Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 6
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць у кожнай вобласці селекцыйна-племянныя малочныя фермы. Такую задачу паставіў ён 12 верасня, наведваючы ДП "ЖодзінаАграПлемЭліта".

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, 41% малочнага статка па краіне сканцэнтраваны на прамысловых прадпрыемствах. Для такога спосабу гадоўлі жывёлы патрэбны прыстасаваныя для гэтага жывёлы. Праводзіцца работа па стварэнні такой беларускай пароды. Перад навукай стаіць задача да 2020 года вырашыць праблему забеспячэння ферм уласным племянным статкам. Для гэтага ў кожнай вобласці неабходна ствараць адпаведныя селекцыйна-племянныя малочныя фермы.

"Гэта прарыў у краіне. Гэта даражэй за золата і золатавалютныя рэзервы", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 кастрычніка прадставіць яму нарматыўна-прававы акт, у якім будуць дэталёва прапісаны ўмовы, якія садзейнічаюць стварэнню такіх ферм. "Такім чынам, у нас будзе 7 ферм. І тады мы атрымаем добры племянны матэрыял", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчымі працэсамі работы селекцыйна-племянной малочнай фермы ДП "ЖодзінаАграПлемЭліта". Гэта сельгасарганізацыя была перададзена НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі для стварэння інавацыйных жывёлагадоўчых аб'ектаў. У прыватнасці, тут знаходзіцца племянная рэпрадуктыўная ферма на 500 асноўных свінаматак, малочнатаварная ферма на 850 кароў з высокім генетычным патэнцыялам, селекцыйна-племянная малочная ферма на 350 кароў, доследна-эксперыментальная свінагадоўчая школа-ферма, каркасна-тэнтавыя памяшканні для ўтрымання свіней. Па выніках 2013 года малочнатаварная ферма на 850 кароў уваходзіць у дзясятку лепшых у краіне. У вытворчасці малака доля гатунку экстра склала 92% пры рэнтабельнасці больш як 30%. Племянная рэпрадуктыўная ферма ў спалучэнні з будуемым рэпрадуктарам на 1 тыс. свінаматак павінна стаць асновай для фарміравання ў краіне сучаснай селекцыйна-племянной сістэмы новага тыпу ў свінагадоўлі, на базе якой будзе забяспечана паскоранае завяршэнне стварэння айчыннага таварнага гібрыда свіней.

"Вы не павінны ператварыць гэта ў звычайнае высокадаходнае рэнтабельнае прадпрыемства. Гэта толькі адзін з бакоў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы павінны тут прадставіць нам бясспрэчныя тэхналогіі".

Прэзідэнт наведаў Біятэхналагічны цэнтр з доследнай вытворчасцю і эксперыментальнай козагадоўчай фермай, дзе азнаёміўся з развядзеннем трансгенных коз і выкарыстаннем іх малака для атрымання лактаферыну чалавека ў медыцынскіх мэтах. У выніку рэалізацыі ў Беларусі дзвюх праграм Саюзнай дзяржавы была сфарміравана папуляцыя жывёл - прадуцэнтаў лактаферыну чалавека. Упершыню ў Беларусі з'явілася новая субстанцыя, што дае магчымасць развіваць работы па стварэнні высокаэфектыўных і бяспечных сродкаў прафілактыкі захворванняў людзей. У прыватнасці, распрацаваны тэхналогіі вытворчасці лекавых сродкаў і прадуктаў харчавання з лактаферынам чалавека, выраблены іх доследныя партыі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2015 года ўстанавіць неабходнае абсталяванне, каб усё атрыманае малако паступала на перапрацоўку.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы даручыў будаваць эканамічна выгадныя свінакомплексы для хуткага атрымання свініны.

Генеральны дырэктар РУП НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Мікалай Папкоў выказаў Прэзідэнту прапановы па хуткім аднаўленні вытворчасці свініны. У прыватнасці, на яго думку, неабходна перамясціць акцэнт на арганізацыю забеспячэння свінінай ва ўмовах пагрозы АЧС, а не вырашаць праблемы пасля надыходу захворвання. Ён лічыць, што сёння ёсць магчымасць будаўніцтва незатратных свінакомплексаў, дзе можна атрымліваць маладое пагалоўе і адкормліваць яго.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову, звярнуўшы ўвагу, што ў цяперашніх умовах важна нарасціць вытворчасць свініны. "Сёння няма свініны ў краінах былога Саюза. Вялікі рынак, цана неймаверна падскочыла. Значыць, на гэтым можна зарабіць, заняць расійскі рынак", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы можам мабілізавацца і гэты тавар, які карыстаецца попытам, атрымаць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта пытанне эфектыўнасці. "Лічу, што гэта трэба рабіць. Нам трэба своечасова атрымаць мяса і прадаць яго", - сказаў Прэзідэнт. "Рашэнне прынята, выконвайце", - даручыў ён.