Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

11 жніўня 2018 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
глядзіце таксама: відэа
11 жніўня 2018 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
глядзіце таксама: фота
11 жніўня 2018 года
Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць 12 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў ААТ "Александрыйскае".

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб рабоце прадпрыемства, яго гаспадарчай дзейнасці, вытворчых і фінансавых паказчыках. Як далажылі Прэзідэнту, работу ААТ "Александрыйскае" ў цэлым можна ахарактарызаваць станоўча, аднак на яе сур'ёзна ўплывае вялікая крэдытная нагрузка. "Трэба на яго прыкладзе выпрацаваць нейкую схему, нейкі парадак пагашэння крэдытаў для такіх гаспадарак, каб яны маглі спакойна жыць, працаваць, развівацца і гасіць крэдыты", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Яго таксама праінфармавалі аб ходзе ўборачных работ у іншых сельскагаспадарчых арганізацыях Шклоўскага раёна і ўсёй Магілёўскай вобласці. Кіраўніку дзяржавы расказалі, што, як паказвае практыка, ураджайнасць беларускіх сартоў збожжавых культур значна вышэйшая за імпартныя. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што сельгасарганізацыям неабходна выкарыстоўваць насенне беларускай селекцыі. На гэта ён звяртаў увагу і раней. "У нас гэтага насення хапае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Не трэба арыентавацца на імпарт. Я колькі разоў гаварыў, што ні адзін наш сапернік, праціўнік і тыя, з кім мы канкурыруем, ніколі не дадуць лепшае. Яны нам будуць падкідваць тое, што не патрэбна ў сябе, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Не думаю, што і мы б ужо размахнуліся некаму даваць насенне, акрамя Расіі - у адрозненне ад іх стаўлення да нас, мы ім добрае насенне заўсёды давалі".

Асобна была разгледжана работа адстаючых прадпрыемстваў, удасканаленне іх дзейнасці і меры, якія неабходна прыняць, каб вывесці іх з крызіснай сітуацыі.
Акрамя таго, Прэзідэнт абмеркаваў з адказнымі службовымі асобамі і спецыялістамі асаблівасці работы аграхолдынга "Купалаўскае", магчымыя варыянты рэарганізацыі вытворчасці.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ўдзяляе пільную ўвагу развіццю сельскай гаспадаркі не толькі таму, што трэба забяспечыць харчовую бяспеку краіны: кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў прыкладае шмат намаганняў для аказання сацыяльнай дапамогі сваім работнікам. "Таму я і абавязаны падтрымліваць, таму што ён корміць, падтрымлівае, абслугоўвае гэтых людзей", - дадаў ён. 

Затым Аляксандр Лукашэнка выпрабаваў беларускі збожжаўборачны камбайн "Палессе GS2124", які за ўнікальныя характарыстыкі паспелі ўжо празваць суперкамбайнам. Аб намеры асабіста паназіраць за работай гэтай тэхнікі ў палявых умовах Кіраўнік дзяржавы заявіў напярэдадні, наведваючы "Гомсельмаш", дзе яму і была прадэманстравана сельгасмашына. Цяпер тры доследныя ўзоры GS2124 праходзяць выпрабаванне на палях Беларусі, у тым ліку ў ААТ "Александрыйскае".

"Гэта камбайны для тых гаспадарак, якія навучыліся рыхтаваць глебу. Калі ледзь-ледзь няроўнасць - усё, ён плыве, ловіць гэтыя няроўнасці, таму што жняярка аўтаматычна рэгулюецца. Таму патрэбны найвышэйшыя тэхналогіі па рабоце з глебай. Але трэба дапрацаваць, гэта сапраўды камбайн будучага", - вынес свой вердыкт Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з работай іншых навінак "Гомсельмаша" - камбайнаў GS3219 і GS19R. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць большай лакалізацыі пры вытворчасці тэхнікі і абучэння механізатараў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны беражліва выкарыстоўваць набываемую тэхніку. Для гэтага камбайнераў і механізатараў трэба накіроўваць на прадпрыемствы, каб яны ведалі, як ствараюцца гэтыя машыны. "Яны ўжо, заплюшчыўшы вочы, будуць уяўляць, што за гэтай абшыўкай знаходзіцца. Гэта вельмі важная рэч, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму трэба хаця б буйныя гаспадаркі, якія ствараюць пагоду ў краіне, за зіму "прапусціць праз канвеер". Гэта невялікія затраты. Гэтак жа на МТЗ трэба, на МАЗе".

Было ўзнята пытанне і аб развіцці пераемнасці сярод камбайнераў. Раней, напрыклад, існавала практыка, калі яны бралі сваіх дзяцей на збожжаўборачныя работы, аднак пасля некалькіх трагічных выпадкаў ад такога фармату абучэння маладога пакалення адмовіліся. Аляксандр Лукашэнка даручыў уважліва прапрацаваць гэтыя пытанні, каб пераемнасць сярод работнікаў сельскагаспадарчага комплексу развівалася больш актыўна і ў той жа час дакладна выконваліся правілы бяспекі. "Уносьце прапановы, каб мы з 1 студзеня запусцілі гэты працэс", - даручыў ён.


Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь