Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

9 красавіка 2019 года
Рабочая паездка ў Лагойскі раён Мінскай вобласці
глядзіце таксама: відэа
9 красавіка 2019 года
Рабочая паездка ў Лагойскі раён Мінскай вобласці
Рабочая паездка ў Мінскую вобласць
глядзіце таксама: фота
9 красавіка 2019 года
Рабочая паездка ў Мінскую вобласць
10 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць узровень дысцыпліны ў сельскай гаспадарцы і разлічваць у большай ступені на ўласныя сілы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 9 красавіка ў час рабочай паездкі ў Лагойскі раён.

"Наша бяда - псіхалогія. Аграрыі пачынаюць ныць: а вось нам цяжка. Дворнік (віцэ-прэм'ер. - Заўвага) ходзіць, думае: так, сапраўды. Увайшоў у становішча. Трэба ім дапамагаць. Бяжыць да мяне, мяне пераконвае. Я таксама думаю: так, трэба дапамагаць. А ён сядзіць і рукі пацірае, пасмейваецца: вось я напружыў - мне далі. Усё, дурніца павінна быць скончана", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся перспектывамі развіцця сельгаспрадпрыемстваў у раёне, эфектыўнасцю іх работы. Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на адстаючых і стратных сельгасарганізацыях, якія неабходна прыводзіць у парадак. У гэтым плане ў краіне ёсць вопыт так званых падшэфных гаспадарак, якія перадаюцца ў кіраванне буйным вытворчым прадпрыемствам і арганізацыям. З наведвання адной з такіх гаспадарак (сельскагаспадарчы комплекс "Лагойскі" філіял РУП "Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт") Кіраўнік дзяржавы і пачаў рабочую паездку ў Лагойскі раён.

Паводле слоў Прэзідэнта, практычна ў кожным раёне краіны ёсць усяго адна-дзве адстаючыя або стратныя гаспадаркі, аднак вывесці іх на эфектыўную работу намаганнямі толькі мясцовай улады не заўсёды атрымліваецца і займае шмат часу. Пры гэтым размова нават не ідзе аб тым, што ад буйных прадпрыемстваў, якія ўжо маюць на балансе сельгасарганізацыі, спатрэбяцца значныя фінансавыя ўліванні. У першую чаргу неабходна перанясенне вопыту і тэхналогій эфектыўнага гаспадарання, павышэнне ўзроўню культуры земляробства. "Думаю, трэба каго-небудзь яшчэ дагрузіць дадаткова калгасамі, саўгасамі. Дапусцім, МТЗ або "Беларуснафту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У іх ёсць людзі, у іх нейкая маленькая капеечка ёсць, тэхналогіі, культура наогул іншая. Яны падцягнуць гэтыя гаспадаркі хутчэй. Але я хачу паглядзець, як яны спрацавалі з тымі калгасамі, якія ім некалі перадалі. "Беларуснафта", здаецца, нядрэнна працуе. І гэта гаспадарка адна з лепшых".

Прэзідэнт не супраць больш шырока падключэння да гэтай работы не толькі дзяржаўных, але і прыватных арганізацый. Развіццё такога ўзаемадзеяння з прыватнымі структурамі магчыма толькі ў выпадку іх эфектыўнай і плённай працы на зямлі, у тым ліку магчыма і далейшая перадача аб'ектаў ва ўласнасць.

У гэтым жа ключы размова вялася і ў час наведвання Кіраўніком дзяржавы жывёлагадоўчага комплексу сельскагаспадарчага цэха "Гайна" Мінскага трактарнага завода і машыннага двара сельскагаспадарчага комплексу "Астрошыцы", які адносіцца да Мінскага камбіната хлебапрадуктаў. Акрамя абмеркавання практычных аспектаў у рабоце гаспадарак, іх вытворчых паказчыкаў, зноў абмяркоўвалася неабходнасць пашырэння практыкі замацавання стратных гаспадарак за буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі. Напрыклад, для павышэння рэнтабельнасці вытворчасці малака ў сельгасцэху "Гайна" неабходна больш уласнага збожжа, а таму атрыманне дадатковых зямель якраз было б выгадна. "Я не гавару, што ад цябе патрэбны вялікія грошы. Нам ад цябе патрэбна арганізацыя, парадак. Я хачу хаця б па калгасе дагрузіць, калі пацягнеш. Калі не пацягнеш, ніхто табе даваць не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да генеральнага дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі.

Прэзідэнт асабліва акцэнтаваў увагу, што неабходна папярэдне прарэвізаваць пералік стратных сельгасарганізацый у краіне, якія будзе прапанавана дадаткова перадаць буйным прадпрыемствам, каб залішне не здымаць адказнасць і напружанне з мясцовых органаў улады.


У час рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Лагойскі раён падрабязна абмяркоўвалася тэма пасяўной, яе ход у розных рэгіёнах краіны. Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Дворнік праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі з унясеннем угнаенняў. Паводле яго слоў, у гэтым годзе гаспадаркі краіны лепш забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, чым у мінулым - плюс 17% да ўзроўню 2018-га. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што дадатную дынаміку трэба абавязкова захаваць і ў далейшым. Прэзідэнт паставіў задачу, каб у наступным годзе ўзровень забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі быў не меншы за 110% да ўзроўню 2019 года. "Ні ў якім разе нельга падаць. Трэба, каб дынаміка была дадатная. Пастарацца трэба, каб 10% дабавіць да 2019 года. Мы разумеем, хто за гэта павінен адказваць. Першы віцэ-прэм'ер і прэм'ер сядзяць і лічаць грошы... Трэба напружвацца і шукаць гэтыя грошы, а рукамі разводзіць і гаварыць, што нельга - тады нічога і не будзе", - сказаў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць максімальна выкарыстоўваць арганічныя ўгнаенні акрамя мінеральных, асабліва калі ў гаспадарках ёсць недахоп апошніх. Цяпер такі падыход актыўна выкарыстоўваецца ў Мінскай вобласці, што дае магчымасць не толькі забяспечыць ураджайнасць, але і сэканоміць сродкі на набыццё мінеральных угнаенняў, забяспечыць парадак на фермах. "Гэты вопыт абавязкова трэба выкарыстоўваць. Усё павінна быць па-гаспадарску", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя даручэнні Кіраўнік дзяржавы даў у частцы вырошчвання кармавых культур, якія неабходны ў жывёлагадоўлі. Яшчэ адно канкрэтнае даручэнне - пад'ём зябліва - узворванне палёў з восені для сяўбы яравых вясной. "У мінулым годзе ўжо, напэўна, пад націскам спрацавалі лепш па пад'ёме зябліва. Трэба паставіць сабе задачу з восені ўсё пераараць. Нельга вясной араць, самі разумееце, нават з пункту гледжання тэхналогіі. Таму трэба, каб з восені ўсё было пераарана. Гэта вопыт мінулых гадоў, тут ніякіх навацый няма, але мы ўсё гэта пачынаем пакрыху забываць. Там, дзе ў гаспадарках гэта не забываюць, там ёсць і ўраджай", - сказаў ён.

Аляксандру Лукашэнку таксама было даложана аб выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці. Старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка праінфармаваў, што па выніках студзеня-сакавіка прагназуецца выкананне ўсіх паказчыкаў. "Ідзе рост па ўсіх паказчыках, і ёсць дынаміка ў параўнанні з першым кварталам мінулага года", - сказаў губернатар.

На адным з палёў Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі новыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі. Асаблівую цікавасць у Прэзідэнта выклікала работа трактара МТЗ на электрычнай цязе. Ён аснашчаны не толькі традыцыйным дызельным рухавіком, але і электратрансмісіяй.

Як далажылі спецыялісты, такая трансмісія зручная ў практычнай рабоце. Аўтаматычна выбіраецца аптымальны рэжым рухавіка з мінімальным расходам паліва і максімальным ККД. Акрамя таго, трактар можа замяніць і электрастанцыю, калі на ферме раптам па нейкіх прычынах адбудуцца перабоі з электраэнергіяй.

Прэзідэнт даручыў дадаткова вывучыць магчымасці гэтага ўзору і перспектыўнасць яго далейшага выкарыстання, а таксама паставіў задачу прааналізаваць, ці магчыма наладзіць вытворчасць дэталей, кампанентаў і вузлоў, якія пакуль імпартуюцца. "Трэба паглядзець. Калі не ставіць задачу, нічога не зробяць. Я ўжо не раз праходзіў гэта ў краіне. Я часта ў якасці прыкладу "Паланэз" (рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) "Паланэз". - Заўвага) прыводжу. Зрабілі. Усё можам. Варушыцца трэба", - сказаў ён.


У якасці эксперыментальнай пляцоўкі для новага трактара Прэзідэнт мае намер выкарыстоўваць і сваю прысядзібную гаспадарку.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі пракаменціраваў бурную рэакцыю з розных бакоў наконт яго заяў аб выбарах ва Украіне, якія ён зрабіў напярэдадні ў інтэрв'ю турэцкаму агенцтву "Анадолу".

"Я сказаў тое, што думаю. Калі ты не ведаеш, за каго галасаваць, - не галасуй. Навошта ты галасуеш, навошта рызыкуеш?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Не, ён (кажуць. - Заўвага) Парашэнку падтрымлівае. Як быццам Парашэнка ў мяне сябар, а Зяленскі вораг", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у тым ліку і ў Расіі Зяленскага "дубасяць", успамінаюць яго акцёрскую прафесію. "А што, акцёр не можа быць Прэзідэнтам?" - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы. У гэтым плане ён прывёў прыклад Рональда Рэйгана, які выбіраўся Прэзідэнтам ЗША.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ва Украіне прыняцце многіх рашэнняў залежыць ад адабрэння парламента. "Парашэнку ўдавалася дамовіцца, была свая фракцыя. Ну, стане там Пятроў, Зяленскі, Сідараў (Прэзідэнтам. - Заўвага) - усё вырашыцца на парламенцкіх выбарах", - сказаў беларускі лідар.

Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь