Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 16

Развіццё ў Беларусі вытворчасці і экспарту прадукцыі малочнай і жывёлагадоўчай галіны ў цэлым, гатоўнасць да веснавых палявых работ, а таксама перспектывы рыбагаспадарчай дзейнасці былі ў цэнтры ўвагі 30 сакавіка ў час рабочай паездкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс "Вязанка", які адносіцца да агракамбіната "Дзяржынскі". Прэзідэнт тут азнаёміўся з прымяненнем сучасных высокаэфектыўных тэхналогій пры вытворчасці малака. Планы па будаўніцтве такога комплексу былі агучаны яшчэ некалькі гадоў таму ў час адной з рабочых паездак Аляксандра Лукашэнкі, а на гэты раз быў прадстаўлены завершаны праект, пры стварэнні якога ў тым ліку выкарыстоўваўся перадавы сусветны вопыт.

Прэзідэнту расказалі аб аўтаматызацыі многіх працэсаў, якія далі магчымасць удасканаліць сістэму вытворчасці малака на прамысловай аснове. Пры гэтым размешчаная там жа лабараторыя дазваляе пракантраляваць і гарантаваць высокую якасць прадукту. Так, усё рэалізаванае з МТК малако ў 2017-м і мінулым перыядзе 2018 года мела сорт "экстра".

Новыя тэхналогіі даюць магчымасць значна палепшыць умовы ўтрымання жывёл і прадухіліць іх захворванні. Акрамя таго, такім чынам ствараюцца прывабныя ўмовы для работы спецыялістаў у сельскай мясцовасці - сярэдняя зарплата на малочнатаварным комплексе складае больш як Br1 тыс.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з работай комплексу і даў яму высокую ацэнку, у тым ліку адзначыўшы прымальны кошт, які складае амаль $6,5 млн. Пры гэтым тэрмін акупнасці, як чакаецца, складзе 6 гадоў. "Такія комплексы і трэба. Гэта цудоўны праект. Любы банк будзе такі фінансаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання комплексу чакана ўзнікла і тэма паставак беларускай прадукцыі за мяжу і праблемы ў гэтым плане на расійскім напрамку. Тым больш, што сёння стала вядома аб тым, што Рассельгаснагляд з 31 сакавіка забараняе пастаўкі з шэрага беларускіх прадпрыемстваў. У іх ліку прадукцыя кампаніі "Малако" (вытворчы цэх у г.п.Шуміліна), ААТ "Здравушка мілк", Шчучынскага масласырзавода. Пры гэтым расійскае ведамства не тлумачыць ніякіх канкрэтных прычын для такіх дзеянняў. Было выказана меркаванне, што гэта ў тым ліку звязана з пастаўкамі ў Расію вялікіх аб'ёмаў сухога малака з іншых краін, у прыватнасці, з Новай Зеландыі. Пастаўляемыя дадаткова аб'ёмы беларускай прадукцыі, адпаведна, садзейнічаюць зніжэнню цэн на расійскім рынку. Акрамя таго, профільныя ведамствы Беларусі і Расіі ўсё яшчэ прадаўжаюць перагаворы адносна балансаў па пастаўках у бягучым годзе малочнай прадукцыі.

"Што датычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся з Прэзідэнтам (Расіі) пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы. Таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Яны завезлі, нехта адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць. Таму што ўсюды адкаты. А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расіян. Мы ім дрэннага нічога не вязём. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расіі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта размова таксама ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці агракамбіната ў цэлым, Дзяржынскага раёна і Мінскай вобласці, рабоце жывёлагадоўчай галіны.

Што датычыцца гатоўнасці да веснавых палявых работ, Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што якіх-небудзь вялікіх і невырашальных праблем у гэтым плане няма. Забяспечана высокая гатоўнасць тэхнікі, ёсць запасы мінеральных угнаенняў, вырашаюцца пытанні па прыцягненні механізатараў і забяспечанасці сельгаспрадпрыемстваў палівам на актыўную фазу работ.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ходам выканання раней намечаных планаў па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў, падкрэсліўшы, што ў гэтай пяцігодцы ўсё павінна быць завершана. Ён нагадаў аб даручэнні па будаўніцтве сянажных траншэй для забеспячэння захаванасці кармоў. Работу па гэтым напрамку Прэзідэнту паабяцалі завяршыць ужо ў гэтым годзе да ўборкі кукурузы. "Ніякіх курганоў. Кармы павінны захоўвацца ў нармальных умовах. Мы страчваем вялікія грошы, а гэта ўплывае на сабекошт прадукцыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў Дзяржынскім раёне таксама наведаў аквакультурную гаспадарку Admiral Husso ЗАТ "ДГ-Цэнтр", дзе яму далажылі аб выкананні даручэнняў па арганізацыі вытворчасці ў Беларусі каштоўных парод рыб. Ён азнаёміўся з тэхналогіяй вытворчасці чорнай ікры і асятрыны.

Прэзідэнту падрабязна расказалі аб тэхналагічных працэсах і нюансах развядзення рыбы і атрымання ікры, рабоце прадпрыемства і планах па далейшым развіцці. Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста прадэгуставаў прадукцыю і ацаніў яе якасць.

Цэх па развядзенні рыбы асятровых парод у сістэме ўстаноўкі замкнутага водазабеспячэння быў адкрыты ў горадзе Фаніпалі Дзяржынскага раёна ў пачатку 2016 года. Геаграфія экспарту прадпрыемства ўжо ўключае каля дзясятка краін, у тым ліку Расію, Казахстан, Арменію, Шры-Ланку, Славакію, Латвію, Італію, Германію.

Размова ішла аб пашырэнні вытворчасці і пераліку выпускаемай прадукцыі. У прыватнасці, магчыма арганізацыя яшчэ некалькіх такіх вытворчасцей, у тым ліку з выпускам чырвонай ікры. Ураду і мясцовым органам улады даручана падабраць для патрэб далейшага развіцця рыбаводства вадаёмы і невыкарыстоўваемыя магутнасці.

Абмяркоўвалася і пытанне прадастаўлення ў арэнду вадаёмаў для развядзення і лоўлі рыбы. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым асабліва падкрэсліў, каб тым самым не стваралі праблем для насельніцтва той ці іншай мясцовасці, дзе людзі, напрыклад, прывыклі адпачываць і купацца ў канкрэтных вадаёмах.