Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Оршу

28 жніўня 2020 года
Наведванне ТАА "Савушкін-Орша"
глядзіце таксама: відэа
28 жніўня 2020 года
Наведванне ТАА "Савушкін-Орша"
Наведванне ТАА "Савушкін-Орша"
глядзіце таксама: фота
28 жніўня 2020 года
Наведванне ТАА "Савушкін-Орша"
32 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ў першую чаргу пры вырашэнні пытанняў работы тых ці іншых прадпрыемстваў яго хвалююць людзі - работнікі вытворчасцей - і іх зарплаты. Гэта Кіраўнік дзяржавы адзначыў 28 жніўня ў час паездкі ў Оршу, дзе ён наведаў прадпрыемства па вытворчасці сыроў ТАА "Савушкін-Орша".

Пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця. Сучасная вытворчасць паступова нарошчвае магутнасці, а значыць, мае патрэбу як у дадатковых рабочых руках, так і ў сыравіне.

У Оршы дзейнічае яшчэ і завод плаўленых сыроў, маючы істотныя даўгі. Пры гэтым аб'ёмы прадукцыі завода ў цяперашніх умовах лёгка замясціць, а людзі цяпер там атрымліваюць зарплату ў сярэднім на трэць ніжэйшую, чым у ТАА "Савушкін-Орша". Было адзначана, што ўжо гатовых спецыялістаў ёсць магчымасць працаўладкаваць на новае прадпрыемства, забяспечыўшы рост іх даходаў. Больш таго, вызваліцца пэўны аб'ём сыравіны. Кіраўнік дзяржавы даручыў да канца года дэталёва прапрацаваць пытанне, вырашыць, ці трэба захоўваць старую вытворчасць, што рабіць з даўгамі, за кошт якіх крыніц іх пагашаць.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: галоўнае - гэта даходы людзей, высокаэфектыўныя працоўныя месцы. "Мяне хвалююць людзі, - сказаў ён. - Мы не павінны людзей кідаць. Сядайце і вырашайце гэта пытанне. Мы павінны з 1 студзеня працаваць так, як трэба. Што нават, калі трэба будзе, задзейнічаць Магілёўскую вобласць - край для сыравіннай зоны".

Наведваючы ТАА "Савушкін-Орша", Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія яшчэ малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў вобласці працуюць з такой жа рэнтабельнасцю, як гэта. Паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, гэта практычна ўсе заводы па вытворчасці сыроў, у прыватнасці, у Верхнядзвінску, Паставах, Браславе. У якасці прыкладу Кіраўніку дзяржавы таксама прывялі Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат.

Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж дзяржаўнымі прадпрыемствамі і прыватнымі не павінна быць розніцы: усюды павінна быць наладжана эфектыўная работа, павінны выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі і, як вынік, дасягацца высокія рэзультаты. Гэтаму цяпер будзе ўдзяляцца пільная ўвага. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу: усе вытворчасці павінны працаваць у роўных умовах.

"Каб у нас не было спрэчак: гэта вакханалія заканчваецца, трэба займацца эканомікай. Вось той узровень, на які мы павінны выйсці (размова аб ТАА "Савушкін-Орша". - Заўвага). Не павінна быць вялікай розніцы паміж Машэнскім (уладальнік кампаній "Савушкін прадукт" і "Санта Брэмар". - Заўвага) і Шарснёвым і гэтак далей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нам трэба паставіць у роўныя ўмовы і "Савушкін прадукт", і ўсе гэтыя (дзяржаўныя. - Заўвага) прадпрыемствы, пачынаючы з сыравінных зон".

"Адзіная папраўка: мы будзем рабіць акцэнт на надзейнасці і адданасці дзяржаве - не Лукашэнку. Каб не дапусціць таго, што адбылося цяпер. У вас у пераважнай большасці прыватнікі пачалі хістацца. І не проста хістацца - яны многія, якіх я ўласнымі рукамі ствараў, подла сябе паводзяць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Думалі, улада іншая будзе і пабеглі некуды".

Прэзідэнт адзначыў, што за сваё меркаванне ў Беларусі не пачнуць "ламаць людзей". "Вось журналісты стаяць. У іх у паловы можа быць сваё меркаванне, але яны ж не ходзяць па вуліцах і не ламаюць краіну, у той час як гусеніцы бразгаюць за межамі. Таму папраўка, калі хочаце, маральна-палітычная, псіхалагічная, павінна быць", - лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што Орша павінна пачынаць выкарыстоўваць больш уласных рэсурсаў для развіцця раёна. "Хваліцца пакуль няма чым. Вы пакуль жывяце за кошт дзяржавы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы не думайце, што мы Оршу будзем несці на плячах і наступную пяцігодку. Тут ужо вам трэба будзе круціцца па поўнай".

У Оршы губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў расказаў Прэзідэнту, што ў цэлым сітуацыя ў рэгіёне не мяняецца, вобласць працуе стабільна, сацыяльна-эканамічная абстаноўка не напружаная. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як развіваюцца сферы будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту і сувязі, нафтаперапрацоўка і якім будзе да канца года валавы рэгіянальны прадукт. Чакаецца, што гэты паказчык па выніках года недабярэ 1-2%.



Кіраўніку дзяржавы таксама расказалі аб будаўніцтве ў рэгіёне новых сельскагаспадарчых вытворчасцей. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанні, якім чынам будаваць тую ці іншую ферму, павінны вырашацца на месцах. "Навошта на ўзровень Прэзідэнта цягнуць гэта? - запытаў ён. - Вы ж хочаце паўнамоцтвы перадаць зверху ўніз. Вось і забірайце іх. Чаму Прэзідэнт павінен вырашаць: будзе сам калгас гэта будаваць са сваімі людзьмі або ПМК".

У час наведвання ТАА "Савушкін-Орша" Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём прадпрыемства і паразмаўляў з яго працоўным калектывам. Работнікам ён расказаў аб сваёй пазіцыі па развіцці раёна. "Вельмі шмат зроблена для гэтага горада. Не таму што гэта мая малая радзіма, а таму, што гэта быў прыклад для іншых такіх жа гарадоў (Барысава, Маладзечна, Баранавіч і іншых), як мы будзем іх развіваць. Мы ідзём тым шляхам, які намацалі ў Оршы. У наступным годзе мы гэту эпапею завершым і ўжо будзем з вас спаганяць вынік па поўнай, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Ведаю, што вам трэба яшчэ нешта зрабіць, пабудаваць, але гэта вы ўжо будзеце рабіць самі пры невялікай падтрымцы дзяржавы. Таму што акрамя Оршы ў нас яшчэ ёсць абласныя цэнтры, гарадскія пасёлкі і аграгарадкі, дзе трэба працаваць, і там работы нямала".

Адна з супрацоўніц прадпрыемства папрасіла Прэзідэнта пракантраляваць будаўніцтва паліклінікі ў новым мікрараёна Задняпроўе-3. Паводле інфармацыі мясцовай улады, будаўніцтва лячэбнай установы ўжо запланавана за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, паліклініку плануюць здаць у 2023 годзе.

Кіраўнік дзяржавы даручыў падысці да гэтага праекта "без празмернасцей". "Мы пабудуем столькі паліклінік, што яны будуць не загружаны. Варыянт гэтай паліклінікі павінен быць аптымальным, - звярнуў ён увагу. - Калі запланавалі - зробім".

У час размовы з работнікамі прадпрыемства Прэзідэнт зноў вярнуўся да пытанняў рабочых месцаў. "Я ведаю, што ў вас не хапае тут 60-70 чалавек. Іх вымушаны нават з Брэста вазіць, як мне дакладвалі. Ёсць у нас завод плаўленых сыроў. Вядома, параўноўваць той завод з гэтым - ні ў якія вароты. Таму калі Аляксандр Міхайлавіч (уладальнік кампаній "Савушкін прадукт" і "Санта Брэмар" Аляксандр Машэнскі. - Заўвага) возьме на сябе гэты груз і забярэ сюды людзей, забяспечыць выпуск той прадукцыі і будзе глядзець за сыравіннай зонай, то мы пойдзем на тое, каб на той пляцоўцы стварыць нешта новае, можа, нават зменім напрамак. Я даручыў з імі папрацаваць, дамовіцца. Я думаю, што людзі з задавальненнем пяройдуць, таму што ў вас зарплата на 30% вышэйшая, чым там. Там такая зарплата, якой не павінна ўжо быць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што такія вытворчасці, як "Савушкін-Орша", выпускаюць добрую прадукцыю, атрымліваюць за яе добрыя грошы і, адпаведна, цягнуць за сабой сыравінныя зоны. "Не будзе малака - значыць, не будзе працаваць завод. Таму трэба глядзець за гэтымі калгасамі, саўгасамі, якія ў вас ёсць. У "Савушкіна прадукту" іх 144, тут - 23. Я настойваю на тым, што калі ты перапрацоўшчык (няважна, прыватны або дзяржаўны), то павінен перапрацоўваць малако і глядзець за калгасамі, саўгасамі. Калі ты будзеш зацікаўлены ў развіцці сыравіннай зоны, значыць, будзе добра вяскоўцам і будзе добра вам. Таму было прынята рашэнне падтрымаць Аляксандра Машэнскага і прадаставіць яму сыравінную зону з умовай, што яна будзе развівацца", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што па такой сістэме ў Віцебскай вобласці будуць працаваць і далей, яна ўжо выбудоўваецца і ад яе чакаюць рэзультату. "Губернатар абяцае, што рэзультат будзе", - падагульніў беларускі лідар.

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Прэзідэнт паабяцаў адказ беларускага боку на ўвядзенне санкцыйных мер з боку шэрага краін.

"Вось мы ім цяпер пакажам, што такое санкцыі. Калі яны яшчэ ў Кітай і Расію праз нас (палякі і літоўцы) баражыравалі, цяпер яны будуць лятаць або праз Балтыку, або Чорнае мора гандляваць з Расіяй і іншае. А пра санкцыйную прадукцыю (на тую прадукцыю, на якую Расія ўвяла эмбарга) - няхай нават не мараць. Мы ім пакажам, што такое санкцыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Яны зажраліся і забылі, што такое Беларусь. І думалі, што нас можна нахіліць, танкамі папалохаць, ракетамі... Паглядзім, хто яшчэ каго папалохае. Мы ім пакажам, што такое санкцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я даручыў Ураду ўнесці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых патокаў з партоў Літвы на іншыя. Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30% літоўскага бюджэту фарміруюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь праходзіла перыяд санкцый ужо. "Выжылі. Выжывем і цяпер. Свет не без добрых людзей. Таму нас палохаць не трэба", - сказаў ён.



У час размовы не засталася ўбаку і тэма каранавіруса. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што Беларусь першая атрымае расійскую вакцыну.

"Мы дамовіліся з Пуціным. Уладзімір Уладзіміравіч сам прапанаваў нам гэты варыянт. Яны прайшлі ўжо два этапы. Інстытут Гамалеі (Нацыянальны даследчы цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя ганаровага акадэміка М.Ф.Гамалеі. - Заўвага) зрабіў гэту вакцыну. Я яму (Прэзідэнту Расіі. - Заўвага) чаму веру: ён на сваёй сям'і выпрабаваў гэту вакцыну. Таму мы дамовіліся, што яны нас падключаць. Яны вельмі сур'ёзна этапы прайшлі. Многія вядомыя алігархі зрабілі гэту прышчэпку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, з Расіяй ужо многія краіны заключылі дагаворы на закупку вакцыны, калі пачнецца яе масавая вытворчасць пасля трэцяга этапу выпрабаванняў. "Мне прэзідэнт Пуцін паабяцаў, што першай будзе Беларусь, калі такое жаданне будзе ў нашага кіраўніцтва, - заявіў беларускі лідар. - Таму непакоіцца не трэба. Мы, вядома, не толькі расійскую вакцыну паспрабуем. Паглядзім і іншыя. Але трэба аддаць належнае, што расіяне, кітайцы і амерыканцы ідуць наперадзе ў стварэнні і вытворчасці вакцын".

У цэлым Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Расіі зрабілі добрую вакцыну.

Адказваючы на пытанне аб другой хвалі пандэміі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў правільнасць раней выбранай у Беларусі стратэгіі не ізаляваць і не закрываць усіх на каранцін. Неэфектыўнасць такой меры прызнае ўжо і кіраўніцтва Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

"Толькі праз месяцы вы зразумелі, што Лукашэнка зрабіў правільна, што не закрыў вытворчасці, не ізаляваў вас. Мы прыстасаваліся да гэтага жыцця, наш імунітэт увесь час змагаўся з гэтай заразай", - сказаў Прэзідэнт.

Тым не менш, ён заклікаў людзей па магчымасці паберагчыся. "Калі вы недзе ў магазіне, аптэцы, у чужым калектыве (не на прыродзе), не саромейцеся маску надзець", - параіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці і ў далейшым перыядычна праводзіць санапрацоўку грамадскага транспарту, параіў людзям часцей бываць на свежым паветры, займацца фізкультурай і спортам.

Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні журналістаў у Оршы, пракаменціраваў сваё прыняцце першай прэзідэнцкай прысягі пад бела-чырвона-белым сцягам.

"Мяне за гэта не трэба крытыкаваць. Разумны чалавек скажа: Прэзідэнт законапаслухмяны. Тады быў такі сцяг, устаноўлены Вярхоўным Саветам (мы не галасавалі за гэту сімволіку, але большасцю яна была прынята пад націскам нашых нацыяналістычных дэпутатаў), - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніякай канспіралогіі. Інакш я тады зрабіць не мог. Я павінен быў быць Прэзідэнтам для ўсіх і законапаслухмяным. Я так і рабіў".

Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў і сённяшні націск на дэпутатаў, падкрэсліўшы, што ўлада зможа абараніць іх. "Прэзідэнт - паспрабавалі - цвердаваты на зуб, не атрымалася. Цяпер трэба дэпутатаў, зламаць парламент. Пачалі ўжо не проста іх запалохваць, а на некаторых накатваць. Мы гэта не проста бачым - мы ведаем, хто гэта робіць, і разбяромся з імі. Прэзідэнт на тое і Прэзідэнт, выведзены над галінамі ўлады, каб не толькі кантраляваць, але і абараняць. І я змагу абараніць парламент так, як яны нават не думаюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да пытання аб дзяржаўных сімвалах, Прэзідэнт адзначыў, што за цяперашнюю беларускую сімволіку на рэферэндуме прагаласавала большасць грамадзян і ён з задавальненнем выкарыстоўвае яе. "Народ выказаўся за гэту сімволіку. А гэты сцяг, вы ж бачыце: партрэты Адольфа Гітлера і вакол вісяць бела-чырвона-белыя сцягі", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы з асаблівым пачуццём адносяцца да Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта найвялікшы здабытак народа, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Ці нам, беларусам, вяртацца да таго, што было ў гады фашызму? Колькі нашых людзей загубілі пад гэтым сцягам? Колькі рускіх, беларусаў, яўрэяў, татараў тут загінула? І ўсё пад тым сцягам. Сцяг жа ні ў чым не вінаваты, але яго выкарыстоўвалі. Таму давайце мы будзем далей трымацца ад гэтага. У нас ёсць добрая сімволіка, яе трэба выкарыстоўваць", - перакананы беларускі лідар.

За мяжой павінны падумаць, у што можа ператварыцца Еўропа, калі ў Беларусі запалае, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і журналістамі.



"Трэба ўціхамірыцца, і ім таксама, за мяжой, узяць галаву ў рукі, супакоіцца і падумаць, у што можа ператварыцца Еўропа, калі тут (у Беларусі. - Заўвага) запалае. Вы ж цудоўна разумееце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы ўчора чулі заяву нашага суседа і майго добрага сябра (размова аб заяве Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. - Заўвага). Гэта ж не таму, што расіяне хочуць абараніць Беларусь. Слухайце, самі абаронімся. Але мы з Прэзідэнтам Расіі разумеем, што можа быць, калі мы празяваем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у гэтым выпадку Беларусь можа ператварыцца ў тэатр ваенных дзеянняў, дзе "будуць вырашацца не нашы пытанні". "Ім (на Захадзе. - Заўвага) не Беларусь патрэбна. Беларусь - гэта трамплін, як звычайна, у Расію. Толькі не так, як Гітлер групу армій Цэнтр кінуў на Маскву. Тэхналогіі іншыя. Трэба зламаць гэту ўладу, якая ёсць, падсунуць іншую, якая звернецца да замежнай дзяржавы, каб увялі войскі і аказалі падтрымку, - сказаў Прэзідэнт. - Ім патрэбны тут рынак, дзе яны будуць гандляваць сваёй прадукцыяй".

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра ваенную пагрозу, падкрэсліў, што яна сапраўды існуе. "І тое, што я вас напружваю цяпер наконт гэтых гусеніц танкаў на тэрыторыі Польшчы і Літвы, дык слухайце, мы ж не ідыёты. Былі пад Берлінам амерыканскія F-16 (самалёты. - Заўвага), ну і няхай стаяць там. Не, яны іх перакінулі сюды - 15-20 мінут падлёту да нашай тэрыторыі. Для мяне гэта як галоўнакамандуючага - пытанне. 18 самалётаў. Незразумела, што ў іх на падвесках. Можа, ядзерная зброя, - сказаў Прэзідэнт. - Я зыходжу з горшага варыянта. Таму я павінен быў адрэагаваць".

"А чаго ў гэты момант пачалі разгортваць часці НАТА ля нашых граніц? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Непасрэдна ля граніцы разгарнулі вучэнні. Што я павінен рабіць? Я таксама разгарнуў ля граніц часці, палавіну арміі прывёў у баявую гатоўнасць. Гэта нятанна".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтай сітуацыі на фоне знешніх пагроз яшчэ і вымушаны трымаць пэўны рэзерв ваеннаслужачых з улікам грамадска-палітычнай абстаноўкі. "Гэта што, нармальна? І вы мяне пачынаеце крытыкаваць, што я з аўтаматам там бегаю па вуліцах і гатовы страляць ва ўласны народ. Слухайце, я за чвэрць стагоддзя ў народ ніколі пальцам не паказваў, не тое што страляць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт правёў паралелі з сітуацыяй на пачатак Вялікай Айчыннай вайны, калі Савецкую Армію заспакоілі і ў выніку яна аказалася не гатова адбіць агрэсію. "Я вучыў гісторыю добра і ведаю гэта. Таму раблю высновы. Для мяне гэта быў урок. Таму я вымушаны быў паў-арміі прывесці ў поўную баявую гатоўнасць і разгарнуць, акружыць фактычна Гродна, каб яны не глядзелі на гэту нашу жамчужыну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не хвалюйцеся. Гэта мае праблемы, і я іх буду вырашаць. Але тут (на месцах. - Заўвага) вы павінны вырашыць праблему, інакш мы пазбавімся ўсяго вось гэтага багацця, якое мы цяпер бачым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як звязаўся з Прэзідэнтам Расіі і абмаляваў яму абстаноўку. "У нас дагавор. Гавару: давай думаць, што будзем рабіць. Ён гаворыць: мы ведаем, чаго яны хочуць. І Пуцін прайшоў ужо некалькі такіх этапаў ад чачэнскай вайны і ведае, што адбываецца вакол граніц. І мы з ім дамовіліся. Мы справімся з гэтай праблемай, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Але калі там таргануцца за межамі, трэба задзейнічаць сумесную групоўку ўзброеных сіл, асновай якой з'яўляецца беларуская армія. А расіяне нас павінны падтрымліваць і рухацца за намі. Мы стварылі рэзервы з ім. Ні адзін салдат з Расіі не перасек нашу граніцу. Мы пакуль спраўляемся самі. Але ў нас нават не задрыжыць ні голас, ні рука, ні нага для таго, каб разам спыніць любога, хто тарганецца на заходняй граніцы Саюзнай дзяржавы".

Прэзідэнт падкрэсліў, што, прымаючы адпаведныя дзеянні, Расія ратуе не столькі Беларусь, бо пагроза ёсць і ў адносінах да самой Расіі. "Прэзідэнт Расіі, гэта разумеючы, абараняючы Беларусь, перш за ўсё абараняе Расію", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне візіту Кіраўніка дзяржавы ў Оршу губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў узняў пытанне аб харчаванні ў дзіцячых садах, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.

На яго думку, яно павінна быць бясплатным, як і ў школах. "Харчаванне школьнікаў у вёсцы бясплатнае, а ў дзіцячым садзе, атрымліваецца, платнае. Гэта значыць хлопцаў у 10-11 класе мы бясплатна кормім, а дзетак - платна. Маладыя сем'і, спецыялісты... Трэба б гэта пытанне ўраўняць", - з такой прапановай ён звярнуўся да Прэзідэнта.

"А ў цябе ёсць грошы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта невялікія грошы. Калі будзе рашэнне, то ўжо знайду гэтыя пяць мільёнаў", - адказаў Мікалай Шарснёў.

"Добра, давайце паглядзім на харчаванне дзяцей у дзіцячых садах. Мы ў цэлым вывучым праблему (і вёску, і горад), параімся са старшынямі рай-, гар- і аблвыканкамаў", - сказаў Прэзідэнт.

"Менавіта вяскоўцаў трэба падтрымаць", - удакладніў губернатар. "Гэта без пытанняў, але мы вывучым у цэлым гэту праблему", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь