Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 20
Лясная галіна - гэта другі важны напрамак для Беларусі пасля сельскай гаспадаркі. Аб гэтым заявіў 26 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Казырскага лясніцтва Лагойскага лясгаса ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць наяўнасці такога ляснога рэсурсу ў Беларусі. "Сельская гаспадарка і лясныя ўгоддзі - гэта наш вельмі вялікі рэсурс, які мы павінны выкарыстоўваць. Фінляндыя на гэтым сваю эканоміку пабудавала", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Лес - гэта наш рэсурс. Давайце на гэты рэсурс абапірацца і штосьці рабіць. Па вёсцы сёння праблем няма? Не. Пасеялі, і ніхто нават не заўважыў. Гэтак жа і ўбіраем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што міністру лясной гаспадаркі прадастаўлены ўсе неабходныя паўнамоцтвы. "Па лесе якія сёння праблемы? Усё, што прасілі па тэхніцы, у вас ёсць. Людзі працуюць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Толькі парадак трэба навесці ў лесе. Улада яму перададзена поўнасцю. Лес - гэта тваё. Не важна - прыватныя гэта ўгоддзі або паляўнічыя".

Прэзідэнт азнаёміўся з тым, як вядуцца работы па нарыхтоўцы лесу ў Лагойскім лясгасе, якая тэхніка прымяняецца для гэтага.

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму выкарыстання спецыяльнай тэхнікі ў лясгасах, якія закрануты радыеактыўным забруджваннем. Як далажыў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч, ва ўсіх лясгасах Гомельскай і Магілёўскай абласцей прысутнічае гэта тэхніка, яна ёсць ва ўсіх 47 лясгасах, якія заражаны. Ён таксама адзначыў, што ў гэтых раёнах толькі 2 % заражанай драўніны, а астатняя прыдатная для работы.

Усяго ў Беларусі 97 лясгасаў. Міністр пацвердзіў, што ў краіне дастаткова лясных рэсурсаў, каб забяспечыць вытворцаў неабходным аб'ёмам драўніны. Міхаіл Амельяновіч адзначыў, што раней былі спрэчкі аб тым, што выкарыстоўваць для нарыхтоўкі лесу: бензапілы або маніпуляцыйную тэхніку. У выніку быў выбраны другі варыянт, які аказаўся правільным, - павысілася эфектыўнасць лесанарыхтовак.

Міністр лясной гаспадаркі далажыў Кіраўніку дзяржавы, што асноўныя прычыны пажараў у лясах цяпер - гэта выпальванне сухой травы і трансгранічныя пажары, якія "перакідваюцца" на беларускую тэрыторыю з іншых краін. "Вельмі шмат пажараў было ў гэтым годзе з Расіі і Украіны", - удакладніў міністр.

Акрамя гэтага Прэзідэнту Беларусі далажылі аб выкарыстанні такой тэхнічнай навінкі, як спецыяльныя камеры, што выкарыстоўваюцца ў лесе для фіксацыі парушэнняў, напрыклад, звалкі смецця. У некаторых рэгіёнах Беларусі гэта тэхнічная навінка паказала ўжо сваю эфектыўнасць.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць высаджвання лесапаласы ўздоўж аўтадарог, як гэта рабілася раней.

"На ўсе высокія адкосы трэба пасадзіць сасну, і няхай яна расце ўздоўж дарогі. Гэта ўсё роўна эканомія. Не трэба даглядаць гэту паласу. А так пустазелле расце - два разы ў год хочаш не хочаш яго трэба касіць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней такія лесапалосы высаджваліся ўздоўж аўтадарог, але потым некаторыя з іх высякаліся.
 
Закранута была таксама тэма перапрацоўкі адходаў лясной вытворчасці.

"Вось вы гаворыце, што шчэпкі дзяваць няма куды. Давайце вырашым, што будзем рабіць са шчэпкамі, калі рынак прасеў. Гэта мы павінны зрабіць як мага хутчэй. Начэрцім кожнаму губернатару, колькі ён павінен пабудаваць катлоў, дзе ён пабудуе гэтыя катлы, каб спаліць 1,5 млн куб.м шчэпак. Вось адзіны недахоп, які мы павінны вырашыць. Гэта дрэнна, што мы губім дабро", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным прапрацаваць аптымальны варыянт забеспячэння кацельняў аграгарадкоў мясцовым палівам. "Прапрацуйце і пакажыце мне аптымальны для нас варыянт - як круглы год забяспечыць аграгарадок мясцовым палівам, які патрэбны кацёл", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што вызначыцца трэба не пазней за канец гэтага года. "Калі гэта будзе зроблена ў жніўні - гэта яшчэ лепш. Або ў верасні, паглядзім", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.