Цырымонія адкрыцця форуму "Адзін пояс і адзін шлях" у Пекіне

  • 24

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 мая прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця форуму "Адзін пояс і адзін шлях" у Пекіне.

Маштабны саміт урачыста стартаваў у Кітайскім дзяржаўным канферэнц-цэнтры. На форум прыбылі лідары 29 краін, а ўсяго яго ўдзельнікамі сталі дэлегацыі амаль са 130 дзяржаў.

Беларусь адна з першых краін у свеце і першая ў Еўропе падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі праекта "Адзін пояс і адзін шлях". Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутах новага сухапутнага Шаўковага шляху, і менавіта яна з'яўляецца сувязным звяном паміж Усходам і Захадам.

На палях форуму Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам. Бакі абмяняліся думкамі аб стане беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва, а таксама перспектывах яго развіцця.

"Дзякуй, што помніце нюансы і дэталі нашай сустрэчы ў Мінску. Калі Гасподзь і Алах дасць, мы з Вамі сустрэнемся ў пачатку жніўня зноў. Мы Вас чакаем. Толькі я хачу, каб Вы больш пабылі ў нас у Беларусі, каб я змог Вам паказаць не толькі нашы магчымасці ў сферы вытворчасці, асноўных напрамкаў нашага супрацоўніцтва, але і прыгажосць гэтага кавалачка зямлі ў цэнтры Еўропы, - сказаў беларускі лідар. - У нас будзе што абмеркаваць у час Вашага візіту".

Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што Наваз Шарыф наведае Беларусь разам са сваёй сям'ёй.

У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Пакістана падкрэсліў, што рады гэтай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, а апошні візіт у беларускую сталіцу выклікае ў яго толькі самыя цёплыя ўспаміны. "За вельмі кароткі прамежак часу нам удалося ўзняць узаемаадносіны Беларусі і Пакістана на вельмі высокі ўзровень. Безумоўна, такіх тэмпаў мы дасягнулі дзякуючы нашым асабістым адносінам. Вы з'яўляецеся фундаментам гэтых адносін, і мы можам па праву гэтым ганарыцца", - заявіў ён.

Кіраўнікі дзвюх краін сышліся на думцы, што рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым узроўні даў магчымасць краінам зрабіць прарыў у двухбаковых адносінах. Трывалыя палітычныя сувязі, упэўнены яны, павінны надаць штуршок і дынамічнаму развіццю эканамічнага ўзаемадзеяння.

На сустрэчы абмяркоўвалася развіццё прамысловай кааперацыі, існуючыя праекты і перспектывы стварэння новых сумесных прадпрыемстваў у Пакістане. Беларусь заклікае больш актыўна праводзіць работу ў гэтым напрамку. Яшчэ адной тэмай перагавораў сталі пастаўкі беларускіх прадуктаў на пакістанскі рынак, дзе яны вельмі запатрабаваны.

Бакі таксама канстатавалі паглыбленне парламенцкага ўзаемадзеяння і дамовіліся развіваць яго яшчэ больш эфектыўна. Асабліва была адзначана дзейнасць пакістанска-беларускіх груп дружбы, якія служаць важнымі звёнамі ў наладжванні кантактаў паміж людзьмі.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка разам з іншымі лідарамі дзяржаў, якія прыбылі на саміт "Адзін пояс і адзін шлях", прыняў удзел у прыёме ад імя Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Мерапрыемства прайшло ў Доме народных сходаў, які размешчаны ў цэнтры Пекіна і з'яўляецца адным з асноўных адміністрацыйных будынкаў кітайскай сталіцы.

Затым беларускі лідар наведаў святочны гала-канцэрт у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў.

Мерапрыемствы форуму "Адзін пояс і адзін шлях" прадоўжацца 15 мая. Плануецца, што Прэзідэнт прыме ўдзел у пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў саміту.