Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

19 жніўня 2017 года
Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
глядзіце таксама: відэа
19 жніўня 2017 года
Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
глядзіце таксама: фота
19 жніўня 2017 года
Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць 11 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці льнаводчай галіны. Даручэнне па ўстараненні існуючых недахопаў у гэтай сферы Прэзідэнт даў 19 жніўня, наведваючы ў Аршанскім раёне рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гэта гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні лёну і нарыхтоўцы насення. Менавіта тут пад наглядам вучоных-спецыялістаў апрабоўваюцца лепшыя практыкі і найбольш перадавыя тэхналогіі па вырошчванні гэтай культуры. Гэта своеасаблівы ўзор, на які павінны арыентавацца льнаводы па ўсёй краіне.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў на поле з ільном, каб асабіста ўнікнуць ва ўсе тэхналагічныя працэсы і разабрацца з тым, чаго не хапае, каб вырошчванне лёну было дастаткова эфектыўным і прыносіла добры прыбытак дзяржаве. "Наконт ільну мы дамовіліся. Я яшчэ раз пагляджу, што было даручана раней, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы льнокамбінатам. А то яны будуць хадзіць, усё грошы прасіць. Сёння калі правільна апрацоўваць па тэхналогіях лён - ён рэнтабельны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Дырэктар Інстытута лёну НАН Беларусі Іван Голуб далажыў Кіраўніку дзяржавы, што рэнтабельнасць вытворчасці лёну даходзіць да 70%. "У лепшыя часы нафта такую рэнтабельнасць давала. І яны ходзяць яшчэ, просяць, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі мы навучым гаспадаркі сеяць і вось такім чынам вырошчваць лён, яны самі будуць у гэтым зацікаўлены".

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў дакладна вызначыцца адносна льнасеяльных гаспадарак - выбудаваць сістэму, хто і дзе будзе вырошчваць гэту культуру, няхай гэта будуць самі льнозаводы або асобныя гаспадаркі. "Калі ёсць узаемаразуменне, значыць, ёсць. Калі няма, трэба ўстанавіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Вучоныя-спецыялісты павінны максімальна цесна ўзаемадзейнічаць з аграрыямі на месцах, і не толькі дапамагаць парадай, дзяліцца тэхналогіямі, але і патрабаваць за канчатковы вынік, патрабаваць дакладнага выканання ўсіх тэхналагічных этапаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі ўспамінамі, калі, будучы кіраўніком гаспадаркі, прыязджаў пераймаць перадавы вопыт. "Вы нас вучылі. Я засвойваў гэта, а 90% кукіш у кішэні трымалі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму я вам (НАН Беларусі) перадаваў гаспадарку, каб вучоны паказаў у полі вынік, а не на дзяляначках".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці выпрацаваць дакладную сістэму падрыхтоўкі кадраў у льнаводчай галіне і кантролю за якасцю работ на ўсіх этапах. "Ты павінен кіраваць сталінскімі метадамі. Сказаў - зрабілі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Івана Голуба.

Ён пацікавіўся ў вучонага, якія праблемы цяпер перашкаджаюць павышэнню эфектыўнасці льнаводства. Паводле слоў кіраўніка інстытута - гэта ў асноўным невыкананне тэхналогій у шэрагу гаспадарак, у тым ліку звязаных з хімпраполкай і аховай ад хвароб. Месцамі таксама адчуваецца недахоп тэхнікі і кваліфікаваных механізатараў.

Закранаючы пытанне тэхнікі, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна спецыялізаваных камбайнаў для ўборкі лёну. Як высветлілася, гэта каля 40 машын агульным коштам амаль $8 млн. "Значыць, трэба знайсці $10 млн, купіць камбайны і скончыць размовы пра церабленне лёну. Стварай камісію, праводзьце тэндар. Чым большы аб'ём, тым танней", - сказаў Прэзідэнт у адрас намесніка Прэм'ер-міністра Міхаіла Русага.

У час рабочай паездкі была закранута тэма забеспячэння гаспадарак якасным насеннем айчыннай селекцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна вызначыць, дзе ў краіне будуць створаны адпаведныя цэнтры. "Павінна быць не больш як 5-6 цэнтраў. І трэба падлічыць лагістыку - гэта таксама грошы, затраты. Паглядзіце, дзе нам стварыць гэтыя цэнтры", - даручыў беларускі лідар.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальна хутка правесці работу над устараненнем існуючых у гэтай сферы недахопаў і распаўсюдзіць перадавыя практыкі па ўсёй краіне. "Сядзьце з вучонымі і за зіму вызначыцеся. Такі лён павінен быць усюды", - запатрабаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі б у свой час на вышэйшым узроўні не былі дадзены даручэнні па захаванні і развіцці ў Беларусі льнаводства, то сёння гэтай галіны магло б наогул не быць. "Калі б я тады не завярнуў галаву некаму, сёння лёну не было б у краіне. Што я, не помню, калі гадамі не разлічваліся льнозаводы з вяскоўцамі, а льнокамбінат наогул нічога не прадаваў? Я ведаю, чаго мне каштаваў гэты лён", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічным працэсам работы камбайна на полі, але, па ўжо сталай традыцыі, прапанаваў усім, хто яго суправаджаў, у тым ліку прадстаўнікам СМІ, павучыцца ўборцы лёну ўручную, як гэта рабілі раней.

У час наведвання гаспадаркі абмяркоўвалася таксама тэма ўборачнай кампаніі, якая прадаўжаецца ў Беларусі. Прэзідэнту падрабязна далажылі аб ходзе работ на палях Віцебскай вобласці. У сувязі з гэтым былі дадзены неабходныя аператыўныя даручэнні.

Тэгі: Паездкі
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь