Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальным саміце АДКБ

  • 16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочага візіту ў Кыргызстан 14 красавіка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў АДКБ.

У час саміту ЕАЭС беларускі лідар прапанаваў рэалізаваць комплекс першачарговых мер для эфектыўнай работы інтэграцыйнага аб'яднання. "Лічу, што 2017 год мы павінны зрабіць пераломным у станаўленні нашай арганізацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Перш за ўсё, на думку Прэзідэнта, неабходна ўвесці мараторый на прыняцце новых прававых актаў, якія маюць дыскрымінацыйны характар у адносінах да партнёраў па саюзе. "Сачыць за яго выкананнем павінна Еўразійская эканамічная камісія", - адзначыў ён.

Што датычыцца дзейнасці Еўразійскага міжурадавага савета і ЕЭК, ім неабходна ўдзяляць больш увагі ўстараненню выключэнняў, бар'ераў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС. Адпаведны даклад аб рабоце па гэтым напрамку Кіраўнік дзяржавы прапанаваў заслухаць на чарговым пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"Прадаўжаючы работу па ўдасканаленні Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, нельга дапусціць, каб да канца года ўсё звялося да тэхнічных правак. Неабходна ўважліва прааналізаваць гэты працэс", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нерэалізаванай застаецца беларуская ініцыятыва аб выпрацоўцы механізму функцыянавання ЕАЭС, калі адзін з яго ўдзельнікаў прымае аднабаковыя меры па абароне рынку адносна трэціх дзяржаў. "Адсюль, як снежны камяк, нарастаюць унутраныя супярэчнасці ў саюзе", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама заклікаў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза больш актыўна ствараць зоны свабоднага гандлю з трэцімі дзяржавамі: гэта выгадна ўсім. "Робячы асноўны ўпор на ўдасканаленні ўнутрысаюзных адносін, мы не забываем аб пашырэнні знешняга контуру. І тут, прызнаюся шчыра, заключэнне сучасных прэферэнцыйных пагадненняў аб свабодным гандлі адпавядае інтарэсам Беларусі. Упэўнены, і іншым дзяржавам. Таму заклікаю шырэй іх выкарыстоўваць для дыверсіфікацыі гандлёвых і інвестыцыйных адносін з нашымі партнёрамі, паглыблення прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама была звернута ўвага на пашырэнне геаграфіі Еўразійскага эканамічнага саюза. Пабудова адзінай эканамічнай прасторы і задачы, закладзеныя ў Дагаворы аб ЕАЭС, знаходзяць разуменне і водгук у іншых дзяржаў рэгіёна. "Сведчаннем таго з'яўляецца жаданне Малдовы атрымаць статус дзяржавы - наглядальніка пры ЕАЭС, а таксама імкненне многіх дзяржаў утварыць свабодную эканамічную зону з саюзам", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Аднак адна справа замацаваць разумныя ідэі ў дакуменце і зусім іншая - ажыццявіць. Тут у саюза дастаткова нявырашаных праблем. Так, у 2016 годзе краінам не ўдалося спыніць зніжэнне ўзаемнага тавараабароту і ўстараніць прычыны, якія прывялі да гэтага. У сувязі з гэтым беларускі лідар падтрымаў пазіцыю Кыргызстана сканцэнтравацца на вырашэнні ўнутраных праблем ЕАЭС.

У час нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў АДКБ Аляксандр Лукашэнка, які з'яўляецца старшынёй Савета калектыўнай бяспекі, праінфармаваў аб прыярытэтах, якія аб'явіла Беларусь на перыяд старшынства ў арганізацыі. Бакі абмеркавалі абстаноўку ў сферы бяспекі, актуальныя выклікі і пагрозы, што існуюць у рэгіёне АДКБ, а таксама шляхі сумеснага процідзеяння ім.

Прэзідэнты таксама разгледзелі кандыдатуры на пасаду генеральнага сакратара АДКБ. Ім з 2 мая стане прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў. Акрамя таго, было вырашана ўзнагародзіць былога генеральнага сакратара Мікалая Бардзюжу ганаровым знакам АДКБ I ступені за асаблівы ўклад у станаўленне арганізацыі, развіццё супрацоўніцтва паміж яе членамі, умацаванне калектыўнай бяспекі, міру і стабільнасці.

На палях мерапрыемстваў Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў перакананне, што краіны змогуць значна актывізаваць свае адносіны, нягледзячы на існуючыя складанасці.

"Напэўна, даўно нам трэба было сустрэцца і пагаварыць аб далейшых кроках па ўмацаванні адносін Беларусі і Малдовы. Павінен сумленна сказаць, што мы робім усё для таго, каб не разарваліся нашы сувязі з вашай цудоўнай краінай, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы чалавек новай фармацыі, але абсалютна тых жа поглядаў і той палітыкі, якой мы ў Беларусі прытрымліваемся. Таму я думаю, што, нягледзячы на праблемы, мы зможам актывізаваць нашы адносіны. У нас прынцып адзін: можам зрабіць нешта для сваіх сяброў, родных людзей - зробім. Калі будзе жаданне рухацца насустрач (эканоміка нас усё роўна да гэтага падштурхне), мы з вамі зробім нямала і для Малдовы, і для Беларусі".

Прэзідэнт адзначыў, што не адзін раз бываў у Малдове і добра ведае гэту краіну. "Розныя ў вас былі склады ўрада, розныя былі прэзідэнты, але мы стараліся падтрымліваць адносіны. Пры ўсіх складанасцях (пэўныя праблемы былі і па транзіце, па лагістыцы, і гэтак далей) мы паступова рухаліся наперад. Не скажу, што мы актыўна рухаліся ў галіне эканомікі і гандлю ў апошнія гады, але ўсё ж такі нам удалося ў гэтыя складаныя гады захаваць дадатную дынаміку", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У сваю чаргу Ігар Дадон падкрэсліў, што ў Малдове добра ведаюць Беларусь і нават па-добраму зайздросцяць яе поспехам у розных сферах. "Беларусі ўдалося захаваць і тое добрае, што было ў савецкі час, і сельскую гаспадарку, і інфраструктурныя праекты. Для нас гэта з'яўляецца добрым прыкладам. Гавару гэта сумленна і адкрыта", - сказаў ён.

Прэзідэнт Малдовы прызнаўся, што часта ставіць у прыклад Беларусь і заходнім партнёрам, якія перыядычна яе крытыкуюць. "Давайце рэальна паглядзім, што адбываецца ў эканоміцы Беларусі. Гэтым не могуць ганарыцца нават многія еўрапейскія краіны", - заявіў ён.