Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю

  • 10

Беларусь і Расія ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні ў двухбаковых адносінах. Такі вынік праведзенай 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў доўжыліся больш за пяць гадзін. Яны праходзілі спачатку ў фармаце сам-насам, а затым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.

Сустрэча пачалася з абмеркавання трагедыі, якая здарылася, - узрыву ў метро Санкт-Пецярбурга. Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Уладзіміру Пуціну. "Вельмі шкада, што так здарылася ў гэтыя хвіліны. Заўсёды думаеш аб тым, што дай бог, каб гэтым скончылася. Мы сутыкаліся, на жаль, у Мінску з такімі праблемамі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што галоўнай тэмай перагавораў з'яўляюцца пытанні бяспекі. Пры гэтым падкрэслена, што такую праблематыку планавалася абмеркаваць даўно і яна аказалася ў цэнтры ўвагі не толькі ў сувязі з трагедыяй, што адбылася.

Па выніках перагавораў Беларусь і Расія дамовіліся аб сумесных дзеяннях у сферы забеспячэння бяспекі. "Вы бачыце, што адбываецца вакол. І мы хацелі б проста захаваць стабільнасць у Расіі і Беларусі. Ужо вельмі мала засталося ў гэтым свеце ціхіх, спакойных кропак. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяннях па захаванні бяспекі ў нашых дзяржавах", - заявіў беларускі лідар.

На сустрэчы таксама былі вырашаны спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Бакі вызначылі адпаведную схему і знайшлі магчымасць для ўзаемных уступак. Чакаецца, што далейшыя неабходныя рашэнні будуць прыняты ў бліжэйшыя дні.

Прэзідэнты пацвердзілі сваё імкненне стварыць да ліпеня 2019 года неабходныя асноватворныя правілы і ўмовы па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі. Пацверджана гатоўнасць зрабіць усё для таго, каб да 1 студзеня 2018 года распрацаваць сумесныя правілы па адзіным рынку газу, а да 2024 года распрацаваць і выйсці на падпісанне міжурадавага пагаднення ў рамках ЕАЭС па адзіным рынку газу.

Яшчэ адной важнай тэмай перагавораў стала развіццё ўзаемадзеяння ў аграрнай і прамысловай сферах. Бакі палічылі неабходным дэталёва абмеркаваць гэтыя пытанні ў час маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета і па яго выніках прыняць канкрэтныя рашэнні. "Доўга абмяркоўвалі аграрную праблему, але дамовіліся аб тым, што яна ў нас на парадку дня Вышэйшага дзяржаўнага савета. Гэтак жа, як і пытанне па прамысловай палітыцы. І мы ў бліжэйшы час узгоднім тэрміны і прымем рашэнне па гэтых і іншых пытаннях ужо на пасяджэнні ВДС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Шмат часу было ўдзелена абмеркаванню супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Расійскія спецыялісты ў хуткім часе наведаюць беларускія прадпрыемствы, адносна якіх у іх узніклі сумненні з пункту гледжання выканання фітасанітарных норм, і абмяркуюць з калегамі праблемныя пытанні ў гэтай сферы.

Лідары дзвюх дзяржаў удзялілі ўвагу і ўзаемаадносінам у сферы фінансаў, у канкрэтных галінах эканомікі, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах. Размова, у прыватнасці, ідзе аб магчымым пашырэнні сумеснай работы ў касмічнай сферы.

Акрамя таго, расійскі бок пайшоў насустрач у пытанні рэфінансавання існуючых у гэтым годзе запазычанасцей перад Расійскай Федэрацыяй. "Прэзідэнт паабяцаў, што сёння-заўтра ён аддасць адпаведнае распараджэнне па гэтым пытанні", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Асобна ў час перагавораў узнімалася праблематыка міжнароднага парадку дня. "Асабліва тых пытанняў, якія датычацца нас, нашых суседзяў, палітыкі Еўрасаюза. Абмяняліся думкамі аб узаемаадносінах з ЗША, як выбудоўваць гэтыя адносіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я, вядома, прасіў Уладзіміра Уладзіміравіча, каб ён не забываў і пра Беларусь, выбудоўваючы адносіны з буйнымі дзяржавамі. У яго наперадзе сустрэчы ў "дваццатцы". Я атрымаў запэўненні ў падтрымцы нас на ўсіх форумах, як гэта ён рабіў і раней", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў расійскаму лідару за тое, што, нягледзячы на падзеі, якія здарыліся, бакі знайшлі магчымасць сесці за стол перагавораў. "Нягледзячы на гэту праблему, вы змаглі правесці перагаворы. Вядома, дрэнна, што прэзідэнтам даводзіцца ўмешвацца ў тыя ці іншыя праблемы не нашага ўзроўню. Але што зробіш, такая практыка", - дадаў ён.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін заявіў, што на сённяшні дзень у беларуска-расійскіх адносінах не засталося спрэчных пытанняў. "Мы будзем рухацца далей, будзем умацоўваць саюзніцкія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы і працаваць над умацаваннем нарматыўна-прававой базы і над развіццём Еўразійскага эканамічнага саюза", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.