Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці

13 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці
глядзіце таксама: відэа
13 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці
Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці
глядзіце таксама: фота
13 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці 12 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 кастрычніка зрабіў рабочую паездку ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы знаёміўся з перспектывамі бульбаводства на прыкладзе дзейнасці Талачынскага кансервавага завода, дзе ў апошнія гады асвойваюць сучасныя тэхналогіі вырошчвання, перапрацоўкі і закладкі на захоўванне бульбы. Прэзідэнту таксама далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў цэлым па краіне, у Віцебскай вобласці і Талачынскім раёне ў прыватнасці.

"Мы атрымалі 8,1 млн т каласавых, 838 т крыжакветных і кукурузы атрымаем 1,37 млн т, хоць у гэтым годзе ўраджайнасць прыкладна на 15 ц меншая. У цэлым будзе 10,3 млн т збожжа", - праінфармаваў Прэзідэнта Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання  Іван Крупко.

Ён дадаў, што гэты вынік крыху не дацягвае да пастаўленай задачы - сабраць ураджай збожжавых не менш як 10,5 млн т. У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і дасягнутыя лічбы таксама нядрэнныя - больш як тона збожжа на кожнага жыхара Беларусі.

Як далажыў Міністр, па выніках года чакаецца рост сельгасвытворчасці па ўсіх катэгорыях гаспадарак на ўзроўні 105,5%. Паводле яго слоў, ужо атрымана  Br7,9 млрд выручкі, што на мільярд больш у параўнанні з мінулым годам, прыбытак склаў Br444 млн (рост на 22%).

"Дай бог, каб кожны год мы працавалі так, як у гэтым. Складаны год, але тым не менш ён адносна ўраджайны па ўсіх культурах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ацэньваючы работу аграпрамысловага комплексу, Прэзідэнт асобна пацікавіўся дзейнасцю створаных нядаўна ў Віцебскай вобласці інтэграцыйных структур: як змяніліся іх фінансава-эканамічныя паказчыкі, эфектыўнасць. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што пакуль прайшло мала часу (каля паўгода), каб аб'ектыўна ацаніць рэзультат ад аб'яднання гаспадарак, але ў цэлым гэта дало станоўчы эфект, дазволіла палепшыць іх стан. Аднак, паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, прадпрыемствам інтэграцыйных структур не хапае абаротных сродкаў для развіцця. "Фактычна яны працуюць толькі за кошт выручкі, укладваючы грошы і ў развіццё жывёлагадоўлі, раслінаводства, у будаўніцтва і рамонт ферм, мадэрнізацыю, - растлумачыў ён. - Не хапае абаротных сродкаў". Акрамя таго, ёсць складанасці з набыццём сельгастэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ на гэта нагадаў, што дзяржава ўжо аказала значную падтрымку, у тым ліку фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную, аграпрамысловаму сектару Віцебскай вобласці і цяпер ён павінен у большай ступені разлічваць на ўласныя сілы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі дастаткова паспяховых арганізацый, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, у тым ліку і Талачынскі кансервавы завод. Іх вопыт неабходна пераймаць і тыражаваць на іншыя аб'екты АПК. "Вось няхай прыязджаюць і робяць тое, што ён робіць, - звярнуўся Прэзідэнт да губернатара, адзначыўшы добры вынік работы дырэктара Талачынскага кансервавага завода Анатоля Анюхоўскага. - І праблем у нас тады ў сельскай гаспадарцы наогул не будзе. Ужо дастаткова такіх (эфектыўных і паспяховых. - Заўвага) гаспадарак. Некалі іх было 60, што ад Савецкага Саюза засталося, а цяпер жа ў нас сотні добрых гаспадарак. Трэба капіраваць, паўтараць іх вопыт. Іншага не дадзена".

Да таго ж, як паказвае практыка, насельніцтва ўсё больш схіляецца да набыцця гатовай сельгаспрадукцыі, чым да яе вырошчвання самастойна на асабістых падворках. У якасці характэрнай тэндэнцыі апошняга часу было адзначана скарачэнне колькасці буйной рагатай жывёлы на асабістых падворках: людзі лічаць за лепшае набываць мяса і гатовую мясную прадукцыю.

"Галоўнае, каб людзі сумленна і адказна працавалі ў грамадскім, прыватным сектары, на ферме, а мы павінны разумець, што ім патрэбна зарплата, а ўсё астатняе ёсць у магазінах. Мы нават зацікаўлены, каб людзі больш куплялі, каб пакупная здольнасць была вышэйшая", - адзначыў Прэзідэнт.

Усё больш высокія патрабаванні спажыўцы прад'яўляюць і да агародніннай прадукцыі. Напрыклад, у гандлёвых сетках значна лепш прадаецца бульба вымытая, адсартаваная, фасаваная. Улічваючы гэту тэндэнцыю, на Талачынскім кансервавым заводзе ўкараняюць сучасныя тэхналогіі сартавання, захоўвання і перапрацоўкі бульбы, выкарыстоўваюць якасныя элітныя сарты. Ёсць і навінкі айчыннай селекцыі. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у хуткім часе з'явіцца новы сорт бульбы - з афарбаванай мякаццю (незвычайнага фіялетавага адцення).

Як расказалі спецыялісты, спажыўцы ў многіх краінах свету ўжо ацанілі і карысныя ўласцівасці рапсу - гэта культура карыстаецца вялікім попытам. Талачынскі кансервавы завод у гэтым годзе павялічыў вытворчасць рапсу ў шэсць разоў. Рэнтабельнасць на гэтай культуры адна з самых высокіх на прадпрыемстве: чакаецца ў гэтым годзе на ўзроўні амаль 40%. "Еўропа і кітайцы страцілі розум ад рапсу, а мы вось ніяк не можам (у поўнай меры яго ацаніць. - Заўвага). Гэта вельмі карысная рэч", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з уборкай бульбы на самым вялікім у Беларусі полі з гэтай культурай (900 га), якое адносіцца да Талачынскага кансервавага завода. Прэзідэнт пацікавіўся наяўнасцю тэхнікі для ўборкі і распарадзіўся прадаставіць для эксперыментальнага выкарыстання прадпрыемству два новыя камбайны айчыннай вытворчасці - "Гомсельмаша" і "Лідсельмаша".

Пабываўшы на ворных землях прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй уборкі бульбы, работай беларускай тэхнікі. Прэзідэнт таксама сустрэўся з камбайнерамі і механізатарамі, абмеркаваўшы з імі перавагі і недахопы сельгасмашын, а таксама работу ў полі. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Анатоль Анюхоўскі, на такіх работніках ляжыць практычна ўсё, у сезон яны працуюць без выхадных. "Мы з усім справімся. З гэтым народам не справіцца нельга. Людзі ад зямлі, працуюць шчыра", - заявіў ён.

"Калі б у нас і ў Мінску такі народ быў, мы былі б самымі багатымі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пабываў на бульбасховішчы Талачынскага кансервавага завода. Комплекс аб'ектаў з цэхам дапрацоўкі бульбы з лініяй мыцця, сухой чысткі і фасоўкі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Работа бульбасховішча аўтаматызавана, а сам будынак узведзены па галандскай тэхналогіі.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналогіяй закладкі бульбы на захоўванне, яе перадпрадажнай падрыхтоўкай, таксама яму прадэманстравалі лінейку прадукцыі прадпрыемства. Анатоль Анюхоўскі расказаў, што на заводзе хочуць пабудаваць яшчэ адно бульбасховішча. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што пры неабходнасці будзе аказана падтрымка. "Сховішча - гэта святое. Калі няма сховішча, няма чаго бульбу саджаць", - сказаў ён.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь