Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладна вызначыцца са спецыялізацыяй выпуску сельгаспрадукцыі ў кожным раёне Віцебскай вобласці. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 4 жніўня ў час сваёй чарговай рабочай паездкі па краіне, на гэты раз у паўночны рэгіён.

"Асноўная мэта маёй паездкі - не ўборка", - растлумачыў Прэзідэнт адразу ж пасля прыезду ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў "Маяк Браслаўскі". Ён адзначыў, што ўборачная кампанія ідзе сваім ходам, тэхнікі ў гаспадарках хапае, асаблівых пытанняў няма. "Мяне хвалюе іншае, цікавяць тэхналогіі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны былі тут, на паўночным захадзе краіны, перабудаваць тэхналогіі пад новыя севазвароты".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, безумоўна, цяжка працаваць у гэтых прыродна-кліматычных умовах так, як, напрыклад, у Брэсцкай вобласці. Паводле яго слоў, трэба дакладна ўлічваць асаблівасці раёнаў і фарміраваць севазварот такім чынам, каб атрымліваць максімальна эфектыўны рэзультат ад сельгасвытворчасці. "Калі выпуск малака, мяса рэнтабельны, то менавіта на гэта і трэба арыентавацца і прыстасоўваць севазварот пад гэта", - лічыць Прэзідэнт.

Ён азнаёміўся з арганізацыяй уборкі збожжавых у мясцовых прыродна-кліматычных умовах і сяўбы азімага рапсу па сучасных тэхналогіях з выкарыстаннем айчыннай тэхнікі ў СВК "Маяк Браслаўскі". Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі, сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці і Браслаўскага раёна ў прыватнасці.

Потым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на Браслаўскі філіял ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат". Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам выпуску цвёрдых сыроў, а таксама з выстаўкай прадукцыі камбіната.

Унікальнасць тэхналогіі ў тым, што ўвесь працэс вытворчасці сыру закрыты і аўтаматызаваны. Высокая якасць прадукцыі, якая ў асноўным пастаўляецца на экспарт, дасягаецца за кошт строгага кантролю па ўсім тэхналагічным ланцужку вытворчасці, пачынаючы ад прыёмкі малака і завяршаючы выспяваннем сыру.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў нарошчваць аб'ёмы выпуску мяса-малочнай прадукцыі ў Віцебскай вобласці.

Аб эфектыўным выкарыстанні айчыннага патэнцыялу, але ўжо турыстычнага, размова ішла і на наступным аб'екце, які наведаў Кіраўнік дзяржавы. З развіццём турызму ў Браслаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся на прыкладзе прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства "ГРЫН КЛАБ".

Прадстаўнікі турбізнесу расказалі Кіраўніку дзяржавы аб дасягненнях у гэтай сферы і турыстычным патэнцыяле, аб асваенні прыродна-курортных зон, прыцягненні інвестыцый і экспарце паслуг. У тым ліку яны закранулі некаторыя складанасці пры будаўніцтве новых аграсядзіб у Браслаўскім раёне.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што турыстычны бізнес, у тым ліку, аграэкатурызм неабходна больш актыўна развіваць. Ён прыслухаўся да пажаданняў спецыялістаў у гэтай сферы і сказаў, што трэба больш дэталёва абмеркаваць гэтыя праблемы. "Прапанова правільная - можа, недзе трэба "разняволіць" заканадаўства, каб даць магчымасць больш актыўна развівацца аграэкатурызму, у тым ліку аграсядзібам", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым непахісным застаецца яго патрабаванне - да агульнанародных прыродных багаццяў павінны мець доступ усе людзі.

Пасля гэтага Прэзідэнт адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Адно з іх датычылася ўборачнай кампаніі і ўплыву ўмоў надвор'я на яе ход. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, толькі тэхналагічна прыстасаваўшыся да прыродных умоў, можна дабіцца максімуму ў сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, гэта датычыцца Віцебскай вобласці. "Тэрыторыя такая, што збожжавыя тут або кукурузу на зерне вельмі складана, амаль немагчыма ў асобных месцах вырошчваць, таму трэба прыстасавацца да клімату. Перад губернатарам і ўсёй яго камандай стаіць задача прыстасавацца да прыроды і ўзяць максімум", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, па такім жа прынцыпе неабходна развіваць аграэкатурызм. "На тэрыторыі Браслаўшчыны вялікая колькасць пустуючых участкаў па 1,5-3 га. Трэба аддаць людзям, няхай яны развіваюць экатурызм. Няхай нехта проста для сябе дом пабудуе, але ён прывядзе ў парадак гэты ўчастак", - сказаў беларускі лідар.

