Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Нараўлянскі раён Гомельскай вобласці

26 красавіка 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе рэгіёны на прапрацоўку рынкаў для збыту выпускаемай прадукцыі. Аб гэтым ён заявіў 26 красавіка ў час паездкі ў Нараўлянскі раён, наведваючы саўгас-камбінат "Зара".

Кіраўнік дзяржавы абляцеў раён на верталёце, азнаёміўся з ходам палявых работ і пасля прыбыцця пацікавіўся, як у цэлым ідзе сяўба ў Гомельскай вобласці. Аб прамежкавых выніках яго праінфармаваў губернатар Генадзь Салавей. Паводле яго слоў, усе работы ідуць згодна з планам, пасяўная павінна завяршыцца да 9 мая.

Прэзідэнт таксама спытаў, як ідуць справы з сацыяльна-эканамічным развіццём Гомельскай вобласці. "Калі вы выйдзеце хаця б у нуль? Ты нават не думай, што мы павінны з-за нейкіх псіхозаў або пандэмій, эпідэмій скараціць вытворчасць. Гэта выключана. Іншага не дадзена, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы будзеце сядзець: "Вось пандэмія, дайце нам грошай"... Ніхто не дасць - гэта пахаваць грошы. Вы прапрацоўвайце рынкі па ўсіх напрамках - пачынаючы ад фарфоравага завода і заканчваючы "Гомсельмашам".

Губернатар растлумачыў, што ўсе праблемы ў асноўным датычацца экспартных паставак, якія пасля ўсплёску пандэміі былі спынены з-за закрыцця граніц у іншых краінах. Цяпер прадпрыемствы працуюць на ўнутраны рынак. "Дамаўляйцеся, калі адновіцца ўся лагістыка і пачнуць працаваць суседзі. Калі ў вас будуць кантракты на пастаўку пасля пандэміі, мы будзем думаць, як вам дапамагчы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы стан спраў у раёне, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай саўгаса-камбіната "Зара". Як расказалі Прэзідэнту, гэта самае эфектыўнае сельгаспрадпрыемства ў вобласці. Яно мае ўласныя ўчасткі па вырабе камбікармоў, перапрацоўцы жывёлы і птушкі, малака. Завяршальнае звяно ў гаспадарчым ланцужку - фірменны гандаль. За студзень-сакавік прадпрыемства выручыла Br17 млн, рэнтабельнасць продажаў склала 11,6 працэнта. Сярэдняя зарплата работнікаў у саўгасе за гэты перыяд дасягнула амаль Br1,4 тыс.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхнікай, якая ёсць на балансе прадпрыемства, і пацікавіўся ў механізатараў асаблівасцямі работы на некаторых машынах. У прыватнасці, яго зацікавілі трактары на гусенічным хаду. Як растлумачылі Прэзідэнту, стан глебы не дазваляе тут выкарыстоўваць колавую тэхніку. "Я за тое, каб у нас у кожнай гаспадарцы было па два трактары на гусеніцах. Гэта вялікая справа: можна ў любы час араць, любыя работы праводзіць. Мы дарэмна выкінулі гусенічную тэхніку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - З патоку вытворчасць гусенічнага трактара здымаць нельга. Гэта наш паратунак. У Віцебскай, Мінскай вобласці шмат забалочаных зямель. Ды ў любой вобласці хапае, нават на поўдні".

Прэзідэнту таксама паказалі новую малочнатаварную ферму. Яна разлічана на 550 галоў дойных кароў і 700 галоў маладняку ў аграгарадку. Будаўніцтва фермы пачалося ў 2018 годзе. Для гэтага вырашылі рэканструяваць былы свінакомплекс.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта ў Нараўлянскі раён асноўная ўвага была ўдзелена рабоце па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць стварэнне шматгаліновых вытворчасцей у пацярпелых пасля Чарнобыля рэгіёнах. "Мы пакуль не ведаем дэталёва, на якім узроўні знаходзімся і за кошт чаго можна дабавіць. Таму трэба прарэвізаваць - гэта Брагін, Нароўля, Хойнікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у гэтых раёнах трэба ствараць вытворчыя шматгаліновыя холдынгі па розных напрамках, каб не проста аднаўляць гэтыя тэрыторыі, а развіваць іх. У якіх сферах ствараць вытворчасці - Прэзідэнт даручыў вывучыць. "Калі трэба пад гэтыя холдынгі нешта, мы будзем шукаць", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях далажыць, што цяпер адбываецца ў трыццацікіламетровай зоне адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС. На яго думку, настаў час таксама заняцца развіццём гэтых тэрыторый. Але сітуацыю там трэба дадаткова вывучыць. "Гэта невялікі кавалак зямлі. Але што там будзе заўтра-паслязаўтра, якія перспектывы? Трэба паглядзець, якім чынам мы будзем вяртаць запаведную зону, калі час пройдзе. А што можам цяпер там узяць? Нельга кідаць ні аднаго гектара зямлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што летам мае намер пабываць у гэтай мясцовасці.

У час паездкі ў Нараўлянскі раён Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з асаблівасцямі жылых дамоў, якія пабудаваны па праекце Светлагорскага домабудаўнічага камбіната.

Два аднакватэрныя жылыя дамы былі пабудаваны ў аграгарадку Завайць. Яны ўзведзены з жалезабетонных панэлей са знадворным уцяпленнем. У кожным доме па тры пакоі, агульная яго плошча складае 83,4 кв.м. Кошт такога жылля з аддзелкай, але без інжынерных сетак перавышае Br153 тыс.



Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цэны на такія дамы маглі б быць меншыя. "Напэўна, 120 тысяч, па маіх адчуваннях. Гэта яшчэ цярпіма. Не трэба далёка заходзіць", - адзначыў ён. На яго думку, акрамя аднакватэрных, трэба будаваць і дамы на некалькі сем'яў.

"Трэба, каб спецыялісты паглядзелі каштарыс. І калі недзе завышаецца кошт па-бандыцку, не трэба з імі мець спраў. А так дом, вядома, добры", - адзначыў Прэзідэнт.

Наведваючы Нараўлянскі раён, Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з жыхарамі рэгіёна. Ён адзначыў, што ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, можна і трэба жыць, рэабілітаваць гэтыя тэрыторыі.

"У былыя часы, прыязджаючы сюды (на пацярпелыя тэрыторыі. - Заўвага), калі я пачынаў гаварыць аб чарнобыльцах, што мы бедныя, людзі гэта спакойна ўспрымалі, але большасць згаджалася. Сёння людзі разумеюць і я таксама, што на гэтай зямлі можна жыць, трэба жыць. І, самае галоўнае, - мы тут будзем жыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, ужо на атрыманым вопыце ёсць разуменне, у тым ліку ў мясцовага насельніцтва, што і як рабіць на пацярпелых тэрыторыях. "Я прыехаў сюды, каб паглядзець, як адраджаюцца гэтыя землі. Калі сказаць адкрыта, то ў мяне не склалася ўражання - добра або дрэнна. У мяне ўражанне адно, што мы адраджаемся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што ў летні перыяд плануе наведаць пацярпелыя тэрыторыі за межамі 30-кіламетровай зоны вакол ЧАЭС. "Часткова я даваў згоду сваю і распараджэнне падпісваў наконт нейкіх работ тут. Напрыклад, адносна лесу мы даўно вызначыліся, што мы будзем перапрацоўваць лес, што нядрэнна атрымліваецца. Некалі я прымаў рашэнне адносна развіцця тут лесапілавання, конегадоўлі, вельмі шмат вы займаецеся пчалярствам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ужо вырысоўваецца, што мы можам расплоджваць жывёл у гэтай запаведнай зоне (пра 30 км пакуль не гаворым). Тут вельмі шмат вы робіце лесанарыхтовак. Лес спелы, яго трэба вывозіць. І дзякуй богу, што мы, перапрацоўваючы лес, атрымліваем чыстую прадукцыю. Значную колькасць вы атрымліваеце тут мёду, абсалютна чыстага, ніхто брудны купляць жа не будзе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым плане ў бліжэйшы час трэба будзе вызначыцца, што магчыма дадаткова вырабляць у запаведнай зоне. "Можа, яшчэ адзін-два напрамкі прыдумаем. Або спынімся на існуючых трох-чатырох. Калі спынімся на трох-чатырох напрамках нашай дзейнасці, мы падтрымаем іх, і асноўныя чарнобыльскія сродкі будзем не распыляць, а комплексна накіроўваць, каб развіваць тут тэрыторыі. Калі яшчэ напрамкі дабавім, то і іх будзем фінансаваць. Але настаў час вельмі актыўна асвойваць гэты край", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб сваёй прапанове, каб у Брагінскім, Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах падумаць аб стварэнні шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў - холдынгаў, якія ўключаюць, напрыклад, сельгаснапрамак, лесапілаванне, нарыхтоўку, магчыма, яшчэ нешта. "Зразумела, людзі будуць заняты, будуць працаваць. Гэта перспектыва. Мы падумаем. І да канца года прымем рашэнне, нягледзячы на тое, што адбываецца сёння з эканомікай ва ўсім свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі складана прадаваць сваю прадукцыю. Акрамя прадуктаў харчавання. Усё бяруць. Ужо ніхто на граніцы нікога не затрымлівае - толькі прывозьце, і па больш высокім цэнах. За 2 месяцы, як дакладваў Міністр, амаль на $1 млрд мы прададзім прадукцыі. Гэта добрыя паказчыкі. Пад $6 млрд па годзе мы атрымаем даход ад сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі добра, акрамя таго, што будзем карміць свой народ".

