Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе адрадзіць былую славу беларускага лёну. Аб гэтым ён заявіў 19 верасня ў час рабочай паездкі ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці, дзе адбылася нарада па пытаннях развіцця льняной галіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў сакавіку 2010 года ў Оршы праводзілася ўжо аналагічная нарада. "Тады былі раскрыты праблемы ў гэтай сферы і, як нам тады здавалася, знойдзены механізмы іх вырашэння. Іншымі словамі, вызначыліся, што і як трэба рабіць, каб вывесці з крызісу льняную прамысловасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўрад узяў на сябе абавязацельства па выкананні намечанага, дзяржслужачыя атрымалі канкрэтныя даручэнні. Потым быў прыняты Комплексны бізнес-план развіцця льнаводчай галіны Беларусі на 2013-2015 гады.

"Настаў час падвесці некаторыя вынікі гэтай работы. Як мне дакладваюць, яны пакуль нездавальняючыя. Асноўная маса праблем, аб якіх гаварылася на папярэдняй нарадзе, існуе і да гэтага часу", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтныя факты. "Былі прыняты рашэнні аб тым, колькі мець ільнозаводаў. Вызначыліся з тэхналогіяй вырошчвання, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы і ўборкі лёну, рассцілання і падняцця трасты. Расставілі прыярытэты па тэхнічным перааснашчэнні льнасеяльных гаспадарак і льнозаводаў. Выпрацавалі падыходы да мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната як важнейшага звяна ўсяго вытворчага і маркетынгавага цыкла - ад нарыхтоўкі сыравіны да рэалізацыі гатовых ільняных вырабаў. Што маем па факце?"

"Як ні хацелася б прыхарашыць сітуацыю ўраду і мясцовай уладзе, дзяржаўных кантралёраў не ашукаеш. Мне дакладваюць, што, як і раней, фактычна ва ўсіх абласцях мелі месца факты сяўбы лёну з парушэннем аптымальных тэрмінаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мяне гэта нават не тое, што здзіўляе, а прыводзіць у роспач: няўжо на 50 га, максімум 100, у нас рэдка 150 га лёну вырошчваюць у гаспадарцы, нельга ў аптымальныя тэрміны пасеяць?!"

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што не выконваецца тэхналагічны рэгламент вырошчвання гэтай культуры, што прыводзіць да недабору таварнай прадукцыі і пагаршэння яе якасці. "Больш таго, для пасеваў адводзіліся землі, якія непрыдатныя па аграхімічных паказчыках", - абурыўся Кіраўнік дзяржавы.

Паводле інфармацыі кантралюючых органаў, па-ранейшаму востра стаяць пытанні зношанасці парку машын для вырошчвання лёну, недахопу кваліфікаваных механізатарскіх кадраў. "Гэта, вядома, кантралёраў казка, - лічыць Прэзідэнт. - Смешна! 50 га - гэта адзін механізатар. Узаралі глебу пад зябліва, вясной адзін механізатар падрыхтаваў і пасеяў, а побач павінен стаяць галоўны тэхнолаг, аграном".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што мадэрнізацыя льнозаводаў зацягнулася, планы не выконваюцца. Акрамя таго, мелі месца факты, калі закупленае дарагое абсталяванне прастойвала на вуліцы, даводзілася ўмешвацца Кіраўніку дзяржавы.

"Тэрміны комплекснай мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната сарваны. Аб'екты, перааснашчэнне якіх планавалася на першым этапе, перанеслі на другі. Але і другі этап мадэрнізацыі ўжо значна адстае ад графіка", - адзначыў Прэзідэнт.

"Заканамерны вынік - галіна застаецца стратнай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Прайграе ў канкурэнтаздольнасці на кожным этапе перапрацоўкі лёну. Аб'ёмныя і якасныя паказчыкі рэалізуемай ільнопрадукцыі не адпавядаюць патрабаванням часу і магчымасцям нашых прадпрыемстваў".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт адзначыў, што трэба будзе, крытычна зірнуўшы на вынікі, вызначыць найбольш вузкія месцы і выпрацаваць меры па іх пераадоленні, прычым на ўсіх стадыях - ад вытворчасці льнасемені да выпуску сучасных швейных вырабаў, запатрабаваных на ўнутраным і знешніх рынках.

"Паводле інфармацыі Белстата, у сусветнай вытворчасці льновалакна Беларусь займае другое месца. Пара колькасці пераходзіць у якасць. Былую славу беларускага лёну мы абавязаны адрадзіць. У гэтай сферы мы павінны быць заканадаўцамі моды", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ўжо нямала зроблена, каб падняць ільняную галіну на больш высокі ўзровень. "Гэта культура для Беларусі палітычная. Яна на гербе нашай краіны. Але справа тут нават не ў палітыцы: гэта цудоўны тавар, цудоўны прадукт!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Простая формула: есці і надзяваць трэба тое, што вырошчваецца на сваёй зямлі. Лепшых прадуктаў харчавання, чым вырашчаныя на зямлі, на якой ты сам вырас, у свеце не бывае. Ніякія апельсіны, лімоны і бананы не заменяць тую ежу, якая вырабляецца тут, у нас", - лічыць Прэзідэнт.

"Мы яшчэ мала ведаем пра сувязь чалавека з гэтымі прадуктамі. Але чалавек, не ведаючы тонкасцей, даўно зрабіў выснову: харчуешся тым, што вырашчана на той зямлі, на якой сам вырас, будзеш здаровым. Тое ж самае можна сказаць і пра адзенне. Гэта нашы тканіны. І тут нават не ў патрыятызме справа: для здароўя гэта карысна", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што павінна больш вырабляцца і пастаўляцца на рынак такіх тканін, якія былі прадэманстраваны яму на Аршанскім ільнокамбінаце. "Я ўпэўнены, калі вы ў Расіі гэта пакажаце, у вас забяруць, як у народзе кажуць, з рукамі і нагамі. Там памятаюць і ведаюць, што такое лён", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе Прэзідэнт дэталёва цікавіўся ўсімі складнікамі льняной галіны, пачынаючы ад насенняводства, умоў вырошчвання лёну, наяўнасці тэхнікі для ўборкі ўраджаю да перапрацоўкі сыравіны, узаемаразлікаў паміж прадпрыемствамі, вытворчасці і рэалізацыі гатовай прадукцыі. З дакладамі аб сітуацыі ў галіне, існуючых праблемах і магчымых шляхах іх вырашэння выступілі не толькі члены ўрада, але таксама практыкі - кіраўнікі прадпрыемстваў, вучоныя.

Удзельнікі нарады ў сваіх дакладах закраналі шырокі спектр тэм, аднак, як не адзін раз адзначалася, галоўныя ўмовы выхаду галіны на рэнтабельную работу - гэта строгае выкананне неабходных тэхналагічных рэгламентаў на ўсіх этапах, пачынаючы ад вырошчвання лёну ў полі да мадэрнізацыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, прытрымліванне рэкамендацый вучоных, строгі кантроль за выкананнем даручэнняў і, не ў апошнюю чаргу, рэальная фінансавая зацікаўленасць аграрыяў у вырошчванні лёну і рэалізацыя прадукцыі з высокімі якаснымі характарыстыкамі. У гэтых адносінах Кіраўнік дзяржавы даў канкрэтныя даручэнні.

Што датычыцца разлікаў за пастаўленую прадукцыю, Прэзідэнт запатрабаваў у кароткі тэрмін вырашыць пытанне: "Вы павінны з сялянамі разлічыцца поўнасцю. Да першага кастрычніка аддайце сялянам грошы, і не толькі за лён".

Прынцыповае патрабаванне таксама заключаецца ў неабходнасці вывучыць сітуацыю ва ўзаемаразліках прадпрыемстваў галіны на розных этапах і ўстанавіць прымальныя цэны, каб была рэальная зацікаўленасць у вытворчасці і пастаўках якаснай сыравіны для льноперапрацоўкі па ланцужку сельгаспрадпрыемства-ільнозавод-ільнокамбінат. "Вы мяне запэўніваеце, што адрэгулявалі гэтыя цэны. Значыць, рухайцеся далей. Калі ўсё нармальна, то гаспадаркі павінны быць зацікаўлены ў вытворчасці гэтага віду прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы перасцярог кіраўнікоў АПК ва ўрадзе ад перацягвання на сябе функцый губернатараў. "Сёння міністр не павінен займацца плошчамі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Не лезьце ў пытанні губернатараў. У адваротным выпадку, вы будзеце несці за гэта адказнасць. Мы ж дамовіліся, што сельская гаспадарка - гэта вотчына губернатара. Ён там павінен вызначаць усю палітыку. Міністр - гэта пытанні тэхналогіі, урад - паказчыкаў па цэнах і гэтак далей. І ў тым, што сёння работа ў ільняной галіне правалена, вінаватыя толькі губернатары. Калі б была нармальная льнотраста, лён вырошчваўся, як належыць па тэхналогіях, то можна перапрацаваць і на старых машынах".

"Галоўная адказнасць за паказчыкі ў сельскай гаспадарцы, ці то кукуруза, збожжавыя, бульба, буракі ці лён, ляжыць на губернатарах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобнае даручэнне датычыцца забеспячэння аграрыяў неабходнай якаснай тэхнікай для вырошчвання лёну. "Зімой да будучай уборкі  трэба ім аддаць усё, што неабходна. Без празмернасцей, бо грошы яны будуць плаціць. Разбярыцеся і аддайце", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў па прыкладзе іншых навуковых устаноў у галіне раслінаводства перадаць у веданне Інстытута лёну НАН Беларусі буйную гаспадарку, каб можна было ў прамысловых маштабах ацаніць эфектыўнасць прапаноў вучоных, эфектыўнасць тых ці іншых новых сартоў.

"У ходзе нашай нарады ўсе пачулі тое, што сёння трэба зрабіць. У сувязі з гэтым я, тым не менш, не здымаю пытанне, што вінаватыя за недахопы (а дзесьці і за правалы) павінны несці адказнасць", - адзначыў Прэзідэнт, падводзячы вынік абмеркаванню. Аляксандр Лукашэнка даручыў КДК разам з Адміністрацыяй Прэзідэнта прааналізаваць адпаведныя пытанні і ўнесці прапановы аб адказнасці канкрэтных службовых асоб.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў унесці прапановы па пытанні далейшай мадэрнізацыі на Аршанскім ільнокамбінаце, але папярэдзіў, што ў выпадку прыняцця станоўчага рашэння, гэту работу неабходна будзе завяршыць у максімальна сціслыя тэрміны. "Трох гадоў у іх няма. Гэта трэба будзе зрабіць імгненна, - сказаў Прэзідэнт. - Перавядзіце людзей на іншыя работы, нават заплаціце ім больш. Але гэта будзе значна танней, чым вы будзеце лішні год займацца мадэрнізацыяй".

"Наконт Аршанскага льнокамбіната - яго мадэрнізацыі і гандлю гатовай прадукцыяй - гэта адказнасць кіраўніка канцэрна і ўрада. І тут вам трэба будзе зрабіць нямала", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Ураду яшчэ раз трэба сесці і вызначыцца, колькі ў нас павінна быць мадэрнізаваных ільнозаводаў пад план па вытворчасці льнотрасты і зыходзячы з той ураджайнасці, на якую мы разлічваем. Скупы плаціць два разы. Нельга пабудаваць лішнія новыя магутнасці, але нельга і недабудаваць і атрымліваць дрэнную якасць валакна. Таму разбярыцеся, што вам трэба яшчэ зрабіць па гэтых заводах", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Непасрэдна перад нарадай Аляксандр Лукашэнка наведаў Арэхаўскі льнозавод і Аршанскі льнокамбінат, на прыкладзе якіх азнаёміўся з мадэрнізацыяй і станам спраў у галіне ў цэлым. Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час гучалі прапановы закрыць і наогул не займацца льновытворчасцю. "Але мы прынялі рашэнне: ільну быць. А калі быць, трэба выходзіць на самы высокі ўзровень", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана Прэзідэнту, да 2015 года з 36 дзеючых ільнозаводаў плануецца пакінуць 25, з іх 10-12 будуць аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку рабоце Арэхаўскага льнозавода. "Гэта новая вытворчасць, і вытворчасць прыстойная, - сказаў Прэзідэнт. - Так, мы купілі па імпарце гэтыя машыны, таму што мы іх ніколі не выраблялі, гэта лепшыя ў свеце. Але цяпер мы іх купляць не будзем. Усе запчасткі і іншае вы павінны вырабіць і зрабіць такую лінію. Але не проста зрабіць тут адвёртачную зборку, а вырабляць з высокай лакалізацыяй".

У час наведвання Аршанскага льнокамбіната размова ішла аб рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні і павышэнні эфектыўнасці работы гэтага прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць, ці ўсё зроблена на прадпрыемстве для паляпшэння ўмоў работы людзей. Як адзначыў Прэзідэнт, на камбінаце ўсё яшчэ вельмі шумна і пыльна. "Калі вы не дасягнулі тут сусветнага ўзроўню ўмоў работы людзей, мала камусьці не падасца, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ўжо мадэрнізаваліся, значыць, тут павінна быць вытворчасць на самым высокім сусветным узроўні, якая ёсць на сённяшні дзень".

Закранаючы пытанне прадаўжэння мадэрнізацыі на прадпрыемстве, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта вельмі затратна. "Цана пытання ад $70 млн да $100 млн. Такія грошы яшчэ трэба знайсці, але помніце аб тым, што разлічвацца ў асноўным давядзецца вам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства. - Праўда, цяпер прадукцыя зусім іншая. І калі так, як гаворыць кіраўнік, прадаецца ваш тавар і нават вышэй за рыначную цану ў свеце, напэўна, варта аўчынка вырабу, паглядзім".

"Уклаўшы $70 млн, я хацеў бы атрымаць потым, як і любы інвестар, $200 млн. Калі такі выхад будзе і за які прамежак часу, паглядзім і будзем прымаць рашэнні", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў перспектыве, калі на лён будзе попыт, у краіне давядзецца пашыраць пасевы і льновытворчасць.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыехаў у Аршанскі раён, каб "паглядзець па ланцужку, што робіцца ў ільновытворчасці", пачынаючы ад перапрацоўкі трасты і да вырабу гатовай прадукцыі.

"Мы ўмеем працаваць з лёнам, вырабляць з яго тканіны, і страціць гэту школу нельга, мы проста не маем на гэта права", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Работнікаў ільняной галіны цікавілі перспектывы адносна магчымасці павышэння пенсійнага ўзросту ў краіне. Аднак Прэзідэнт адзначыў, што гэта пытанне пакуль не абмяркоўваецца.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне даўно трэба было павышаць пенсійны ўзрост. "Але вы гэтага не хочаце. А я вам абяцаў, што, перш чым гэта рабіць, мы з вамі параімся. Але майце на ўвазе: такая будзе і пенсія", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў краіне адзін пенсіянер прыпадае на 1,3 працуючага. "Гэта ненармальна. Трэба, каб суадносіны былі хаця б 1:3", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі б у нас быў вышэй пенсійны ўзрост, то вялікую масу грошай мы маглі б дзяліць на меншую колькасць пенсіянераў і пенсія была б значна вышэйшая. Але калі вы гэтага не хочаце - добра. Будзем шукаць іншыя шляхі", - адзначыў Прэзідэнт.