Рабочая паездка ў Віцебскую і Магілёўскую вобласці

  • 15

Развіццё вёскі ў Беларусі неабходна ўзняць на новы ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 лістапада на нарадзе аб перспектывах развіцця малых населеных пунктаў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў.

Кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку нарады падкрэсліў, што пытанне стаіць значна шырэй, чым развіццё сельгасвытворчасці і тэрыторый у асобна ўзятых населеных пунктах адпаведных раёнаў.

"У свой час мы пачалі мадэрнізацыю нашай сельскай гаспадаркі, прайшлі пэўны шлях, атрымалі вопыт развіцця нават не сельскагаспадарчай вытворчасці, а вёскі ў цэлым, - сказаў Прэзідэнт. - І тое, што мы зрабілі за гэты час, дало нам магчымасць захаваць вёску. Калі б мы тады не ўзяліся за гэту работу, у нас у вёсцы не засталося б практычна ніводнага чалавека. Зрабіўшы нямала ў аграгарадках, мы абнавілі вёску".

"Трэба паглядзець у будучыню - вось галоўная задача, якой будзе вёска заўтра, што нам трэба пачынаць рабіць сёння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што вёска - гэта і людзі, і тыя месцы, дзе яны жывуць, і вытворчасці. "Таму я даручыў, каб комплексна былі падрыхтаваны прапановы", - сказаў ён.

На нарадзе, у прыватнасці, абмяркоўваліся прапановы па далейшым развіцці вытворчай сферы некалькіх аграгарадкоў Шклоўскага раёна са стварэннем комплекснай інтэграванай структуры на базе акцыянерных таварыстваў "Амкадор-Шклоў", "Новае Юбілейнае" і "Вялікія Славені".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што для рэалізацыі прапануемага, вядома, патрэбны пэўныя фінансавыя сродкі. "Я не выключаю, што мы павінны падключыць сюды інвестара. Ён павінен рэалізаваць ідэю сельгаспрадпрыемства - холдынга будучыні", - заявіў Прэзідэнт.

"Але майце на ўвазе: ніякага шарлатанства і штучнага аб'яднання і раз'яднання быць не павінна. Толькі спланаваўшы, мы павінны рэалізоўваць намечанае", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць пэўных элементаў, якія напрацаваны і могуць быць выкарыстаны зыходзячы з папярэдняга вопыту. Цяпер іх неабходна скласці разам, узняўшы на новую ступень сельскагаспадарчую вытворчасць і ўмовы жыцця людзей у вёсцы. "І паралельна мы павінны ісці такім чынам па ўсёй краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца прыходу прыватных інвестыцый у сельгасвытворчасць, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія паспяховыя прыклады ў Беларусі ўжо ёсць, і ў гэтым назіраецца пэўная перспектыва. Але гэта не азначае масавай прыватызацыі ў сферы сельскай гаспадаркі. "Будзем зыходзіць з таго, наколькі гэта выгадна. Пойдзе тут - добра, але штучна рабіць нічога не будзем", - заявіў ён.

Менавіта патрабаванні аб эфектыўнасці, бачанні перспектыў і гаспадарскім падыходзе ў рэалізацыі існуючых задач па развіцці як асобных прадпрыемстваў, так і тэрыторый, сталі лейтматывам нарады з удзелам Прэзідэнта і яго рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць у цэлым. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў вырашэнні адпаведных пытанняў павінна быць задзейнічана ўся вертыкаль улады, пачынаючы ад кіраўніка пасялковага савета."Мы павінны дакладна вызначыцца, хто і чым павінен займацца. Старшыня пасялковага савета павінен быць гаспадаром на гэтай зямлі. У частцы вытворчасці ён павінен мець пэўныя функцыі і паўнамоцтвы, - сказаў Прэзідэнт. - Але вертыкаль павінна працаваць. І трэба навучыцца зарабляць грошы. Гэтую вертыкаль мы закруцім так, што яна дзень і ноч будзе вярцецца-круціцца, але плён прыносіць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна, калі ён прыходзіць у цэх прадпрыемства або арганізацыю, цікавіцца перспектыўным планам развіцця, але не атрымлівае выразнага адказу. Адпаведныя крытычныя заўвагі былі агучаны пасля наведвання ганчарных майстэрняў Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь. Як высветлілася, арганізацыя функцыянуе практычна поўнасцю за кошт бюджэтных сродкаў. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання народных рамёстваў, што, безумоўна, мае дзяржаўнае значэнне, але і тут звярнуў увагу на неабходнасць пошуку дадатковых крыніц пазабюджэтнага фінансавання.

Яшчэ адной тэмай нарады стала развіццё гарадскога пасёлка Копысь, у тым ліку ў частцы сацыяльнай інфраструктуры, вытворчага складніка, будаўніцтва жылля, рэстаўрацыі Пятроўскага вала, рэканструкцыі вулічна-дарожнай сеткі і іншых сфер. Віцебскім аблвыканкамам распрацаваны адпаведны генплан.

"Тут павінны навесці ідэальны парадак. І ўся рэспубліка пойдзе па вашых слядах. Без велізарных затрат, а ад душы і па-гаспадарску. Гэта добры будзе ўзор для іншых пасёлкаў і аграгарадкоў, - сказаў Прэзідэнт. - Нам не патрэбны на месцы вёскі гарады. Але калі мы ўмовы пачнём ствараць, людзі з гарадоў паедуць жыць сюды".

Гаворачы аб вытворчай сферы, Прэзідэнт заклікаў ні ў якім разе не спрашчацца, укараняць самыя перадавыя тэхналогіі. "Таму што потым выпраўляць давядзецца і плаціць за гэта вялікія грошы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У канцы нарады ён папярэдзіў, што работа кожнага чыноўніка, незалежна ад займаемай пасады, будзе прааналізавана на прадмет эфектыўнасці. Адпаведнае даручэнне дадзена Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандру Косінцу. "Я яму даручыў, каб мне быў прадстаўлены поўны аналіз ад прэм'ер-міністра да старшыні райвыканкама - вынікі іх работы, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Публічна хачу вас папярэдзіць: хто праваліць гэты год без аб'ектыўных прычын, не застанецца".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Шклове прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Лядовай арэны.

"Я ведаю, што наша з вамі мерапрыемства ў краіне ўспрымуць неадназначна. Як гэта ў нас часта бывае, нехта будзе шаптаць за вуглом, нехта на кухні, што лепш бы гэтыя грошы ўзялі, падзялілі, па кавалачку раздалі б, не час будаваць гэта ўсё. Нічога падобнага, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Памятайце, што гэта здароўе людзей. Гэта настрой бацькоў, дзяцей. Калі нехта будзе гаварыць, што я гэта пабудаваў для сябе... Ды не, мне ўжо лядовыя пляцоўкі не патрэбны. А дзецям маім ёсць, дзе займацца. Я хачу, каб вашы дзеці мелі магчымасць займацца гэтым цудоўным мужчынскім (і ўжо жаночым) відам спорту - хакеем - на выдатным лёдзе".

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб дзякуючы гэтаму комплексу з'явіліся добрыя спартсмены, у тым ліку алімпійскія чэмпіёны. "У адваротным выпадку, навошта ўсё гэта было рабіць", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што калі некалькі гадоў таму ў Шклове пачалі будаваць Лядовую арэну, будоўля нечакана спынілася. "Давялося ад Мінска да Масквы прасіць прадпрымальнікаў, у тым ліку расіян, каб яны дапамаглі нам у гэты няпросты час скончыць лядовую пляцоўку", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Лядовай арэне створаны ўсе неабходныя ўмовы для заняткаў спортам. "Лёд цудоўны. Галоўнае - гэта. І гэта зроблена добра і якасна, - сказаў ён. - Давайце жыць на гэтай зямлі, любіць сваю зямлю, займацца любымі відамі спорту. І, самае галоўнае, вядзіце за руку сюды сваіх дзяцей. А яны павядуць сюды вас".

Да ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі новага комплексу, які акрамя непасрэдна лядовай пляцоўкі ўключае ў сябе залу сілавой падрыхтоўкі, трэнажорную і харэаграфічную залы, саўну з міні-басейнам, кафэ і іншыя памяшканні. На прылеглай тэрыторыі размешчана лыжаролерная траса працягласцю 1,9 км. На базе Лядовай арэны магчыма арганізацыя выставак, культурна-масавых і іншых мерапрыемстваў.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці спорту і будаўніцтве спартыўных аб'ектаў у Шклове і Шклоўскім раёне.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у хакейным матчы адкрыцця дзясятых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сапернікам лядовай дружыны Прэзідэнта Беларусі стала каманда Магілёўскай вобласці.