Рабочая паездка ў Мінскі раён

  • 5

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад аграрыяў прыкласці максімум намаганняў, каб як мага лепш убраць вырашчаны ўраджай. Адпаведную задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 1 жніўня ў час азнаямлення з арганізацыяй уборкі збожжавых на палях ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка".

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне ў цэлым, у Мінскай вобласці і раёне, на прадпрыемстве. Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся дынамікай уборкі і сітуацыяй у іншых рэгіёнах.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым годзе з-за гарачага надвор'я ў многіх краінах чакаецца вельмі вялікі недабор збожжа. Так, загінулі збожжавыя ў Германіі і Польшчы, не лепшым чынам складваецца сітуацыя ў Францыі і Іспаніі. У Расіі прагназуюць 25 працэнтаў недабору да ўзроўню мінулага года.

"Вядома, і мы штосьці страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь мілаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся недзе закупляць збожжа. На рынку яно будзе. Але, па-першае, будзе вельмі ў цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра няпростыя ўмовы надвор'я, Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба вельмі ўважліва ставіцца да арганізацыі працы людзей. "Калі будзе такая спёка і духата, можа, у сярэдзіне дня тры-чатыры гадзіны не працаваць. Я паглядзеў, позна ўвечары можна працаваць і раніцай. Трэба паберагчы людзей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на рабоце сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Мінскай вобласці. Прэзідэнта праінфармавалі, што некаторым моцным гаспадаркам не заўсёды хапае ўласных зямель для вытворчасці неабходнай колькасці камбікорму. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне перадачы такім сельгасарганізацыям адстаючых гаспадарак, каб тым самым падцягнуць узровень і іх вытворчасцей.

На збожжавым полі 1-й Мінскай птушкафабрыкі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў не толькі з чыноўнікамі, але і непасрэдна з самімі аграрыямі. Выслухаўшы даклады аб сітуацыі з уборкай, Прэзідэнт накіраваўся да камбайна "Палессе GS12 A1", які на полі сярод іншых убіраў збожжа. У маладога механізатара, які кіраваў машынай, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ўмовамі працы, якасцю даверанай тэхнікі.  Яго запэўнілі, што камбайн працуе выдатна і праблем з ім ніколі не ўзнікала.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў расшырэнне лінейкі беларускай уборачнай тэхнікі ўкладзена нямала намаганняў і сродкаў. У свой час была пастаўлена задача зрабіць айчынны камбайн не горшы за імпартныя аналагі. "Палессе GS12 A1" - адзін з прыкладаў сучасных сельскагаспадарчых машын.

Прэзідэнт нагадаў аб даручэнні стварыць суперкамбайн - над яго распрацоўкай працавалі гомельскія спецыялісты. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы асабіста азнаёміцца з гэтай мадэллю і пачуць ад распрацоўшчыкаў падрабязныя характарыстыкі і магчымасці гэтай тэхнікі. "Гэта таксама наша дасягненне і наша перамога, што мы змаглі ў няпросты час стварыць цэлую лінейку сваіх камбайнаў", - падкрэсліў ён.

На полі  Аляксандр Лукашэнка адказаў таксама на пытанні журналістаў, якія перш за ўсё пацікавіліся ў Прэзідэнта разлікамі на будучы ўраджай.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмовы надвор'я хоць былі і неідэальныя, але і не зусім сапсавалі сітуацыю на палях. "На надвор'е ківаць няма чаго, яно было нядрэннае. Вядома, хацелася, каб вясна была менш засушлівай, асабліва па поўдні, дзе ішло наліванне зерня, не хапала вільгаці, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Але трэба аддаць належнае, што быў першы ўкос траў добры, бо ў нас прайшлі ліўні. Мы нарыхтавалі больш, чым калі-небудзь, сена".

У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, умовы надвор'я былі складаныя не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У многіх раёнах будзе вельмі добры ўраджай, калі яго своечасова ўбраць. "Гэта будзе наступнай тэмай маіх паездак. Нам трэба ўбраць у Магілёве, на поўначы і ў цэнтры Мінскай вобласці і асабліва ў Віцебскай усе пасевы збожжа да зернетка", - сказаў ён.

Паводле папярэдніх разлікаў, у бягучым годзе ўраджай у Беларусі будзе меншы на паўмільёна тон у параўнанні з мінулагоднім. Аднак запасы збожжа ў краіне складаюць 1,5 млн т, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Нам гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі і іншага. Таму тут няма ніякіх пытанняў наконт забяспечанасці насельніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Прэзідэнта таксама спыталі аб яго стаўленні да падтрымкі імпарту прадуктаў харчавання ўзамен развіцця ў краіне сваёй сельскай гаспадаркі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў той факт, што адзін аграрый дае работу сямі-васьмі людзям, паколькі проста ўбраць збожжа недастаткова, каб атрымаць свежаспечаны хлеб або якасны камбікорм. "Калі мы гэта спынім, уявіце: паўкраіны будзе хадзіць без работы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, заўважыў ён, пад сельскую гаспадарку ў многім заточана і прамысловасць Беларусі: ад вытворчасці плугоў да суперкамбайнаў.

"Мы пераканаліся ўжо на практыцы, што гэта ў цэлым нам танней абыходзіцца, чым купляць імпартнае малако, мяса", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён прывёў у прыклад Расію, дзе актыўна ўзяліся за развіццё сваёй сельскай гаспадаркі, нягледзячы на наяўнасць вялікіх рэсурсаў, якія даюць магчымасць імпартаваць неабходную прадукцыю. На думку Кіраўніка дзяржавы, нездарма з'явіўся і сам тэрмін "харчовая бяспека". "Калі ў цябе няма свайго і табе хтосьці пастаўляе, ён у любы момант цябе можа ўзяць за горла. І ўсё - няма незалежнасці, няма суверэнітэту, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Хто не нюхаў гэтага хлеба, той ніколі не зразумее, што трэба мець сваё. Усё трэба мець сваё, на што мы здольныя. Гэта паднімае нацыю, людзей, дае магчымасць ім зарабляць".

З іншага боку, дадаў Прэзідэнт, стаіць пытанне: ці трэба сёння Беларусі вырабляць значна больш сельгаспрадукцыі, чым цяпер. "Мы не будзем фарсіраваць гэта, таму што прадаць цяжка. Вы бачыце, як мы прабіваемся на кітайскі рынак, дыверсіфікуем продажы прадуктаў харчавання па ўсім свеце, каб не залежаць ад аднаго расійскага рынку. Мы ідзём ва ўсе кропкі для таго, каб прадаць тое, што мы сёння вырабляем з лішкам", - канстатаваў беларускі лідар.

Аднак у перспектыве, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, прадукты харчавання будуць запатрабаваны ў свеце ўдвая. "Афрыка паднімаецца, той жа Кітай будзе спажываць нямала. Як толькі ўбачым, што трэба больш, мы павялічым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.