Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

22 снежня 2016 года
Рабочая паездка ў Мінскую вобласць
глядзіце таксама: фота
22 снежня 2016 года
Рабочая паездка ў Мінскую вобласць 9 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве МКАД-2, рэканструкцыі трасы на ўчастку Астрашыцкі гарадок - Курган Славы (Р80) і перспектывах развіцця транспартнай інфраструктуры Беларусі.

Было адзначана, што айчынныя арганізацыі, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, выконваюць работы якасна і нядорага, таму могуць паспяхова ўдзельнічаць у міжнародных конкурсах на правядзенне будаўнічых работ. Ужо цяпер вопыт беларускіх спецыялістаў запатрабаваны ў Расіі, Казахстане, прапрацоўваецца рэалізацыя шэрага праектаў ва Украіне.

Знаёмячыся з праведзенай работай, Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам вялікая ўвага ўдзяляецца будаўніцтву вялікіх магістралей, але нельга забываць і пра дарогі мясцовага значэння. "Робячы ўпор на гэтых асноўных артэрыях (ад гэтага нікуды не дзенешся, іх трэба было аднаўляць), мы сапраўды ўпусцілі дарогі мясцовага значэння, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У бліжэйшыя месяцы мы збяромся, абмяркуем і прымем рашэнне, як будзем іх аднаўляць. Кожны аграгарадок (а іх каля 2 тысяч) павінен быць злучаны з раённым цэнтрам. Ад раённых цэнтраў да абласных у нас больш-менш нядрэнныя дарогі, але іх таксама дзе-нідзе трэба прыводзіць у парадак".

Разглядаецца варыянт, што грашовыя сродкі для рамонту дарог прадаставіць адзін з банкаў. Вяртаць крэдыт будуць за кошт дзяржаўнай пошліны, якую плацяць грамадзяне за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. "Хутчэй за ўсё, мы не будзем распыляць гэтыя сродкі па раёнах. У кожнай вобласці вызначым дарогі, якія будзем аднаўляць і прыводзіць у парадак. Мы павінны губернатарам аддаць гэтыя грошы на канкрэтную дарогу пад іх строгую адказнасць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Пакуль рашэнне не прынята, будзем разглядаць розныя варыянты. Але рашэнне прымем у бліжэйшы час".

Абмяркоўваліся таксама перспектывы развіцця аўтадарогі Брэст - Гомель, якая стане часткай міжнароднага транспартнага маршруту Еўропа - Заходні Кітай (праект "Мерыдыян").

У час рабочай паездкі Прэзідэнт паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за праведзеную работу і адзначыў, што траса атрымалася прыгожая і надзейная. "Пройдзе шмат гадоў, і мы будзем ганарыцца тым, што пабудавалі такую дарогу", - заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца дарожна-будаўнічых работ на гродзенскім напрамку, якія фінансуе Сусветны банк, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты праект выгадны для Беларусі. "Я вельмі хацеў, каб Сусветны банк прафінансаваў гэту дарогу. Вядома, яны пазычаюць грошы, але грошы недарагія - гэта нам выгадна. Але для мяне было важна захаваць працоўныя калектывы і каб нашы будаўнічыя трэсты атрымалі работу. Работу за гэтыя еўрапейскія або сусветныя грошы. Малайцы, выйгралі конкурс. Але, калі б мы не пабудавалі гэту дарогу, мы не мелі б гэтага падраду. А цяпер мы і заказчыкі, і падрадчыкі, таму што ў нас ёсць вопыт у будаўніцтве. На ўзроўні Сусветнага банка прызналі, што мы будуем дарогу ў два-тры разы танней, чым нашы суседзі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы Прэзідэнта з прадстаўнікамі працоўных калектываў прагучала меркаванне, што да будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск неабходна падключыць беларускіх будаўнікоў. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэту ідэю і выказаў упэўненасць, што айчынныя арганізацыі справяцца з гэтай работай сваімі сіламі. "Мы павінны пабудаваць узлётна-пасадачную паласу. Калі вы берацеся за гэта, размяркоўвайце падрад - толькі мы павінны пабудаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Што за праблема? Там, па-мойму, слой не 40 см, а 80 см. Няхай метр. Што мы не ўкладзём бетон? Укладзём. Тым больш, калі вы аб гэтым сказалі. Значыць, вы ўжо гатовы да таго, каб пабудаваць гэту паласу".

Затым Прэзідэнт праехаў па ўчастку трасы на сучаснай мадэлі гарадскога аўтобуса вытворчасці МАЗ, азнаёміўся з тэхнічнымі характарыстыкамі і добраўпарадкаваннем другой Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб размяшчэнні інвестыцыйных участкаў і аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу ўздоўж другой кальцавой аўтадарогі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на развіццё і добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый. Паводле яго слоў, аб'екты, якія будуюцца, павінны адпавядаць статусу аўтадарог міжнароднага значэння.

Тэгі: Паездкі
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь