Рабочая паездка ў Старадарожскі раён Мінскай вобласці

  • 25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня наведаў Старадарожскі раён Мінскай вобласці. Рабочую паездку Кіраўнік дзяржавы традыцыйна пачаў з аналізу сітуацыі ў сельскай гаспадарцы - ходу ўборачнай кампаніі і асенніх палявых работ. Гэта тэма ўжо не першы дзень на кантролі ў Прэзідэнта, а адпаведныя даклады прагучалі ў час наведвання ТАА "Шапчыцы-агра". Тут таксама ішла размова аб вытворчасці малака як у цэлым па краіне, так і ў гэтай гаспадарцы - Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання культуры земляробства і стратэгіі ў арганізацыі ўборачнай кампаніі. Ён пацікавіўся, як у раёне ідзе ўборка каласавых збожжавых. Яму далажылі, што засталося прыкладна 5%, у тым ліку авёс і ячмень. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым заўважыў, што такія культуры трэба ўбіраць у больш раннія тэрміны, чым астатнія збожжавыя, асабліва з улікам дажджлівага надвор'я.

"Авёс і ячмень, вядома, трэба было даўно ўбраць. Я спецыяльна закранаю гэта пытанне. Я вас папярэджваў, што галоўнае - гэта стратэгія ў гэту ўборачную кампанію. Мы ўвесь час гаворым: уборка, уборка... І журналісты (яны ж не спецыялісты) падхапілі гэта і раздулі да касмічных памераў. Гэта нават не першы, а другі этап уборкі. Першы - травы. Другі этап - уборка збожжавых. Яна перастала ўжо быць у нас галоўнай, таму што мы збожжавыя паўрэзалі, а астатняе аддалі пад кукурузу, рапс. Каласавыя ў нас - не галоўнае ва ўборцы. Да ўборкі яшчэ вялікія плошчы бульбы, цукровых буракоў. Вось дзе яшчэ ўборка, яна толькі пачалася", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму я і гаварыў аб стратэгіі, асабліва цяпер. Не чакайце, што ў нас будзе добрае надвор'е. Усё, што ў нас засталося, - 10-13%, а гэта добрае збожжа. І гэта збожжа трэба ўзяць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што згодна з планам у бягучым годзе павінны сабраць больш за 9 млн т збожжа, уключаючы кукурузу і рапс. "Таму каласавыя збожжавыя трэба ўбраць. Убяром - атрымаем 7 млн т збожжа каласавых - будзем з хлебам", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на падрыхтоўку да ўборкі кукурузы: "У бягучым годзе кукуруза добрая, страціць нельга. А, па-другое, мы павінны да 9-9,5 млн т дабіраць за кошт кукурузы. Мы ж нездарма плошчы такія пад кукурузу адвялі. І ў бягучым годзе ў нас няма выхаду з улікам таго, што нам трэба рэзервы папоўніць. У нас ёсць такая магчымасць".

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў закупляць у рэзерв не каля 850 тыс. т збожжа, а да 1 млн т. "Адзін мільён мы павінны закупляць і пакласці ў рэзерв. Накарміць народ (гэта не шмат трэба нам хлеба), і астатняе застанецца ў рэзерве. Таму ў гэтыя дні - сёння-заўтра-паслязаўтра - мы павінны напружыцца настолькі, каб убраць усё са збожжавых каласавых", - заявіў беларускі лідар.

Пры гэтым ён падкрэсліў недапушчальнасць ірваць тэхніку. "Калі вы бачыце балота, не трэба заганяць туды камбайн, а потым тросам цягнуць двума трактарамі. Не трэба! Камбайн даражэйшы, чым мяшок збожжа, які застаўся там. Пачакайце. Не, значыць, уручную касіце і выносьце, як гэта было раней. І ўсюды трэба мець, асабліва ў Віцебскай вобласці, камбайны на гусенічным ходзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці захоўваць культуру земляробства. І гэта ўмеюць рабіць. Адпаведны вывад Прэзідэнт зрабіў, бачачы, наколькі якасна ідуць справы на палях да яго прыезду. "Калі ўмееш, як трэба рабіць, прывязі сюды старшынь выканкамаў і прымусь іх зрабіць так. Не адкладвай на заўтра. Культура земляробства - кожны кавалак павінен быць апрацаваны, як вакол гэтай фермы, - сказаў ён. - Вы робіце, каб паказаць. З аднаго боку, гэта добра, з іншага, - дрэнна. Думаю, умееце ж! Дык зрабіце гэта ўсюды!"

Профільным віцэ-прэм'еру і Міністру Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць адпаведныя пытанні на кантроль. "Каб мы нарэшце перасталі гаварыць аб культуры земляробства", - адзначыў ён.

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на важнасць аператыўнай уборкі з палёў саломы, чаго раней не дало зрабіць надвор'е.

Яшчэ адно даручэнне - кантраляваць якасць узворвання зямель, ад чаго залежаць далейшыя работы на зямлі. "Мы развучыліся араць. Калі поле ўзарана цераз пень-калоду і заўтра трэба грэйдарам раўнаваць, то лепш не трэба араць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ніякая сеялка не выраўнуе, нават калі шматаперацыйная. За ўзворванне, я памятаю яшчэ ў мае часы партыя патрабавала (малайцы, правільна патрабавалі), трэба вельмі шмат плаціць механізатарам. Больш нават, чым на ўборцы. Калі роўна ўзарана - затраты меншыя на пасеў".

"Гэта не дробязі. На гэта неабходна звяртаць сур'ёзную ўвагу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер вельмі вялікія аб'ёмы трэба будзе падняць. Сплануйце ўсё. Дзе трэба, значыць, трэба і ноччу працаваць. Трэба своечасова пасеяць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках года будзе падлічана, колькі загінула жывёлы ў кожнай вобласці і ў цэлым па краіне. "За гэта адкажуць усе. Навошта нам араць зямлю, вырабляць кармы - для здохлых кароў і быкоў або цялят? Гэта нікому не трэба, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта абуральная безгаспадарчасць, гэта проста злачынства. Па падзяжы жывёлы разборкі будуць вельмі строгія".

Як паведаміў памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, у мінулым годзе ў Мінскай вобласці загінула 19,6 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 102,8 тыс. галоў свіней. За першае паўгоддзе 2019-га падзеж буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне склаў 10,4 тыс. галоў, свіней - 59,6 тыс. "Гэта значыць, рост на 17% падзяжу буйной рагатай жывёлы, на 24% - свіней. Тут трэба праводзіць вельмі сур'ёзную работу", - адзначыў ён.

У сваю чаргу губернатар Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка растлумачыў, што на самай справе падзеж жывёлы ў рэгіёне зменшыўся: проста статыстыку перасталі хаваць і цяпер лічбы здаюцца вялікімі. "Ёсць непрадукцыйнае выбыццё жывёлы. Яно дзеліцца на тры напрамкі: падзеж, забой або прырэзка на месцы і продаж насельніцтву. Гэтыя два паказчыкі - забой і продаж насельніцтву - заўсёды ідуць уверх, каб скрыць падзеж. Калі я прыйшоў, мы гэта спынілі і сказалі, што трэба паказваць тое, што ёсць. І цяпер у нас падзеж нібыта павялічыўся, але на самай справе за пазамінулы год мы знізілі на 16 442 галавы непрадукцыйнае выбыццё. За першае паўгоддзе гэтага года - зніжэнне практычна 2 тыс. Гэта значыць, мы ўстаранілі жулікаў, паказваем рэальную карціну, непрадукцыйнае выбыццё змяншаецца, хоць яно і ёсць", - сказаў старшыня аблвыканкама.

Ён адзначыў, што згодна са статыстыкай у 2017 годзе было забіта 25 тыс. галоў жывёлы ў гаспадарках вобласці. "Гэта ж няпраўда. Навошта столькі жывёлы забіваць гаспадаркам? Гэта скрыты падзеж. Мы гэта спынілі, і ў нас нібыта, паводле статыстыкі, падзеж узрос. На самай справе, не, ён зменшыўся", - звярнуў увагу губернатар.

Яго словы пацвердзіў і Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. "Пасля таго, як мы пачалі маштабна вывучаць гэту праблему, усё ж такі крыху знізіліся тэмпы ў параўнанні з мінулагоднімі", - канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі, падвесці вынікі ў цэлым па краіне. Асобныя функцыі тут ускладзены таксама на Генеральную пракуратуру.

Што датычыцца работы гаспадаркі "Шапчыцы-агра", якую курыруе "Атлант", то за 2015-2019 гады сюды інвесціравана амаль Br4 млн. Тут працуюць больш за 90 чалавек, сярэдняя зарплата складае Br985.

Ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2019 годзе гаспадарка плануе атрымаць Br4,9 млн выручкі (за 2018 год яна склала Br4,7 млн) і забяспечыць рэнтабельнасць малака 46,7%. Ад прадукцыі раслінаводства выручка чакаецца ў памеры Br500 тыс. з рэнтабельнасцю 20%.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіяй вытворчасці малака ў гаспадарцы, наведаў некалькі кароўнікаў, у тым ліку з даільна-малочным блокам. У цэлым Прэзідэнт застаўся задаволены работай гаспадаркі. "Тут нядрэнна. Але ў вас (у "Атланта". - Заўвага) яшчэ раслінаводства і іншыя галіны", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне аб узнагароджванні лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, дзякуючы якім падымаюцца прадпрыемствы, развіваецца ў цэлым галіна. "Гэтых людзей мы павінны бачыць і падтрымліваць", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць гэтыя пытанні і ўнесці адпаведныя прапановы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай завода, яго фінансавымі паказчыкамі, узроўнем заработнай платы, аб'ёмамі вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Прэзідэнт сказаў, што ў будучым плануе пабываць на "Атланце" і больш падрабязна азнаёміцца з яго работай. "Паглядзім глыбей, што адбываецца. Я хачу паглядзець, што ў нас наогул з "белай" тэхнікай робіцца", - адзначыў ён. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у яго ёсць "унутраная насцярожанасць і боязь" за "Атлант".

Магчыма, прадпрыемству будзе аказана дзяржпадтрымка, каб падштурхнуць яго развіццё. Цяпер гэта пытанне пакуль толькі вывучаецца. "Але з гэтым мы на месцы разбяромся, на "Атланце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што канкурэнцыя на сусветным рынку расце, на эканамічную сітуацыю ў рэгіёне могуць паўплываць і разлад у адносінах паміж ЗША і Кітаем, таму трэба быць гатовымі да ўсіх складанасцей.

Яшчэ адным пунктам для наведвання Прэзідэнтам выбраны Старадарожскі доследны лясгас, дзе былі разгледжаны фінансава-эканамічны стан арганізацыі і ў цэлым работа лесагаспадарчай галіны Беларусі. Кіраўнік дзяржавы наведаў цэх перапрацоўкі драўніны. Вытворчую структуру лясгаса ўтвараюць 7 лясніцтваў, вытворчы ўчастак і лясны гадавальнік. Ёсць таксама паляўнічая гаспадарка. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг за першае паўгоддзе 2019 года атрымана ў суме Br7,5 млн, што складае 118,5% да аналагічнага перыяду 2018 года.

Прэзідэнт даручыў распрацаваць у краіне праграму па ўключэнні ў абарот нізкаякаснай дзелавой драўніны. Стаіць задача перапрацоўваць увесь драўняны рэсурс. Яе неабходна рэалізаваць у асноўным на працягу бліжэйшых трох гадоў. Размова ідзе пра драўніну, якая не можа выкарыстоўвацца на іншыя патрэбы, акрамя як вытворчасць шчэпак і паліўных пелет.  Гэта рэнтабельна як з пункту гледжання павышэння ўзроўню выкарыстання мясцовых паліўных рэсурсаў, так і ў якасці экспартнага складніка. Попыт на паліўныя пелеты за мяжой даволі высокі.

"Толькі гэты, будучы год, яшчэ 2021-ы. Усё! Мы ўвяжам патрэбнасці на ўзроўні краіны. І вы павінны спланаваць, каб на канец 2022 года ўсё перапрацоўвалі. Гэта галоўнае пытанне. І мы павінны на наступную пяцігодку спланаваць такім чынам, каб перапрацоўвалі ўсё, каб не было буралому. Гэта наша найвялікшае багацце (лес. - Заўвага), дадзенае богам. Усё павінны перапрацаваць. Што не атрымліваецца ацыліндраваць і іншае - трэба ў пелеты і прадаць", - запатрабаваў беларускі лідар.

"Мы ўжо некалі падышлі да пытання, што рабіць у лесе, як яго перапрацаваць, каб не згніло. Трэба выпрацаваць дакладную праграму з улікам існуючых ведаў. І за пяць гадоў вы павінны вырашыць усе пытанні ў лесе, каб было па-гаспадарску. Гэта праграма павінна быць напружаная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, назіраецца дадатная тэндэнцыя ў частцы павелічэння колькасці лесу. Нараўне з гэтым Беларусь закранула праблема ўсыхання асобных участкаў лесу пад уздзеяннем караеда. "Па бягучым годзе сітуацыя выпраўляецца. Па стане на гэты час у два разы менш плошчы з усохлымі пасадкамі", - адзначыў Міністр.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць рацыянальнага выкарыстання ўбраных у выніку санітарнай высечкі дрэў.

У частцы развіцця перапрацоўкі нізкаякаснай дзелавой драўніны цяпер у краіне вядзецца работа па будаўніцтве і мадэрнізацыі безадходных дрэваапрацоўчых вытворчасцей у розных рэгіёнах Беларусі. "Ужо рэалізуецца праграма па будаўніцтве шасці пелетных заводаў. Яны вырашаюць праблему выкарыстання нізкаякаснай драўніны. У першым паўгоддзі наступнага года ўсе ўжо будуць працаваць. Мы ставім задачу ўжо да канца года атрымліваць першыя пелеты з некаторых заводаў", - расказаў Віталь Дрожжа.

Ён таксама далажыў, што аб'ём вытворчасці паліўных пелет у бліжэйшай перспектыве будзе як мінімум падвоены. "Гэта практычна на 100% экспартна арыентаваная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю", - адзначыў Міністр.

"Гэта першы этап - гэтыя шэсць заводаў. Калі мы бачым, што гэтага мала, а перспектыва добрая і Еўропа купіць, то не трэба цягнуць з другім этапам. Трэба займацца і далей, патанняць абсталяванне ў тым ліку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з работай Старадарожскага доследнага лясгаса. Прэзідэнту прадэманстравалі мясцовую прадукцыю, пачынаючы ад бярозавага соку, ягад і грыбоў, мёду, заканчваючы паліўнымі пелетамі і піламатэрыяламі. Займаецца лясгас і вырошчваннем саджанцаў дрэў і дэкаратыўных раслін для азелянення тэрыторый. Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць гэтага напрамку, асабліва з улікам, што 2020 год стане апошнім у трохгодцы Года малой радзімы. "Гэта тое, што нам трэба. Лес- гэта святое", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прадэгуставаў атрыманы ў лясгасе мёд. Яму таксама падарылі скрыню мясцовага мёду ў сотах. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым расказаў, што рэгулярна ўжывае ў ежу гэты прадукт: "Мёд у мяне заўсёды на стале".

Акрамя таго, Прэзідэнт наведаў цэх перапрацоўкі драўніны, азнаёміўся з тэхналагічным працэсам.

У адпаведнасці з дзяржпраграмай "Беларускі лес" на 2016-2020 гады важнейшымі мэтавымі паказчыкамі, што характарызуюць дзейнасць арганізацый галіны, з'яўляюцца лясістасць, нарыхтоўка драўніны на 1 га лясных зямель і энергазберажэнне. Штогод выконваюцца ўсе паказчыкі праграмы.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Старадарожскага раёна, а таксама рэгіёна ў цэлым.

Маршрут Кіраўніка дзяржавы паміж аб'ектамі наведвання ў тым ліку пралягаў па вуліцах Старых Дарог. Прэзідэнт азнаёміўся з тым, наколькі якасна і поўна рэалізуюцца задачы па добраўпарадкаванні ў горадзе, заслухаў даклад аб стане спраў у раёне.

Аб сітуацыі з выкананнем ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці далажыў губернатар Анатоль Ісачанка. Так, аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту па выніках першага паўгоддзя склаў 105,3% ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. У прадукцыйнасці працы па ВРП прыбавілі 5,2%, у экспарце тавараў (без уліку нафты і нафтапрадуктаў, арганізацый, падведамных рэспубліканскім органам) - 17,6%. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове за паўгоддзе склалі амаль $200 млн.

Акрамя таго, у вобласці за шэсць месяцаў працаўладкаваны на новыя рабочыя месцы амаль 4,3 тыс. чалавек, а намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў склала Br1043.

Прырост па паўгоддзі ў прадукцыі сельскай гаспадаркі - 2%, у будаўнічых і мантажных работах - больш як 16%, у рознічным тавараабароце - каля 9%.

Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец звярнуў увагу на пытанні патэнцыялу вобласці. У прыватнасці, па развіцці гарадоў-спадарожнікаў. "У Мінскай вобласці ёсць вельмі вялікія рэзервы і магчымасці ўзняць рэзультатыўнасць работы і сацыяльна-эканамічнага развіцця, але развіццё гарадоў-спадарожнікаў пакуль ідзе павольна", - лічыць ён.

Аляксандр Косінец бачыць патэнцыял у развіцці ў такіх гарадах бізнесу - ад дробнага да буйнога, для чаго ёсць і неабходныя працоўныя рэсурсы. Акрамя таго, важна дакладна бачыць стратэгію развіцця прамысловасці. "Акрамя Мінскага авіярамонтнага завода, вынасу іншых прадпрыемстваў не плануецца. Значыць, трэба самім развіваць гэтыя напрамкі", - адзначыў ён.

"Гэта правільна. Гэта ў перспектыве нам трэба бачыць", - згадзіўся Прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу Аляксандр Косінец, - гэта стварэнне новых вытворчасцей у заходніх раёнах Мінскай вобласці, дзе ў хуткім часе з'явіцца дадатковая электраэнергія ад БелАЭС.

У цэлым пры разумным падыходзе ў пытаннях стратэгічнага развіцця тэрыторый краіны, мэтанакіраванай рабоце са стратнымі прадпрыемствамі памочнік Прэзідэнта лічыць выканальнай задачу па дасягненні ў 2025 годзе аб'ёму ВУП Беларусі ў эквіваленце $100 млрд.