Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Слуцкі раён

23 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Слуцкі раён
глядзіце таксама: відэа
23 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Слуцкі раён
Рабочая паездка ў Слуцкі раён
глядзіце таксама: фота
23 кастрычніка 2020 года
Рабочая паездка ў Слуцкі раён 30 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 23 кастрычніка рабочую паездку ў Слуцкі раён Мінскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў цэлым па краіне і ў рэгіёне ў прыватнасці. Прэзідэнту далажылі аб завяршальным этапе асенніх палявых работ, уборцы агародніны і кукурузы, напаўненні стабілізацыйных фондаў.

"Задача мэра Мінска і губернатараў - размеркаваць такім чынам агародніну, бульбу, каб і цэны не скакалі зімой, і хапіла да новага ўраджаю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Ён пацікавіўся ўраджаем і нарыхтоўкай садавіны. Заканчваецца ўборка яблыкаў, і ў цэлым па гэтым відзе прадукцыі патрэбнасць краіны будзе забяспечана поўнасцю. Пры гэтым няма забароны і на імпартную прадукцыю. "У чалавека няхай будзе выбар. Мы ж не забараняем егіпецкі або яшчэ які-небудзь яблык прадаваць. Калі ласка, прадавайце. Але каб побач ляжаў добры свой яблык. Глядзіце, усю зіму кантроль за цэнамі будзе вельмі сур'ёзны. Дэпутаты і прафсаюзы сарыентаваны на гэта. І яны ўзяліся за гэту праблему вельмі сур'ёзна. Але вам трэба глядзець, трымаць у руках гандаль", - заявіў Прэзідэнт.

"Распарадзіцеся, каб на прылаўку заўсёды была (айчынная прадукцыя. - Заўвага). Смешна - з Егіпта, Турцыі бульбу завозяць. Ну добра, няхай завозяць. Але ў нас лепшая ў свеце бульба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы ў сувязі з гэтым далажылі, што апошнім часам па бульбе імпартныя пастаўкі зведзены да мінімуму.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на важнасць паставак сельгаспрадукцыі на экспарт. "Вы ж бачыце, які попыт. Вельмі пашанцавала і па цукры. Ужо расіяне сёння закідваюць вудачку - у іх дэфіцыт вялікі цукру. Мы, вядома, дапаможам. І цэны падняліся на цукар", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама патрабуе не крыўдзіць вяскоўцаў, каб яны атрымалі дастойную аплату за вырабленую і пастаўленую прадукцыю.

У цэлым з завяршэннем уборачнай кампаніі праблем няма, далажылі Кіраўніку дзяржавы. "Я таксама так адчуваю, што праблем, відаць, у нас не будзе. Галоўнае, каб своечасова ўбраць", - сказаў ён.

У ліку важных задач на гэты асенне-зімовы перыяд Прэзідэнт назваў арганізацыю належным чынам захавання кармоў. "Трэба гэта асабліва губернатарам узяць на кантроль, каб была якасць кармоў. А то ў нас мільёны тон, а атрымліваецца не сянаж, як раней гаварылі, а "гнілаж". Вось каб гэтага не было, каб кансервацыя нармальная была, трамбоўка, і добрыя кармы. Тады і здароўе жывёл, і, самае галоўнае, якасць малака і мяса будзе лепшая", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы наведаў сельскагаспадарчы філіял ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" і МТК "Ванькоўшчына", дзе яму далажылі аб новых падыходах да будаўніцтва малочнатаварных комплексаў у Мінскай вобласці.

Беларускі лідар таксама азнаёміўся з рознымі відамі прадукцыі, якую вырабляюць на Слуцкім сыраробным камбінаце. Амаль 70% прадукцыі прадпрыемства накіроўваецца на экспарт. А ў гэтым годзе, як сцвярджаюць на камбінаце, назіраецца як павелічэнне попыту на прадукты харчавання, так і рост цэн на іх. Прэзідэнту былі прапанаваны для дэгустацыі розныя віды сыроў, а ў якасці ўзораў прадстаўлены новыя віды прадукцыі, у тым ліку сухая сумесь для прыгатавання марожанага. Выпуск гэтага прадукту Слуцкі сыраробны камбінат асвойвае для паставак на рынак Кітая.

У якасці падарунка ад прадпрыемства Кіраўніку дзяржавы перадалі сыр пармезан тэрмінам выспявання 12 месяцаў.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў работу сельскагаспадарчай галіны ў 2020 годзе.  Ён адзначыў, што бягучы год, вядома, няпросты, але ў частцы вынікаў работы аграпрамысловага комплексу ён быў удачны. "Год вельмі добры, нягледзячы на тое, што ён высакосны, кавідны, палітычны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі сабраны багаты ўраджай збожжа - больш як 10,3 млн т, уключаючы 8,5 млн т збожжавых каласавых, кукурузу, рапс.

Прэзідэнт яшчэ раз адзначыў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху па процідзеянні каранавіруснай інфекцыі, дзякуючы якому ў краіне не спынялася эканамічная дзейнасць, працавалі прадпрыемствы АПК, забяспечана харчовая бяспека. "І тое, што мы не прагнуліся пад кавід вясной - цяпер ужо і вы бачыце, што мы правільна зрабілі. І цяпер аграрыі кажуць, што толькі 10-15% на складах запас (гатовай прадукцыі. - Заўвага). Усё са свістам ідзе на экспарт, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Будзем апрануты, накормлены і прададзім мільярдаў на 5-6 (долараў. - Заўвага) сельгаспрадукцыі".

Адно з пытанняў, зададзеных Кіраўніку дзяржавы, датычылася планаў запуску ў Беларусі з наступнага года новага інвестыцыйнага цыкла, аб чым было заяўлена Урадам пры абмеркаванні праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2021 год.

"Трэба ўкладваць грошы ў будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Па-першае, высокатэхналагічных, таму што будаваць старызну бескарысна: на рынку не зможам канкурыраваць і прадаваць прадукцыю, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Будзем будаваць новыя прадпрыемствы, ці то ў вёсцы, ці то у прамысловасці, з разлікам на кампетэнцыі нашых людзей. Гэта галоўнае".

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў дрэваперапрацоўчую прамысловасць. Беларусь, валодаючы значнымі ляснымі рэсурсамі, у свой час пастаўляла на экспарт драўніну, затым у выніку мадэрнізацыі галіны была арганізавана вытворчасць цэлюлозы, якая раней увозілася ў краіну. Цяпер наступны этап, калі трэба з цэлюлозы рабіць разнастайную гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. "Вось мы прадаём цэлюлозу ў Кітай і радуемся. А трэба рабіць з яе канечны прадукт, тавар. У гэтым будзе сэнс. У сельскай гаспадарцы мы гэта навучыліся добра рабіць, - адзначыў Прэзідэнт. - Будзем паціху паглыбляцца і на гэтым мы добра заробім".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі асвоены і новыя высокатэхналагічныя галіны, як, напрыклад, космас і атамная энергетыка. Аднак у далейшым не стаіць задача канцэнтравацца толькі на такіх маштабных праектах з нуля. "Але не ў гэтым наша мэта. Мы не настолькі багатыя, і нам, можа, яны не так і патрэбны ўжо. Будзем развіваць тыя кампетэнцыі і напрамкі, дзе мы нешта разумеем. Будзем паглыбляцца, каб дабаўленая вартасць была вышэйшая. У гэтым сэнс новага інвестыцыйнага цыкла будучага года", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Сэнс гэтага інвестыцыйнага цыкла ў тым, каб пабудаваць новыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы і, мадэрнізуючы, развіваючы старыя, паглыбляць вытворчасць", - дадаў беларускі лідар.

Больш падрабязна праекты асноўных фінансава-эканамічных дакументаў плануецца разгледзець на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы ў лістападзе, перш чым яны будуць унесены ў парламент. Больш доўгатэрміновыя планы - на пяцігодку - будуць разглядацца на Усебеларускім народным сходзе.

Адказваючы на пытанні журналістаў, беларускі лідар заявіў, што сітуацыя з захваральнасцю на COVID-19 у Беларусі кантралюемая. Ён падкрэсліў, што ў краіне ёсць неабходны вопыт, медыкаменты, выбудавана рознаўзроўневая сістэма лячэння. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб важнасці падтрымання здаровага ладу жыцця, што ў выпадку захворвання на каранавірус садзейнічае больш лёгкаму або наогул бессімптомнаму праходжанню хваробы. Разам з тым ён заклікаў паберагчыся, асабліва тых, хто ўваходзіць у групы рызыкі, прымаючы неабходныя меры засцярогі ў грамадскіх месцах.

"Пакуль у нас сітуацыя кантралюемая абсалютна, - адзначыў Прэзідэнт. - Лякарстваў дастаткова, сістэму мы стварылі. Мы не цягнем усіх у бальніцы. Калі ўжо чалавек цяжкі, калі мы бачым у яго прагрэс па хваробе сур'ёзны, вядома, мы яго ў бальніцу. Таму што раптам трэба на кісларод, на ШВЛ яго трымаць".

"Трэба нармальна жыць (займацца спортам, правільна харчавацца. - Заўвага), пастаянна рыхтаваць сябе да любой хваробы. І калі бог будзе бачыць, што ты сам сябе стараешся падтрымліваць, абараняць, можа, і дапаможа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта важна супраць любой хваробы, а тым больш супраць віруса.

"Але ні ў якім разе нельга хавацца. Так, дзе шмат людзей, трэба карыстацца маскай - магазіны, метро, яшчэ дзесьці, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Там, дзе трэба, павінна быць маска. І часцей на паветры быць, а лепш - у лесе".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што асабліва трэба берагчы людзей пажылога ўзросту. Грамадзян з гэтай катэгорыі, калі яны перанеслі хваробу, спецыяльна накіроўваюць на рэабілітацыю.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што спрашчацца нельга, і яго насцярожвае вельмі хуткі рост захваральнасці, хоць пакуль і менш цяжкіх выпадкаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што тэсціраванне на каранавірус праводзіцца значна больш масава, чым вясной і ў пачатку лета, а таму і выяўляльнасць больш высокая.

"У Беларусі пакуль гэта сітуацыя кантралюемая. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я яшчэ думаю: калі б мы з гэтымі пратэстунамі па Мінску па вуліцах не цягаліся, была б зусім іншая сітуацыя. У нас Мінск дае палову захварэлых. А ў першую хвалю даваў 25-30%. Таму што больш за ўсё мы цягаемся па вуліцах менавіта ў Мінску. Але справімся", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб уласным вопыце, калі ён фактычна на нагах перанёс гэту хваробу ў перыяд перадвыбарнай кампаніі: "Што для мяне каштоўна - я зразумеў, што гэта за хвароба. Самае галоўнае, калі захварэеш, каб не было псіхозу. Я інтуітыўна гэта адчуў, яшчэ калі сам не хварэў".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што спачатку ў яго метады дзеяння ва ўмовах пандэміі ў Беларусі большасць насельніцтва не паверыла. "Я сумленна гэта прызнаю. Страшна было, але я разумеў, што ўся хвароба - у галаве. Фізічна мы перанясём раны, траўмы і іншае. Але калі ты пачынаеш паддавацца псіхозу - усё, - заўважыў Прэзідэнт. - Кавід стаў самай страшнай хваробай. Людзі ўжо забылі пра анкалогію і думалі пра гэты вірус. Гэта няправільна, я гэта адчуваў. Гэта мая інтуіцыя, вопыт. І спрабаваў вам гэта ў галаву ўкласці і дастукацца да вас. Вы мне не паверылі. Але цяпер жа вы пераканаліся, што я меў рацыю".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не проста так аднойчы сказаў аб тым, што каранавірус пройдзе, а "есці што будзем?" "Я проста хацеў, каб вы запомнілі. Я меў рацыю. Мая галоўная парада, яна і цяпер актуальная: ніякага псіхозу!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, хутчэй за ўсё, з гэтай хваробай давядзецца жыць, як і ў выпадку з грыпам. "Будзе вакцына - правакцынуем людзей", - падагульніў Прэзідэнт.

У ходзе размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не з'яўляецца прыхільнікам правядзення ў Мінску маштабнага мітынгу, які арганізуе Федэрацыя прафсаюзаў разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі краіны. Ён растлумачыў, што на гэты мітынг з усёй краіны выказалі жаданне прыбыць шмат людзей - каля 250-300 тыс. Каб даставіць усіх жадаючых, спатрэбіліся б тысячы аўтобусаў, дзясяткі эшалонаў паяздоў. Плюс жыхары Мінска, якія таксама прыйшлі б на мерапрыемства. У выніку быў бы запоўнены ўвесь цэнтр Мінска.  І галоўнае, што хвалюе Прэзідэнта, - пытанне арганізацыі бяспекі.

