Бел
Галоўная   /  Падзеі

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД

11 кастрычніка 2017 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы, 11 кастрычніка 2017 г.
Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы
глядзіце таксама: відэа
11 кастрычніка 2017 года
Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы
Прылёт у міжнародны аэрапорт Сочы
глядзіце таксама: відэа
10 кастрычніка 2017 года
Прылёт у міжнародны аэрапорт Сочы
Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю
глядзіце таксама: фота
11 кастрычніка 2017 года
Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю
18 фота

Заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы ў вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. "Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі", - заклікаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб'яднання - узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання. "Мы маем для гэтага добрую аснову - дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. У мінулым годзе пяццю дзяржавамі падпісаны пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе работа па яго рэалізацыі. Пад гэтым дакументам няма подпісаў асобных кіраўнікоў дзяржаў: Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - З аднаго боку, заяўляем аб адкрытасці ў гандлі, з іншага - не дапускаем адзін аднаго да закупак у дзяржсектары, які фарміруе значную долю рынку".

Асобнае пытанне - стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі. "Усе добра ведаюць, як ідзе работа над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так гадамі. У праекта каардынатара няма, а Выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя праблемы, паколькі менавіта гандаль і эканоміка з'яўляюцца фундаментам любых адносін. "Рэальны рух па двух напрамках, якія я абазначыў, удыхне ў арганізацыю жыццё. У адваротным выпадку СНД так і будзе заставацца ў сферы добрых намераў. Трэба даць неабходныя даручэнні нашым кабінетам міністраў, каб узнятыя тэмы былі разгледжаны", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.


Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні ў вузкім складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы раскрытыкаваў дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Ён расказаў, што паспеў ужо абмяняцца з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым меркаваннем аб рабоце асобных структур СНД, у прыватнасці, Міжпарламенцкай асамблеі. Яны лічаць, што дзейнасць гэтага органа не дае належнай аддачы, але ж на яе ўтрыманне выдзяляюцца немалыя грошы.

"Калі гэта структура не працуе, можа, і адмовіцца ад яе? Хоць мы прапаноўвалі надзяліць яе пэўнымі, канкрэтнымі паўнамоцтвамі. Мы там нейкія мадэльныя законы прымаем, але ніводны з іх, напрыклад, у Беларусі не быў пакладзены ў аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства. Такога ў прынцыпе ніколі не было", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Атрымліваецца, што дэпутаты збіраюцца ў Піцеры, нібыта нешта абмяркоўваюць, гавораць. Але нават мы аб гэтым нічога не ведаем, таму што гэта не запатрабавана, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Чыноўнікаў плодзім незлічоную колькасць, а толку мала".

Прэзідэнт падкрэсліў, што да гэтых пытанняў неабходна падысці грунтоўна. Паколькі нават на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разглядаюцца не самыя актуальныя і надзённыя праблемы. "Шчыра кажучы, мы і самі тут на высокім узроўні прымаем рашэнні і не заўсёды рэалізоўваем іх. Ды і рашэнні, паглядзіце, не нашага ўзроўню: нейкія заявы і іншае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, больш важная тэматыка гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, якую беларускі бок узнімаў не раз, і бяспекі. "Пытанні бяспекі - яны ўжо не стукаюць у дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: ці то мы баімся паставіць гэтыя пытанні, ці то разумеем, што не можам іх вырашыць", - канстатаваў беларускі лідар.


"Робім выгляд, што ўсё ў нас добра, збіраемся, заявы робім, а па сутнасці эфектыўнасць вельмі нізкая. Можа, нам неяк вызначыць кола спецыялістаў, якія аб'ектыўна нам прапанавалі б сур'ёзную рэформу або структурызацыю ў нашай дзейнасці?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Такія праблемы існуюць і ў ЕАЭС, адзначыў ён. Але там больш канкрэтны парадак дня і больш канкрэтныя рашэнні, паколькі значнасць саюза вельмі высокая. "Я згадзіўся б з тым, каб у ЕАЭС было і парламенцкае вымярэнне, таму што ёсць што там абмяркоўваць. Трэба да прытомнасці прыводзіць нашы постсавецкія структуры", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што яго пазіцыю падтрымліваюць кіраўнікі іншых краін.

Кіраўнікі дзяржаў - удзельніц СНД у час пасяджэння ў Сочы прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Лідары краін Садружнасці адзначылі важнасць выпрацоўкі сацыяльна-эканамічных мер, накіраваных на фарміраванне спрыяльных умоў для стварэння сям'і, аховы здароўя маці і дзіцяці, развіцця інстытута ўсынаўлення, падтрымкі маладых бацькоў, клопату аб старэйшых пакаленнях.

Прэзідэнты падкрэслілі ў заяве неабходнасць узаемадзеяння ў вырашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў дзіцяці, а таксама злачынствамі ў адносінах да дзяцей. У дакуменце таксама гаворыцца аб падтрымцы міжнароднай супольнасці ў забеспячэнні гендарнай роўнасці, захаванні балансу паміж работай і сям'ёй.

Рашэнні аб паглыбленні супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і карупцыяй таксама былі прыняты на пасяджэнні.

Прэзідэнты адобрылі Канцэпцыю супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджвання зброі масавага знішчэння. Яна вызначае прынцыпы і задачы, асноўныя напрамкі і формы, інфармацыйнае і навуковае забеспячэнне ўзаемадзеяння ў гэтых галінах.

Лідарамі краін таксама ўзгоднена Канцэпцыя супрацоўніцтва ў процідзеянні карупцыі, якая была распрацавана ў мэтах выканання Міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2014-2018 гады. Дакумент прыняты для далейшага сістэмнага развіцця ўзаемадзеяння і забеспячэння скаардынаваных дзеянняў у гэтай сферы і накіраваны на развіццё прававых і арганізацыйных асноў узаемадзеяння, а таксама вызначае прынцыпы, мэты і задачы, асноўныя напрамкі і формы супрацоўніцтва, інфармацыйнае і навуковае забеспячэнне сумеснай работы.

У час пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД таксама былі ўзгоднены і іншыя дакументы праваахоўнай тэматыкі. У прыватнасці, адобраны пагадненне аб размяшчэнні ў Расіі Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі небяспечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі Садружнасці, пратакол аб парадку перадачы наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, агнястрэльнай зброі, яе асноўных частак, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і ўзрыўных устройстваў, якія з'яўляюцца рэчавымі доказамі па крымінальных справах.


Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД на пасяджэнні прыняў рашэнне аб размежаванні сваіх паўнамоцтваў з Саветам кіраўнікоў урадаў. Да кампетэнцыі прэзідэнтаў цяпер будуць аднесены пытанні вызначэння стратэгіі і напрамкаў далейшага развіцця СНД, а таксама супрацоўніцтва ў сферах абароннай палітыкі, аховы знешніх граніц, барацьбы са злачыннасцю, процідзеяння тэрарызму і іншым выклікам і пагрозам.

Пры гэтым лідары краін Садружнасці змогуць дэлегаваць свае паўнамоцтвы не толькі кіраўнікам урадаў, міністрам замежных спраў і Эканамічнаму савету СНД, але і міністрам абароны, а таксама камандуючым пагранічнымі войскамі. Органам галіновага супрацоўніцтва прадастаўлена права падпісваць дакументы па пытаннях практычнага ўзаемадзеяння.

У сувязі з гэтым зацверджаны новыя палажэнні аб Савеце міністраў замежных спраў СНД, Эканамічным савеце СНД, Савеце міністраў унутраных спраў дзяржаў - удзельніц Садружнасці.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь