Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю

  • 19
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7-8 мая робіць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю.

8 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  ўсклаў вянок да магілы Невядомага салдата ў Маскве.

Удзел у цырымоніі таксама прынялі Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка, Генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалай Бардзюжа і Старшыня Цэнтральнага камітэта Кампартыі Расіі, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзярждуме Генадзь Зюзанаў.

Аляксандр Лукашэнка ўшанаваў мінутай маўчання памяць загінуўшых у гады вайны.

У ходзе рабочага візіту ў Маскву Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД і пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага саюза.

На сустрэчы лідараў Садружнасці Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь рашуча асуджае спробы перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

"Мы рашуча асуджаем спробы аддання забыццю гераічных падзей таго часу, перагляду вынікаў вайны, выраўноўвання адносін да ахвяр і катаў (многія ўжо сёння ставяць іх на адну дошку), гераізацыі нацызму, рэабілітацыі фашысцкіх злачынцаў. Мы катэгарычна супраць выступалі і выступаем супраць гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэта пазіцыя краіны неаднаразова гучала на міжнародных форумах. "Беларусі няма чаго саромецца за сваю пазіцыю, мы заўсёды называлі рэчы сваімі імёнамі ў навейшай гісторыі і прытрымліваліся аднаго і таго ж курсу асуджэння фашызму і нацызму", - сказаў беларускі лідар.

"Мы абсалютна перакананы, што супраць савецкага народа ў тыя гады ажыццяўляўся самы сапраўдны генацыд", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што для прысутных на пасяджэнні 9 Мая мае асаблівае значэнне. "Нашы народы ўнеслі рашаючы ўклад у разгром фашызму і страцілі найбольшую колькасць людзей. Напрыклад, у Беларусі загінуў кожны трэці", - адзначыў Прэзідэнт. "Бацькі нашы разам ваявалі, і ад нашых дзеянняў сёння залежыць, што будзе помніць будучае пакаленне аб той вырашальнай ролі, якую адыгралі народы дзяржаў СНД у разгроме гітлераўцаў", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Перамога павінна працаваць на аб'яднанне дзяржаў і народаў.

"Мы часта гаворым аб тым, што Перамога адзіная і непадзельная. Нам сапраўды тут дзяліць няма чаго. Мы не бухгалтары, і няма чаго тут лічыць па ўдзельнай вазе ўзровень таго ці іншага ўдзелу ў гэтай вайне. Перамог не рускі, не беларус, не казах, не кіргіз, не ўзбек, не таджык - перамог тады савецкі народ, вялікі савецкі народ прынёс нам Вялікую Перамогу", - сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта вельмі актуальным цяпер. "Гэта павінна працаваць на аб'яднанне нашых дзяржаў і нашых народаў", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што праблемы адносна гэтага ёсць. "Калі ўжо быць абсалютна шчырым, то дрэннымі мы аказаліся наследнікамі для тых ветэранаў вайны, якія яшчэ жывыя, і асабліва для тых 30 млн, якія не прыйшлі з вайны, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы не збераглі тую краіну, якую абаранялі. Больш таго, няма чаго цямніць, на постсавецкай прасторы дастаткова было канфліктаў, і сёння існуе канфліктная сітуацыя ў брацкай нам Украіне, і чым раней мы вырашым гэту праблему, тым лепш будзе для цяперашняга пакалення".

У Беларусі з вялікай адказнасцю праводзяць урачыстасці з нагоды 70-годдзя Перамогі, і яны практычна ідэнтычныя ўрачыстасцям, што праводзяцца ў Расіі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я перакананы, што ідэалы братэрства і з'яднанасці павінны быць у аснове ідэалагічнага напаўнення ўсіх святочных мерапрыемстваў", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў удзельнікам пасяджэння абмеркаваць украінскае пытанне.

"Цяпер украінскі бок дэ-факта згортвае ўдзел у дзейнасці СНД, не фінансуе агульны бюджэт, а ён другі быў па колькасці напаўнення бюджэту пасля Расіі, не ўдзельнічае ў планавых мерапрыемствах, адклікаў пастаяннага паўнамоцнага прадстаўніка", - адзначыў беларускі лідар. "Разам з тым выхаду Украіны з СНД наўрад ці варта чакаць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Я шмат сустракаўся і гаварыў з кіраўніцтвам Украіны аб тым, што спяшацца не трэба, калі ўжо не хочацца бываць на пасяджэннях, то можна не прыязджаць, як сёння, але навошта выходзіць? Потым увайсці будзе больш складана", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў Грузію. "Лічу, што нашы сябры ва Украіне разумеюць гэта", - дадаў ён.

"Па-першае, грузінскі варыянт выхаду з захаваннем членства ў значных пагадненнях выкліча шэраг пярэчанняў сярод нас. Па-другое, МЗС Украіны заяўляе само, што членства ў СНД дасць магчымасць адсочваць нацыянальныя інтарэсы ў рэгіёне, інакш кажучы МЗС Украіны дае нам зразумець, што расставацца з СНД Украіна не збіраецца", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для краін СНД Украіна вельмі важная і ўдзельнікам пасяджэння трэба больш канструктыўна падысці да ўкраінскага пытання.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Еўразійскі эканамічны саюз набыў абрысы моцнага інтэграцыйнага аб'яднання, нягледзячы на складаныя стартавыя ўмовы.

"Функцыянуючы ўсяго чатыры месяцы, наш саюз ужо набыў абрысы моцнага інтэграцыйнага аб'яднання, нягледзячы на вельмі складаныя стартавыя ўмовы. У пэўным сэнсе эканамічны крызіс падштурхнуў інтэграцыйныя працэсы і садзейнічаў павышэнню эфектыўнасці і зладжанасці нашай работы", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэта пасяджэнне першае пасля ўступлення ў сілу дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. "Для беларускага боку гэты этап з'яўляецца найбольш адказным у сувязі з нашым старшынствам у саюзе", - сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што ініцыятывы як беларускага боку, так і партнёраў падтрыманы і знайшлі сваё адлюстраванне ў парадку дня пасяджэння. "Гэта пазітыўны знак таго, што ўсе нашы канструктыўныя, а нярэдка і крытычныя пажаданні камісіяй пачуты, аператыўна прыняты ў распрацоўку і сталі для яе кіраўніцтвам да дзеяння", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Спадзяюся, што і практычныя вынікі, у тым ліку па ўстараненні выключэнняў, стварэнні ўмоў для росту ўзаемнага тавараабароту, таксама не прымусяць сябе чакаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пасяджэнні трэба будзе прыняць рашэнні па шэрагу важных пытанняў функцыянавання саюза. У першую чаргу, гэта ўзгадненне пратаколаў па далучэнні кыргызскіх партнёраў да дагавора аб ЕАЭС. "Менш як паўгода спатрэбілася, каб "чацвёрка" ператварылася цяпер ужо, я лічу, у "пяцёрку", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Камісія прапанавала яшчэ адно важнае рашэнне - аб пачатку перагавораў з Кітаем па развіцці ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы. Прэзідэнт Беларусі лічыць сімвалічным, што гэты дакумент прымаецца ў перыяд афіцыйнага візіту кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна ў Расію і напярэдадні яго дзяржаўнага візіту ў Беларусь.

На парадку дня пасяджэння - зацвярджэнне канцэпцыі фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку і праграмы лібералізацыі кабатажных перавозак, а таксама прадаўжэнне работы па лібералізацыі рынку паслуг.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну і ў цэлым расійскаму боку за цёплы прыём і атмасферу, створаную напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Па выніках пасяджэння кіраўнікі дзяржаў падпісалі ўсе рашэнні, звязаныя з далучэннем Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюза. Кыргызстанскаму боку ў сціслы тэрмін удалося правесці вялікую работу па аснашчэнні мытных пастоў, а таксама ветэрынарных лабараторый у адпаведнасці з патрабаваннямі ЕАЭС. Прэзідэнтамі было выказана агульнае пажаданне не зацягваць ратыфікацыйныя працэдуры.

Прэзідэнты Еўразійскага эканамічнага саюза таксама зацвердзілі канцэпцыю стварэння агульнага электраэнергетычнага рынку. Паводле планаў, агульны электраэнергетычны рынак павінен запрацаваць да 2019 года. У далейшым разам з электраэнергетычным рынкам у ЕАЭС плануецца стварыць агульны рынак іншых энергарэсурсаў.

Акрамя таго, кіраўнікі ЕАЭС даручылі Еўразійскай эканамічнай камісіі пачаць работу над усеабдымным пагадненнем аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Кітаем. Гэта маштабнае пагадненне стане першым такім дакументам у міжнародным супрацоўніцтве ЕАЭС. Яно створыць базавыя ўмовы для развіцця партнёрства бакоў.

У рамках вячэрніх мерапрыемстваў у Маскве ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура, Прэзідэнтам  В'етнама - Чыонг Тан Шангам, Прэзідэнтам Кіпра - Нікасам Анастасіядзісам, Прэзідэнтам Сербіі - Таміславам Нікалічам, Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і Прэм'ер-міністрам Славакіі Робертам Фіцам.