбіты.

Рэагуючы на довады Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб тым, што цана расійскага газу для Беларусі значна ніжэйшая, чым, напрыклад, для Германіі, Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў выпускаемай у Беларусі прадукцыі вялікая доля камплектуючых менавіта Расійскай Федэрацыі. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння роўных умоў для работы суб'ектаў гаспадарання як у фармаце ЕАЭС, так і непасрэдна паміж Беларуссю і Расіяй.

"Нам трэба, каб былі роўныя ўмовы перш за ўсё ў нашай брацкай Расіі і Беларусі. Вось у чым пытанне, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Вы правільна сказалі: мы вызначыліся да 2025 года выйсці на гэты ўзровень. Але ключавое слова - у гэты момант, каб мы ішла да гэтага, а не спыняліся. Так, мы будзем яшчэ размаўляць, і ў мяне будзе да вас просьба толькі адна: каб ішлі да гэтага. Калі будзем ісці, дык і пытанняў не будзе. Мы разумеем, што за год гэта не вырашыць".

Прэзідэнт выказаў салідарнасць з меркаваннем расійскага боку аб важнасці развіцця новых сфер супрацоўніцтва, у тым ліку атамнай энергетыкі і аднаўляльных энергакрыніц. Аднак, заўважыў ён, адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дазваляе ЕАЭС прагрэсіраваць больш хуткімі тэмпамі, лічыць беларускі лідар. Вырашэнне гэтага ключавога пытання дасць магчымасць краінам пачаць асваенне і іншых напрамкаў.

Лічбавізацыя эканомікі ў краінах ЕАЭС

Гэта тэма прадметна абмяркоўвалася кіраўнікамі дзяржаў на сустрэчы ў вузкім фармаце. Перад краінамі стаяць амбіцыйныя задачы па пераходзе на сучасныя тэхналогіі і мадэлі вытворчасці. "Ад таго, наколькі зладжана мы зможам аб'ядноўваць патэнцыял нашых дзяржаў праз лічбавыя рашэнні, будзе залежаць эфектыўнасць інтэграцыі і ў цэлым будучыня саюза, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь гатова да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі праектных ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС".

У першую чаргу размова ідзе аб лічбавым гандлі і кааперацыі, электроннай лагістыцы, фарміраванні лічбавых транспартных калідораў, развіцці дакладных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

"Мы ў Беларусі займаемся лічбавізацыяй вельмі даўно. Зыходзячы з нашага вопыту, павінен сказаць: цяпер модна гаварыць пра лічбавізацыю, развіццё ІТ-тэхналогій. Гэта вельмі важны напрамак, гэта значна актывізуе вытворчасць, скарачае сабекошт. Але гэта, напэўна, 20-25% сённяшняга дня. І, напэўна, доўга так будзе. А 70-75% - гэта тая традыцыйная эканоміка, якая нас сёння корміць. Таму не трэба забываць і пра гэта", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.


Развіццё касмічных і геаінфармацыйных паслуг

На парадак дня саміту ЕАЭС таксама было ўнесена пытанне аб развіцці кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

"Рэалізацыя гэтай ініцыятывы з улікам яе высокага мультыплікатыўнага эфекту на развіццё сумежных галін і сектараў надасць магутны імпульс нашаму інавацыйнаму і прамысловаму супрацоўніцтву", - перакананы Прэзідэнт.

Гаворачы пра перспектывы далейшага развіцця ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што еўразійскае будаўніцтва павінна ахопліваць усё новыя сферы супрацоўніцтва.

"У сувязі з гэтым асабліва важна, каб праз год, а гэта будзе пяць гадоў з дня падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, мы змаглі ўбачыць канкрэтныя і адчувальныя вынікі нашай работы. Ні ў каго не павінна ўзнікаць сумненняў у тым, што ЕАЭС - гэта эфектыўны сумесны праект, нацэлены на павышэнне ўзроўню эканамічнага дабрабыту ўсіх дзяржаў-членаў", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што пасяджэнне пачалося значна пазней за запланаваны час. "Мы ўсе разам, амаль паўгадзіны слухаючы інфармацыю Прэзідэнта Расіі пра апошнія падзеі (перагаворы ў рамках "дваццаткі" і гэтак далей), канстатавалі, што свет усё больш і больш страчвае развагу ў плане эканомікі, гандлю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, для ЕАЭС гэта вялікі шанц аб'яднацца, згуртавацца і надаць яшчэ большую дынаміку развіццю супрацоўніцтва. "Давайце гэта зробім. Гэта ж залежыць ад нас, хто сядзіць тут за гэтым сталом. Беларусь да гэтага гатова", - заявіў ён.

Пасля завяршэння саміту Аляксандр Лукашэнка даў кароткае інтэрв'ю расійскім журналістам, у якім расказаў аб дамоўленасцях з расійскім бокам у бліжэйшы час сумесна працаваць над вырашэннем некаторых пытанняў у двухбаковым парадку дня.

"Мы дамовіліся, што ў панядзелак-аўторак у расійскім Урадзе на ўзроўні Козак-Ляшэнка (віцэ-прэм'еры Расіі і Беларусі. - Заўвага) абмяркоўваюцца праблемныя пытанні. Перш за ўсё наконт падатковага манеўру. У чацвер - пасяджэнне саюзнага Саўміна пад старшынствам Дзмітрыя Мядзведзева. Яны таксама разглядаюць гэтыя пытанні. А на наступным тыдні мы сустракаемся з Прэзідэнтам Расіі і расставім усе кропкі над "i", каб нам чарговы раз не ўвайсці з нявырашанымі праблемамі ў новы год. Гэта тое, аб чым мы акрамя ўсяго іншага дамовіліся", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама расказаў, што ў Санкт-Пецярбургу ўдалося вырашыць і праблемнае пытанне з назначэннем генеральнага сакратара АДКБ.

"Мы нечакана ледзь не правялі пасяджэнне АДКБ. І ў прынцыпе вырашылі праблему назначэння генеральнага сакратара", - заявіў беларускі лідар.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што генеральным сакратаром АДКБ будзе назначаны беларускі прадстаўнік. "Як калісьці Нурсултан Абішавіч (Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. - Заўвага) і гаварыў. Але мы дамовіліся па схеме і па сістэме, як адбудзецца гэта назначэнне - індывідуальная размова з кожным кіраўніком у АДКБ, і яны падпісваюць гэта рашэнне", - растлумачыў Прэзідэнт Беларусі.

Тэгі: Візіты
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь