Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 7

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе аднавіць эфектыўную работу Аршанскага авіярамонтнага завода. Адпаведнае даручэнне ён даў 11 ліпеня, наведваючы гэта прадпрыемства.

Уласніка ўжо тут няма (размова аб акцыянерах ПАТ "Мотор Січ" (Украіна) і ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый (Беларусь). Уласнікі - вы (дзяржаўныя арганізацыі). Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, падрыхтаваны працэс вяртання завода ва ўласнасць дзяржавы. Аднак Прэзідэнт выказаў шэраг нараканняў у адрас Міністэрства транспарту і камунікацый за тое, што яно і ў папярэдні перыяд самаўхілілася ад сітуацыі на гэтым прадпрыемстве. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку адсутнасць ва ўласнасці дзяржавы акцый не магла служыць апраўданнем. "Тут працуюць мае людзі, твае людзі - беларусы працуюць, рускія - нашы грамадзяне Беларусі. Якая розніца, каму належаць гэтыя акцыі. Гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальную заработную плату", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Міністра Анатоля Сівака.

Прэзідэнт даручыў на працягу ліпеня вырашыць усе пытанні адносна ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства. "Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала. Заводу не толькі быць - гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзіце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорта і гэтак далей, - заявіў Прэзідэнт. - Сядайце і вызначайцеся. Не дай бог я ячшэ раз прыеду ў Оршу і будзе такая сітуацыя".

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным дакладна вызначыць не толькі бліжэйшыя планы па развіцці завода, але і на перспектыву з улікам таго, што такое прадпрыемства будзе запатрабавана на працягу многіх гадоў. "Верталётная вытворчасць і мадэрнізацыя, аднаўленне, рамонт верталётаў - у свеце іх мора - таму кавалак работы ў вас добры", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што калі ёсць цяжкасці з пастаўкай неабходных камплектуючых з боку традыцыйных партнёраў, то неабходна шукаць новыя варыянты, дыверсіфікаваць партнёрскія сувязі, самастойна асвойваць выпуск тых ці іншых камплектуючых. "Не трэба хадзіць і думаць, што мы нічога не можам. Трэба займацца гэтай справай, калі ёсць рынак і верталёты для рамонту і мадэрнізацыі. Тысяча чалавек (работнікаў прадпрыемства) - тут добрая школа, ідэальныя ўмовы, каб працаваць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы. "Нечым дапаможам на нейкі перыяд, але трэба разгортвацца тут", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на ўзровень сярэдняй зарплаты работнікаў завода, якая пакуль істотна не дацягвае да планкі Br1 тыс.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб фінансава-эканамічным стане прадпрыемства, крэдытнай нагрузцы, рэалізуемых і перспектыўных кантрактах, планах па пашырэнні відаў дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка акрамя непасрэдна вытворчага складніка звярнуў увагу і на неабходнасць навядзення парадку на тэрыторыі завода.

Паралельна з развіццём прадпрыемства Прэзідэнт звярнуў увагу і на населены пункт Балбасава, дзе размешчаны Аршанскі авіярамонтны завод. Кіраўнік дзяржавы патрабуе да 7 лістапада завяршыць работы па добраўпарадкаванні гэтага населенага пункта (ад рамонту дарог да прывядзення ў парадак жыллёвага фонду), удзяліць увагу стварэнню новых рабочых месцаў, развіццю сацыяльнай інфраструктуры. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што да работ па добраўпарадкаванні неабходна больш актыўна прыцягваць і мясцовых жыхароў.

"Чаму як чапляюся за Барань і Балбасава (населеныя пункты ў Аршанскім раёне) - гэта шыкоўнае месца, лепшае не прыдумаеш для жыцця. Чаму тут людзям не жыць? Яны будуць тут жыць, калі будзе работа. Работу трэба ім даць. Толькі наша бязладнасць не дазволіць загрузіць тут людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца канкрэтна Балбасава, Прэзідэнт даручыў прадставіць яму план развіцця гэтага населенага пункта па аналогіі з гарадскім пасёлкам Копысь. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што аналагічная работа ўжо вядзецца, распрацаваны план развіцця і добраўпарадкавання Балбасава.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта размова таксама ішла аб стварэнні ў гэтым гарадскім пасёлку мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта даручана ТАА "Брэміна груп". Тэрмін заканчэння ўсяго праекта намечаны на канец снежня 2023 года. Комплекс будзе ўключаць у сябе аўтамабільны і чыгуначны тэрміналы, авіясектар, універсальныя індустрыяльныя модулі, прамысловую зону, шоу-румы і гасцініцу.

Паводле слоў старшыні савета ўдзельнікаў "Брэміна груп" Аляксандра Зайцава, прамыслова-лагістычны комплекс пачне работу яшчэ да свайго поўнага завяршэння, чакаецца поўная загрузка, пачынаючы з першага этапу рэалізацыі. Ёсць добрая магчымасць для развіцця ўсіх складнікаў. Добрыя перспектывы праглядаюцца ў чыгуначным сегменце ў частцы транзіту кантэйнераў з Кітая ў Еўропу, шматабяцальны і авіяцыйны сектар. У прыватнасці, ёсць планы па стварэнні кветкавай біржы для работы праз яе на рынкі рэгіёна. Прадугледжваецца ажыццяўляць перавалку не толькі замежнай кветкавай прадукцыі, напрыклад з Эквадора, але і кветак айчынных цяплічных гаспадарак. Акрамя таго, апошнія гады значна вырас сектар паштовых інтэрнэт-заказаў. Гэты напрамак дзейнасці таксама плануецца развіваць у мультымадальным комплексе. "Задача такая, каб заняць ключавое месца для аказання лагістычных паслуг на тэрыторыі Беларусі і Цэнтральнай федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі", - сказаў старшыня савета ўдзельнікаў "Брэміна груп".

"Час спрасаваны і рынак зменлівы. Таму трэба хутчэй гэта зрабіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я гатовы дапамагаць. Толькі трэба гэта хутчэй рабіць, каб людзям даць работу. Потым яшчэ трэба недзе з жыллём дапамагчы. Галоўнае ж - гэта людзі, а склады мы пабудуем. І мая мэта - каб мы тут атрымалі не толькі эфект для дзяржавы, але і рабочыя месцы, і жыллё для людзей".

Падрабязна абмяркоўвалася развіццё мясцовага аэрапорта, будаўніцтва і аснашчэнне сучаснай узлётна-пасадачнай паласы для патрэб не толькі транспартнай грузавой авіяцыі, але і бізнес-авіяцыі. "Тут трэба развіваць бізнес-авіяцыю і сховішчы для самалётаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым выпадку таксама даручыў паскорыцца з праектаваннем і выкананнем адпаведных работ. "Трэба правесці тыя работы, якія мы сёння можам, - сказаў ён. - Да 7 лістапада ўсе праектныя работы павінны быць завершаны - і малыя, і вялікія. Але пачынаць працаваць трэба цяпер".

Прэзідэнт агледзеў тэрыторыю аэрапорта і на аўтамабілі азнаёміўся з бягучым станам узлётна-пасадачнай паласы, а таксама праехаў па вуліцах населенага пункта Балбасава. Ён адзначыў, што ў лістападзе зноў прыедзе ў раён, каб асабіста прыняць работу і пракантраляваць выкананне дадзеных даручэнняў.