"Я сёння патэлефанаваў Прэм'ер-міністру і гавару: Раман Аляксандравіч, збяры людзей, губернатараў і іншых, парайцеся. Нам не трэба ў Мінск збіраць людзей. Гэта будзе калапс. Мы паралізуем поўнасцю Мінск, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Чалавек едзе Бацьку падтрымаць, але ён жа Бацьку хоча і ўбачыць. А як ён убачыць? Я думаў, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну 15 тыс. мяне ўбачаць".

"І галоўнае - мы не забяспечым бяспеку людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэту інфармацыю. Гэта мяне насцярожвае. Я не баюся, але мяне насцярожвае. Адзін узрыў недзе ў натоўпе, і людзі пачнуць душыць, як на Нямізе", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што на мерапрыемства збіраліся прыбыць многія людзі пажылога ўзросту, ветэраны. А таму стаіць пытанне іх бяспекі, аператыўнага аказання меддапамогі, калі ўзнікне такая неабходнасць.

"А пратэстуны па вуліцах ходзяць. Мы што, міліцыю цяпер забяром для арганізацыі бяспекі... А хто будзе кантраляваць астатнюю частку?" - заўважыў беларускі лідар.

"І калі я вось гэта ўсё ў кучу сабраў, тэлефаную Прэм'ер-міністру, гавару: вельмі непрыемная табе навіна. Яны ўжо ўсё вызначылі, хто куды будзе ехаць і іншае. Я кажу: мерапрыемства трэба адмяняць, уяўляеш, 250 тыс. - мы не пераварым. І галоўнае, з якім настроем чалавек паедзе з Мінска", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Плюс да ўсяго яшчэ і фактар каранавіруса, адзначыў Аляксандр Лукашэнка: "Старыя людзі, яны рвуцца, мы іх не ўтрымаем. Яны ўсе могуць заразіцца. І ў нас будзе яшчэ большы кавід, чым у краінах навокал".

"Таму маё меркаванне на сённяшні дзень - нельга, не трэба нам збіраць людзей. Пераб'ёмся. Чаго нам прыпадабняцца да іх (удзельнікаў пратэстаў. - Заўвага), - сказаў беларускі лідар. - Я, вядома, вельмі ўдзячны грамадскім арганізацыям, прафсаюзам нашым, што яны не пабаяліся вылучыць гэту ініцыятыву. Але за 3-4 дні, пакуль гэта ўсё разгортвалася, я прыходжу да высновы, што нам нельга рызыкаваць людзьмі".

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта хваля пайшла пасля апошняй нядзелі, калі пачалася радыкалізацыя пратэснага руху. "Проста пайшла хваля ад людзей. Людзі стаміліся. І яны адчулі, што мы можам страціць. Добра, што адчулі ў выніку гэтых хаджэнняў, а не вайны, як многія постсавецкія краіны, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Хочацца, каб быў спакой, мір. Гэта добра. Мы без вайны гэта зразумелі. Людзі, зразумеўшы, што яны могуць страціць, узбунтаваліся: мы хочам прыйсці, прадэманстраваць, паказаць, што нас шмат".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Таджыкістан, дзе нядаўна абсалютная большасць насельніцтва на выбарах падтрымала дзеючага Прэзідэнта Эмамалі Рахмона, хоць пэўныя сілы і спрабавалі хістаць краіну: "Але ніхто не варухнуўся. Таму што яны на маіх вачах у сярэдзіне 90-х страцілі, хто кажа 200 тыс., хто 300 тыс. Паўмільёна чалавек загінула (у перыяд грамадзянскай вайны. - Заўвага). Тады яшчэ не гаварылі пра каляровыя рэвалюцыі. Ён (Эмамалі Рахмон. - Заўвага) з боем уваходзіў у Душанбэ, ён расказваў, як гэта было".

Прэзідэнт прапанаваў вясной, калі будзе цёпла, правесці масавае мерапрыемства і сабраць там усіх жадаючых: "Я абяцаю, што вясной-летам на розных пляцоўках у свабодным месцы (гэта наш недахоп, мы рэдка людзей вось так запрашаем) мы арганізуем такія прыгожыя мерапрыемствы, куды прыедзеце з дзеткамі, адпачняце. Ды і супакоіцца сітуацыя. І будзеце задаволены. А так мы можам атрымаць як мінімум адваротны эфект".

"Але я не прыхільнік гэтага (маштабнага мітынгу. - Заўвага). Вядома, мне ж прымаць рашэнне і несці адказнасць. Я не буду прымаць рашэнне, каб цягнуць людзей у Мінск", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь