Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абазначыў канцэпцыю развіцця Беларусі з акцэнтам на стварэнне ў населеных пунктах рознага ўзроўню якасных умоў для жыцця людзей. Адпаведныя заявы Кіраўнік дзяржавы зрабіў 7 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, дзе ён наведаў гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна.

Прэзідэнту далажылі аб ходзе выканання яго даручэнняў па сацыяльна-эканамічным развіцці і добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка, а таксама сельгаспрадпрыемстваў Шклоўскага раёна. Размова, у прыватнасці, ішла аб стварэнні інтэграванага аб'яднання ТАА "Купалаўскае" і прапануемых інвестыцыйных праектах па развіцці высокатэхналагічнай вытворчасці ў гэтым аб'яднанні.

Праязджаючы па пасёлку, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з добраўпарадкаваннем населенага пункта, наведаў будуемыя і рэканструяваныя аб'екты Копысі. У іх ліку ўчастковая бальніца, а таксама Пятроўскі вал і набярэжная ракі Днепр.

Даручэнні па развіцці гарадскога пасёлка былі дадзены ў лістападзе 2016 года. За гэты час у пасёлку добраўпарадкавалі інжынерна-транспартную інфраструктуру, уключаючы рэканструкцыю вулічна-дарожнай сеткі; стварылі новыя сацыяльныя, гандлёвыя, турыстычныя і спартыўныя аб'екты; правялі мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў. Пры гэтым улічваліся пажаданні мясцовых жыхароў. Усе работы ўдалося правесці ў максімальна кароткія тэрміны, якасна і нядорага.

"Мы хочам паказаць, якім чынам мы павінны добраўпарадкаваць такія пасёлкі гарадскога тыпу, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У нас, можа, 60-70 такіх пасёлкаў. Менавіта так, як тут, у Копысі, мы іх павінны прывесці ў парадак".

Прэзідэнт растлумачыў, што для рэалізацыі пілотнага праекта быў выбраны менавіта гарадскі пасёлак Копысь не таму, што гэта месца яго нараджэння. Выбар звязаны перш за ўсё з тым, што Прэзідэнт сам добра ведае гэтыя месцы і можа асабіста пракантраляваць якасць, неабходнасць і запатрабаванасць тых ці іншых мер па развіцці населенага пункта. "Мы хацелі стварыць прыклад для іншых", - сказаў ён.

Прынята рашэнне, што кожны год у кожнай вобласці па прыкладзе Копысі будзе наводзіцца парадак у двух падобных пасёлках гарадскога тыпу. Гэту работу плануецца завяршыць на працягу пяці гадоў.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, такім чынам замыкаецца вертыкаль аднаўлення краіны: Мінск - абласныя цэнтры - раённыя цэнтры - пасёлкі гарадскога тыпу - аграгарадкі - вёскі, якія раней былі цэнтрамі гаспадарак.

Што датычыцца так званых неперспектыўных вёсак, на іх не будуць канцэнтраваць асноўныя намаганні, аднак калі знойдуцца людзі, якія захочуць заняцца іх добраўпарадкаваннем, гэта забараняцца не будзе. "Шмат у нас людзей, якія нарадзіліся там, у школу хадзілі і хочуць прывесці іх у парадак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт падкрэсліў, што адначасова неабходна адкрываць у невялікіх населеных пунктах вытворчасці, ствараючы рабочыя месцы для мясцовых жыхароў. Яны павінны адпавядаць лепшым сусветным стандартам. "Мы ўжо больш як палавіну шляху ў гэтым плане прайшлі. Трэба завяршыць гэты працэс", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

У прыклад ён прывёў ААТ "Александрыйскае" - гэты вялікі сельскагаспадарчы холдынг аб'яднаў некалькі невялікіх гаспадарак. Недалёка ад яго ствараецца яшчэ больш перспектыўная вытворчасць - ТАА "Купалаўскае". Між імі якраз і размясціўся пасёлак Копысь. "Чаму тут перапрацоўку не зрабіць? А можа, у перспектыве мы аб'яднаем гэтыя два холдынгі ў адзін, і асноўная перапрацоўка будзе ў Копысі. Гэта невялікія цэхі, у якіх будуць перапрацоўваць мяса, малако і гэтак далей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Перад намі стаіць праблема, як развіваць далей краіну, як яе засяліць, дзе павінны жыць людзі, - адзначыў беларускі лідар. - А каб яны тут (у пасёлках, падобных да Копысі) жылі, тут павінны быць створаны нармальныя ўмовы. Для таго каб гэты край у будучым працвітаў, тут павінны жыць людзі, будаваць сваё жыллё. Але жыць яны будуць толькі тады, калі будзе добрая, надзейная работа".

"На прыкладзе Копысі я хачу паказаць усім, якім павінен быць пасёлак гарадскога тыпу, а на прыкладзе холдынга "Купалаўскае" - якой павінна быць сельгасвытворчасць у XXI стагоддзі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта той шлях, па якім мы будзем ісці, перабудоўваючы і добраўпарадкоўваючы Беларусь".

У час рабочай паездкі Прэзідэнту таксама далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Нягледзячы на шэраг існуючых станоўчых тэндэнцый, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнай работы па паляпшэнні якасных паказчыкаў, звязаных з эфектыўнасцю работы галін і асобных прадпрыемстваў.

