Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці

  • 17

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапануе ў дапаўненне да аграгарадкоў у кожным раёне вызначыць па некалькі перспектыўных вёсак і забудоўваць іх даступным для вяскоўцаў жыллём. Такое меркаванне ён выказаў 14 красавіка ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта асноўная ўвага была сканцэнтравана на пытаннях развіцця вёскі. "Нам патрэбны перспектыўныя аграгарадкі плюс такія вёскі, куды людзі пойдуць жыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, такімі вёскамі могуць быць былыя цэнтры аб'яднаных гаспадарак, паколькі там ёсць неабходная інфраструктура а на незанятых участках можна будаваць жыллё. "Нам трэба для вяскоўцаў рабіць танныя дамы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Такім чынам мы можам такія вёсачкі нанава забудаваць і пасяліць туды людзей". Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што вёска - гэта аснова жыцця ў славянскіх дзяржавах. "Калі мы страцім вёску, то страцім краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй пасадкі бульбы і сяўбы кармавых культур у СУП "Азярыцкі-Агра" Смалявіцкага раёна.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе веснавых палявых работ, якія масава вядуцца цяпер у сельскагаспадарчых арганізацыях. Пасеяна ўжо 82% ранніх яравых. У Беларусі пачалі сяўбу ўсіх культур - бульбы, ільну, цукровых буракоў, кукурузы. Азімыя збожжавыя культуры выйшлі з зімоўкі здавальняюча. У цэлым чакаецца, што дзякуючы наяўнасці ўсіх рэсурсаў, захаванню тэхналогій Беларусь сёлета атрымае ўраджай не меншы, чым у 2014 годзе.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў малочнатаварную ферму "Задомля" СУП "Азярыцкі-Агра", дзе азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці малака.  Прэзідэнту было даложана аб будаўніцтве і тэхнічным аснашчэнні МТФ, а таксама былі прадстаўлены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны краіны, Мінскай вобласці і Смалявіцкага раёна.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве сучасных жывёлагадоўчых комплексаў па вытворчасці малака. Так, па стане на 1 сакавіка ў цэлым па краіне ўведзена ў эксплуатацыю 1029 малочнатаварных ферм.

Яшчэ адной тэмай, на якой сканцэнтраваў увагу Прэзідэнт, стала развіццё аграэкатурызму.

Аляксандр Лукашэнка наведаў аздараўленчы цэнтр "Сасновая" СУП "Азярыцкі-Агра", азнаёміўся з яго інфраструктурай і ў цэлым застаўся задаволены тым, як тут падышлі да арганізацыі адпачынку. "Вось узор гаспадарання, і да гэтага трэба ісці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

 

Цэнтр пабудаваны за кошт сродкаў ААТ "Белаграпрамбанк", якое аказвае падтрымку ў развіцці аграэкатурызму. За 8 гадоў крэдытнай падтрымкай Белаграпрамбанка скарысталіся 516 уладальнікаў сядзіб па ўсёй Беларусі. У 2014 годзе льготныя крэдыты на развіццё аграэкатурызму выдзелены 61 суб'екту на суму амаль Br13 млрд. Як далажыў Прэзідэнту старшыня праўлення ААТ "Белаграпрамбанк" Анатоль Лысюк, у банку прынята рашэнне аб тым, што тыя суб'екты аграэкатурызму, якія паспяхова рэалізавалі адзін праект, могуць звярнуцца за падтрымкай паўторна, каб пашырыць пералік прадастаўляемых паслуг, павысіць якасць. Банк стараецца развіваць напрамкі, звязаныя з беларускай культурай, бытам, абрадамі, кухняй, а таксама так званыя зялёныя сядзібы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, вытворчасць натуральных прадуктаў харчавання. 

Прэзідэнт таксама выказаў прапанову па развіцці ў краіне сеткі беларускай кухні. "Мне здаецца, яна была б нармальнай. Каб там былі стравы, якія мы ядзім, і ў любым горадзе. Па-першае, і сабекошт быў бы невысокі, і людзям даступна, і сетка была б нармальная", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.