Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 15
  • 3:59
Паспяховая работа ў Беларусі швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" з'яўляецца пацвярджэннем спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў краіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця завода "Штадлер Мінск" у Фаніпалі Дзяржынскага раёна.

"Сёння ў нас знамянальная падзея - адкрыццё новай, унікальнай для Беларусі вытворчасці сучасных электрапаяздоў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ўсяго два гады таму, 4 кастрычніка 2012 года, на гэтым месцы была закладзена сімвалічная капсула ў фундамент будучага завода, а цяпер тут ужо дзейнічае прадпрыемства.

На думку Прэзідэнта, такі вынік зладжанай работы будаўнікоў, інжынераў, спецыялістаў і кіраўніцтва кампаніі "Штадлер" заслугоўвае высокай ацэнкі. Паколькі ад ідэі і да яе ажыццяўлення - аптымальны тэрмін. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, гэта добры прыклад для пераймання і для іншых інвестыцыйных праектаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама важнасць таго, што запланаваныя да вытворчасці на прадпрыемстве "Штадлер Мінск" электрапаязды заваявалі добрую рэпутацыю ў Беларусі і выйшлі на рынак пасажырскіх перавозак Масквы. Інтарэс да прадукцыі новага прадпрыемства праяўляюць і іншыя краіны СНД.

Прэзідэнт падкрэсліў, што адкрыццё ў Фаніпалі завода "Штадлер Мінск" мае асаблівае значэнне. "Па-першае, ён умацоўвае экспартны патэнцыял краіны, па-другое, адыграе і сацыяльную ролю - дапаможа ўдыхнуць новае жыццё ў Фаніпаль, які павінен стаць адным з гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Тут будзе не спальны раён, а цэнтр машынабудавання з добра развітой інфраструктурай, дзе людзям будзе зручна жыць і працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены ў далейшым пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі і рэалізацыі перспектыўных інвестыцыйных праектаў. На яго думку, паспяховая работа "Штадлер Рэйл Груп" у Беларусі паслужыць прыкладам для прыходу сюды іншых кампаній. У тым ліку і тых, якія прадстаўляюць прысутныя на гэтай сустрэчы госці. "У нас ёсць шмат перспектыўных інвестыцыйных праектаў, якія мы зацікаўлены рэалізаваць з удзелам замежнага капіталу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму заўсёды гатовы да абмеркавання любых ініцыятыў і прапаноў, што дадуць магчымасць умацаваць эканоміку нашай дзяржавы, стварыць у краіне сучасныя высокатэхналагічныя вытворчасці, інфраструктуру і новыя высокааплатныя рабочыя месцы".

Віншуючы прысутных з адкрыццём і пачаткам работы завода "Штадлер Мінск", Прэзідэнт падкрэсліў: "Якасць і рэпутацыя беларускіх электрапаяздоў павінны быць на самым высокім узроўні, каб мы маглі ганарыцца імі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што быў ініцыятарам стварэння гэтага высокатэхналагічнага прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што новы завод - гэта прамыя інвестыцыі, укладзеныя замежным прадпрыемствам, якое прыйшло ў Беларусь са сваімі тэхналогіямі, сваім рынкам збыту і гатова шукаць новыя рынкі продажаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што абяцаў кіраўніку швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэру Шпулеру, што ў Беларусі будзе ўдзяляцца належная ўвага развіццю гэтай кампаніі. "Як бачыце, сваё слова кіраўніцтва краіны і Прэзідэнт стрымалі. Цяпер чакаю, што кіраўніцтва швейцарскай кампаніі і створанага ў Беларусі завода стрымае сваё слова і выканае абяцанае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. А было абяцана, удакладніў Кіраўнік дзяржавы, што з будаўніцтвам завода па выпуску сучасных электрапаяздоў старая пляцоўка "Белкамунмаша" будзе развівацца сямімільнымі крокамі, не застанецца на задворках новага прадпрыемства, а будзе такой жа высокатэхналагічнай вытворчасцю, як "Штадлер Мінск".

Прэзідэнт Беларусі са шкадаваннем адзначыў, што атрымлівае крыху іншую інфармацыю. Ён запатрабаваў, каб да новага года былі прыняты ўсе неабходныя меры з боку як беларускага ўрада, так і "Штадлер Мінск", Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама, каб на "Белкамунмашы" было створана сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства. Прэзідэнт даручыў КДК узяць гэта даручэнне на кантроль, а Адміністрацыі Прэзідэнта ўдзяліць належную ўвагу гэтаму пытанню.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Прэзідэнт азнаёміўся з новай вытворчасцю сучасных электрапаяздоў, а потым адказаў на пытанні замежных і беларускіх журналістаў, якія датычацца як далейшага развіцця Фаніпаля, так і перспектыў супрацоўніцтва Беларусі з еўрапейскімі партнёрамі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі прэферэнцыі будуць прадастаўляцца толькі падобным прадпрыемствам сусветнага ўзроўню.

"Мы цяпер не плануем і не будуем вытворчасці другараднага ўзроўню, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Навошта нам ствараць прадпрыемствы, якія выпускаюць незапатрабаваную на рынках прадукцыю? А рынкі сёння вельмі моцныя і на іх вялікая канкурэнцыя".

Прэзідэнт растлумачыў, што ў Беларусі для швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" створаны добрыя ўмовы для арганізацыі вытворчасці сучасных электрапаяздоў, паколькі прадукцыя гэтага прадпрыемства, якая вядома высокай якасцю, запатрабавана ва ўсім свеце, у тым ліку на вельмі патрабавальных еўрапейскіх рынках. Цяпер кампанія атрымала вялікі заказ на выпуск прадукцыі для Масквы.

"Мы ствараем умовы, прадастаўляем прэферэнцыі толькі заводам сусветнага ўзроўню, якія ствараюць высокаканкурэнтную прадукцыю. Швейцарская кампанія прыйшла да нас з грашамі, новымі тэхналогіямі, са сваім рынкам, яны ведаюць, куды прадаць сваю прадукцыю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка зноў акцэнтаваў увагу на важнасці далейшага развіцця "Белкамунмаша" - прадпрыемства, на якім усё пачыналася. "Белкамунмаш" - важная для краіны вытворчасць, якая выпускае трамваі, тралейбусы, іншую камунальную тэхніку, што карыстаецца попытам. Прэзідэнт мае намер трымаць у полі свайго зроку пытанне далейшага развіцця гэтага прадпрыемства пад патранатам "Штадлер Мінск".

Як запэўнілі Аляксандра Лукашэнку кіраўнікі швейцарскай кампаніі, яны маюць намер распрацаваць канцэпцыю перспектыў развіцця "Белкамунмаша".

Прэзідэнт таксама заявіў, што Фаніпаль і Дзяржынск стануць гарадамі-спадарожнікамі Мінска і індустрыяльнымі цэнтрамі краіны. "Мы першапачаткова не планавалі, што гэта будуць гарады-спадарожнікі. Але сітуацыя склалася так, што тут створаны новыя вытворчасці, і не толькі "Штадлер Мінск", і яны ператварыліся ў індустрыяльныя цэнтры краіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Журналісты пацікавіліся, ці плануецца дадатковае будаўніцтва жылля ў сувязі з адкрыццём новых прадпрыемстваў. Прэзідэнт адказаў: "Хочаш не хочаш, а жыллё трэба будзе будаваць, і дзяржава ў гэтым адыграе сваю ролю. Але астатняе - за самімі людзьмі і прадпрыемствам. Мы разлічваем і пакуль бачым гэта - зарплаты тут добрыя, і ўпэўнены, што яны будуць расці. Таму што гэта суперсучасная вытворчасць".

Аляксандр Лукашэнка, спаслаўшыся на ацэнку кіраўнікоў швейцарскай кампаніі, падкрэсліў высокі ўзровень кваліфікацыі беларускіх спецыялістаў. Яны хутка і на вельмі высокім узроўні асвоілі работу на новым прадпрыемстве. Адным са стымулаў для замацавання спецыялістаў можа стаць менавіта жыллё. "Я думаю, што кіраўнікі прадпрыемства таксама павінны перажываць за тое, каб утрымаць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Адным са спосабаў вырашэння жыллёвага пытання з'яўляецца арэнднае жыллё. Заключыў дагавор - прадаставілі кватэру. Пакуль чалавек працуе - ён у ёй жыве. Калі звольніўся - арэнднае жыллё трэба вызваліць. Гэта выгадна для кіраўніка любога прадпрыемства, і, дарэчы, гэта вопыт, які добра зарэкамендаваў сябе ў многіх еўрапейскіх краінах", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што, на яго думку, санкцыі Захаду ніяк не паўплываюць на развіццё супрацоўніцтва Еўрасаюз - Беларусь - Еўразійскі эканамічны саюз. "Мы ў пачатку шляху такога трохбаковага супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ў эканоміцы мы ўжо нешта зрабілі, то цяпер, вы заўважылі, ужо і ў палітыцы пачалі пагаворваць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, абмяркоўваючы ўкраінскае пытанне, палітыкі гавораць аб дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС. "У прыватнасці міністры замежных спраў Германіі, Расіі і Беларусі ўжо аб гэтым гавораць. Гэта нармальны фармат. Але гавораць з падачы немцаў. Значыць, ужо і ў палітыцы ЕС ёсць зрухі", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца санкцый, то Аляксандр Лукашэнка лічыць іх анахранізмам. "Вы ведаеце, што не Еўропа была ініцыятарам. Еўропа вельмі многае ад гэтага страчвае. Але, відаць, пакуль вельмі залежыць Еўропа ад іншых цэнтраў сілы", - адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, як бы ні было складана, усё роўна сітуацыя ва Украіне прыйдзе да міру і гэты санкцыйны працэс рана ці позна завершыцца. "Якія б ні былі санкцыі, людзі па той бок на Захадзе, а таксама на Усходзе больш разумныя за тых, хто прымае гэтыя санкцыі, і яны знойдуць шляхі абходу гэтых санкцый, шляхі да супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Бізнес задушыць немагчыма. Сёння аднаго чалавека цяжка ізаляваць, а такія гіганцкія рэгіёны, як Еўразійскі эканамічны саюз, ЕС - гэта глупства, ніколі не ізалюеш", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён дадаў, што вельмі цесныя ўзаемасувязі, нават на ўзроўні адносін паміж людзьмі.

"Настане час, і мы забудзем аб гэтых санкцыях. Але перш чым мы аб іх забудзем, мы іх пераадолеем. Пераадолеюць такія бізнесмены, як Шпулер. Ніхто іх не прымусіць кінуць тут уласныя сродкі, якія яны ўклалі. Ні адзін палітык на гэта не пойдзе, інакш ён не будзе палітыкам, бізнесмены яму не дадуць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не драматызуе сітуацыю ў сувязі з санкцыямі: "Усе гэта, асабліва ў Беларусі, добра ведаюць. Перажыве і Расія, перажывём усе мы разам, вопыт гэты ўжо ёсць", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў час сустрэчы з кіраўніком кампаніі і старшынёй Савета дырэктараў "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам дамовіўся, што ён прапануе і іншым кампаніям прыйсці ў Беларусь. "Ён прабіў вялікую дарогу, па якой могуць пайсці ў Беларусь іншыя бізнесмены Еўропы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі будуць рабіць усё для таго, каб бізнес гэтай швейцарскай кампаніі развіваўся. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цэніць Петэра Шпулера як чалавека слова, які выконвае свае абяцанні. "Згадзіцеся, такіх людзей вельмі мала, асабліва ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў Еўропе і іншых дзяржавах. І мы будзем усяляк яго падтрымліваць", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Мерапрыемства па адкрыцці новай вытворчасці ў Фаніпалі прайшло з удзелам вялікай колькасці замежных інвестараў, зацікаўленых у супрацоўніцтве з Беларуссю.