Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці

25 ліпеня 2019 года
Наведванне птушкафабрыкі прадпрыемства "Беларуснафта-Асобіна"
Наведванне гаспадаркі "Вясёлка-Агра"
глядзіце таксама: відэа
25 ліпеня 2019 года
Наведванне гаспадаркі "Вясёлка-Агра"
Наведванне Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы
глядзіце таксама: відэа
25 ліпеня 2019 года
Наведванне Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы
Сустрэча з жыхарамі Веткі
глядзіце таксама: відэа
25 ліпеня 2019 года
Сустрэча з жыхарамі Веткі
Рабочая паездка ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці
глядзіце таксама: фота
25 ліпеня 2019 года
Рабочая паездка ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці
25 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 25 ліпеня рабочую паездку ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці і Веткаўскага раёна, а таксама з перспектывамі развіцця прадпрыемства "Беларуснафта-Асобіна".

У Гомельскай вобласці выконваюцца пяць з сямі асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Крыху адстае ад прагнозу аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту - 100,5% за першае паўгоддзе пры заданні 101,5%. Негатыўны ўклад унесла сітуацыя з пастаўкамі забруджанай нафты і ўзнікшыя праблемы на беларускім участку нафтаправода "Дружба". Але да канца года кіраўніцтва вобласці разлічвае актывізаваць работу і выканаць прагноз.

Што датычыцца сітуацыі ў Веткаўскім раёне, была адзначана наяўнасць праблем з сельскагаспадарчай вытворчасцю, аб'ёмы якой не дасягаюць узроўню мінулага года. Адной з прычын кіраўніцтва раёна лічыць падзеж жывёлы. Аднак Прэзідэнт упэўнены, што праблема комплексная і падзеж жывёлы - гэта вынік, а не прычына. Вырашаць яе трэба праз строгае выкананне тэхналогій, своечасовую нарыхтоўку кармоў. "Калі ты не можаш накарміць парася, цяля, не трэба іх разводзіць. Калі не можаш накарміць, аддай тым, у каго ёсць корм. Навошта губіць жывёлу?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў узяць пад строгі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы. "Яшчэ раз паўтараю для Урада і на будучае: за падзеж жывёлы сядзеце ў турму. 85 тыс., па-мойму, у мінулым годзе. Вы ўяўляеце, колькі гэта было б мяса", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнай пракуратуры прадаўжаць сур'ёзна займацца гэтым пытаннем. "Гэта недапушчальна, то кармы дрэнныя, то тое, то гэта - бесталковасць! Звярніце на гэта ўвагу. Я пакуль яшчэ па-добраму з вамі размаўляю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства "Беларуснафта-Асобіна". Яно з'яўляецца адной з валаўтваральных гаспадарак у вобласці па гадоўлі птушкі, займаецца вырошчваннем збожжа і рапсу і працуе па прынцыпе завершанага цыкла. Аляксандр Лукашэнка наведаў адну з вытворчых пляцовак у Веткаўскім раёне. Прадпрыемства мае яшчэ дзве пляцоўкі, асноўная з якіх размешчана ў Буда-Кашалёўскім раёне.

У час наведвання вытворчага цэха "Навасёлкі" птушкафабрыкі прадпрыемства "Беларуснафта-Асобіна" Прэзідэнт паставіў задачу распрацаваць стратэгію развіцця "Гомсельмаша".

"Што датычыцца "Гомсельмаша", даручэнне Турчыну (Першы намеснік Прэм'ер-міністра. - Заўвага) - падключайце Урад і неадкладна разбірайцеся. "Гомсельмаш" заўсёды быў, ёсць і будзе ў краіне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта 20-25 гадоў таму мяне запэўнівалі, нам не патрэбны камбайны, нічога не патрэбна і "Гомсельмаш" трэба прадаць. Сёння мы бачым, што гэта добрая школа. Спадзяюся, сёння ўбачым новы камбайн, створаны літаральна за год ці два. Гэта добрая група вучоных, канструктараў. Ні ў якім разе нельга загубіць гэту школу. І тэхніка гэта патрэбна. Але трэба варушыцца".



Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства як мага хутчэй трэба выводзіць на рэнтабельную работу: "Збірайцеся і думайце, але каб у будучым годзе мы перасталі гаварыць пра "Гомсельмаш" у адмоўным плане".

Як далажыў Кіраўніку дзяржавы Першы намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, прадпрыемства праходзіць фінансавы аўдыт, паступова разгружаюцца яго склады. Цяпер разглядаюцца розныя канцэпцыі развіцця "Гомсельмаша". "Нам трэба будзе потым з вамі абмеркаваць стратэгію развіцця", - дадаў ён.

"Няма пытанняў, давайце абмяркуем, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але я вам гаварыў, што на гэтым прадпрыемстве трэба прыводзіць да ўлады моладзь".

Выконваючы абавязкі старшыні - першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей праінфармаваў Прэзідэнта, што ў рэгіёне ў гэтым годзе плануюць забяспечыць жыллём дзве тысячы шматдзетных сем'яў. Усяго іх у вобласці пражывае амаль 5,7-5,8 тыс. "Мы і далей будзем развіваць гэты напрамак, таму што абавязаны забяспечыць гэтыя сем'і жыллём. Вядома, разглядаем пытанні, каб будаўніцтва ішло і ў вёсцы", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў больш актыўна забяспечваць жыллём шматдзетныя сем'і ў невялікіх гарадах і аграгарадках. На думку Аляксандра Лукашэнкі, шматдзетным сем'ям лепш жыць у невялікім горадзе. "Гэта і дзяржаве патрэбна, і дзецям будзе больш выгадна", - сказаў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што такая жыллёвая палітыка будзе садзейнічаць размеркаванню рабочай сілы па краіне. "Усё ж такі гэта трое-пяцёра дзяцей, у некаторых нават больш", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У Веткаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з уборкай збожжавых культур на прыкладзе гаспадаркі "Вясёлка-Агра", дзе таксама размова ішла аб перспектывах работы "Гомсельмаша". "Я так разумею, разгубленасці няма на заводзе?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы ў генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства Аляксандра Новікава.

"Разгубленасці няма, калектыў гатовы працаваць. Адзіная цяпер праблема - гэта абаротныя сродкі", - прызнаўся кіраўнік "Гомсельмаша".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падарункаў прадпрыемству ніхто рабіць не будзе, аднак некаторую дапамогу аказаць могуць. "Калі заўтра прадаеш сто камбайнаў і нешта вяртаеш банку або ў бюджэт, вядома, грошы пазычым. "Гомсельмаш" ніхто не загубіць, - запэўніў ён. - "Гомсельмаш", МАЗ, БелАЗ, "Амкадор" і іншыя, хоць і прыватныя прадпрыемствы, - гэта ўсё беларускае, яны павінны даваць вынік. Заводы гэтыя будуць заханы".



На полі гаспадаркі Прэзідэнт азнаёміўся з уборачнай і новымі збожжаўборачнымі камбайнамі "Гомсельмаша" на газаматорным паліве, гусенічным і паўгусенічным ходзе. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з механізатарамі, пацікавіўшыся ў іх асаблівасцямі тэхнікі, яе плюсамі і мінусамі. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што па сваіх тэхнічных характарыстыках і магутнасці збожжаўборачная машына на газаматорным паліве нічым не ўступае сваім звычайным аналагам такога ж экалагічнага класа, аднак даражэйшая прыкладна на 30%.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці можна патанніць вытворчасць, яму адказалі, што прадпрыемства працуе над гэтым. Акрамя таго, калі камбайн пойдзе ў серыйную вытворчасць, цана яго адназначна знізіцца.

У час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць Кіраўнік дзяржавы наведаў Веткаўскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, дзе яму далажылі аб падыходах да аздараўлення насельніцтва ў чарнобыльскіх раёнах.

Прэзідэнт адзначыў, што спартыўныя аб'екты ў гарадах, у тым ліку і ў Ветцы, павінны выкарыстоўвацца не толькі для заняткаў фізкультурай, але і для адбору і падрыхтоўкі спартсменаў. "Мы ж ствараем, грошы трацім вялікія. Мы хоць па адным зернетку адсюль нешта маем? - спытаў ён. - Няхай вас не супакойваюць Еўрапейскія гульні. Токіа на носе. Гэта для вас усіх будзе самы строгі экзамен".

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з добраўпарадкаваннем басейнаў і дапаможных памяшканняў, наведаў трэніроўку выхаванцаў спартыўнай школы.

У Ветцы Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з мясцовымі жыхарамі, якія, даведаўшыся пра прыезд Прэзідэнта, вырашылі сустрэць яго недалёка ад гарадскога басейна. Яны хацелі не столькі задаць пытанні або расказаць аб праблемах, колькі прывітаць Прэзідэнта, падзякаваць яму за прыезд і ўсё тое, што робіцца ў горадзе для камфортнага жыцця людзей.

"Мы вас любім, цэнім, паважаем, Аляксандр Рыгоравіч! Прыязджайце да нас часцей!" - чуліся галасы ў групе людзей, якія акружылі Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў прысутных і падзякаваў за падтрымку. "Я вам удзячны за тое, што вы мяне заўсёды падтрымлівалі, тут, у Гомелі мяне заўсёды падтрымлівалі нават больш, чым дзе-небудзь", - сказаў ён.

"Вы яго (Веткаўскі раён. - Заўвага) захавалі і выратавалі, гэта абсалютна так, - сказаў Прэзідэнт у адказ на рэпліку аб заслузе карэнных жыхароў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС не пакінулі родныя мясціны. - Не мне трэба дзякаваць, а гэта я вам заўсёды дзякую, што вы некалі паверылі (і засталіся жыць у гэтым раёне. - Заўвага)". І гэта нягледзячы на заклікі бегчы з забруджаных тэрыторый, якія часта гучалі ў канцы 80-х гадоў. "Ветка - гэта адна з найпрыгажэйшых мясцін. Але людзей тады запалохалі, зашугалі, - прадоўжыў Прэзідэнт. - А мы і праз доўгі час аб радыяцыі не ўсё ведаем. Калі мы цяпер параўналі захваральнасць у Гомельскай вобласці і ў Еўропе, паўночнай Еўропе, мы ўбачылі, што мы ад іх не адрозніваемся. Дык у чым праблема? А ніхто пакуль не ведае. У тэме вывучэння ўплыву радыяцыі Беларусь цесна супрацоўнічае з Японіяй, якая таксама пацярпела ад аварыі на Фукусіме.

"А мы прыехалі сюды ў водпуск з Казахстана", - гаворыць маладая жанчына ў першым радзе. Як і многія іншыя, яна здымае сустрэчы з беларускім лідарам на тэлефон. "Вось бачыце, да вас ужо з вялікага, чыстага Казахстана ў водпуск прыязджаюць!" - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння мы бачым, што тут жыць можна і трэба, як бы ні было цяжка, цяпер усюды нялёгка. Там вам лягчэй не будзе, гэта чужое", - упэўнены Прэзідэнт.



На памяць аб прыездзе Кіраўніка дзяржавы ў жыхароў Веткі застануцца асабістыя фота- і відэазапісы на тэлефонах (многія здымалі на смартфоны амаль усю размову), а юныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак традыцыйны горкі шакалад без цукру "Прэзідэнт".

Пасля наведвання Веткі Аляксандр Лукашэнка ход уборачнай агледзеў з паветра. Прэзідэнцкі верталёт праляцеў над чарнобыльскімі раёнамі, стан спраў быў відаць як на далоні. Далей маршрут пралягаў па ўсходніх раёнах краіны, аж да Віцебскай вобласці.

Прэзідэнцкая інспекцыя стала лагічным прадаўжэннем праведзенай два дні таму рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю. Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі была выдатная магчымасць асабіста ацаніць ход уборачнай адразу ў трох рэгіёнах краіны.

Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь