Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 6

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка абяцае далейшую падтрымку развіццю фермерства ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 29 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

У Лагойскім раёне Прэзідэнт наведаў фермерскую гаспадарку "Цнянскія экапрадукты", якая дабілася высокіх вытворчых вынікаў і актыўна развіваецца. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў справе аднаўлення нерэнтабельных або маларэнтабельных сельгаспрадпрыемстваў трэба ў тым ліку арыентавацца на фермераў.

"У нас трэць або чвэрць гаспадарак, з якімі вы (дзяржаўныя ўласнікі) не спраўляецеся. Дык трэба шырэй выкарыстоўваць фермераў. Але гэта не павінна быць бяздумна. У дзяржавы заўсёды павінна быць цвёрдая падушка бяспекі, - заявіў Прэзідэнт. - У нас ёсць добрыя фермеры, якія сябе зарэкамендавалі. Хочуць - аддайце лепш ім. І не спяшайцеся аддаваць іншаземцам. А калі аддаяце, то жалезабетонна пад умовы. Вёска ў нас выходзіць на нармальны ўзровень развіцця. Не страцьце кіравання ў сельскай гаспадарцы".

Ацэньваючы дасягнутыя ў фермерскай гаспадарцы вынікі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў выключную важнасць наяўнасці дасведчанага кіраўніка, які можа належным чынам арганізаваць рабочы працэс. Прэзідэнт у сувязі з гэтым патрабуе больш актыўна выкарыстоўваць вопыт такіх людзей для падрыхтоўкі перспектыўных кіруючых кадраў. "Калі няма кіраўніка - ніколі не будзе гаспадаркі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Дайце мне сотню рэвалюцыянераў, і мы перавернем Беларусь. Ёсць нармальныя людзі, і ім трэба аддаваць зямлю. Няхай працуюць".

"Трэба падумаць пра пэўны холдынг, некалькі гаспадарак. Лічу, адсюль ужо 2-3 чалавекі кіраўнікоў знойдзецца. Калі гатовы паўтарыць у іншых гаспадарках тое, што ёсць, - скажы", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка фермерскай гаспадаркі Уладзіміра Адамовіча.

"Не трэба гэтага баяцца. Ён можа ўзяць тры-чатыры, можа, пяць гаспадарак. Нават у розных абласцях. Калі ў яго ёсць жаданне і грошы. Галоўнае, каб былі такія кіраўнікі, якія ведаюць і мінулае, і сучаснае", - упэўнены беларускі лідар.

Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на неабходнасці падтрымкі мясцовага насельніцтва з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, незалежна ад формы ўласнасці. У перспектыве дзяржава будзе падтрыміваць як прыватнікаў, так і дзяржаўнікаў выключна зыходзячы з гэтага фактару.

Прэзідэнту далажылі аб рэалізацыі інвестпраекта па пашырэнні сельгасвытворчасці і інвесціраванні ў развіццё ААТ "Косіна". У 2015 годзе са згоды Кіраўніка дзяржавы акцыі ААТ "Косіна" былі бязвыплатна перададзены з уласнасці Лагойскага раёна ва ўласнасць СФГ "Цнянскія экапрадукты", заключаны адпаведны інвестыцыйны дагавор. Усе дамоўленасці паспяхова выконваюцца, гаспадарка ўстойліва працуе, развіваецца, стварае новыя рабочыя месцы.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі, даручыўшы нарасціць яе тэмпы. "Пара выходзіць на намалот пад 500 тыс. т у дзень. Каб за два - два з палавінай дні мы мільён малацілі", - сказаў Прэзідэнт.

"Пайшла ўжо масавая ўборка. На сённяшні дзень убрана больш за 30 працэнтаў збожжа. Намалочана 2 млн 330 тыс. т, - далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. - За ўчарашні дзень намалацілі прыкладна 340 тыс. т".

У час рабочай паездкі таксама абмяркоўваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, вытворчасць асобных відаў сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўка кармоў, выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па развіцці вытворчасцей цукру і шэраг іншых пытанняў у сферы эфектыўнага гаспадарання на зямлі.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў безумоўнай рэалізацыі даручэнняў па набыцці гаспадаркамі прэс-падборшчыкаў. Прэзідэнту прадэманстравалі ў палявых умовах адпаведную тэхніку айчыннай вытворчасці, якая мае вельмі шырокі дыяпазон прымянення.

Не абышлося і без шэрага крытычных заўваг. У прыватнасці, Прэзідэнт указаў на залішнія траты сродкаў на бягучы рамонт аўтадарог. "Вы цяпер зноў пачалі ўкладваць асфальт на кальцавой дарозе. Мала таго, што вы пробкі там арганізавалі, людзям не праехаць (вы ж не можаце працаваць, калі меншы паток транспарту)... Даўно пара паглядзець, куды мы бюджэтныя грошы ўкладваем, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я еду па той трасе. Яна яшчэ больш-менш нармальная. Можа, калісьці яе і трэба перакласці. Але ў нас жа ўсё па плане. Запланавана праз сем гадоў яе перакласці, і, якая б яна ні была, усё роўна яе перакладуць".