Рабочая сустрэча па пытаннях развіцця спартыўнай галіны

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 1 верасня рабочую сустрэчу з памочнікам Прэзідэнта Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максімам Рыжанковым і намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзімам Дзевятоўскім.

    Прэзідэнт даручыў вядомаму спартсмену, а цяпер дэпутату, сур'ёзна заняцца пытаннямі павышэння эфектыўнасці ў беларускай лёгкай атлетыцы і вывучыць усе праблемныя моманты як на ўзроўні нацыянальнай каманды, так і ў дзіцяча-юнацкім спорце, інфраструктуры, улічваючы будучыя летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра.

    "Дэпутацкая работа вельмі важная і адказная, але мне здаецца, што ты недагружаны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Вадзіма Дзевятоўскага.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго пакуль не задавальняе работа кіраўніцтва спартыўнай галіны, і ён не бачыць асаблівай аддачы. Паводле слоў Прэзідэнта, яго таксама ў цэлым не радуюць вынікі федэрацый па медаляёмістых відах спорту, напрыклад такіх, як плаванне і лёгкая атлетыка. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за апошнія гады многае было зроблена для развіцця спартыўнай інфраструктуры, і пытанне аб тым, што трэніравацца няма дзе, узнікаць не павінна.

    Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў асобных спартыўных дысцыплінах здараюцца і поспехі, як напрыклад, нядаўняя перамога беларускай спартсменкі ў бегу на 800 м на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы. Аднак Прэзідэнт падкрэсліў, што па іншых напрамках, дзе Беларусь традыцыйна займала высокія месцы, справы ў айчыннай лёгкай атлетыцы ідуць дрэнна. "Трэба зубамі чапляцца і вяртаць сабе лідзіруючыя пазіцыі. Мы гэта можам зрабіць. Мы гатовы ўсяляк дапамагаць лёгкай атлетыцы. І самае галоўнае - там патрэбны вызвалены чалавек, які ведае знутры ўсю гэту кухню з усімі хітраспляценнямі. І патрэбны чалавек, надзелены ўладай", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы асабіста падключыцца да вырашэння праблемных пытанняў у лёгкай атлетыцы. Ён таксама лічыць неабходным праводзіць у Беларусі буйныя міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што стадыён "Дынама" ў Мінску даручана рэканструяваць менавіта пад лёгкаатлетычны стадыён. Там плануецца стварыць усе неабходныя ўмовы, якія дадуць магчымасць Беларусі на высокім узроўні прымаць у тым ліку чэмпіянаты Еўропы і свету па лёгкай атлетыцы.

    Акрамя спартыўнай тэматыкі таксама закраналіся пытанні барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў і адпаведнага законапраекта, над якім цяпер працуюць дэпутаты. Як дэпутат ад Наваполацкай выбарчай акругі Вадзім Дзевятоўскі таксама падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за дадзенае ўраду даручэнне аб будаўніцтве ў гэтым горадзе новага лядовага палаца.