Яшчэ адной тэмай размовы з журналістамі стаў нядаўні інцыдэнт пры будаўніцтве Беларускай АЭС. "Некаторыя дапісаліся, больш за ўсё расійскія СМІ: маўляў, упаў рэактар на будуемай атамнай станцыі ў Беларусі. Ды прачніцеся: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус, "бочка", таўшчынёй 20 см, у які будзе змешчаны рэактар, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мне далажылі раніцай, калі гэты інцыдэнт адбыўся. Будаўнікі перамяшчалі яго на складзе, трэніраваліся паднімаць. Яго паднялі на мой рост, можа, крыху вышэй, стропы не вытрымалі, і гэта "бочка" адным краем упала на зямлю, з якой яе паднялі".

Прэзідэнт адзначыў, што яму прадставілі кадры гэтага інцыдэнту і ён адразу ж даручыў неадкладна разабрацца са здарэннем. "Нават калі ёсць нязначныя пашкоджанні або драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца. І расіяне гавораць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпуса, то яны прывязуць іншы і ўстановяць. Вось і ўвесь інцыдэнт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як постчарнобыльская краіна перш за ўсё зацікаўлена ў тым, каб атамная станцыя была бяспечнай. "Я асабіста кантралюю ход будаўніцтва гэтай станцыі, не гаворачы ўжо аб нейкіх інцыдэнтах. Калі б там фундамент заклалі і кусок сцяны абваліўся, напэўна, таксама было б гвалту на ўвесь свет", - дадаў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у бяспецы Беларускай АЭС зацікаўлена і Расія. "Яна будуе шмат станцый па ўсім свеце: у Турцыі, Егіпце збіраюцца пабудаваць, у Іране і Кітаі будуюць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Не дай бог, нешта здарыцца - да іх жа ніхто не прыйдзе і не закажа больш, яны страцяць вялікі шматмільярдны сектар сваёй эканомікі".

Заявы ж Літвы аб будаўніцтве БелАЭС, паводле слоў Прэзідэнта, - звычайная канкурэнцыя, палітызацыя і балбатня. "Вось нядаўна на Ігналінскай станцыі адбыўся пажар. Многія нават не ведаюць аб гэтым. Чаму? Мы не робім з гэтага катастрофы. Калі патрэбна дапамога, мы дапаможам. Але яны спраўляюцца самі з гэтым інцыдэнтам, больш сур'ёзным, чым у нас. Мы не крычым аб гэтым гвалтам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь і Літва павінны працаваць над тым, як зрабіць БелАЭС сумеснай станцыяй, каб яна прыносіла карысць абедзвюм дзяржавам. "Мы да гэтага гатовы, і такія прапановы я накіраваў кіраўніцтву Літвы", - заявіў беларускі лідар.

Журналісты таксама пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы, чаго ён чакае ад кампаніі па выбарах дэпутатаў, а таксама як ацэньвае дзейнасць парламента. Паводле слоў Прэзідэнта, "найлепшая якасць нашага парламента, што там працуюць прафесійна, спакойна, без крыкаў".

На думку Прэзідэнта, нашы дэпутаты паспяхова працуюць і займаюцца заканатворчай дзейнасцю. "Паглядзіце, што адбываецца вакол, у іншых краінах. То бойку ў парламенце пачалі, то палітызацыя нейкая, то нейкія алігархі свае групы пастваралі, нехта за грошы прыйшоў у парламент", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - У Беларусі нічога такога няма. Я вам з адказнасцю аб гэтым заяўляю, ніхто за грошы, ніякія багатыя людзі сваіх дэпутатаў не прапхнуць у парламент. Такога яшчэ не было і, напэўна, не будзе. У гэтым найлепшая якасць і дасягненне нашага парламентарызму наогул і нашага парламента".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што "выбарчая кампанія ідзе спакойна. Завяршыўся перыяд вылучэння кандыдатаў, ідзе іх рэгістрацыя, і тое, што ўжо больш за 6 чалавек прэтэндуе на адно дэпутацкае месца, - гэта добры паказчык, я толькі рады. Значыць, канкурэнцыя будзе забяспечана".