Рабочая сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Сямашкам

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лютага правёў рабочую сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Сямашкам. Гэтай сустрэчы раней у гэты ж дзень папярэднічала тэлефонная размова Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Пасля перагавораў з Пуціным і яго прапановы мы палічым цяпер. Гэта ж просты падлік - нашы страты ад змяншэння мытнай пошліны па нафце. І да ўзроўню бягучага года, пры 24 млн т (такі аб'ём паставак расійскай нафты ў Беларусь прадугледжаны індыкатыўным балансам на 2020 год. - Заўвага), - гэта прыкладна $420-430 млн, якія мы страчваем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Пуцін прапанаваў, што гэтыя грошы яны Беларусі кампенсуюць. Ён прызнаў, што гэта справядліва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён пры гэтым спаслаўся на заяву расійскага Прэзідэнта, што кампенсацыя будзе праведзена за кошт расійскіх кампаній. "За кошт расійскіх кампаній, дык за кошт расійскіх. Але гэта ўжо нейкі рух наперад. І ў гэтым напрамку будзем працаваць", - дадаў беларускі лідар.

"Што датычыцца прыроднага газу, сёння ў Еўропе (і гэта мне сказаў не наш міністр, а вялікі расійскі прадпрымальнік - з Сечыным (кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын. - Заўвага) мы гаварылі, ён жа таксама газам займаецца) газ менш як $110. Гэта там - у Еўропе - на біржах. Значыць, у нас ён недзе да $90. Калі браць сусветную цану", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Так, там ёсць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты. Але ж доўгатэрміновыя кантракты па газу заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбыўся спад цаны на нафту, значыць, адбыўся спад цаны на прыродны газ. Таму $127 - сёння ўжо ў свеце такой цаны няма", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэта трэба мець на ўвазе. "І ты (звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі. - Заўвага) лепш за мяне ведаеш гэта, як гэта лічыцца", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму пазіцыя наша па нафце і па пастаўках прыроднага газу з Расіі, па цэнах абсалютна праяснілася. І ў гэтым напрамку мы павінны працаваць. І гэта ўсё кладзецца на цябе, хто б да цябе з міністраў ні прыязджаў", - рэзюмаваў беларускі лідар.