Рабочая сустрэча членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 1
  • 12:04

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае краіны Еўразійскага эканамічнага саюза да з'яднанасці ва ўмовах пандэміі. Аб гэтым ён заявіў 14 красавіка на рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі.

"Мы ўсе сур'ёзна паставіліся да праблемы, якая складваецца ў выніку аб'яўленай СААЗ пандэміі. Кожная краіна выпрацоўвае свае рашэнні, формы рэагавання. Але разам мы можам зрабіць больш", - падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прадмету размовы Прэзідэнт прапанаваў тэму забеспячэння стабільнасці і спакою ў грамадстве, недапушчэння размывання асноў ЕАЭС з-за імкнення ў першую чаргу засцерагчы ад небяспекі толькі сябе. "Калі мы не аб'яднаем намаганні, то заўтра будзем аднаўляць парушаныя эканамічныя сувязі, і на гэта пойдзе шмат часу, грошай і працы", - упэўнены беларускі лідар.

Паводле яго слоў, тое, што цяпер адбываецца ў свеце, пацвярджае выказаныя апасенні: вірус разбурае жыцці і сем'і, уносіць сумятню ў работу рынкаў, вядзе да спынення цэлых галін, сур'ёзна ўплывае на стан спраў у нафтавай сферы.

"Аднабаковыя дзеянні дзяржаў паставілі пад пагрозу гандлёвыя адносіны, кааперацыйныя ланцужкі, працоўную міграцыю. Адсутнасць каардынацыі намаганняў узмацняе гэтыя негатыўныя фактары. Таму эгаістычныя рашэнні, якія прымаюцца без аглядкі на наступствы як мінімум у адносінах да бліжэйшых партнёраў, стратэгічна не будуць мець поспеху. У сённяшняй сітуацыі толькі дзякуючы з'яднанасці і рашучасці мы зможам справіцца з пандэміяй і яе наступствамі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўразійская эканамічная камісія ініцыявала шэраг мер, якія можна аднесці да першачарговых, аднак яны не ахопліваюць усяго комплексу неабходных дзеянняў, каб максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял ЕАЭС. "Пры гэтым у кожнага з нас прымяняюцца ўжо практыкі, якія даказалі сваю эфектыўнасць, па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя людзей і падтрымцы нацыянальных эканомік", - сказаў Прэзідэнт.

Ён заклікаў рашуча дзейнічаць разам, разлічваць не толькі на бягучае развіццё сітуацыі, але і на перспектыву, прадумаць фарміраванне ўласнага рэгіянальнага "пояса бяспекі" шляхам паскарэння стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцей і лакалізацыі на тэрыторыі саюза крытычна важных галін. "Акрамя таго, нам патрэбны агульныя механізмы рэагавання на глабальныя крызісы новага роду - эпідэмічныя, агульныя нормы і планы дзеянняў у надзвычайных сітуацыях у мэтах змяншэння рызык", - лічыць беларускі лідар.

"У адным я цалкам упэўнены: разам перажыць гэты глабальны крызіс нам будзе лягчэй. І наогул іншага не дадзена. Бо логіка любога саюза і ўзаемаадносін у ім мае на мэце менавіта разам. А яшчэ лепш, калі ўсе нашы дзеянні будуць пазбаўлены нацыянальнага эгаізму і рашэнні будуць узгоднены з адзіным вектарам накіраванасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі прымаюцца ўсе неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання ўсялякіх інфекцый. "Хачу вас запэўніць, што ў Рэспубліцы Беларусь прымаюцца ўсе неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання ўсялякіх інфекцый. Яны поўнасцю адпавядаюць патрабаванням і нормам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Ён адзначыў, што нягледзячы на тое, што Беларусь не закрыла граніцу, у адносінах да ўсіх, хто ўязджае, праводзяцца мерапрыемствы санітарна-каранціннага характару. Сітуацыя з захваральнасцю пастаянна кантралюецца і даводзіцца да грамадскасці.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў найбольш важныя пытанні ў ЕАЭС на фоне пандэміі. У першую чаргу ён адзначыў важнасць захавання транзітных зносін. Па-другое, выступіў за захаванне практыкі прыняцця ўзгодненых рашэнняў і прымянення адзіных правіл рэгулявання знешняга гандлю, якія з'яўляюцца ядром функцыянавання саюза. Па-трэцяе, Прэзідэнт лічыць неабходным прыняць дзейсныя меры, накіраваныя на рэальнае паглыбленне прамысловага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт расказаў аб мерах, прынятых у Беларусі па забеспячэнні транзіту: "Вы ўсе ведаеце, што транзіт праз Беларусь у інтарэсах ЕАЭС мы ажыццяўляем. На граніцы з Еўрасаюзам правяраем усіх, хто ўязджае і транзітам праз Беларусь і ў Беларусь. Гэта ў асноўным грузавікі, фуры. Мы правяраем вадзіцеляў, прытым вельмі строга. Мы вызначылі тры калідоры, па якіх перамяшчаюцца гэтыя велікагрузы, што транспартуюць тавары праз Беларусь перш за ўсё ў вашы дзяржавы. Вызначылі месцы стаянак і адпачынку для гэтых людзей з поўным кантролем над імі. Вызначылі месцы заправак для велікагрузаў. Словам, перашкод няма ніякіх. Больш таго, не было выпадку, каб мы забаранілі ўезд грамадзянам вашых краін, ды і наогул любых дзяржаў, пры выкананні ўстаноўленых у Беларусі правіл".

"Лічу, што ў гэтай сітуацыі трэба дзейнічаць у межах разумнай дастатковасці. Мне здаецца, што які-небудзь транспартны калідор паміж краінамі павінен захоўвацца не толькі ў Беларусі. А нядрэнна было б вызначыць гэты калідор праз Расію ў Казахстан, Арменію, Кыргызстан і гэтак далей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прапануецца ўстанавіць маршруты перамяшчэння, на іх вызначыць асобныя пункты прыпынкаў для заправак аўтатранспарту і адпачынку вадзіцеляў. У такіх пунктах увесці асаблівы рэжым санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, як гэта зроблена ў Беларусі. "Гэтымі каналамі змогуць скарыстацца таксама нашы грамадзяне, якія вяртаюцца на радзіму", - адзначыў Прэзідэнт.

"Беларусь дзейнічае адказна. Мы не закрывалі граніцу і па меры магчымасці дапамагаем людзям вярнуцца дамоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У выключных выпадках магчымы адступленні. Але ў цэлым трэба захаваць практыку прыняцця ўзгодненых рашэнняў", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, перш за ўсё гэта датычыцца задавальнення ўнутраных патрэбнасцей на тавары з павышаным попытам або ад якіх залежыць жыццё і бяспека грамадзян. У першую чаргу гэта тавары медыцынскага прызначэння - прэпараты, абсталяванне, сродкі аховы.

"Улічваючы, што ўвесь свет цяпер зацікаўлены ў набыцці такіх тавараў, прадаць іх у трэція краіны, магчыма, было б добрым бізнесам. Але адной з мэт саюза з'яўляецца клопат аб узроўні і якасці жыцця грамадзян нашых краін. Таму нават пры разглядзе пытанняў аказання гуманітарнай дапамогі трэцім краінам прапаную ўсё ж зыходзіць з прыярытэту задавальнення попыту на гэтыя тавары на ўнутраным рынку саюза. Тое ж самае датычыцца і іншых відаў дапамогі для нашых грамадзян", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што ў існуючых умовах як ніколі высокая рызыка разбурэння асновы любой эканомікі - прамысловасці і яе вытворчых і кааперацыйных сувязей. "На іх стварэнне мы патрацілі больш за шэсць гадоў, і работа да гэтага часу не завершана. Прычым паставіць усё, што зроблена, пад пагрозу можна нават неўсвядомлена з дапамогай папулярных сёння проціэпідэмічных мер. Як пасля перамогі над пандэміяй будзем аднаўляць існуючы патэнцыял і тэхналагічныя ланцужкі?" - паставіў пытанне Прэзідэнт Беларусі.

"Вы ўжо заўважылі - нават тыя, так званыя дэмакратычныя еўрапейскія краіны і ЗША, я ўжо не гавару пра Кітай, вельмі хутка абдумаліся. І сёння некаторыя, знаходзячыся на піку пандэміі, як яны кажуць, прымаюць, адкручваючы назад, адпаведныя меры эканамічнага аднаўлення. Таму што ў еўрапейскіх краінах (мы гэта бачым ужо ў СМІ) усё больш з'яўляецца такой інфармацыі, якая сведчыць аб тым, што нават у забяспечаных краінах Еўрасаюза з'яўляюцца сігналы голаду насельніцтва. Таму нам ні ў якім разе нельга рухацца шляхам, які прывядзе да разбурэння эканомікі", - адзначыў беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным прыняцце дзейсных мер, накіраваных на рэальнае паглыбленне прамысловага супрацоўніцтва. "Калі мы выкарыстоўваем у вытворчых працэсах сыравіну і матэрыялы адзін аднаго, то такія аперацыі павінны ўзаемна прызнавацца пры субсідзіраванні канечнай прадукцыі. Таму сёння як ніколі актуальна жорсткае даручэнне ўрадам укараніць адпаведныя нормы ў нацыянальныя заканадаўствы аб прамысловых субсідыях", - заявіў ён.

Прэзідэнт лічыць, што такое рашэнне будзе садзейнічаць зняццю наступнай праблемы: "Большасць міжнародных экспертаў сыходзяцца на думцы аб недахопе прадуктаў харчавання пасля пандэміі. Маштабныя каранцінныя мерапрыемствы па ўсім свеце парушылі вытворчы цыкл вырошчвання сельгаспрадукцыі".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам павышаны попыт на прадукты харчавання выразна паказаў, што гэтай тэмай трэба займацца на вышэйшым узроўні. "Прыняўшы своечасовыя рашэнні, мы зможам забяспечыць дастатковы аб'ём вытворчасці прадуктаў харчавання", - упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Нельга пакідаць без увагі і меры агульнасістэмнага макраэканамічнага характару. Пры гэтым трэба стварыць універсальныя і гібкія інструменты падтрымкі сектараў, якія найбольш пацярпелі ад зніжэння эканамічнай актыўнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, для гэтага трэба хутка адаптаваць дзейнасць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця і Еўразійскага банка развіцця пад актуальныя патрэбы эканомікі. "Фонду трэба паставіць задачу і даць права аператыўна прымаць рашэнні аб спрошчаным парадку прадастаўлення дапамогі. Дарэчы, усе міжнародныя фінансавыя арганізацыі гэта ўжо зрабілі. У тым ліку МВФ. Гэта могуць быць суверэнныя пазыкі, стабілізацыйныя крэдыты, грантавыя сродкі на падтрымку аховы здароўя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым Еўразійскі банк мог бы таксама падтрымаць сваіх пазычальнікаў з нашых краін шляхам рэструктурызацыі даўгоў па рэалізуемых праектах, прадастаўлення льготнага фінансавання па кропкавых пытаннях, прапрацоўкі дадатковых механізмаў аператыўнага рэагавання".

Прэзідэнт адзначыў таксама няўнасць нявырашаных праблем у сферы энергетыкі і цэн на энергарэсурсы. "Хацеў бы звярнуў увагу, што мы ўвайшлі ў крызіс з нявырашаным базавым для ўстойлівай работы эканомікі пытаннем. Гэта энергетыка, цэны на рэсурсы і разлікі за іх. Вядома, мы не чакалі, што такая сітуацыя складзецца. Але тым не менш факт у наяўнасці. Такая нягібкасць негатыўна ўплывае на ўвесь ланцужок фарміравання дабаўленай вартасці. А значыць, падрывае ўстойлівасць функцыянавання саюза", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што пакуль бакі не выйшлі на агульныя энергетычныя рынкі ў ЕАЭС, трэба дамовіцца аб тым, як зрабіць у сітуацыі, якая складваецца. "У першую чаргу гэта датычыцца цэн і разлікаў за прыродны газ. Відавочна, што пры такім рэзкім змяненні эканамічнай кан'юнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў - пад'ёмным для спажыўцоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён у гэтай частцы звярнуўся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб можна было аператыўна разгледзець гэта пытанне.


Па выніках рабочай сустрэчы лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза - члены Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета  прынялі сумесную заяву ў сувязі з пандэміяй СОVID-19.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сумесная заява прызначана забяспечыць палітычную падтрымку вырашэнню першарадных пытанняў у сферах эканамічнай і сацыяльнай абароны насельніцтва дзяржаў - членаў ЕАЭС. "Лічу, што галоўны вывад цяперашняй сустрэчы заключаецца ў неабходнасці аператыўнага прыняцця разлічаных на перспектыву стратэгічных рашэнняў, - сказаў беларускі лідар, падводзячы вынікі мерапрыемства. - Яны дадуць магчымасць хутка аднавіцца пасля крызісу і вярнуцца на ўстойлівы шлях пабудовы эканамічнай прасторы ЕАЭС".

Плануецца больш падрабязна прадоўжыць абмеркаванне тэмы на будучым саміце ЕАЭС. "Думаю, 19 мая мы больш паглыблена абмяркуем гэтыя пытанні - нашай стратэгіі, аднаўлення нашага саюза, нашых эканомік, жыцця людзей пасля пандэміі. Наш саюз павінен быць здольны процістаяць не толькі гэтым выклікам, але і іншым пагрозам. Я ўпэўнены, мы атрымаем добрыя ўрокі з цяперашняй сітуацыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Менавіта ў еднасці - залог агульнага поспеху ў любой няпростай сітуацыі. Мы гатовы працаваць разам для пераадолення праблем і выклікаў, якія стаяць перад намі".

Аляксандр Лукашэнка запрасіў лідараў краін ЕАЭС прыехаць у Мінск на саміт 19 мая, запэўніўшы, што беларускі бок прыме ўсе неабходныя меры для гарантавання бяспекі ўдзельнікаў саміту. "Я чакаю ўсіх вас у Мінску, гарантую ўсім вам поўную бяспеку і ўпэўнены, што вы атрымаеце, як заўсёды, вялікае задавальненне ад знаходжання ў сталіцы Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сумеснай заяве адзначаецца, што каранавірусная інфекцыя СОVID-19, аб'яўленая Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй і ахарактарызаваная як надзвычайная сітуацыя ў сферы грамадскай аховы здароўя, мае міжнароднае значэнне. Яна вядзе да істотнага зніжэння мабільнасці насельніцтва, ускладняе гандаль таварамі і паслугамі, выклікае валацільнасць на глабальных фінансавых і сыравінных рынках, стварае рызыкі дэзынтэграцыі для сусветнай і рэгіянальных эканомік.

У гэтай сітуацыі лідары краін ЕАЭС вырашылі аб'яднаць намаганні для сумеснага процістаяння агульнай пагрозе. "Пацвярджаем гатоўнасць да прадаўжэння з'яднанай работы для ўстаранення негатыўных наступстваў пандэміі СОVID-19, захавання дасягнутага ўзроўню інтэграцыйнага супрацоўніцтва і далейшага эканамічнага развіцця дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, забеспячэння сацыяльнай і макраэканамічнай стабільнасці ў нашых краінах, падтрымання дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці", - гаворыцца ў сумеснай заяве.

Кіраўнікі дзяржаў выступілі за еднасць міжнароднай супольнасці і стабільнасць сусветнай эканомікі, захаванне прынцыпу свабоды перамяшчэння тавараў, уключаючы сацыяльна значныя тавары, прадукты харчавання, медыцынскае абсталяванне і прэпараты, медыцынскія сродкі індывідуальнай аховы. "Прымаемыя нашымі дзяржавамі меры аператыўнага і сістэмнага характару накіраваны на змякчэнне ўздзеяння пандэміі СОVID-19 на эканомікі нашых краін і забеспячэнне функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы. Зыходзім з таго, што ўведзеныя ва ўсім свеце абмежаванні, выкліканыя пандэміяй СОVID-19, з'яўляюцца вымушанай мерай і са зняццем пагроз для жыцця і здароўя людзей будуць адменены", - падкрэсліваецца ў заяве.

Прэзідэнты краін ЕАЭС нацэлены на тое, каб прадоўжыць аказанне садзейнічання адзін аднаму, умацоўваць сістэмы аховы здароўя, праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне распрацоўкі сродкаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, удасканальваць алгарытмы ўзаемадзеяння пры рэагаванні на эпідэміі.

Урадам, цэнтральным банкам дзяржаў ЕАЭС і Еўразійскай эканамічнай камісіі даручана скаардынаваць меры па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання СОVID-19, умацаванні эканамічнага супрацоўніцтва, захаванні стабільнасці функцыянавання ўнутраных, у тым ліку харчовага, рынкаў, падтрымцы грамадзян і бізнесу для пераадолення негатыўных наступстваў пандэміі СОVID-19.

"Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што перавагі інтэграцыі дапамогуць нашым краінам і народам дастойна справіцца з гэтым выпрабаваннем", - падкрэслілі лідары краін ЕАЭС.