Рабочая сустрэча са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам

  • 1

Рэалізацыя праекта па ўзвядзенні Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане - сігнал усяму свету аб магчымасцях Беларусі ў будаўнічай сферы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам.

"Мы нарэшце асвоілі гэту вытворчасць, улічваючы, што ў савецкія часы, калі там вяліся даследаванні, Савецкі Саюз не змог, не рызыкнуў гэтым займацца. Гэта была вельмі складаная тэхналогія ў сувязі з тымі грунтамі, якія нам давялося прайсці. Але зрабілі. Значыць, тэхналогіі ў нас салідныя, - адзначыў Прэзідэнт. - І гэта сігнал усяму свету, што мы можам адкрыць любую шахту і здабываць там не толькі калійныя ўгнаенні, але любыя карысныя выкапні шахтавым спосабам. Я ўжо не гавару, адкрытым спосабам. Для нас гэта быў вельмі важны праект, і добра, што мы яго завяршылі".

Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб выніках будаўніцтва камбіната і магчымасцях вытворчасці. Было адзначана, што рэалізацыя гэтага праекта была выгаднай для беларускага боку: ва ўзвядзенні аб'екта прыняла ўдзел вялікая колькасць бударганізацый, а на вытворчасць была пастаўлена шырокая лінейка тэхнікі. Гэта прадэманстравала канкурэнтаздольнасць краіны ў дадзенай сферы.

Кіраўнік дзяржавы даручыў арганізавана правесці неабходныя фінансавыя разлікі, каб беларускія прадпрыемствы своечасова атрымалі плату за фактычна выкананыя аб'ёмы работ.

Яшчэ адна тэма сустрэчы - стан спраў у Брэсцкай вобласці. Міхаіл Мясніковіч, які з'яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта па гэтым рэгіёне, далажыў Аляксандру Лукашэнку аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і праводзімай рабоце з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы.

Размова таксама ішла аб ходзе ў паўднёвым рэгіёне краіны пасяўной кампаніі і праблемных пытаннях, якія патрабуюць вырашэння. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава акажа падтрымку прадпрыемствам у закупцы паліва: "У масавым парадку мы падтрымаем прыкладна з 1 красавіка, калі ўся краіна ўцягнецца ў пасяўную кампанію. Я падпісаў усе распараджэнні, паліва мы дабавім. Але гэта не значыць, што яно зваліцца з неба".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адно немалаважнае пытанне: у бліжэйшыя дні чакаецца цёплае надвор'е, а значыць, на палях з'явяцца першыя ўсходы. "Нам трэба паспяшацца пасеяць як мага хутчэй", - паставіў задачу ён.