Рабочы візіт у Казахстан

  • 8

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ў Астану 19 сакавіка правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што разлічвае на нарошчванне тэмпаў гандлю.

"У нашых двухбаковых адносінах, здаецца, усё не так дрэнна. Хоць запаволенне ёсць, і хацелася б, каб перш за ўсё гандаль развіваўся большымі тэмпамі. Але вядомыя падзеі звонку, абвал расійскага рубля амаль у два разы, зразумела, паўплывалі на сітуацыю ўнутры Казахстана, унутры Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

"Дарэчы ваша запрашэнне, спроба абмеркаваць гэту сітуацыю і, калі трэба, прыняць рашэнне. Таму што нас гэта насцярожвае. Тэмпы негатыўныя накопліваюцца, і многае залежыць тут ад Расійскай Федэрацыі, мы ўтраіх павінны знайсці выйсце з гэтай сітуацыі, каб наш саюз быў і далей прывабным, каб людзі бачылі, што ў нас дадатная дынаміка, хаця б унутры нашага саюза", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе шмат увагі было ўдзелена абмеркаванню праблем у ЕАЭС. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў абмяняцца думкамі адносна пашырэння саюза, далучэння да яго Арменіі і Кыргызстана.

Беларускі лідар звярнуў увагу таксама на прэзідэнцкую перадвыбарную кампанію, якая праходзіць у Казахстане. "Вы ведаеце нашы адносіны да вас, ведаеце, што мы за вас вельмі балеем і перажываем, жадаем вам перамогі. Я ведаю, што казахстанскі народ ставіцца да вас з вялікай павагай і цеплынёй, і думаю, што пройдзе гэта прэзідэнцкая кампанія. Але як бы яна там ні склалася, нам трэба думаць пра будучае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў лічыць: у тым, што ЕАЭС пачаў функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года, ёсць вельмі вялікая заслуга Прэзідэнта Беларусі, які паскараў інтэграцыйныя працэсы.

Прэзідэнт Казахстана таксама звярнуў увагу на важнасць праведзенай у Мінску сустрэчы лідараў "нармандскай чацвёркі". "Добра, што ў Мінску такая сустрэча адбылася, ваша вялікая ў гэтым заслуга, - сказаў Нурсултан Назарбаеў. - Як бы там ні было, але вайна спынілася. Вялікая вайна, кровапраліцце". "Нікому не патрэбна і нам не на карысць гэта канфрантацыя ўнутры", - дадаў ён.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах Беларусі і Казахстана, Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі не знізіўся. Працуе вялікая колькасць сумесных прадпрыемстваў, дзясяткі зборачных прадпрыемстваў Беларусі ў Казахстане. "Гэту работу мы будзем прадаўжаць", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Кіраўнікі дзвюх дзяржаў прадметна абмеркавалі стан спраў у еўразійскай інтэграцыі, сітуацыю з санкцыямі, а таксама ўкраінскую праблематыку.

20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ў Казахстан прыняў удзел у трохбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі. Кіраўнікі трох дзяржаў абмеркавалі існуючыя гандлёва-эканамічныя выклікі ў рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама некаторыя міжнародныя пытанні.

"Напярэдадні 70-годдзя Перамогі зразумела, што мы павінны быць разам. Вельмі ўжо шмат выклікаў, дайшло ўжо да гісторыі, у тым ліку са спробай нават не перапісаць, а перакрэсліць нашу агульную гісторыю, таму і эканамічна, і палітычна мы павінны напярэдадні 70-годдзя Перамогі прадэманстраваць сваё адзінства", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што кожны год даводзіцца рэагаваць на новыя выклікі. На яго думку, час пацвярджае, што Еўразійскі эканамічны саюз быў створаны своечасова. "Больш таго, гэта не проста дэкларацыя - мы вялікую колькасць дакументаў прынялі, фармалізавалі яго, падпісаўшы шэраг пагадненняў. І ў рамках нашага саюза мы павінны рэагаваць на гэтыя выклікі", - сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што не трэба забываць і аб іншых членах саюза, якім павінны быць прапанаваны варыянты развіцця падзей на перспектыву.

Пасля завяршэння трохбаковай сустрэчы прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі паразмаўлялі з прадстаўнікамі СМІ.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі дамовіліся сустрэцца 8 мая ў Маскве. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць тыя пытанні, якія былі ўзняты на сённяшняй сустрэчы ў Астане і па якіх да гэтага часу ўрады краін ЕАЭС прымуць канкрэтныя рашэнні.

Лідары трох краін падрабязна абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва і меры, якія павінны прыняць у гандлёвай, грашова-крэдытнай і іншых сферах, каб максімальна задзейнічаць сумесныя рэсурсы для ўстойлівага ўзаемавыгаднага развіцця.

Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем заўважыў, што віцэ-прэм'еры трох краін 19-20 сакавіка правялі плённыя сустрэчы, разлічаныя на зняцце тых складаных праблем, якія існуюць у адносінах паміж дзяржавамі. Акрамя таго, прайшлі двухбаковыя перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана, Расіі і Казахстана, на якіх абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў двухбаковых адносін.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на трохбаковай сустрэчы кіраўнікі дзяржаў не пакінулі без увагі існуючыя праблемы, у тым ліку эканамічныя. У 2014 і пачатку 2015 года адзначаецца зніжэнне тавараабароту. "Гэта нядобрая тэндэнцыя, хоць мы бачым прычыны, - сказаў беларускі лідар. - Мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы і намячалі шляхі выхаду з гэтай сітуацыі. Ёсць складаныя пытанні, якія трэба вырашаць, але ёсць і простая формула для таго, каб тавараабарот унутры саюза рос - трэба гандляваць уласнымі таварамі".

"Арыентацыя на тое, каб унутраны рынак у саюзе запоўніць уласнымі таварамі - гэта пытанне нумар адзін. А таксама тых бар'ераў, якія часам узнікаюць. Гэтага таксама быць не павінна, тады прасцей будзе і нарошчваць тавараабарот", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

У ЕАЭС плануецца прыняць у 2015 годзе больш за сто важных дакументаў. Размова ідзе, у прыватнасці, аб прыняцці новага Мытнага кодэкса, канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама міжнародных дагавораў, што рэгулююць узаемадзеянне ў валютна-фінансавай і сацыяльна-эканамічнай сферах.

Кіраўнікі дзяржаў дагаварыліся развіваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, даручыўшы урадам прапрацаваць пытанні, што садзейнічаюць аднаўленню росту аб'ёмаў гандлю.

На сустрэчы былі таксама разгледжаны пытанні адносна ўступлення ў Еўразійскі эканамічны саюз новых членаў. "Мы адназначна пацвердзілі сваё жаданне, каб тыя, хто ўступае ў наш саюз, прытрымліваліся тых класічных прынцыпаў, што былі выпрацаваны з самага пачатку трыма краінамі. Нам дарагога каштавала фарміраванне гэтага саюза, таму новыя члены ўсё ж такі павінны прытрымлівацца тых прынцыпаў, якія намі выпрацаваны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларуі адзначыў, што лідары трох краін не пакінулі без увагі і актуальныя пытанні палітычнага парадку дня, абмеркавалі ход працэсу ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, шэраг іншых праблем. "Вынікам нашай сустрэчы стала супадзенне пазіцый практычна па ўсіх напрамках далейшага ўзаемадзеяння, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы намецілі канкрэтныя крокі па фарміраванні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з улікам новых рэалій сусветнай кан'юнктуры і бягучай сітуацыі ў эканоміках нашых краін".

Прэзідэнты таксама прынялі рашэнне прадаўжаць практыку такіх нефармальных сустрэч, каб абмяркоўваць і прымаць аператыўныя рашэнні па рэагаванні на крызісныя з'явы, што ўзнікаюць.

Прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі наведалі бібліятэку першага Прэзідэнта Казахстана. Кіраўнікі дзяржавы паразмаўлялі з юнымі наведвальнікамі бібліятэкі. Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну былі ўручаны электронныя чытацкія білеты.