Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

13 ліпеня 2020 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
глядзіце таксама: відэа
13 ліпеня 2020 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
глядзіце таксама: фота
13 ліпеня 2020 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць 20 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня зрабіў рабочую паездку па Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці, планах па будаўніцтве і рэканструкцыі мастоў, развіцці аўтадарожных магістралей, існуючай базе дарожна-будаўнічых арганізацый.

Прэзідэнт заявіў, што ў наступнай пяцігодцы арыентуе на прывядзенне ў парадак дарог мясцовага значэння. "Да абласных цэнтраў мы зрабілі дарогі. Мы вас звязалі з цэнтрам Беларусі. Далей мясцовага значэння дарогі. Цяпер трэба прывесці ў парадак дарогі ад цэнтра вобласці да раённых цэнтраў. Гэта абавязкова мы павінны завяршыць у бліжэйшыя гады пяцігодкі. Далей - трэці ўзровень - ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў. Яны таксама ў асноўным нядрэнныя дарогі, але іх павінны прывесці ў ідэальны стан. Яны павінны быць трывалымі і пажадана бетоннымі. А там мы падхопім ужо неперспектыўныя так званыя вёсачкі (яны ўсё роўна на дарогах) і былыя цэнтры калгасаў - гэта чацвёрты ўзровень. Мы павінны ў наступнай пяцігодцы нешта пабудаваць, а недзе навесці парадак, каб людзі не крыўдзіліся", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Без дарог у нас жыцця няма. Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і транзіт, на якім мы хочам зарабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Яшчэ адно важнае пытанне - меліярацыйныя мерапрыемствы, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Ёсць кавалкі зямлі, якія трэба выратоўваць. Без меліярацыі там нічога не атрымаецца. Меліярацыя - важнейшае пытанне", - сказаў ён.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што некаторы недабор па валавым рэгіянальным прадукце звязаны з работай прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці.

"Літаральна праз тыдзень мы зноў збяромся там, у мяне (у Мінску. - Заўвага), і абмяркуем яшчэ раз пытанне. Ужо больш-менш зразумела, на што мы выйдзем (у пытанні эканамічнага развіцця ў бягучым годзе. - Заўвага). Гэта значыць, калі паставіць задачу Ураду заняцца сваімі прадпрыемствамі, то вы забяспечыце рост на камунальных (у камунальнай уласнасці. - Заўвага)", - адзначыў беларускі лідар.

Што датычыцца дарожнага будаўніцтва, Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка далажыў аб планах па рэканструкцыі трасы па поўдні Беларусі - ад Гомеля да Кобрына. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб работы на гэтай і іншых дарогах вяліся з улікам перспектывы, з будаўніцтвам абходаў гарадоў. "Мы, можа, сэканомім, а потым усё роўна давядзецца абход рабіць. У гарады пажадана не заходзіць", - сказаў ён.

Кіраўніка дзяржавы падрабязна праінфармавалі і аб дарожным будаўніцтве на паўночным напрамку ад сталіцы, у тым ліку ў бок Полацка. "Застанецца ў нас полацкі напрамак. Яго трэба бачыць, вядома. Зыходзячы са сродкаў, якія ў нас будуць, неабходнасці. Але гэта нават не ў галаве трэба трымаць, а прапрацоўваць праект. Каб мы пры нашым жыцці зрабілі полацкі напрамак. Можа, да канца пяцігодкі недзе зачэпімся. Тады ў нас не будзе праблем наогул па дарожнай сетцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Затым беларускі лідар ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў мост цераз раку Сож. Цырымонія прайшла з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый, задзейнічаных ва ўзвядзенні моста, і жыхароў Слаўгарадскага раёна.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівае значэнне моста перш за ўсё для тых, хто пражывае ў Краснапольскім і Слаўгарадскім раёнах Магілёўскай вобласці. Яны чакалі гэтага будаўніцтва некалькі дзесяцігоддзяў, з той пары як яшчэ ў савецкі час з'явілася ідэя ўзвядзення моста, але яе рэалізацыя была адкладзена з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

"Мы цяпер увасобілі яе ў жыццё. Жыхары левабярэжжа спакойна могуць перамяшчацца на правы бераг, не аб'язджаючы праз 120-130 км, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы палепшылі лагістыку, пабудаваўшы гэты мост, зрабілі вам добры падарунак".

Кіраўнік дзяржавы падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб рабоце ў рэгіёне ў той час, калі ён займаў пасаду намесніка дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў у Шклове. Ён расказаў, што часта бываў і ў Слаўгарадзе, добра ведае рэгіён, цэніць працу мясцовых жыхароў, якія сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але змаглі іх пераадолець.

Словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў тым, хто прымаў удзел у будаўніцтве моста, асабліва адзначыўшы іх гаспадарскі падыход да справы: дэманціраваныя фермы моста цераз Сож у Крычаве былі выкарыстаны для ўзвядзення новага моста ў Слаўгарадзе. Магчыма, работы можна было завяршыць хутчэй, але гэта залежала ад фінансавання. На прыкладзе будаўніцтва моста цераз Сож Кіраўнік дзяржавы растлумачыў і ход далейшых рэформ у Беларусі. "Рэформы - вось гэта. Наколькі іх будзе мала або многа, наколькі яны будуць хуткія, залежыць ад грошай. Таму вы не верце таму, хто будзе гаварыць, што з верталёта стане грошы раскідваць і будаваць амаль кожны год па тысячы мастоў. Такога не будзе ніколі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Звяртаючыся да мостабудаўнікоў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшыя тры гады мы такіх і больш складаных мастоў мадэрнізуем і пабудуем 18. Дамовіліся з еўрапейцамі. Гэта ж транзіт, і іх таксама. Каля $130 млн павінны ўкласці ў гэта. Еўрапейскія грошы ёсць. Я папрасіў, каб нашы міністры і члены Урада мелі на ўвазе, што гэтыя грошы павінны застацца ў нас. Вы абавязкова павінны выйграць падрад на будаўніцтва гэтых мастоў. Мы павінны паспаборнічаць з тымі, хто прыйдзе і захоча будаваць. Да гэтага часу мы выйгравалі гэтыя конкурсы".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адна з пераваг будаўніцтва ў Беларусі - гэта сумленны падыход: ніхто нікому не даваў адкаты, не завышаў каштарысны кошт. "Усё было так, як трэба. І мы выйгравалі. Будавалі на Гродна дарогу - гэта вялікая работа была, і будавалі самі", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб неабходнасці больш актыўна выкарыстоўваць у дарожным будаўніцтве бетон, для чаго ў Беларусі ёсць дастаткова матэрыялаў і набыты вопыт.

"У нас вялікая праграма не толькі па аднаўленні гэтых 18 мастоў. У нас мастоў 30-40 маленькіх, якія мы павінны ў парадак прывесці. Таму работы ў маставікоў будзе вельмі многа. І там час не чакае. За наступную пяцігодку мы павінны гэта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "У наступнай пяцігодцы праграма павінна быць рэалізавана. Калі мы рэалізуем праграму па развіцці гэтага рэгіёна, Магілёўская вобласць будзе жыць. Там і інвестыцыі добрыя, і льготы нядрэнныя. І людзі едуць сюды, - сказаў беларускі лідар. - Я буду рабіць усё для таго, каб гэта праграма была рэалізавана. Гэта вельмі важна. Тут можна і трэба жыць".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў у першую чаргу старацца жыць і працаваць на сваёй зямлі. "Мы нідзе нікому не патрэбны. Цяпер канкурэнцыя шалёная. Таму глядзіце на месцы, дзе вы прывыклі, дзе можна нейкі кавалачак зямлі (апрацоўваць. - Заўвага), нейкую фабрыку, завод пабудаваць або займацца індывідуальным прадпрымальніцтвам", - адзначыў Прэзідэнт.

"Глядзіце на сваю зямлю. Калі вы ўмацуецеся тут, то і дзеці вашы атрымаюць фундамент для развіцця. Таму будуйце свой дом тут. Як бы ні складвалася сітуацыя, калі мы працуем, да нечага імкнёмся, Гасподзь заўсёды нас падтрымае", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанне, звязанае з пустуючымі, закінутымі ўчасткамі ў вёсках. "Трэба задзейнічаць мясцовыя закінутыя прысядзібныя ўчасткі, асабліва ў неперспектыўных вёсках (ды і ў аграгарадках, у раённых цэнтрах хапае яшчэ такіх кавалкаў зямлі), і аддаць людзям пад дачы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цікавасць да такіх участкаў і ў цэлым да пражывання за межамі вялікіх гарадоў значна ўзрасла ў перыяд пагаршэння эпідэміялагічнай абстаноўкі. Напрыклад, пад Мінскам свабодных, невыкарыстоўваемых участкаў зямлі практычна не засталося. Цяпер трэба больш актыўна прапаноўваць усім жадаючым набываць пад будаўніцтва дач участкі ў іншых рэгіёнах Беларусі, тым больш іх колькасць дастатковая.

"Гэта будзе такая вялікая сацыяльная праграма, і націск з майго боку будзе моцны, каб мы асвоілі гэтыя кавалкі зямлі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ў час паездкі ў Слаўгарадскі раён таксама наведаў гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Блакітная крыніца".

Перад наведваннем крыніцы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з мясцовымі жыхарамі, якія тут жа гандлююць прадукцыяй уласнай вытворчасці, у тым ліку сырамі, мёдам, вырабамі народных промыслаў. Кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў прадукты харчавання, ацаніў іх смак.

Прэзідэнту ўручылі ў падарунак абярэг - фігурку Дамавіка.

"Што значыць выратавалі вёску, малыя гарады... Калі б загубілі, гэтага хараства не было б. Каштоўнейшыя людзі, якія сваімі рукамі нешта робяць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, паказваючы на прадукцыю народнай творчасці.

Прэзідэнту таксама падарылі на пробу мясцовы мёд. Ён з цікавасцю паразмаўляў з пчалярамі, заўважыўшы, што і сам трымае пчальнік. "Вы робіце вялікую справу. Мы будзем вас усяляк падтрымліваць", - запэўніў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што крыніца - гэта цудоўнае месца. У размове з людзьмі, якія сюды прыехалі, ён успомніў, як прымаў удзел у аднаўленні Трафімавай крыніцы на сваёй малой радзіме.

"Сюды трэба прыязджаць ад пандэміі лячыцца. Мёд пакаштаваў, акунуўся...", - з доляй гумару дадаў беларускі лідар.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь