Рабочая сустрэча з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе выканання ў поўным аб'ёме запланаваных у 2015 годзе паказчыкаў. Аб гэтым 6 жніўня ішла размова ў час рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з прэм'ер-міністрам краіны Андрэем Кабяковым.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі вызначаны задачы для эканомікі. "Першая задача - гэта прадаваць тое, што мы вырабляем. І ні ў якім разе не на склад, ні ў якім выпадку не вывозіць кудысьці пад адказнае захоўванне", - адзначыў Прэзідэнт.

"Галоўнае, куды прадалі? І нават не гэта галоўнае, прадавайце, куды хочаце. Грошы, дзе грошы? Вось гэта галоўнае! Мае зямныя патрабаванні да ўрада ў тым, каб мы ўсё ж такі выканалі тое, што паставілі перад сабой у гэтым годзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Я разумею - складанасці і цяжкасці. Але лічыце, што ў нас ідзе ў эканоміцы вайна, ваеннае становішча. І мы павінны зрабіць усё для таго, каб вось у гэтых ваенных эканамічных умовах выканаць тыя задачы, якія перад сабой паставілі, і мы павінны іх вырашыць у гэтым годзе", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, як вырашаецца гэта задача ва ўрадзе.

"Трэба абавязкова вырашыць тое, аб чым я гавару, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі ж не патрабуюць ад нас штосьці незвычайнае! Яны разумеюць, што мы працэнтаў на 80 трапілі ў гэты крызісны перыяд не па сваёй волі. Не мы таму віной".

"Але вылазіць з гэтага, напружваючыся да неймавернасці, давядзецца нам. Нікуды ад гэтага не дзенешся. Чакаць, што будзе лепшы час у нашых суседзяў, на нашых рынках, не даводзіцца, вы бачыце, як развіваюцца падзеі. Таму давядзецца ісці, праломваючыся, канкурыруючы, на іншыя рынкі. Гэта задача кожнага", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць захавання працоўных калектываў. "Я вельмі добра бачу, як некаторыя кіраўнікі сябе паводзяць, забываючы аб тым, што заўтра самі будуць і пенсіянерамі, і людзьмі, якіх трэба будзе, можа, абараняць. Таму трэба гэта бачыць і зыходзіць па-чалавечы з гэтага", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшым будучым будуць абмеркаваны стратэгічныя пытанні па развіцці краіны на наступную пяцігодку.

"Не хачу папракнуць цяперашні ўрад у гэтым, але ў нас склалася практыка: калі нешта не атрымліваецца, значыць, трэба Прэзідэнту або грамадству падсунуць нейкія вялікія крокі ў будучыню, і прытым крокі не заўтрашняга дня (я ўжо не гавару пра сённяшні), а нейкай аддаленай перспектывы. І калі я знаёмлюся з такімі канцэптуальнымі рэчамі для нашай краіны, я заўсёды думаю аб тым, хто ж будзе выконваць тое, што мы сёння вызначым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Людзям трэба жыць не толькі заўтра, гэта, зразумела, вельмі важна, але людзі жывуць сёння. І мы павінны забяспечыць усё неабходнае для таго, каб людзі жылі нармальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"І самае галоўнае, калі ўжо гаварыць аб канцэптуальных вашых прапановах, - я не хачу стварыць такое буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадства, дзе будзе прорва паміж багатымі, чытай, нашымі бізнесменамі, прадпрымальнікамі, можа, нейкімі чынушамі і гэтак далей, і звычайным народам. Вось гэта прорва абавязкова прывядзе да скандалу, як мінімум. А як максімум, і мы гэта праходзілі ўжо, - да рэвалюцый. Дэстабілізавана будзе грамадства, і, можа, мы яшчэ раней і хутчэй паўторым украінскі варыянт. Можа, без знешняга ўмяшання", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я глыбока не ўнікаў у гэтыя праблемы, але бачыў, што многія дзяржавы гэта перажывалі, і бачу наступствы такіх рэформ. У нас таксама ў некаторых сверб, у часткі нашага грамадства: вось не атрымліваецца, патрэбны нейкія змены. Тыпу 1 млн рабочых месц. Праўда, ніхто не думае аб тым, што рабочыя месцы ж патрэбны з заўтрашняга дня, каб прадаць прадукцыю. Ды і дзе мы возьмем гэты мільён чалавек пад мільён рабочых месц? Ведаеце, папулісцкія такія вось лозунгі. А па-другое, каб стварыць мільён рабочых месц, трэба $10 млрд, а можа, і больш. Бо гэта павінны быць месцы, якія дадуць добрую прадукцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўрад няўхільна выконвае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы аб тым, каб краіна, эканоміка жыла па сродках. Прэм'ер-міністр далажыў Прэзідэнту, што за сем месяцаў бягучага года поўнасцю выкананы валютныя абавязацельствы па дзяржаўным доўгу, за пяць месяцаў сфарміравана дадатнае сальда знешняга гандлю. Акрамя таго, Аляксандру Лукашэнку было даложана аб ходзе рэалізацыі нядаўна прынятых указаў па падтрымцы прамысловых прадпрыемстваў. Прэзідэнтам былі дадзены даручэнні, звязаныя з рэалізацыяй дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе яго візітаў за мяжу і прыезду вышэйшых службовых асоб у Беларусь, а таксама па шэрагу інвестыцыйных праектаў.