Каля рэканструяванага гістарычнага цэнтра гарадскога пасёлка Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з жыхарамі Копысі і бліжэйшых населеных пунктаў. Сустрэча прайшла ў вельмі душэўнай і цёплай атмасферы.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб прычынах і планах па развіцці гэтага і падобных гарадскіх пасёлкаў. Звяртаючыся да мясцовых жыхароў, ён адзначыў, што далейшае падтрыманне парадку і паляпшэнне ўмоў для жыцця ў населеным пункце ў многім залежаць ад кожнага з іх. "Беражыце гэты край", - даў наказ Прэзідэнт.


Ён таксама падкрэсліў важнасць рознабаковай адукацыі моладзі, якая значна адрозніваецца ад папярэдніх пакаленняў. Неабходна зрабіць максімум для таго, каб маладыя людзі разбіраліся не толькі ў камп'ютарных тэхналогіях, але і разумелі жыццё. "Таму нам трэба вучыць моладзь. Яна павінна ўмець усё. Старыя часта гаварылі: вучыся, за плячыма гэта насіць не будзеш. Нам трэба гэта сёння прывіць нашай моладзі, каб яны бачылі і ведалі, што такое зямля, разумелі працу і рабочага, і селяніна, і настаўніка, і ўрача", - сказаў беларускі лідар.

"Таму нам трэба развіваць вёскі, малыя гарады і раённыя цэнтры. Там гэта жыццё. І гэта жыццё страціць мы не можам. Гэта наша агульная задача, і мая, перш за ўсё", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з Прэзідэнтам грамадзяне закранулі пытанне цэнаўтварэння на лекавым рынку. "Калі вы ставіце пытанне аб тым, што ў нас усё ж такі дарагаватыя лякарствы, значыць, ёсць праблемы. Абяцаю вам, што (памочнікі мае гэта чуюць, вы перадайце ва ўрадзе, каб прааналізавалі і мне далажылі, што за лякарствы дарагія, якія лякарствы людзі не могуць купіць) я яшчэ раз пагляджу на фактары цэнаўтварэння, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але вы ведаеце маё стаўленне: наколькі магчыма сёння, я спрабую ўтрымліваць цэны. Ужо і прафсаюзы да гэтага падключыў".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на іншы бок пытання - высокія цэны - гэта добра для вытворцы і работнікаў адпаведных прадпрыемстваў. "Але вытворцу нельга даваць магчымасць жыраваць за наш кошт. Таму гэта такая, ведаеце, вельмі складаная сітуацыя. Як пракантраляваць цэны, калі ў нас рыначная эканоміка, калі поўная свабода. Але мы тым не менш стараемся гэта рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што цяпер Беларусь самастойна вырабляе асноўныя неабходныя лякарствы, забяспечваючы бяспеку ў гэтым пытанні. Пры гэтым большасць беларускіх медпрэпаратаў каштуюць у межах $1-2.

Адказваючы на пытанні мясцовых жыхароў, Прэзідэнт таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад парада ў гонар святкавання Дня Незалежнасці. "Мне ў цэлым парад спадабаўся. Малайцы, зрабілі ўжо больш маштабна, што я і патрабаваў. Я прасіў паказаць моц арміі, каб людзі паглядзелі і зрабілі для сябе высновы, што там нешта ёсць, што можа іх абараніць. Таму ў цэлым парад мне спадабаўся", - сказаў ён.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што з усёй прадэманстраванай тэхнікай ён знаёмы ўжо даўно. "Што датычыцца ваеннай часткі, для мяне тут навінак ніякіх не было. Паколькі мне давялося кантраляваць працэсы стварэння гэтых узораў узбраення", - растлумачыў Прэзідэнт.

На парадзе былі прадстаўлены самыя сучасныя і запатрабаваныя ўзоры ваеннай тэхнікі. Гледачы змаглі ўбачыць і самае магутнае ўзбраенне, якім валодае Беларусь, - рэактыўную сістэму залпавага агню "Паланэз". "Мы шмат гаворым апошнім часам пра новы напрамак у нашым ваенна-прамысловым комплексе - ракетабудаванне. Калі ты хочаш, каб цябе баяліся (а баяліся для таго, каб не падумалі і не захацелі зноў "пракаціцца" праз нас, як гэта было ў 1941-1945-м), трэба мець ракету. Мы яе атрымалі, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - І гэта толькі пачатак. Мы створым яшчэ больш магутную зброю для таго, каб забяспечыць вашу бяспеку".

"Парад мне спадабаўся. Я вельмі рады, што і вам ён спадабаўся, таму што галоўная мая ідэя і мэта была, каб гэта спадабалася вам і вашым дзецям", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пытанне датычылася цяперашніх умоў надвор'я ў Беларусі і разлікаў на ўраджай. "Год гэты пакуль для сельскай гаспадаркі нядрэнны. Асабліва для збожжа. Асабліва там, дзе па-чалавечы да гэтага ставяцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі ў час пасяўной выконваліся ўсе тэхналогіі і выкарыстоўвалася якаснае насенне, то ўраджай будзе добрым. "Пакуль няма праблем", - падкрэсліў ён.