Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Пухавіцкі раён

24 ліпеня 2020 года
Рабочая паездка ў Пухавіцкі раён
глядзіце таксама: фота
24 ліпеня 2020 года
Рабочая паездка ў Пухавіцкі раён 43 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Пухавіцкі раён, у час якой наведаў  5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы. 

Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Вадзім Дзенісенка далажыў Кіраўніку дзяржавы аб арганізацыйна-штатнай структуры і асноўных задачах брыгады, затым Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі ўзбраення, амуніцыі і формай адзення падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. 

Аляксандру Лукашэнку таксама паказалі некалькі ўзораў агульнавайсковай формы. Ён пацікавіўся ў ваеннаслужачых, наколькі яна зручная і зносастойкая. Нараканняў салдаты і афіцэры не выказалі, адзначыўшы, што новая форма пашыта з дыхаючай тканіны, добра носіцца, акрамя таго, ёсць узоры на любое надвор'е. "Галоўнае, каб зручна было. Я помню тую форму (стары ўзор. - Заўвага), асабліва летам, - гэта пакуты грэшныя", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. 

У брыгадзе Аляксандр Лукашэнка агледзеў стралковае ўзбраенне, якое выкарыстоўваюць атрады спецыяльнага прызначэння: кулямёты, снайперскія вінтоўкі, аўтаматы, гранатамёты і ракетную ўстаноўку. Увагу Кіраўніка дзяржавы прыцягнула ўладкаваная хітрым спосабам сістэма падачы боепрыпасаў "Вікінг": за спінай у стралка вісіць рукзак, да якога прымацаваны жорсткі рукаў - у ім схавана кулямётная стужка. Ёмістасць кораба - 580 патронаў. Яны паспяваюць прайсці праз стужку менш за мінуту. 

"Інакш кажучы, збояў не дае?" - запытаўся Прэзідэнт. Старшы афіцэр аддзела ўзбраення камандавання сіл спецыяльных аперацый Максім Баранаў адказаў, што сістэма "Вікінг" стаіць на ўзбраенні ўжо два гады, і скаргаў на яе дагэтуль не было. 

У музеі гісторыі і баявой славы брыгады Аляксандру Лукашэнку расказалі пра гісторыю фарміравання 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, які быў створаны для ўдзелу ў баявых дзеяннях у Афганістане, і подзвігах беларускіх ваеннаслужачых-афганцаў. У склад атрада ўваходзіла вядомая Мараварская рота, ваеннаслужачыя якой гераічна загінулі ў адным баі з афганскімі маджахедамі. 
Прэзідэнт таксама сустрэўся з воінскім калектывам 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. "Напэўна, мала такіх часцей, дзе я бываю так часта. Гэта не выпадкова. Вы - асобы атрад нашых Узброеных Сіл. Прынамсі, я так думаю, і пакуль вы не пераканалі мяне ў адваротным", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. 

Ён традыцыйна папрасіў Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова нагадаць удзельнікам сустрэчы аб палажэннях абноўленай Ваеннай дактрыны, якая ўлічвае асаблівасці сучасных войнаў і канфліктаў. "Мы тры ці чатыры разы за маю бытнасць мадэрнізавалі нашы Узброеныя Сілы, прыстасоўваючы іх да вядзення вайны ў сучасных умовах. І ў 2018 годзе была прынята новая Ваенная дактрына. Яна вызначае, як і якія войны мы будзем весці, калі раптам нам давядзецца абараняць нашу Айчыну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Андрэй Раўкоў адзначыў, што рызыкі ўзнікнення буйнамаштабнай вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі на гэты час мінімальныя. "Гэта малаверагодна. Больш верагодна тое, што мы вывучалі - канфлікты, лакальныя войны, якія адбываліся ў свеце, што прыводзіла да іх, тыя падводныя плыні, якія папярэднічалі гэтым канфліктам і войнам. Усё гэта вывучалася і закладзена ў Ваенную дактрыну, - адзначыў Дзяржсакратар Савета Бяспекі. - Сёння мы гаворым з поўнай адказнасцю, што проста так вайна не пачнецца. Яна пачынаецца загадзя. У першую чаргу з унутраных узброеных канфліктаў, каляровых рэвалюцый, можа, інспіраваных звонку, як гэта было ў тых канфліктах, якія мы вывучалі. Таму мы павінны да гэтага быць пастаянна гатовы". 

Пазней у час размовы з жыхарамі Мар'інай Горкі Прэзідэнт адзначыў, што падраздзяленне - адно з лепшых ва Узброеных Сілах. "Гэта вельмі падрыхтаваныя людзі. Я меў вялікае дачыненне да таго, каб яны сталі такімі. Я чацвёрты раз у гэтым падраздзяленні", - сказаў ён. 

"Калі вам хто-небудзь скажа, што Лукашэнка тут прыехаў прымушаць ваенных на вуліцах парадак наводзіць... Хоць гэта часць па сваёй спецыялізацыі, калі, не дай бог, дзесьці нейкі майдан, якраз можа быць задзейнічана згодна з законам для навядзення парадку. Але пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, каб мы былі заўсёды гатовы абараніць сваю краіну, Айчыну, гэты кавалак зямлі, на якім жыць не толькі нам, але і дзецям. Гэта - галоўная мая мэта", - падкрэсліў беларускі лідар. 

У сваім выступленні перад воінскім калектывам Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што брыгада ў Мар'інай Горцы асобая. "У нас ва Узброеных Сілах два такія падраздзяленні: ваша брыгада і механізаваная брыгада ва Уруччы. І ў тыя часы, калі я служыў у арміі афіцэрам, гэта былі асобыя падраздзяленні, - адзначыў Прэзідэнт. - І калі мне давялося больш як дзясятак гадоў таму вызначацца і выбіраць брыгады двайнога прызначэння, я спыніўся на гэтых двух падраздзяленнях". 

"Калі мне давялося вызначацца, які Узброеныя Сілы нам трэба, асабліва пасля 2010 года, я зразумеў, што трэба мець у запасе падрыхтаваных байцоў, часці ва Узброеных Сілах. На ўсякі выпадак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Непажадана, вядома, каб нам давялося звяртацца да Узброеных Сіл. Але ўсякае можа быць. Прыкладам таго з'яўляюцца ЗША". 

Беларускі лідар нагадаў, што амерыканскаму Прэзідэнту давялося ў некаторых штатах вывесці армію на вуліцу. "Тое, што адбываецца сёння ў ЗША, па-першае, у свеце ніхто не чакаў. Па-другое, гэта цяжкая катастрофа для ўсяго свету. Калі Прэзідэнт ЗША вытрымае гэты націск, гэта будзе добры знак і для нас. Таму што калі нахіліцца, а не дай бог, абваліцца гэта імперыя, свету будзе несалодка", - лічыць ён. 

Гаворачы пра воінскія часці ў Мар'інай Горцы і сталічным Уруччы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны добра падрыхтаваны, у тым ліку каб не дапусціць эскалацыі ўнутры краіны. 

"Дзяржсакратар правільна сказаў, што ўсялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата "майданутых"), іх падцягнуць збоку. Гэта прафесійныя ваенныя, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК (прыватныя ваенныя кампаніі. - Заўвага) па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах", - адзначыў Прэзідэнт. 

Ён дадаў, што так было ў шэрагу краін, уключаючы Лівію, Ірак, Сірыю. "Стала толькі горш. Гэта кіруемы хаос", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама азнаёміўся з інфраструктурай нядаўна пабудаванага ў Мар'інай Горцы басейна "Аквамарын". "Для таго каб не проста куляцца, а былі сапраўдныя спартсмены, тут ёсць усё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што басейн павінен аказваць не толькі паслугі насельніцтву, але і рыхтаваць перспектыўных плыўцоў для нацыянальнай каманды, каб у будучым з іх змаглі зрабіць сапраўдных рэкардсменаў. Пры гэтым ён заўважыў, што ў Мінску ні адзін басейн не з'яўляецца датацыйным. 

Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын расказаў Кіраўніку дзяржавы аб будаўніцтве ў рэгіёне іншых аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры: школ, паліклінік, бальніц і спартыўных комплексаў. У прыватнасці, будуецца школа ў аграгарадку Занарач Мядзельскага раёна. Аляксандр Турчын разлічвае, што аб'ект будзе ўведзены да 1 верасня і на адкрыццё зможа прыехаць Прэзідэнт. 

"Калі пабудуеш за гэты тэрмін, то давядзецца прыехаць", - адказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў гараджан з юбілеем - 65 гадоў таму, 22 ліпеня 1955 года, гарадскі пасёлак Мар'іна Горка атрымаў статус горада. "Я не пажартаваў, калі сказаў, што ў вас усё ёсць і вы на курорце жывяце. Гэта адзін з найпрыгажэйшых куткоў нашай Беларусі. І зусім яшчэ малады, зялёны. Таму са святам вас усіх. Калі трэба будзе недзе крыху плячо падставіць, абяцаю, што падстаўлю", - запэўніў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы таксама даволі працяглы час ужо ў прыватным парадку размаўляў з мясцовымі жыхарамі. Людзі звярталіся з самымі рознымі праблемнымі пытаннямі, у тым ліку прасілі дапамогі ва ўрэгуляванні спрэчных момантаў з арэндным жыллём, выдзяленні зямлі пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, цікавіліся пытаннямі стварэння новых працоўных месцаў, развіцця мясцовых прадпрыемстваў і развіцця дарожнай сеткі, агучвалі асабістыя просьбы. Аляксандр Лукашэнка па закранутых тэмах даў даручэнні глыбей разабрацца і пастарацца знайсці рашэнні. 

Ад мясцовых жыхароў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын уручыў Прэзідэнту падарунак - кошык марожанага. "Вялікі дзякуй за ваш падарунак Мар'інай Горцы (маецца на ўвазе будаўніцтва басейна "Аквамарын". - Заўвага). Прынята, што госці прыходзяць з падарункам, а гаспадары заўсёды частуюць нечым смачным. Чым вядомая Мар'іна Горка? Марожаным сваім", - сказаў губернатар. 

"Правакатар, мне марожанага нельга! Але ў нас не прападзе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка і распарадзіўся аддаць марожанае дзецям, якія сабраліся разам з бацькамі каля новага басейна. 
Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь