Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая сустрэча з намеснікам Прэм'ер-міністра Міхаілам Русым

1 сакавіка 2018 года
Рабочая сустрэча з намеснікам Прэм'ер-міністра Міхаілам Русым
глядзіце таксама: відэа
1 сакавіка 2018 года
Рабочая сустрэча з намеснікам Прэм'ер-міністра Міхаілам Русым

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бягучым годзе пабудаваць новы мост паміж Жыткавічамі і Туравам. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 1 сакавіка ў час рабочай сустрэчы з намеснікам Прэм'ер-міністра Міхаілам Русым.

"На жаль, што было пабудавана ў савецкі час, гэтыя масты маюць праблемы. Дрэнна, што гэта нечакана здарылася. За гэты год новы мост павінен быць там пабудаваны", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён сам часта бывае ў гэтым рэгіёне. "Гэта нядобра будзе, калі Прэзідэнт туды прыедзе, а людзі будуць скардзіцца. Яны разумеюць, што бяда здарылася. Усяляк бывае, але людзі не павінны пакутаваць, - падкрэсліў ён. - Трэба арганізаваць падвоз да Турава, Жыткавіч, каб людзі маглі перамяшчацца. Зрабіць усё, каб людзі маглі пераходзіць цераз рэчку - хаця б тыя, якія на работу едуць. За год мост павінен быць адноўлены".

Прэзідэнт сказаў, што мае намер наведаць гэты раён вясной і пракантраляваць гэтыя пытанні. "Не дай бог, людзі пачнуць скардзіцца, што мы не працавалі з гэтай праблемай, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - У мяне гэта пытанне на кантролі. Але гэта твая радзіма, і ў Год малой радзімы ты не павінен ад гэтага адвярнуцца".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў праверыць стан іншых падобных мастоў у краіне. "Не трэба чакаць, пакуль зноў недзе штосьці лопне ці трэсне. Трэба ўмацоўваць, перарабляць гэтыя масты, магчыма, яшчэ дадатковыя апоры падвесці. Але так, каб яны трымаліся і служылі. А так мы цяпер паабмяжоўваем рух, потым закрыем масты, і людзі будуць за 300 км ездзіць. Гэта ж нядобра", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся ў Міхаіла Русага, як вырашаюцца пытанні аб пастаўках беларускага малака ў Расію. Раней віцэ-прэм'еру даручалася разабрацца з гэтай праблемай.

"Але хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста цярпець гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі або адкуль-небудзь сухое малако (гэта іх справа), з'явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы ім аддадзім сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай расіянам павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб'еліся новазеландскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэта пытанне", - сказаў Прэзідэнт.

Як далажыў Міхаіл Русы, беларускія спецыялісты правялі некалькі сустрэч на пляцоўках Міністэрства сельскай гаспадаркі і Урада Расіі. Бакі знайшлі падыходы да ўрэгулявання спрэчных момантаў, і ў сакавіку павінны быць прыняты адпаведныя рашэнні.

Асобна ў час сустрэчы разглядалася сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. "Зіма правярае нас на трываласць. Дзякуй богу, што ў Беларусь нарэшце прыйшла сапраўдная зіма, як у нас было ў дзяцінстве. У сувязі з гэтым: як ідуць справы ў сельскай гаспадарцы? Як вытрымліваюць нашы жывёлагадоўчыя комплексы, якія мы пабудавалі па найноўшых тэхналогіях? Што насцярожвае?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Намеснік Прэм'ер-міністра праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку ў цэлым аб сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе, падрыхтоўцы арганізацый да веснавых палявых работ, дынаміцы вытворчасці, новых інвестыцыйных праектах.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на сітуацыю ў сферы лясной гаспадаркі. "Бардак поўны, хабарнік на хабарніку сядзіць. Табе таксама дадзім ацэнку, віцэ-прэм'ер павінен быў там навесці парадак, каб мыш не прапаўзла", - папярэдзіў ён.

Паводле слоў Міхаіла Русага, Урадам і Адміністрацыяй Прэзідэнта падабраны кандыдатуры на пасаду Міністра лясной гаспадаркі. Гэта вельмі моцныя спецыялісты, якія ведаюць лясны комплекс не па чутках і разумеюць, як развіваць гэту сферу з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці.

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь