Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён

3 красавіка 2020 года
Наведванне МТФ "Мглё"
глядзіце таксама: відэа
3 красавіка 2020 года
Наведванне МТФ "Мглё"
Наведванне ЗАТ "Юніміт"
глядзіце таксама: відэа
3 красавіка 2020 года
Наведванне ЗАТ "Юніміт"
Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён
глядзіце таксама: фота
3 красавіка 2020 года
Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён
34 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 3 красавіка рабочую паездку ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, дзе наведаў арганізацыі групы кампаній "Сервалюкс".

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе выканання веснавых палявых работ у краіне, развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў Мінскай вобласці, у прыватнасці Смалявіцкім раёне, і перспектывах развіцця групы кампаній ЗАТ "Сервалюкс".

Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, у адпаведнасці са структурай пасяўных плошчаў яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 2,6 млн га, у тым ліку ў Мінскай вобласці - на больш як 533 тыс. га, з іх у Смалявіцкім раёне - на 23,5 тыс. га. Пад яравую сяўбу бягучага года сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур у аб'ёме 324,5 тыс. т, або 128% да патрэбнасці.

Іван Крупко адзначыў, што цяпер усе вобласці пачалі сяўбу ранніх яравых збожжавых культур, тэмпы работ добрыя. Міністр расказаў аб забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі, тэхнікай, палівам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што веснавыя палявыя работы трэба правесці хутка. "Калі глеба падсушана, працаваць можна практычна ўсюды, трэба больш актыўна, трэба паскорыць. Не трэба чакаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын праінфармаваў Прэзідэнта аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў Мінскай вобласці. Рэгіён па тэмпах росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі займае трэцяе месца сярод абласцей - 107,4% у гаспадарках усіх катэгорый і 107,7% у сельгасарганізацыях у студзені-лютым 2020 года. Тэмпы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаліся вышэй за ўзровень аналагічнага перыяду папярэдняга года ў асноўным ва ўсіх раёнах вобласці. Павялічылася вытворчасць мясной і малочнай прадукцыі. Па сярэднім удоі малака сталічны рэгіён трэці ў краіне і ўступае Брэсцкай і Гродзенскай абласцям.

Аляксандр Турчын закрануў тэму далейшага ўзроўню загрузкі перапрацоўчых магутнасцей: "Куды рухацца далей - пашыраць вытворчасць або павышаць эфектыўнасць?"

"Трэба вызначыцца па рынках, - сказаў Прэзідэнт. - Дрэнна, калі аб'ёмы будзем стрымліваць. Каб павялічыць вытворчасць, нам патрэбны рынкі".

У час паездкі ў Смалявіцкі раён адзначалася, што за два месяцы гэтага года вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах павялічылася тут на 4,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Вытворчасць жывёлы і птушкі ўзрасла на 3,2%, малака - на 10,6%. Па сярэднім надоі малака ад каровы раён займае другое месца ў вобласці.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пытанне забяспечанасці прадуктамі харчавання вельмі актуальнае. У сувязі з гэтым неабходна арыентавацца на пашырэнне выпуску прадукцыі. У ліку вялікіх перспектыўных рынкаў кіраўнік дзяржавы назваў Кітай.

Тэма далейшага асваення кітайскага рынку прагучала і ў размове са старшынёй савета дырэктараў "Сервалюкса" Яўгенам Баскіным. Ён расказаў, што кампанія, якую ён узначальвае, кіруецца тэзісам "ад поля да прылаўка". Гэта значыць, прадукцыя не толькі вырошчваецца, але і перапрацоўваецца, прычым 65% яе ідзе на экспарт, у тым ліку ў Кітай.



У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка даручыў нарасціць у краіне вытворчасць грэцкіх круп. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ў мінулыя гады Беларусь закрывала ўласную патрэбнасць прыкладна напалову. Астатняе імпартавалася з Расіі. Аднак апошнім часам з'явіліся пэўныя цяжкасці з пастаўкамі. З гэтым і звязана даручэнне Прэзідэнта.

"Трэба вырошчваць грэчку пад патрэбнасць у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што трэба вырошчваць грэчку, якая б ні была яе ўраджайнасць. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што трэба будзе сістэмна падысці да гэтага пытання, падабраць найбольш прыдатныя для гэтай культуры глебы. "Трэба добра вывучыць гэту культуру, тэхналогію яе вырошчвання", - упэўнены Прэзідэнт.

Пры гэтым ён станоўча ацаніў той факт, што ў краіне нарошчваецца вытворчасць сельгаспрадукцыі.

У якасці станоўчага прыкладу эфектыўнай работы прыватнай кампаніі ў аграрным сектары краіны Прэзідэнту паказалі аб'екты "Сервалюкса". Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснай тэхналогіяй гадоўлі і ўтрымання буйной рагатай жывёлы на МТФ "Мглё" філіяла "Смалявічы Дэйрыз" ААТ "Смалявічы Бройлер". Гэта сучасная вытворчасць уключае тры кароўнікі і даільна-малочны блок, пабудаваныя ў 2016 годзе за ўласныя сродкі. Кошт склаў больш як $15,5 млн. Усяго тут 1,2 тыс. кароў, сярэдні надой ад якіх складае 1168 кг. Што немалаважна, гатункам "экстра" рэалізавана 99,8%.

Кіраўнік дзяржавы пабываў і на прадпрыемстве "Юніміт", якое таксама ўваходзіць у склад групы кампаній "Сервалюкс". Тут наладжана вялікая мясаперапрацоўчая вытворчасць. Прэзідэнт цікавіўся, як функцыянуе яна ў такіх складаных умовах.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, вытворчасць прадуктаў харчавання з'яўляецца перспектыўнай. "Прыклады паспяховага гаспадарання прыватных кампаній трэба распаўсюджваць у краіне", - лічыць ён.

У час паездкі Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што прыватны бізнес павінен арыентавацца не толькі на выкарыстанне актываў і атрыманне выгады, але і лопат аб людзях - працоўных калектывах, жыхарах тэрыторый, дзе размешчана тая ці іншая вытворчасць.

"Калі нехта ў Беларусі хоча працаваць, прынамсі пры цяперашняй уладзе, цяперашнім Прэзідэнце, ён перш за ўсё думаць павінен аб людзях", - падкрэсліў беларускі лідар.

У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы арыентуе бізнесменаў на развіццё бліжэйшых сельскіх населеных пунктаў.

"Мы тады заўсёды дамовімся. І за цаной не пастаім. Галоўнае - гэта чалавек. І тыя бізнесмены, якія сёння (гавораць. - Заўвага): вось, дай мне зямлю, дай мне тое, гэта, а людзі - не важна... Гэта дурні поўныя - прыехалі сарваць чагосьці і ўцячы адсюль", - сказаў Прэзідэнт.

Крытэрыі ацэнкі работы раённых кіраўнікоў павінны быць арыентаваны не на колькасныя паказчыкі, а на эфектыўнасць вытворчасцей, упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Нейкія пачалі крытэрыі мне прапаноўваць для ацэнкі кіраўнікоў у раёнах. Прыбаўленні ў вазе, удоі і іншае. Я гавару: гэта ўжо ў савецкія часы праходзілі. Якія прыбаўленні ў вазе? Грошы!" - падкрэсліў беларускі лідар.

"Ёсць грошы ў бюджэце, павялічыўся бюджэт за год у старшыні райвыканкама, дай яму нейкі працэнт, няхай ён на ўсіх падзеліць. Якое прыбаўленне ў вазе, каму патрэбны гэтыя прыбаўленні? Можаш без прыбаўлення, абы грошы былі", - растлумачыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі хутчэй за ўсё будзе прынята рашэнне аб прадаўжэнні вясенніх школьных канікулаў.

"Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька. І я лічу, што патрабаванні прадоўжыць канікулы з боку бацькоў, медыцыны - гэта няправільна. Але некалі я сказаў, што мы не будзем стаяць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каронапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця выключыць з дзіцячага сада або школы, прадоўжыўшы канікулы. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што трэба ацаніць патэнцыяльную напаўняльнасць класаў, паколькі няма сэнсу праводзіць заняткі, калі многіх вучняў няма. "Хочуць, каб мы прадоўжылі канікулы, заўтра мне даложыць па гэтым пытанні міністр адукацыі. У нас ёсць рэзервовы тыдзень: мы праграму такім чынам скарачалі, што, можа, і прадаўжаць навучальны год не будзем. У нас няма тут асаблівага напружання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Акрамя таго, прадоўжыў Прэзідэнт, дзеці на канікулах фактычна пражылі тыдзень у пэўным асяроддзі. "Сітуацыя супакоілася. Калі яны пабудуць тыдзень дома, страху не будзе. Заўтра-паслязаўтра мною будзе прынята адпаведнае рашэнне. Хутчэй за ўсё мы прадоўжым на тыдзень канікулы. Выключна таму, што гэтага хочуць бацькі і не ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты перыяд. Я разумею бацькоў. Тут здаровы чалавек без дзяцей захварэе ад таго, што адбываецца вакол", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама расказаў аб даручэнні падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы бізнесу на фоне каранавіруса: "Не хачу сказаць, што выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў. Але надышоў час скарбоначку развязаць, укласці ў бізнес тыя запасы, якія ёсць. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое - таго, хто ўложыцца сам. А калі ён склаў рукі, у яго недзе ў афшорах грошы, і думае, што мы яму забяспечым светлую будучыню, няхай нават не разлічвае. Трэба варушыцца ўсім. Але гэта твой бізнес, ты яго ратуй, а мы падставім плячо, калі ў нас будзе такая магчымасць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што даручыў Ураду, КДК, Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы розных сектараў бізнесу, калі такая падтрымка будзе неабходна.

"Нехта хайпуе, нехта яшчэ нешта робіць у інтэрнэце. Наша справа - працаваць. Пройдзе крыху часу, і людзі ацэняць і зразумеюць, хто чаго варты, - заявіў Прэзідэнт. - Мы ніякі бізнес не закрывалі".

Ён у гэтым плане з дадатнага боку адзначыў кампанію "Сервалюкс", арганізацыі якой наведаў у Смалявіцкім раёне. "Я прыехаў на гэта прадпрыемства, кіраўнік Яўген Баскін не папрасіў ні аб якой падтрымцы. Таму што ён працуе, і на яго добрую прадукцыю ёсць попыт. Калі ласка, працуйце і зарабляйце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ў кагосьці ёсць бізнес і нейкія праблемы... А праблемы ў нас у каго - рэстараны, атэлі, авіяперавозчыкі, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - Калі ты хочаш быць уладальнікам рэстарана, то ты, калі ласка, калі да цябе людзі не ходзяць (мы рэстараны таксама не закрываем), што робяць кітайцы і нават расіяне: яны дадому развозяць ежу. І палічылі ўжо, што гэта добрая рэнтабельнасць. Ну няхай рэнтабельнасць, сёння не да раскошы. Ты пастарайся захаваць свой бізнес".

"Я сказаў пра авіяперавозчыкаў. Па аўтамабільных перавозчыках і чыгуначных мы граніцы не закрывалі. Транзіт ажыццяўляем. Вось параўнайце рэстаран, дзе можна ежу гатаваць і разносіць людзям, і авіяперавозкі. Яны што, вінаватыя, што сёння не лятаюць самалёты? Не. Дарэчы, амерыканцы і з нашай дапамогай вывозяць сваіх людзей з поўдня праз наш аэрапорт - туды, на Швецыю, Брусель і да Амерыкі, мы ім прапанавалі. Мы ім прапанавалі свае паслугі і самалёты. У нас добрыя новыя самалёты стаяць. Яны нам удзячныя за гэта. Гэта значыць, наколькі можна, шукаем работу ўсюды", - расказаў беларускі лідар.

"Але гэта не іх віна - авіяперавозчыкаў. Ён адзін у нас буйны (размова пра "Белавію". - Заўвага). І перш за ўсё мы іх падтрымаем. Няхай бізнесмены, так званыя малыя і сярэднія, не крыўдзяцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін прыклад - "БЕЛАЗ", які ў цяперашняй сітуацыі з вялікай цяжкасцю можа рэалізоўваць сваю прадукцыю. "Але там тысячы людзей. Жодзіна трымаецца на БЕЛАЗе. Як вы думаеце, вы рэстаран сёння будзеце падтрымліваць ці БЕЛАЗ. Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё", - сказаў Прэзідэнт.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: мы падтрымаем толькі тых, хто перш за ўсё сам сябе будзе старацца падтрымаць і захаваць свой бізнес. Калі ён са сваіх запасаў будзе інвесціраваць у свой бізнес, будзе ў гэтай сітуацыі старацца знайсці новыя шляхі для работы, будзе дыверсіфікавацца. Вось формула: думай перш за ўсё ты за свой бізнес, а потым прыходзь да дзяржавы. А падтрымку ўсім, каму трэба, па меры магчымасці, сумленна і справядліва мы акажам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі масавыя мерапрыемствы не забараняюць, але і нікога туды не заганяюць. "Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не, значыць, не", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад аматарскі хакейны чэмпіянат, які цяпер праходзіць у Беларусі. У ім прымае ўдзел і каманда Прэзідэнта. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, адну з апошніх гульняў захацелі наведаць курсанты ваенізаваных ВНУ. Забараняць ім не сталі: яны жывуць у казармах адзін ля аднаго, калі пасядзяць групай на трыбунах, наўрад ці гэта на нешта паўплывае. Але пасля гульні Аляксандр Лукашэнка даручыў прасачыць за станам маладых людзей. "Ні адной праблемы. Чаго мы будзем забараняць? Гэта наогул не наш падыход і не наша канцэпцыя", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўвядзенне жорсткага каранціну і каменданцкай гадзіны ў Беларусі не палепшыць сітуацыю ў краіне. "Вось нас заўтра пасадзілі ў кватэры і закрылі. Сям'я па пяць-сем чалавек, і нехта адзін з іх хворы - мы яго закрылі ў кватэру з усімі. І што адбылося? Каранавірус распаўсюджваецца на працягу некалькіх гадзін сярод усіх. І калі ты быў адзін, хадзіў на паветры, дыхаў, на нагах пераносіў каранавірус, ты заўтра ў гэтай затхлай кватэры перадасі гэты вірус усёй сям'і", - менавіта да такіх наступстваў прывядзе каранцін, перакананы Кіраўнік дзяржавы.

"У Маскве пропуск ужо выпісваюць, каб выйсці з дома і кватэры. Што б ты ні выпісваў, людзі ўсё роўна будуць сустракацца адзін з адным - у пад'ездзе не пракантралюеш. І вось сем чалавек у адной сям'і, пяць у іншай: у затхлай прасторы кантакт - і ўсе захварэлі. І трапляюць у бальніцу ўжо на штучную вентыляцыю лёгкіх. Гэта што, немагчыма? На 100% магчыма, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Нас заўсёды вучылі: калі чалавек захварэў, вострая рэспіраторная інфекцыя ў яго - у гэты перыяд на вуліцу. Прадыхайся, дзетак паклікай у лес, парк, а не загані ў кватэру і закрый. Мы гэтым шляхам не пайшлі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўлады ў Беларусі адмаўляюцца ад масавага каранціну не таму, што, бравіруючы, ацэньваюць сітуацыю. "Справа нават не ў каранавірусе. Мы пераадольваем пік сезонных захворванняў (дзякуй богу, што ў нас спад смяротнасці), і ў гэты час трэба паберагчыся, - сказаў ён. - Усё ад жыцця, а мы хочам загнаць гэта жыццё ў нейкую клетку. Не атрымаецца, усё гэта глупства. Чаму гэта робяць? Пагаворым пра гэта пазней".

На думку Прэзідэнта, галоўная небяспека інфекцыі - гэта паніка. "Каранавірусны псіхоз" прынясе шмат небяспечных наступстваў. "Ад псіхозу людзі пачынаюць вар'яцець. Кожны дзень на іх гэта ўсё абвальваецца, і яны перажываюць, каб самім нешта не падхапіць, за дзетак. Людзі пачалі страчваць розум. Я ўпэўнены, што ў свеце дабавілася суіцыдаў. Гэта будуць наступствы такога псіхозу. Я ужо не гавару пра эканоміку", - адзначыў ён.



У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей не панікаваць і падкрэсліў, што ў краіне прымаюцца ўсе неабходныя меры. "Што трэба рабіць, мы ведаем, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што мы робім цяпер, тое і будзем рабіць. Самае галоўнае (дарэчы, прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не адмаўляюць) - трэба не фронтам змагацца супраць усяго (забараніць усё і іншае), а ачагова. Як я некалі гаварыў, кропкава: выявілі чалавека - праверылі, каранавірус - лечым".

Прэзідэнт выказаў надзею, што сітуацыя з распаўсюджваннем інфекцыі не пагоршыцца. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у краіне прадаўжаюць сачыць за беларускімі граніцамі, выяўляючы інфіцыраваных грамадзян. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пажылым людзям: іх стараюцца засцерагчы ад лішніх кантактаў. Лячэбныя ўстановы забяспечаны ахоўнымі сродкамі - кожная вобласць занялася пашывам масак. "Прымаем усе меры засцярогі, - заявіў ён. - Але я ўрачам гавару: вы не павінны забываць, што, акрамя гэтых вірусаў, на якія потым можна ўсё спісаць, трэба лячыць анкалогію, сардэчна-сасудзістыя захворванні, простую пнеўманію, іншыя хваробы".

У пачатку тыдня Прэзідэнт мае намер правесці нараду па эпідэміялагічнай абстаноўцы ў Беларусі, дзе падвядуць квартальныя вынікі. "Мы цяпер бяром з кожнага ЗАГСа даныя аб колькасці памерлых людзей - там яны рэгіструюцца. Там абсалютна дакладныя даныя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным расколваць грамадства на фоне барацьбы з каранавірусам. Ён прывёў у якасці прыкладу ферму, якую наведаў у Смалявіцкім раёне. "Скажыце, як там на ўдалёнцы даіць кароў або выхадны аб'явіць? Гэта нерэальна, - сказаў Прэзідэнт. - А нехта будзе сядзець дома без работы, і ім зарплату захоўваць. Гэта што, справядліва? Мы расколваем грамадства. Гэтага рабіць нельга. Таму мы нікому нічога не забараняем, ні над кім не стаім. Але як дзяржава робім усё, каб людзей абараніць. І не толькі ў гэтым годзе. Так было заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я малю бога, каб нам удалося пратрымацца так, як сёння. Хоць усе крычаць, што ў нас нешта так, не так... Дай бог, каб мы вось так пратрымаліся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аналіз сітуацыі з пункту гледжання статыстыкі, адзначыў Прэзідэнт, чакаецца ў аўторак. "Пры гэтым псіхозе, што ў нас тут (нібыта. - Заўвага) паміраюць і паміраюць, у нас ідзе агульны спад смярцей і агульны спад захваральнасці па лёгкіх", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён лічыць, што падзеі, якія адбываюцца, прымусілі ўсіх больш звяртаць увагі на гігіену. "Але самае галоўнае - мы ўзварухнулі ўсю сістэму аховы здароўя. Мы цяпер кантралюем і глядзім, як працуюць урачы. Яны не адкрываць і закрываць граніцы павінны, а лячыць людзей. Гэта справа ўрачоў. А дзяржава павінна дапамагаць людзям пераадольваць гэтыя цяжкія часы. Але, з майго пункту гледжання, катастрофы ў нас ніякай няма", - адзначыў Прэзідэнт.

"У нас сіл і сродкаў хапае. І ложкі ёсць у запасе, і каля трох тысяч апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і наркозна-дыхальных - іх таксама можна ў крайнім выпадку выкарыстоўваць. Дай бог, прайсці гэты перыяд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт заўважыў, што ўбаку ад гэтых падзей аказаліся ваенныя медыкі, а сярод іх таксама ёсць інфекцыяністы і вірусолагі. "У нас жа па рэспубліцы пяць-шэсць такіх бальніц. Трэба іх падключыць. Няхай яны паглядзяць, як працуюць грамадзянскія медыкі. Калі патрэбна, і пракантралююць, і дапамогуць. І самае галоўнае - яны таксама будуць у гэтай тэме, навучацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ён ужо даў адпаведныя даручэнні Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта і Дзяржсакратару Савета Бяспекі.

"Мы што, думаем, што ў арміі нічога ніколі не здарыцца? А не дай бог, нейкі ваенны канфлікт - яны (ваенныя медыкі. - Заўвага) першымі пойдуць. Таму гэта для іх пэўная вучоба, а для мяне значная дапамога і кантроль", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Але цяпер беларускія ўрачы спраўляюцца з сітуацыяй, таму прыцягваць студэнтаў-медыкаў да барацьбы з каранавірусам не плануецца, сказаў Прэзідэнт. Толькі дадатковыя рэсурсы - валанцёры, прафсаюзы - кінуты на дапамогу пажылым людзям.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь