Наведванне КУП "Мінская агароднінная фабрыка"

  • 13
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу за 5 гадоў вырашыць пытанне забеспячэння насельніцтва цяплічнай прадукцыяй. Такое даручэнне ён даў 31 ліпеня ўраду ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць і наведвання КУП "Мінская агароднінная фабрыка".

"Давайце дамовімся так: будзем мы працаваць або не будзем, але за будучую пяцігодку пытанне па цяпліцах трэба зняць! Трэба пабудаваць іх столькі і па самых сучасных тэхналогіях, колькі нам трэба. За пяцігодку гэта пытанне вырашаем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"А канкурэнцыя... Калі іспанцы хочуць у нас прадаць свой тавар, няхай канкурыруюць і прадаюць", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна ўкладваць сродкі, наколькі гэта магчыма, і ствараць цяпліцы паблізу Мінска. "Трэба забяспечыць Мінск таннай прадукцыяй", - падкрэсліў ён. Прэзідэнт адзначыў, што вырашчаная ў межах мінскай кальцавой дарогі ў цяпліцах прадукцыя зможа паступаць у гандлёвыя сеткі сталіцы з найменшымі затратамі на дастаўку.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна пабудаваць цяпліц, каб выключыць імпарт агародніннай прадукцыі. Як было даложана Прэзідэнту, у краіне неабходна вырошчваць яшчэ 377 тыс. т цяплічнай прадукцыі.

Штогод у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках краіны атрымліваюць больш як 560 тыс. т агародніны, у тым ліку ў закрытым грунце амаль 115 тыс. т. Цяплічны комплекс Беларусі ў асноўным прадстаўлены 21 буйной цяплічнай гаспадаркай з агульнай плошчай зашклёных зімовых цяпліц амаль 250 га. За апошнія 10 гадоў уведзена ў эксплуатацыю 110,5 га энергазберагальных цяпліц. У цэлым па краіне вырошчванне цяплічнай агародніны ў 2014 годзе ў параўнанні з 2005-м узрасло ў 1,7 раза. Ва ўмовах зімовых цяпліц вырошчваецца 15 найменняў культур, у прыватнасці агуркі, таматы, баклажаны, перац, салаты, рукала, базілік, сельдэрэй, кроп, пятрушка, кінза, шчаўе і іншае  зяленіва.

Паводле інфармацыі Белстата, па стане на 1 ліпеня ў краіне вырашчана ў закрытым грунце 61,3 тыс. т агародніны, з якой на экспарт накіравана 10,5 тыс. т.

Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным прынятае ў свой час рашэнне аб захаванні цяплічнай гаспадаркі ў краіне.

"Былі ў нас дзеячы, яны цяпер у апазіцыі, а некаторыя ўцяклі з краіны, яны мяне пераконвалі: камбайны не трэба - купім у немцаў, плугі - таксама купім, трактароў МТЗ-80, МТЗ-82 - хопіць, замест цукровых буракоў трыснёг купім, завязём, не патрэбны нам буракі. Гэтак жа прапаноўвалі, што і цяпліцы не патрэбны, мы не зможам канкурыраваць", - адзначыў Прэзідэнт.

"У тыя часы мяне пераконвалі, што мы не зможам канкурыраваць на рынку ні ўнутры, ні ў Расіі ў сувязі з тым, што розніца ў цэнах на газ. Маўляў, трэба цяпліцы ўсе разабраць, зямлю зраўнаваць і купляць агароднінную прадукцыю за межамі. Тады я сказаў: не, вы адновіце ўсе цяпліцы. Тады з'явілася задача: мы павінны былі дабавіць 40 га цяплічных гаспадарак, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ці правільнае было прынята рашэнне захаваць цяплічную гаспадарку ў краіне? Правільнае. А мне прапаноўвалі знішчыць, таму што, бачыце, мы не зможам, мы бязрукія... Я тады спытаў: у Галандыі газ $500 за 1 тыс. куб.м, але яны канкурыруюць з усім светам. А мы не можам. Аказваецца, і мы можам. Мы ўсё можам!" Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе цяплічныя гаспадаркі рэнтабельныя і працуюць не на страту.

"Мы без штаноў хадзілі б і галодныя былі б, таму што ўсё гэта трэба было б купіць. А дзе валюту браць? І свая зямля для чаго?" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вырошчвання агародніны з прымяненнем сучасных энергазберагальных тэхналогій, а таксама выстаўкай агародніннай прадукцыі і фітачаёў, што выпускаюцца на фабрыцы.

Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца з фарміраваннем рознічных цэн на плодаагароднінную прадукцыю.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што плодаагароднінная прадукцыя, трапляючы на прылаўкі гандлёвых сетак, становіцца ў два разы даражэйшая. "На гэтым ніхто не павінен нажывацца!" - сказаў Прэзідэнт. Ён даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і далажыць яму аб выніках.

"А то ж прыгажосць: памідоры, агуркі і іншае... А цана? Хто ў кішэню кладзе грошы за гэту прыгажосць?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў урад аб беспярэчным выкананні даручэння па абароне ўнутранага рынку. "Мы аддалі свае рынкі іспанцам, галандцам, якія нас квасяць на кожным кроку, а самі прабіваемся ў Афрыку і Кітай. Гэта нармальна? Не. Вырашайце!" - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пабываў таксама на полі азімай пшаніцы КУП "Мінская агароднінная фабрыка".

Тут Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам і асаблівасцямі ўборкі збожжавых, аб выкананні дзяржаўных закупак збожжа на харчовыя мэты і мерах па забеспячэнні жывёлагадоўлі кармамі.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, па стане на 31 ліпеня ў краіне ўбрана 27 % плошчаў пры сярэдняй ураджайнасці 34 ц/га. Намалочана каля 2 млн т збожжа. Паводле слоў Міхаіла Русага, усе вобласці, за выключэннем Гомельскай, выйдуць за 1 млн. т. Што датычыцца Гомельшчыны, то з-за складаных умоў надвор'я тут плануецца сабраць каля 800 тыс. т збожжа, у той  жа час чакаецца больш высокі ўраджай кукурузы. Аляксандр Лукашэнка даручыў аказваць усю неабходную дапамогу Гомельскай вобласці. "Калі трэба нешта прадугледзець і дапамагчы - трэба прадугледзець і дапамагчы", - сказаў ён.

Паводле слоў Міхаіла Русага, ураджай збожжа чакаецца ў гэтым годзе на ўзроўні 7,5-7,8 млн т, кукурузы - 1,5 млн т. Ён адзначыў, што з кожным днём павышаецца ўраджайнасць збожжа. Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на тое, што ў краіне каля 500 тыс. т запасаў харчовага збожжа, што дае магчымасць на 1,5-2 гады забяспечыць ім насельніцтва. Гаворачы аб пшаніцы, Міхаіл Русы адзначыў яе высокую якасць сёлета. Чакаецца, што яе ўраджай складзе звыш 3 млн т.

Прэзідэнт указаў на неабходнасць стварэння запасу кармоў для жывёлагадоўчай галіны. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, нягледзячы на некаторае адставанне ў іх нарыхтоўцы, цяпер сітуацыя выраўнавалася, і ёсць магчымасць нарыхтаваць 103 % да ўзроўню мінулага года.

"У мінулым годзе быў высокі ўзровень у раслінаводстве. І мы дамовіліся, што ніжэй апусціцца нельга!" - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі новы ўзор камбайна ААТ "Гомсельмаш". Прэзідэнт цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі машыны, а затым падняўся ў кабіну камбайна і адтуль назіраў, як ажыццяўляецца ўборка азімай пшаніцы. Аляксандр Лукашэнка ацаніў навінку як добрую і магутную. Цяпер камбайн выкарыстоўваецца ў тэставым рэжыме. Кіраўнік дзяржавы даручыў з наступнага года запускаць яго ў работу.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры вытворчасці такіх машын не павінна быць дробязей, кожная дэталь павінна вырабляцца якасна і на высокім узроўні. "Ні ў якім разе нельга дапусціць няякасных тавараў!" - падкрэсліў Прэзідэнт. На думку Кіраўніка дзяржавы, якасны тавар заўсёды будзе запатрабаваны, нават калі цана на яго будзе крыху вышэйшая.