Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са Старшынёй Камітэта дзяржкантролю Іванам Тэртэлем

29 ліпеня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня правёў рабочую сустрэчу са Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Іванам Тэртэлем.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў два пытанні. Першае - стан спраў у Камітэце дзяржкантролю. Ён папрасіў Івана Тэртэля, які нядаўна быў назначаны кіраўніком КДК, коратка далажыць наконт гэтага. "Думаю, за гэты час вы ўжо разабраліся са структурай там і з кадрамі пазнаёміліся. Вашы ўражанні ў сувязі з гэтым?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Другое пытанне звязана з дадатковым даручэннем. "У нас кіраўнік КДК заўсёды адказваў за Віцебскую вобласць, ну і лес (лясная галіна. - Заўвага) у яго быў. Думаю, гэта вам усё блізка, - сказаў Прэзідэнт. - Таму я хацеў бы, каб вы паехалі ў Віцебскую вобласць, разабраліся там у сітуацыі і былі ўпаўнаважаным Прэзідэнта па гэтым рэгіёне".

"Я ведаю, вы, займаючыся ў Камітэце дзяржбяспекі пытаннямі паставак нафты і іншым, часта бывалі ў Наваполацку, ведаеце Віцебскую вобласць. Прынамсі, мне многія аб гэтым гавораць. Разберацеся. Але я вельмі спадзяюся, што ваша работа будзе эфектыўнай не толькі на пасадзе Старшыні камітэта, але і ўпаўнаважанага Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці", - дадаў беларускі лідар.

Па выніках рабочай сустрэчы Іван Тэртэль расказаў, што Прэзідэнту было даложана аб выніках дзейнасці, перспектывах развіцця ведамства. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзяржаўны кантроль павінен мець папераджальны, прафілактычны характар.

Што датычыцца курыравання развіцця Віцебскай вобласці, Старшыня КДК сказаў: "Ёсць даручэнне займацца гэтым пытаннем, будзем працаваць, дапамагаць мясцовым органам улады ў развіцці эканомікі, вырашэнні іншых праблемных аспектаў".

"Акрамя таго, даручана займацца пытаннямі развіцця лясной гаспадаркі. Гэта адзін з рэсурсаў, якія ёсць у Беларусі. Будзем глядзець, якія напрамкі развіваць і як атрымаць найбольшы эфект ад лясных рэсурсаў для эканомікі Беларусі ў цэлым", - дадаў кіраўнік КДК.

Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь