Рабочы візіт у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты
Рабочы візіт у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты
Беларусь надае важнае значэнне развіццю
супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і бачыць значны патэнцыял для
яго нарошчвання. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы 28 кастрычніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам
Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам
аль-Нахаянам.
У час сустрэчы, якая прадаўжалася больш як дзве гадзіны, былі
абмеркаваны як бягучыя праекты, так і абазначаны задачы на бліжэйшую
перспектыву.
Аляксандр Лукашэнка і
шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян далі даручэнні вызначыць 3-4 ключавыя праекты,
рэалізацыя якіх дала б магчымасць вывесці адносіны паміж дзвюма краінамі на
якасна новы ўзровень.
Бакі з
задавальненнем адзначылі станоўчыя вынікі другога пасяджэння сумеснага камітэта
па супрацоўніцтве паміж урадам Беларусі і ўрадам ААЭ.
ААЭ - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі сярод арабскіх
дзяржаў Персідскага заліва. Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў ААЭ
з'яўляюцца часткі для аўтамабіляў і трактароў, тытунёвыя вырабы, сінтэтычныя
валокны, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі, калійныя ўгнаенні, падшыпнікі, прычэпы і
паўпрычэпы. Па стане на 2013 год у Беларусі было зарэгістравана 14 арганізацый з
удзелам эмірацкага капіталу і прыцягнута інвестыцый з ААЭ на суму $54
млн.
Беларусь і ААЭ вызначае высокі
ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння. Пазіцыі дзвюх краін супадаюць па ключавых
пытаннях міжнароднага парадку дня, якія разглядаюцца ў ААН.
Шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян прапанаваў Аляксандру Лукашэнку
працягнуць яго знаходжанне ў ААЭ з мэтай прадаўжэння двухбаковых кантактаў па
пытаннях, што ўяўляюць узаемны інтарэс для дзвюх дзяржаў.
29 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам прэм'ер-міністра,
міністрам унутраных спраў ААЭ шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што
напярэдадні прайшла вельмі змястоўная сустрэча з Наследным прынцам эмірата
Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам
Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. "Мы аб многім дамовіліся, з'явіліся новыя
ідэі, якія мы можам рэалізаваць і якія палепшаць не толькі эканамічныя адносіны
паміж дзвюма краінамі, але і адносіны паміж людзьмі", - сказаў беларускі лідар.
Ён растлумачыў, што размова ідзе аб спецыялістах, якіх беларускі бок можа
накіраваць для работы ў ААЭ.
У сваю чаргу шэйх Сейф бен Заід аль-Нахаян
адзначыў, што ў Беларусі вельмі добра развіты сферы прамысловасці, адукацыі і ў
сувязі з гэтым прыцягненне кваліфікаванай рабочай сілы з Беларусі стане адным з
асноўных праектаў у двухбаковым супрацоўніцтве.
"У Беларусі ўсе сферы
жыццядзейнасці - і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і сацыяльная, і сфера
высокіх тэхналогій - развіты на даволі высокім узроўні, - падкрэсліў Прэзідэнт.
- Адзінае ў гэтай сітуацыі, чаго не хапае, - гэта рэсурсы, у пэўных аб'ёмах
інвестыцыі - тое, што ёсць у Эміратах, і нам трэба гэта аб'яднаць на карысць
дзвюх дзяржаў".
У час сустрэчы размова ішла таксама аб развіцці
супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы. Узаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі
Беларусі і ААЭ развіваецца з 2005 года. У мінулым годзе пры Міністэрстве
ўнутраных спраў ААЭ сфарміраваны Камітэт па супрацоўніцтве з Беларуссю.
Эмірацкія слухачы праходзяць кароткатэрміновыя курсы на базе Акадэміі МУС
Беларусі.
29
кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам
саветніка па пытаннях нацыянальнай бяспекі ААЭ шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што
шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян прысутнічаў на праведзенай напярэдадні сустрэчы
Прэзідэнта Беларусі з Наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага
галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам
аль-Нахаянам. "Вы былі сведкам нашых доўгіх перагавораў, дыскусій, вы паглыблены
ў тэму гандлёва-эканамічных адносін, і думаю, што мы ўжо за гэтыя суткі змаглі
асэнсаваць сякія-такія пытанні і напрамкі супрацоўніцтва, асабліва новыя, якія
былі прапанаваны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам", - сказаў Аляксандр
Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пасля прыезду ў Беларусь дасць
даручэнне ўраду неадкладна сфарміраваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ,
каб абавязкова ў наступным годзе выйсці на аб'ём тавараабароту $500 млн. "Мы
вельмі хацелі б, каб так зрабіў і эмірацкі бок", - сказаў беларускі
лідар.
"Мы павінны абавязкова дасягнуць гэтага аб'ёму тавараабароту для
таго, каб стварыць фундамент, пэўную гандлёва-эканамічную пляцоўку для нашага
далейшага супрацоўніцтва", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
"Мы ўмеем рабіць
усё, у чым мае патрэбу ваша краіна, у вас ёсць тое, у чым маем патрэбу мы, і
хацелася б, каб мы аб'ядналі патэнцыялы і пашырылі і паглыбілі нашы адносіны як
у сферы эканомікі, бяспекі, так і іншых сферах нашых адносін", - сказаў Кіраўнік
беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ёсць адна
просьба, каб тыя дамоўленасці, якіх дасягнулі на такім высокім узроўні,
абавязкова эфектыўна і ў магчыма кароткі тэрмін былі рэалізаваны. Кіраўнік
дзяржавы адзначыў, што будзе на гэта арыентаваць і беларускі ўрад. "Я прасіў бы
і вас як чалавека, які курыруе адносіны Беларусі і ААЭ, дзейнічаць у такім
ключы. Тады мы зможам дасягнуць самага высокага ўзроўню супрацоўніцтва", -
сказаў беларускі лідар.
"Мы вельмі разлічваем, што нашы інтэнсіўныя
абмены візітамі на самым высокім узроўні і на ўзроўні міністраў, іншых службовых
асоб прывядуць да вельмі сур'ёзных зрухаў у нашых адносінах", - падкрэсліў
Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян
адзначыў, што шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян быў задаволены сустрэчай з Кіраўніком беларускай дзяржавы і ўражаны адкрытасцю размовы. "Лічу, што ўчора ў
нашых адносінах адбыўся, можна сказаць, прарыў", - падкрэсліў намеснік саветніка па пытаннях нацыянальнай бяспекі ААЭ, дадаўшы, што напярэдадні эмірацкі бок доўга працаваў
над дамоўленасцямі.
"Як я разумею, нам нарэшце ўдалося пераканаць нашых
партнёраў у Эміратах, што мы да вас прыйшлі ўсур'ёз і хочам пабудаваць нашы
адносіны на вельмі доўгую перспектыву", - адзначыў Аляксандр
Лукашэнка.
Таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Вялікую мячэць імя шэйха Заіда, аддаўшы даніну памяці першаму Прэзідэнту ААЭ шэйху Заіду
бен Султану аль-Нахаяну.