Кіраўнік дзяржавы, вяртаючыся да тэмы чарнобыльскіх тэрыторый, падкрэсліў, што цяпер трэба будзе вырашаць ужо не тыя праблемы, якія былі 25-30 гадоў таму, але спыняцца нельга. Таму трэба сканцэнтраваць тыя сродкі, якія выдзяляюцца па чарнобыльскай лініі. Прэзідэнт запэўніў, што грошы знойдуцца, асабліва пад выгадныя вытворчыя праекты. Галоўнае - каб не было расхлябанасці. "Будзеце працаваць, мы заўсёды будзем падтрымліваць вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама даручыў вярнуцца да праекта дадатковага будаўніцтва чыгункі на поўдні краіны, у тым ліку каб забяспечыць вытворчае развіццё пацярпелых тэрыторый, транспарціроўку прадукцыі. "Тыя $120-150 млн, якія планаваліся на гэту чыгунку, мы зможам знайсці. Трэба вярнуцца да гэтага пытання. Падлічыць эканамічна і сацыяльна. Таму што чыгунка - гэта жыццё для людзей. Я хачу да гэтага праекта вярнуцца. Гэта значыць, мы паглядзім у комплексе ўсе праекты - ад зямлі да чыгункі".

"Я не кажу, што мы пабудуем або заўтра пачнём будаваць чыгунку. Я хачу падлічыць гэта ўсё і вярнуцца да таго праекта", - удакладніў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанні жыхароў, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб рабоце па аднаўленні і падтрыманні меліяраваных зямель. "У нас праблема ўтрымаць гэтыя пасяўныя плошчы, землі (раней меліяраваныя. - Заўвага), паколькі прырода адваёўвае. Яна з намі ваюе, хоча вярнуць гэтыя землі. І туды, дзе мы празявалі, праваронілі, я накіроўваю меліяратараў, каб яны аднавілі гэтыя плошчы. Дадаткова асушваць якія-небудзь балоты мы не плануем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.



Прэзідэнт растлумачыў, што ў Беларусі аднаўляюць гэтыя землі, наколькі хапае грашовых сродкаў. Рухацца далей пакуль няма неабходнасці, адзначыў ён. "Мы і так атрымліваем пяць з паловай мільярдаў долараў ад продажу прадукцыі. Можа, трэба было б і больш. Калі трэба - мы паглядзім пасля пандэміі. Не так проста прадаць: трэба ж прабіцца на рынкі. Вы бачыце, як Расія нас блакіруе з пастаўкамі прадукцыі. Але калі настаў гэты час (успышка пандэміі. - Заўвага), тады папрасілі: давайце будзем аднаўляць гандаль. Але мы не замыкаемся на адну краіну", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Таму перад тым як укладваць велізарныя грошы ў меліярацыю і асвойваць новыя землі, трэба вырашыць, што будуць там вырошчваць і куды рэалізоўваць прадукцыю, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "У свой час мы раскруцілі меліярацыю. Цяпер трэба больш грошай укладваць, каб аднавіць тое, што калісьці меліяравана. А правільна гэта было зроблена ці не - цяжка сказаць. Недзе, напэўна, здуру асушылі тое, што не трэба, і атрымалі засуху", - дадаў ён.

У час размовы з жыхарамі Нараўлянскага раёна Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці думаць аб тым, што будзе з Беларуссю - эканомікай і народам краіны - пасля таго, як завершыцца пандэмія.

"Ці то яшчэ будзе, і дзе будзем мы пасля гэтай бяды. Нам трэба думаць аб тым, што будзе з намі пасля таго, як пройдзе гэта пандэмія. Я гэта адчуў два месяцы таму", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму прыняў рашэнне не спыняць эканоміку. "Спынілі эканоміку, усе спынілі, дапусцім. Хто хутчэй падымецца - той, хто друкуе долары, у каго ёсць рэсурсы - газ, нафта і іншае. Або той жа Кітай, які мае эканамічную моц. А астатнія дзе будуць?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Паводле яго слоў, наступствы ў такім выпадку маглі б прывесці да моцнай залежнасці або ж фактычна падпарадкавання багатым і моцным дзяржавам. "Таму мной было прынята рашэнне эканоміку не спыняць. Прадпрыемствы павінны працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават багатыя еўрапейцы цяпер пачалі ўжо адмяняць каранцінныя меры, нягледзячы на тое, што пытанне з пандэміяй не знята з парадку дня. "Гэты каранавірус паказаў, хто ёсць хто. Паглядзіце: Еўрасаюз, багатыя і іншыя, і кожны зашыўся ў сваёй шкарлупіне, і адзін аднаму не маглі дапамагчы. Таму і людзі будуць пасля гэтага іншыя і, напэўна, свет зменіцца", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў грамадзян звяртаць увагу на стан свайго здароўя і своечасова звяртацца да ўрачоў. "Захварэў, пачынаецца нешта там - неадкладна да ўрача. Урачы ведаюць ужо, што рабіць. Або вас на самаізаляцыю, і вас будуць дома лячыць, або забяром у шпіталь. Трэба рабіць усё своечасова. І кожны чалавек павінен паберагчы сябе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі каранавіруса, але і іншых хвароб і заклікаў не панікаваць, гэта часам толькі пагаршае ход хваробы. "Перажывём і гэта. Трэба думаць пра будучыню", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў кожнага чалавека па-рознаму праходзіць захворванне на каранавірус: нехта пераносіць яго лёгка, а некаторыя і зусім без сімптомаў. Таму ў Беларусі дзейнічаюць адпаведна абстаноўцы. "Трэба ізаляваць - будзем ізаляваць. Трэба ўводзіць каранцін - будзем уводзіць каранцін. Трэба - увядзём каменданцкую гадзіну. Што за праблема? Але нам цяпер гэта не патрэбна. Нас сёй-той падштурхоўвае: давайце каранцін. Ды мяне людзі на вілы падымуць. Няма такой неабходнасці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў краіне пайшлі не шляхам забаронных мер, а рэкамендацый. "Як я магу забараніць чалавеку пайсці пакланіцца бацькам (на Радаўніцу. - Заўвага)? А не дай бог, у некага дзеці загінулі. Як я магу забараніць? Я магу толькі рэкамендаваць і прасіць паберагчы сябе, - падкрэсліў ён. - Што я дакладна ведаю: калі б мы закрылі людзей і стварылі паніку, у нас была б бяда".



Жыхары Нараўлянскага раёна ўручылі Кіраўніку дзяржавы некалькі падарункаў, якія асацыіруюцца з гэтым горадам.

"Вы ўдзяляеце шмат увагі чарнобыльскай тэматыцы, асабіста бываеце ў многіх раёнах. Жыхарамі нашага раёна зроблены сувеніры, каб у вас ад паездкі па Нараўляншчыне засталіся ўражанне і памяць", - звярнуўся да Прэзідэнта старшыня Нараўлянскага райвыканкама Сяргей Дылюк.

Кіраўніку дзяржавы падарылі карціну з выявай знакамітага сядзібнага дома Горватаў у Нароўлі - сімвала горада. "Карціну павесім дома", - прыняў падарунак Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго Сяргей Дылюк уручыў Прэзідэнту кошык з прадукцыяй "Чырвонага мазыраніна" - гэта адно са старэйшых прадпрыемстваў Нароўлі. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як на фабрыцы ўстанаўлівалі лінію па вытворчасці пасцілы. "Аказваецца, нашу пасцілу купляюць з большым задавальненнем, чым расійскую, таму што яна больш натуральная, - адзначыў ён. - Я часам пасцілу мазырскую ўжываю, успамінаючы, што некалі меў дачыненне да адраджэння гэтага прадпрыемства".

Прэзідэнт падзякаваў мясцовым жыхарам і паабяцаў рэагаваць на пытанні і праблемы, якія ў іх ўзнікаюць.

У час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць Кіраўнік дзяржавы усклаў кветкі да гранітнага мемарыяла памяці выселеным вёскам Нараўлянскага сельсавета ў аграгарадку Завайць. Помнік быў адкрыты ў бягучым годзе да 34-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь