Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая сустрэча з Міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам

12 жніўня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня правёў рабочую сустрэчу з Міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам.

"Пры назначэнні мы дамовіліся, што праз пэўны прамежак часу, калі вы будзеце гатовы, даложыце, па-першае, аб удасканаленні сістэмы аховы здароўя па ўсіх напрамках. Што больш за ўсё хвалюе не толькі мяне, а і грамадства з-за апошніх падзей у сістэме - гэта пытанні закупак медыцынскага абсталявання і цэнаўтварэння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што справядлівае цэнаўтварэнне на лякарствы і работа без пасрэднікаў пры закупцы абсталявання - адны з важнейшых пытанняў. "Зразумела, што пасрэднікі да 30 працэнтаў, а часам і больш, павялічваюць цэны на абсталяванне. Тое ж самае датычыцца і лекавых сродкаў, прэпаратаў, субстанцый і гэтак далей, - дадаў ён. - Словам, вы, працуючы ў асноўным звяне нашай аховы здароўя, ведаеце вострыя праблемы і "хваробу" нашай аховы здароўя. І ў гэтых адносінах нам трэба было б прыкласці сур'ёзныя намаганні. Цягнуць нельга".

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзняў пытанне вытворчасці лекавых сродкаў у Беларусі і імпартазамяшчэння. Паводле яго слоў, краіна траціць на закупку лякарстваў за мяжой да $500 млн. "Недапушчальна шмат. Тым больш мы можам вырабляць свае лякарствы", - адзначыў Прэзідэнт. Раней, нагадаў ён, была пастаўлена задача наладзіць у краіне вытворчасць палавіны аб'ёму закупляемых лекавых сродкаў. Даручэнне было выканана.

"Цяпер трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу на субстанцыі і, як гавораць у прамысловасці, камплектуючыя гэтых лякарстваў. Трэба глыбей займацца распрацоўкай, вытворчасцю лекавых сродкаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання першаснай і спецыялізаванай дапамогі. "Ламаць нічога не трэба. Гэта поўнае глупства. І вы, і ўсе мы выраслі на гэтай сістэме. Але нічога не бывае дадзенага раз і назаўсёды, трэба ўдасканальваць гэту сістэму. Калі ў вас па гэтым і іншых пытаннях ёсць прапановы, я гатовы іх выслухаць. Калі яны прымальныя, мы зробім усё для таго, каб іх рэалізаваць ужо ў гэтым годзе", - заявіў Прэзідэнт.

Уладзімір Каранік далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выкананні яго даручэнняў, праінфармаваў аб бягучым стане спраў і існуючых праблемах у сістэме аховы здароўя, магчымых шляхах іх вырашэння.

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь