Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 8

Сродкі на падтрымку пажылых людзей і дзяцей павінны расходавацца максімальна эфектыўна. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 30 снежня, наведваючы ў Стаўбцоўскім раёне Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

Прэзідэнту далажылі аб развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у рэспубліцы, розных формах работы ў гэтай сферы. "Вядома, добра, што ёсць розныя формы падтрымкі старых людзей. Але трэба падумаць над тым, каб неяк сістэматызаваць тое, што ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Малашкі.

"Дзяржава павінна падтрымліваць старых і дзяцей. Гэтым і вызначаецца сацыяльная дзяржава. Але ў гэтым плане павінна быць аптымальная сістэма і структура, каб больш сродкаў ішло непасрэдна на старых і дзяцей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у дабрачыннасці, падтрымцы пажылых людзей і дзяцей павінен больш актыўна ўдзельнічаць і бізнес. У гэтым пытанні ёсць станоўчы замежны вопыт. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць адпаведныя напрамкі і ў Беларусі. "Калі ты багаты чалавек, калі ў цябе мінімум мільён долараў у год даходу, чаму ты не можаш займацца гэтай дабрачыннасцю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прадумайце гэта пытанне. Можа, і абавязалаўкі нам не трэба ўводзіць. Проста папрасіць людзей, сарыентаваць іх на гэта, і людзі будуць пакрыху даваць гэтыя грошы. Самі ж будуць старымі. І не факт, што шмат грошай да такога ўзросту застанецца".

Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога пажылым людзям і дзецям не павінна быць эпізадычнай, па нейкіх асобных падставах ці святах, але павінна праводзіцца на пастаяннай аснове.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з умовамі пражывання, арганізацыяй вольнага часу, лячэння і рэабілітацыі ветэранаў. Ён таксама агледзеў выстаўку вырабаў ручной работы, дзе былі прадстаўлены сувеніры з саломкі, вышытыя і карункавыя рушнікі. Прэзідэнт выказаў меркаванне, што пажылыя людзі павінны перадаваць моладзі сакрэты майстэрства народных промыслаў. Акрамя таго, ён даручыў прапрацаваць пытанне, каб выкананыя на такім высокім узроўні вырабы можна было рэалізоўваць на продаж.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з пражываючымі ў доме-інтэрнаце прайшла за чаяпіццем у цёплай і душэўнай атмасферы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо стала добрай традыцыяй перад Новым годам наведваць дзяцей і пажылых людзей. "Я зрабіў вывад, што трэба яшчэ часцей бываць у такіх дамах, а таксама ў вёсках і гарадах. З аднаго боку кажуць, што маўляў, дрэнна, калі рыхтуюцца, ведаючы аб прыездзе начальства, а з іншага - калі часцей бываць, дык за некалькі гадоў можна ўсё прывесці ў парадак", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы шчыра цікавіўся тым, як жывуць ветэраны, чым займаюцца. Як аказалася, людзі ў доме-інтэрнаце вядуць звычайнае жыццё - глядзяць навіны па тэлевізары, сочаць за падзеямі ў свеце і краіне, за рашэннямі, якія прымае Прэзідэнт, а таксама наведваюць розныя гурткі па інтарэсах. Сярод жыльцоў дома-інтэрната людзі розных прафесій. Нехта ў мінулым будаваў атамную станцыю, нехта быў лётчыкам, нехта бухгалтарам. Душэўныя ўспаміны, песні маладосці, слёзы на вачах, словы ўдзячнасці - усё гэта было на сустрэчы, якая, напэўна, запомніцца кожнаму на ўсё жыццё.

Тэмы размовы таксама былі рознымі - ад палітыкі, ацэнкі сітуацыі ў краіне да асабістых успамінаў. Усе гэтыя людзі добра ведаюць цану міру, паколькі многія прайшлі праз ваеннае ліхалецце, голад, разруху. Таму яны так удзячны за мірнае жыццё, спакойную старасць і тыя намаганні, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні для падтрымкі пажылых людзей.

Аб тым, што жыццё ў такіх дамах-інтэрнатах ідзе ў звычайным рэчышчы, сведчыць і той факт, што ў хуткім часе двое яго жыхароў маюць намер пажаніцца. Даведаўшыся аб гэтым, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што нейкім чынам паўдзельнічае ў гэтай падзеі.

Ветэранам ад імя Прэзідэнта былі перададзены падарункі і святочныя тарты.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанні журналістаў. Галоўнай падзеяй адыходзячага 2016 года Аляксандр Лукашэнка лічыць той факт, што розныя ўзрушэнні і няшчасці мінулі Беларусь. Ён таксама адзначыў у якасці важнай падзеі і тое, што ў гэтым годзе ў Беларусі нарадзілася больш дзяцей, чым у папярэднія гады суверэннай гісторыі краіны. "І мы перавысілі ўжо смяротнасць. Значыць, мы прыбаўляем", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сацыяльныя пытанні заўсёды былі, ёсць і будуць у цэнтры ўвагі. "У любой дзяржаве, а мы дэкларуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву, дзяржаву для народа, галоўнае - гэта людзі. Усе гэтыя, як я часта кажу, гайкі, балты, эканоміка тады нечага каштуюць, калі гэта робіцца дзеля людзей. Калі робіцца не для людзей, то не патрэбна і такая эканоміка, і не трэба такая дзяржава народу. Таму - усё дзеля людзей".

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што Год навукі ў Беларусі пройдзе больш плённа, чым адыходзячы Год культуры. Ён растлумачыў, што калі, напрыклад, аб'яўляецца Год культуры, то ўсе разлічваюць, што ў такі перыяд у гэтай галіне павінны быць нейкія дасягненні, здзейсніцца штосьці вялікае. "Можа, я займаўся больш іншымі праблемамі, але выдатнага нічога ўспомніць не магу. Для культуры гэта быў звычайны год", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пацікавіліся журналісты і тым, ці ёсць падарунак, які сам Прэзідэнт хацеў бы атрымаць у Новым годзе. "Так, ёсць - гэта $500 у сярэднім (сярэдняя зарплата па краіне). Гэта быў бы для мяне падарунак, я аб гэтым мару".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што для дасягнення названай мэты трэба прыкласці каласальныя, неймаверныя намаганні. "Хто ў гэта не верыць - мне шкада. Хто павінен гэта зрабіць, але не хоча - з імі мы расстанемся. Чаго б нам гэта ні каштавала, мы будзем ісці да такой мэты", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.