Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у Астане

8 чэрвеня 2017 года
Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, 8 чэрвеня 2017 г.
Сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у Астане
Прыбыццё ў аэрапорт Астаны
глядзіце таксама: відэа
8 чэрвеня 2017 года
Прыбыццё ў аэрапорт Астаны
Рабочы візіт у Казахстан
глядзіце таксама: фота
8 чэрвеня 2017 года
Рабочы візіт у Казахстан
21 фота

Беларусі цікавы вопыт Казахстана па будаўніцтве выставачных павільёнаў для правядзення міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 чэрвеня ў Астане ў час двухбаковай сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

"Мы не маглі не наведаць гэту выстаўку, таму што вы - нашы сябры, блізкія людзі, і я ведаю, як вы рыхтаваліся да гэтай выстаўкі, колькі зроблена. Мы не проста будзем глядзець павільёны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што нядаўна ў Мінску былі знесены старыя выставачныя плошчы. "Мы спланавалі будаўніцтва беларускай выстаўкі. Таму будзем дасканала вывучаць ваш вопыт. Вядома, нам такая маштабнасць не патрэбна - гэта сусветная выстаўка. Мы вельмі ўважліва вывучым гэты вопыт, і калі вы нам дапаможаце хаця б архітэктурнымі праектамі, спецыялістамі і падкажаце, мы вам будзем вельмі ўдзячныя", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі, у адносінах да асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана жанчын. Дакументы прызначаны для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму, які размешчаны на месцы буйнейшага савецкага жаночага лагера - Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКУС СССР, больш вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.

"Ведаю, што вы чалавек, прыхільны да гістарычнай праўды, колькі вы зрабілі для стварэння музея на месцы Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы", - сказаў Прэзідэнт.


Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што калі даведаўся аб рэалізацыі ідэі па стварэнні музейна-гістарычнага комплексу на месцы былога лагера недалёка ад Астаны, то даручыў КДБ Беларусі знайсці і вывучыць архіўныя матэрыялы, паколькі ў лагер ссылаліся людзі з самых розных рэспублік былога СССР. "Мы знайшлі цікавыя матэрыялы. Думаю, яны паслужаць асновай нашай беларускай выстаўкі ў гэтым музеі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, перададзеныя дакументы - копіі спраў у адносінах да жонак беларускіх пісьменнікаў, пісьмы сваякоў рэпрэсіраваных жанчын. Сярод іх - і цешча народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за тое, што ён прыняў запрашэнне прыехаць у Казахстан для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017". Што датычыцца двухбаковых адносін, ён выказаў упэўненасць, што ў гэтым пытанні няма ніякіх праблем.

Прэзідэнт Казахстана таксама з удзячнасцю прыняў перададзеныя дакументы. Ён расказаў, што ў экспазіцыі музея на месцы лагера паспрабавалі аднавіць існаваўшыя тады ўмовы быту і ўтрымання зняволеных. "Там проста ў муках гінулі людзі. Нельга забываць гэта!" - падкрэсліў Нурсултан Назарбаеў.

У Астане 8 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў канцэрт і прыём у "Астана Опера" з нагоды пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якое пройдзе 9 чэрвеня ў сталіцы Казахстана.


© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь