Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Салігорскі раён

26 чэрвеня 2020 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 26 чэрвеня з рабочай паездкай Салігорскі раён.

У Салігорску Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з актывам Мінскай вобласці, у час якой арыентаваў рэгіён на 2-3 буйныя інвестпраекты ў наступнай пяцігодцы.

Прэзідэнт адзначыў: праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў будзе прапісана так, каб яна была зразумелая не толькі актыву, але і каб людзі, кіраўнікі прадпрыемстваў разумелі, што будзе. Аляксандр Лукашэнка нагадаў: яшчэ ў савецкі час пры складанні такіх планаў выразна прапісваліся інвестыцыі і прадпрыемствы, якія неабходна ўвесці ў строй.

"Вельмі хацелася б, каб акрамя традыцыйных з'явіліся новыя. Для Мінскай вобласці адным прадпрыемствам абысціся нельга. Два-тры, але гэта павінна быць абсалютна абгрунтавана, для гэтага павінны быць грашовыя сродкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паўгода таму пры назначэнні новага губернатара ён ужо сустракаўся з актывам рэгіёна ў больш вузкім складзе і тады былі намечаны ключавыя напрамкі развіцця на будучыя гады. "Вядома, усё гэта будзе ўдакладняцца з разлікам на пяцігодку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што развіццё Мінскай вобласці ў многім вызначае развіццё краіны. "Сталічны рэгіён - не проста аснова. Патэнцыял, які вы маеце, па сутнасці ўяўляе сабой зменшаную копію эканомікі нашай краіны. У вас ёсць усё. Прадстаўлены ўсе галіны, усе віды і формы гаспадарання", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тым не менш былі гады, калі Мінская вобласць была ў ліку адстаючых. "І хлусні, і прыпісак, чаго тут толькі не было. Дзякуй богу, за апошнюю пяцігодку мы неяк выраўнаваліся. Думаю, што вы не спыніцеся і пры ўсіх турбулентных абстаноўках быдзеце рухацца наперад", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што "Беларуськалій" - гэта нацыянальны здабытак, гордасць, адзін са стаўпоў беларускага экспарту. "У свой час мне прапаноўвалі прадаць яго. Вы гэта помніце. Але я рады, што мы гэтага не зрабілі. Я тады ўстанавіў забаронную цану - $35 млрд, вядома, нам ніхто не мог заплаціць. Цана была жорсткая - хочаце, купляйце, 50% - папалам дзяліце, купляйце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт задаў рытарычнае пытанне, навошта прадаваць гэта прадпрыемства, калі яно функцыянуе нармальна, выконвае ўсе пастаўленыя задачы.

"Было няпроста. Людзі старэйшыя помняць, як нашы гарнякі "пешшу па бездарожжы крочылі на сталiцу". Помніце, і каструлямі барабанілі, і талеркамі. Я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, - успомніў Кіраўнік дзяржавы. - А не хапала шмат чаго, калі я сутыкнуўся з гэтым пытаннем. Але, як сказаў губернатар, мы працу, занятасць і зарплату паставілі тады ў аснову нашай палітыкі. Хоць і зарплату не было з чаго плаціць".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час прадпрыемства было фактычна падзелена на сферы ўплыву, дзе розныя групы мелі долю і гандлявамі на міжнародных рынках, тым самым канкурыруючы адзін з адным і збіваючы цану. "Здаецца і прадавалі калійную соль, а грошай не было. Першае рашэнне, якое я тады прыняў, - жалезабетонна настаяў на тым, каб усё, што здабывае ваша прадпрыемства, прадавалася па адным канале. Гэта было маё першае знаёмства з вашымі праблемамі", - расказаў Прэзідэнт.



Потым яшчэ шмат чаго было зроблена для развіцця прадпрыемства, у тым ліку па лініі імпартазамяшчэння, укаранення айчынных тэхналогій і абсталявання. Калійную галіну будуць развіваць і ў далейшым, у прыватнасці новыя радовішчы, а гэта ў сваю чаргу дае імпульс бліжэйшым населеным пунктам.

"Усе нашы "альтэрнатыўшчыкі" крычаць: "Пераменаў, пераменаў!" Зразумела, перамены заўсёды патрэбны, але ніхто не кажа, якія перамены. Зарплата будзе вялікай, але ніхто не кажа, за кошт чаго. Але я вам павінен сказаць шчыра: я - дзяржаўнік, я не належу да людзей, якія гатовы сёння на кавалкі парэзаць і падзяліць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі людзі хочуць жыць справядліва. І калі зрабіць наадварот, то будзе бяда, якая прывядзе да "майдана". "Нельга нахіляць людзей, каб яны страцілі ўсякую надзею", - адзначыў беларускі лідар.

"Мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было. Захоўваючы патэнцыял з савецкіх часоў, мы прырастаем новым. Гэта значыць, мы не пайшлі на перамены і рэформы дзеля таго, каб усё дашчэнту зламаць, а потым, маўляў, мы пабудуем. Можна было гэта зрабіць. Але для гэтага патрэбны не сотні мільярдаў долараў, а, можа, трыльён долараў. Такіх грошай у нас няма, ды і ні ў адной іншай такой краіне. І нікому не верце, што заваляць грашамі і з верталёта яшчэ будуць скідваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам кітайскіх сяброў рэалізуюцца два праекты, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны. Па-першае, гэта Кітайска-беларускі парк "Вялікі камень", які прызначаны стаць адным з ключавых пунктаў ініцыятывы "Пояс і шлях" у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. "Тонкая хімія, біятэхналогіі, электроніка, машынабудаванне, новыя матэрыялы. У гэтых сферах ляжыць не толькі новая якасць эканомікі Мінскай вобласці, але і істотнае павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно прадпрыемства - Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. "Гэта самыя высокія тэхналогіі. Глыбокую перапрацоўку збожжа з атрыманнем амінакіслот ажыццяўляюць лічаныя дзяржавы свету. Гэты праект цалкам укладваецца ў напрамкі развіцця на наступную пяцігодку - якасць, экспарт, імпартазамяшчэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб прадпрыемствах, якія дасталіся з савецкага перыяду, Прэзідэнт згадаў БЕЛАЗ, дзе цяпер робяць самую сучасную кар'ерную тэхніку. "Зусім няшмат дзяржаў, якія вырабляюць гэтыя аўтамабілі. Мы сёння трымаем практычна 30% рынку такіх аўтамабіляў. Мы першымі стварылі супераўтамабіль грузападымальнасцю 450 т. Я кіраваў гэтым аўтамабілем: дзіўна, не складаней, чым "Мерседэсам". Гэта сапраўды вялікае дасягненне і гонар краіны - вырабляць такую тэхніку. Цяпер ужо ўзяліся за наступнае пакаленне - беспілотныя тэхналогіі. З расіянамі разам мы гэта робім, і гэта будучыня нашага аўтамабілебудавання. Паводле маёй інфармацыі, выпрабаванні праходзяць ужо", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, за апошнія гады ў сталічным рэгіёне арганізавана серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, будзе пашырацца лінейка, павышацца лакалізацыя, і ў гэтым таксама стаяць вялікія задачы ў галіне імпартазамяшчэння. Яшчэ адна новая вытворчасць - "Штадлер Мінск", якая выпускае чыгуначную тэхніку.

"У нас яшчэ вялікая паляна неасвоеных ідэй. І нават не ідэй, а вядомых у свеце тэхналогій. І ў гэтым напрамку нам трэба рухацца, паглыбляцца. У гэтым нашы асноўныя інвестыцыі. І самае галоўнае: у нас ёсць людзі - кадры, якія гэта разумеюць і могуць гэта рабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя прапануюць масава пусціць у Беларусь міжнародныя карпарацыі, у якіх ёсць рынкі і грошы, каб яны, фактычна, скупілі айчынныя прадпрыемствы. Прэзідэнт упэўнены, што такі падыход сябе не апраўдае. "Ніколі такога не было, не ашчаслівяць", - сказаў ён.



Прэзідэнт таксама арыентаваў грамадзян на набыццё і развіццё сваіх загарадных участкаў.

"Мы будзем аднаўляць так званыя неперспектыўныя вёскі і хутары. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: пандэмія паказала нам - у каго ёсць куток на зямлі, той ні на якую заразу не хварэе. Таму я хачу, каб у наступнай пяцігодцы мы вызначылі тыя незабудаваныя кавалкі зямлі, якія ў нас ёсць у вёсках, аграгарадках. Там, дзе ёсць неперспектыўныя плошчы. Трэба іх аддаць людзям", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Я хачу, каб кожны беларус меў гэты кавалачак зямлі. Для таго, каб ён быў здаровы. І гэты кавалак зямлі - гэта будзе на вагу золата", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заклікаў, каб кожны скарыстаўся хоць найменшай магчымасцю набыць участак зямлі, нават калі  цяпер няма сродкаў пабудаваць там дом. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў перспектыве гэта будзе правільнае рашэнне, будзе, куды выехаць з сям'ёй і адпачыць за горадам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і за мяжой, у прыватнасці расіяне, ужо зразумелі, што Беларусь - гэта спакойная, ціхая краіна, дзе можна жыць не толькі ім, але і іх дзецям. "Чаму ў нас дарагія кватэры ў Мінску... Масквічы рынуліся проста ў Беларусь. Яны грошы не лічаць, калі купляюць у Мінску і іншых гарадах кватэры", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы вельмі шмат жылля будуем для чаргавікоў. Сутнасць у тым, каб сваім даць кватэры. А ўжо ўсё астатняе - элітнае жыллё... Калі ласка, няхай прыязджаюць масквічы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Сёння час патрабуе імклівага руху наперад з выразным разуменнем мэт і перспектыў сталічнага рэгіёна. Гэта не дзяжурная фраза. Крызіс - гэта не толькі бяда, але і час магчымасцей. Мы павінны вось гэты складаны час выкарыстаць так, каб ускочыць куды-небудзь у новыя рынкі, што адкрыліся, і зачапіцца там. Не зачэпімся - будзе вельмі цяжка. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба рваць наперад", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву Урада, Нацыянальнага банка пастаўлена жалезная задача - усё, што ёсць, кінуць у вытворчасць, каб зачапіцца на рынках. "Вось і ўся рэформа. Не да раскошы цяпер. Мы вельмі "ўманціраваны" ў міжнародныя вытворчыя ланцужкі, экспартна арыентаваная краіна", - сказаў Прэзідэнт.

"Нам трэба ў гэты перыяд нічога не разбурыць, выратаваць нашу дзяржаву, эканоміку, абараніць людзей і хаця б на 5% рушыць наперад. Зробім гэта - пяцігодку пражывём спакойна, мірна, без усякіх узрушэнняў. Гэта для нас сёння галоўнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што збываюцца яго прагнозы адносна развіцця сітуацыі ў свеце на фоне прынятых у краінах мер па процідзеянні пандэміі. "Я вам гаварыў: усе закрыюцца, а мы ў гэты час павінны ціхенька вырабляць сваю прадукцыю, каб яе потым паставіць (на замежныя рынкі. - Заўвага)", - сказаў Прэзідэнт.

У гэтым плане ён звярнуў увагу на цікавую сітуацыю, якая складваецца, напрыклад, у ААТ "Беларуськалій". "Ведаю, у Галаватага (генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Іван Галаваты. - Заўвага) сёння праблема па вытворчасці, як мяне інфармавалі. Сёння рынак адкрыўся, ёсць куды пастаўляць. І, паводле маёй інфармацыі, сёй-той пачынае ўжо ў цябе бурчаць: шмат работы, загрузка, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А я сам сабе думаю: дзякуй богу, што ў калійшчыкаў шмат работы і ў адной краіне свету крыўдзяцца на тое, што шмат работы".

"Людзі з каструлямі ходзяць, барабаняць па ўсёй планеце: "Дайце работу, есці няма чаго!" А памятаеце, я гаварыў: пандэмія пройдзе, жраць што будзем? Груба сказаў, каб вы запомнілі. Вось яно ўсё, як кажуць у народзе, спраўдзілася", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.



У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама наведаў прадпрыемства "Белкалій-Мігаа". Завод, на якім вырабляюць нітрат калію, быў пабудаваны на прамысловай пляцоўцы чацвёртага рудаўпраўлення "Беларуськалія". Тут Прэзідэнту далажылі аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці галоўнага вытворцы калійных угнаенняў, этапах будаўніцтва і першых выніках работы новага завода, асаблівасцях тэхналагічнага працэсу. У час візіту Кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся і іншыя інвестыцыйныя праекты "Беларуськалія".

Як расказаў генеральны дырэктар "Беларуськалія" Іван Галаваты, у першай палове года сусветная вытворчасць калійных угнаенняў знізілася, не стала выключэннем і беларускае прадпрыемства. У другім паўгоддзі на "Беларуськаліі" маюць намер навярстаць упушчанае, па выніках года экспарт прадукцыі павінен зраўнавацца з паказчыкамі 2019 года.

Размаўляючы з працоўным калектывам прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта наведвае Мінскую вобласць, паколькі гэта тыповы рэгіён і тут ёсць усё для таго, каб ведаць, як жыве краіна.

"Я вельмі дакладна даў сігнал вертыкалі ўлады і ўладам наогул, кіраўнікам, што мы будзем ісці спакойна па прынцыпе развіцця "Белкалія": калі бачым, што недзе можна ўкласці капейку і атрымаць дзве, мы будзем укладваць. Ніхто тут не крычаў аб нейкіх інвестыцыях, мы спакойна будавалі гэтыя склады, новыя прадпрыемствы, у тым ліку разам з Кітайскай Народнай Рэспублікай вырабляем сёння тавар, у якім маюць патрэбу ва ўсіх кутках планеты. У гэтых адносінах будзем ісці ад жыцця, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я, вядома, не стану ламаць краіну праз калена, прыватызаваць, як некаторыя прапануюць, нахіляць людзей. Самае цяжкае, калі людзі жывуць у эпоху непатрэбных перамен. Перамены будуць абавязкова, і яны павінны пачынацца і ісці цывілізавана, пачынаючы ад Канстытуцыі".

Прэзідэнт адзначыў, што яму прадставілі некалькі варыянтаў абноўленай Канстытуцыі, аднак, паводле яго слоў, змяненні аказаліся недастаткова рашучымі.

"Канстытуцыя - Асноўны Закон. Мы яе зробім за два гады. Некалькі варыянтаў мне прапанавана ўжо - яны не падыходзяць. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя змяненні ў Канстытуцыю. Я думаю, нам гэта трэба зрабіць. Да прыняцця Канстытуцыі мы наогул шмат зробім у плане перадачы паўнамоцтваў уніз - да старшынь райвыканкамаў, губернатара", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мясцовая ўлада павінна больш шырока займацца сваімі тэрыторыямі, таму што "на месцы ім лепш відаць". "Што датычыцца пераразмеркавання паўнамоцтваў наверсе - Прэзідэнт, парламент, урад, - гэта ўсё павінна быць прапісана ў Канстытуцыі. Яна будзе прымацца на рэферэндуме, мы павінны дакладна вызначыць, якім шляхам будзем ісці. Або мы пойдзем шляхам, як прапануюць сёння мае "альтэрнатыўшчыкі", праз прыватызацыю, рэформы і гэтак далей - гэта не са мной, я не пайду на злом сацыяльнага ўкладу нашай краіны", - сказаў Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка перакананы: вяртанне да Канстытуцыі ўзору 1994 года - гэта рух назад. Ён адзначыў, што 1990-я гады былі не лепшымі ў жыцці краіны. "Я не хачу вяртання да гэтых часоў, не хачу, каб вы туды вярталіся, як бы тут некаторыя "альтэрнатыўныя" ні прапаноўвалі: "Нам трэба вярнуцца ў 1994 год і вярнуць тую Канстытуцыю". Можа, некаму хочацца вярнуць - няхай вернуць, толькі не трэба гаварыць пра рэформу і рух наперад, калі мы народ вядзём назад", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб прыватызацыі, Прэзідэнт падкрэсліў, што не можа ісці на злом сацыяльнага ўкладу ў краіне. "Я не магу пайсці на прыватызацыю, напрыклад, "Беларуськалія". Няма неабходнасці прыватызаваць яго, таму што ён працуе эфектыўна, так як трэба для краіны. Прыватызацыя - гэта не факт, што мы зробім лепш. Я баюся страты працоўных месцаў - ужо сутыкаліся з гэтым. Добра, што не пайшлі на глабальную прыватызацыю: калі прыходзіць інвестар, яму не трэба было 20 тыс. работнікаў (як у вас), не патрэбны былі дзіцячыя сады і іншае - гэта не профільныя актывы. Мне такая прыватызацыя не патрэбна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што выкапні, якія ёсць у Беларусі, - гэта здабытак усяго народа. "Нетры мы не прыватызавалі і прыватызаваць не будзем: ні нафту, ні газ, ні калій, соль, шчэбень і іншае. На гэта мы сёння пайсці не можам, - падкрэсліў ён. - Мы, як бы ні было складана, будзем ісці, карабкацца, але наколькі магчыма захоўваць працоўныя месцы. Без гэтага прадпрыемства як мінімум няма Салігорска і вельмі цяжка будзе краіне. Вы жалезна ўваходзіце, па-мойму, у пяцёрку прадпрыемстваў, якія плацяць вялікія падаткі. Гэтым усё сказана".

Адказваючы на пытанні работнікаў прадпрыемства, Прэзідэнт выказаў перакананне, што падзяліць беларускі народ ужо не атрымаецца: "Мы за 25 гадоў паспрабавалі ўжо, што такое свая дзяржава, свой кавалак зямлі. Мы з галавой дружым, разумеючы, што гэты кавалак зямлі ўжо не столькі нам належыць, колькі нашым дзецям. Мы тут адзіныя: гэты кавалак зямлі павінен застацца нашым дзецям".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не прыехаў агітаваць за сваю кандыдатуру, людзі самі павінны рабіць свой выбар. "Як хочаце, так і рабіце. Але помніце галоўнае: намі не павінны кіраваць з-за мяжы, мы павінны жыць уласным розумам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы за, тады мы будзем абараняць сваю краіну і нашых дзяцей, калі супраць, то шукайце іншага Прэзідэнта".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўлада будзе рабіць усё, каб не дапусціць у краіне майданаў, а рэвалюцый, перакананы ён, у Беларусі быць не можа. "Ліміт рэвалюцый вычарпалі, больш таго - у нас рэвалюцыянераў няма. А вось "майданутых" у нас хапае. Але майдан нам не патрэбны: мы бачым, да чаго гэта прыводзіць - да разбурэння краіны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Камусьці збоку гэта трэба: нахіліць, аслабіць, разварушыць, а потым прымусіць рабіць тое, што яны захочуць".



Прэзідэнт таксама падзяліўся з супрацоўнікамі прадпрыемства сваімі ўражаннямі ад удзелу ў парадзе Перамогі ў Маскве. "Я там быў не адзін: там была рота ганаровай варты, мае хлопцы. Я наогул вельмі люблю роту ганаровай варты, падтрымліваю іх: малайцы, лепшыя беларусы! Вельмі працавітыя хлопцы. І калі ішла рота ганаровай варты, я, вядома, устаў (і тыя, хто былі са мной, таксама) і парадаваўся за нашых хлопцаў. Вось гэта мае самыя яркія ўражанні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, у цяперашняй складанай абстаноўцы расійскі бок вельмі нядрэнна падрыхтаваў парад. "Пры гэтых умовах яны вельмі вялікія малайцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што плануе пабываць на адкрыцці мемарыяла савецкаму салдату пада Ржэвам. "У аўторак на наступным тыдні. Мы выбіраем час, як паехаць. Шукаем момант, каб паехаць і абмеркаваць (з Прэзідэнтам Расіі. - Заўвага) там жа некаторыя пытанні нашага далейшага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з працоўным калектывам "Беларуськалія" Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінская вобласць па захваральнасці на каранавірус следам за Віцебскам і Мінскам пайшла ўніз.

"Мы менш глядзім на тэсціраванне людзей, таму што тэсты абсалютна не інфарматыўныя, а глядзім на пнеўманіі. Любы вірус, гэты таксама, дзейнічае на лёгкія, таму глядзім на пнеўманіі. Там адразу бачым, ёсць вірус ці не, і лечым гэтых людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Прэзідэнт адказаў на пытанні, якія хвалююць салігарчан. Адзін з работнікаў прадпрыемства нагадаў, што хутка будзе прадоўжана будаўніцтва наступнага ўчастка трасы Мінск - Мікашэвічы: са Слуцка да Салігорска. Ён папрасіў прадоўжыць новую дарогу на 14 км далей - да Старобіна. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што работы будуць прадоўжаны. "Думаю, што да Мікашэвічаў дойдзем, таму што нам гэта дарога патрэбна", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што пасля будаўніцтва ўчастка Мінск - Мікашэвічы плануюць мадэрнізаваць дарогу з Гомеля да Брэста. Гэта дасць магчымасць перахапіць транзіт з Расіі ва Украіну і вывесці яго на Еўропу. Прычым да фінансавання работ павінны падключыцца і прыватнікі.

Пацікавіліся жыхары Салігорска і стаўленнем Прэзідэнта да лазні. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ходзіць у лазню практычна кожны дзень. "Учора была трэніроўка, пасля трэніроўкі з сынам пайшлі ў лазню. Сёння таксама трэба крыху папарыцца", - дадаў ён. Аднак пытанне аб лазні прагучала нездарма, высветлілася, што мясцовым жыхарам не хапае ў горадзе лазневага комплексу. Стары будынак лазні, паводле іх слоў, знаходзіцца ў дрэнным стане. "Нечаканае для мяне пытанне", - здзівіўся Прэзідэнт і запэўніў, што ўлады прадумаюць, як вырашыць гэту праблему.

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь