Рабочая паездка ў Мінскі раён

  • 8
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў з 2015 года вывесці ўзровень лесакарыстання на стандарты перадавых краін, перш за ўсё Фінляндыі. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 19 жніўня ў час наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра.

"Давайце дамовімся так: з наступнага года мы працуем толькі так, як працуюць у Фінляндыі, па тэхналогіі вырошчвання - комплексна. Калі яны гэтага не могуць - яны ў лесе не працуюць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пара гэты разбой у лесе заканчваць!"

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, назначаючы міністрам лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча, ставіў задачу вывучаць вопыт лесакарыстання ў перадавых краінах і пераносіць яго ў Беларусь. "Гэта культура, зрэз, перапрацоўка астаткаў, працэс нарыхтоўкі - усё павінна быць на вышэйшым узроўні, - падкрэсліў Прэзідэнт. - З наступнага года парадак і культура павінны быць толькі такімі!" Кіраўнік дзяржавы дадаў, што да гэтага трэба прыходзіць і ў эканоміцы вядзення лясной гаспадаркі.

"У лесе павінен быць парадак. Гэта наш здабытак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў краіне створана шырокая лінейка лесанарыхтоўчай тэхнікі. Паводле слоў старшыні савета дырэктараў ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга" Аляксандра Шакуціна, выпуск тэхнікі на прадпрыемстве для патрэб лясной гаспадаркі быў пачаты ў 2006 годзе. З таго часу была асвоена вытворчасць 17 мадэлей новых машын. Узровень лакалізацыі складае прыкладна 60%, аднак у бліжэйшыя два гады яго плануецца давесці да 90%. Як адзначыў міністр лясной гаспадаркі, тэхнічнае пераўзбраенне галіны дало магчымасць павялічыць лесанарыхтоўку амаль да 11 млн куб.м драўніны ў 2013 годзе. Прычым з выкарыстаннем шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі нарыхтаваны 34% агульнага аб'ёму нарыхтоўкі.

Аляксандру Лукашэнку была прадэманстравана лінейка тэхнікі "Амкадор". Прэзідэнт у цэлым застаўся задаволены ўбачаным, аднак даручыў павялічваць ступень лакалізацыі.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў прысутных, ці ўсе аб'ёмы драўніны, якія магчыма, перапрацоўваюцца ў краіне. Паводле слоў  Міхаіла Амельяновіча, у 2013 годзе за межы краіны было прададзена нізкасортнай драўніны на $140 млн. У бягучым годзе плануецца рэалізаваць 60 млн штук пасадачнага матэрыялу на Br24 млрд, у тым ліку дэкаратыўнага.

Прэзідэнт звярнуў увагу на мэтазгоднасць таго, каб уся драўніна перапрацоўвалася ў краіне. "Калі табе капіталісты плацяць $150 млн у годза гэты хлам, значыць, ён там патрэбны, і яны атрымліваюць, як мінімум, столькі ж у кішэнь даходаў. Чаму мы не можам атрымаць гэта ў краіне?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Давайце дамовімся: гэты і наступны год вы яшчэ боўтаецеся, а з 2016 года - у вас поўная забарона на пастаўкі драўніны за межы краіны. З 1 студзеня 2016 года вы сыравіну за межы краіны не пастаўляеце! Толькі з высокай дабаўленай вартасцю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што бываюць выключэнні, аднак аб іх неабходна дакладваць яму асабіста і без яго ведама нічога не можа быць прададзена.

Прэзідэнт агледзеў біятэхналагічную лабараторыю, лінію і цяпліцу для вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, цэх перапрацоўкі шышак.