Рабочая паездка ў Мінскі раён

  • 6
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што галоўным складнікам у атрыманні добрага ўраджаю з'яўляецца строгае выкананне тэхналогій і эфектыўная арганізацыя сельгасработ. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 29 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Мінскі раён.

Прэзідэнт наведаў збожжавае поле, што прыналежыць ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка", дзе азнаёміўся з прымяненнем інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання азімага трыцікале. Біялагічная ўраджайнасць гэтага ўчастка складае больш як 107 ц/га, а фактычная пры ўборцы блізкая да 100 ц/га. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, акрамя спрыяльных умоў надвор'я прычына такога поспеху заключаецца ў выкананні ўсіх тэхналагічных аспектаў, пачынаючы з падкормкі і ўнясення ўгнаенняў да своечасовай апрацоўкі ад пустазелля.

Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся ў спецыялістаў-практыкаў падыходамі, што прымяняюцца ў вядзенні сельскай гаспадаркі, работай прадпрыемства, праводзімым тэхпераўзбраеннем.

"Вось так, Сямён Барысавіч (старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра), усё ў тэхналогіі і арганізацыі, а не ў грашах, кантролі, камісіях Мясніковіча. Своечасова зрабіў - атрымаў. Так, могуць паўплываць умовы надвор'я, але галоўнае - гэта тэхналогія", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнту падрабязна далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і Мінскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць правільна выбудоўваць тактыку ўборкі зыходзячы з гатоўнасці тых ці іншых палёў і выспявання культур.

Асобныя даручэнні Прэзідэнта датычыліся аснашчэння беларускіх аграрыяў у наступныя гады сучаснай айчыннай тэхнікай для ўборкі менавіта палёў з высокай ураджайнасцю - 100 ц/га і вышэйшай.

У прымяненні да раслінаводства размова зайшла аб закупцы гаспадаркай неабходных аб'ёмаў насення траў. Як далажылі Прэзідэнту, цэнтралізавана ў рэспубліцы гэтым пытаннем займаецца рэспубліканскае аб'яднанне "Белнасенне", аднак кожная гаспадарка, правёўшы тэндар, можа выбраць іншую фірму-пастаўшчыка, зыходзячы з прапанаванай цаны.

Аляксандр Лукашэнка даручыў праверыць празрыстасць фарміравання цаны пры закупках прадукцыі для патрэб сельскай гаспадаркі. "Разбярыцеся з Камітэтам дзяржкантролю, чаму пастаўляецца насенне (цэнтралізавана), але па тэндары ў пасрэдніка танней. І мне няхай даложаць па гэтых і іншых пытаннях", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"А так атрымаецца, што мы цэнтралізавана штосьці купляем, а потым яшчэ нейкія свае фірмы прыходзяць на тэндар. Не дай бог, калі гэта так. Мы праверым", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць дзіўнай сітуацыю, калі пры цэнтралізаваных вялікіх пастаўках цана атрымліваецца вышэйшая, чым у дробных пасрэднікаў. "Іх не павінна быць. Ты павінен быць манапалістам, калі ўзяўся за цэнтралізацыю. Трэба паглядзець цану на ўсіх этапах, і гэта цана павінна быць самай нізкай", - сказаў беларускі лідар.

 У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама нагадаў аб сваім патрабаванні па правядзенні сур'ёзнай ратацыі кадраў і выяўленні перспектыўных кіраўнікоў. "Я не скрываю і некалькі разоў гаварыў, што настаў час сур'ёзнай ратацыі кадраў. У нас не павінна быць застою, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму калі я прыязджаю на поле, то для мяне не галоўнае ўбачыць, як яго ўбіраюць. Для мяне галоўнае, як працуюць кадры і кіраўнік".

Звяртаючыся да памочніка Прэзідэнта - галоўнага інспектара па Мінскай вобласці Мікалая Корбута, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён павінен выяўляць перспектыўныя кадры, якія ў будучым змогуць заняць розныя адказныя пасады.

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу і на пытанні аптымізацыі кадравай колькасці ў арганізацыях мясцовай вертыкалі ўлады. У прыватнасці, паводле яго слоў, трэба змяніць падыходы ў рабоце спецыялістаў упраўленняў сельскай гаспадаркі, якія павінны на сваім узроўні накіроўваць і дапамагаць у вырашэнні практычных пытанняў, але не падмяняць функцыі кіраўнікоў гаспадарак і іх намеснікаў. "Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі павінен заняць нейкую іншую нішу, - лічыць беларускі лідар. - Але калі ён сказаў, нават не ён, а намеснік - гэта павінна быць зроблена, і каб ніхто не ездзіў і не пераправяраў. Тады будзе і прэстыж дзяржслужбы. Іншага не дадзена".

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, аптымізацыя і скарачэнне штатаў дасць магчымасць узняць як заработную плату, так і прэстыж дзяржслужачых. "Рэформа павінна ісці па ўсіх напрамках", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цэлым не павінна быць вельмі многа кіраўнікоў. Паводле яго слоў, у першую чаргу патрэбны дасведчаныя тэхнолагі - людзі, якія дэталёва ведаюць сваю справу. "Гэта для мяне галоўнае - кадры", - падкрэсліў Прэзідэнт. Была таксама звернута ўвага на неабходнасць пастаяннай работы па павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў раёнаў і гаспадарак, прадастаўлення ім сучасных навуковых методык.