Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 15
Беларусь прайшла вялікі і цяжкі шлях развіцця вёскі, уклаўшы ў яе за апошнія дзесяць гадоў $45 млрд. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з фермерамі ў аграгарадку "Александрыя" Шклоўскага раёна. Кіраўнік дзяржавы 2 мая знаёміўся з ходам веснавых палявых работ у Магілёўскай вобласці.

Паводле слоў Прэзідэнта, ён, з аднаго боку, даўно рыхтаваўся да гэтай сустрэчы. З другога боку, яна своеасаблівая і незвычайная - у раён не пасылалі спецыялістаў, каб вывучыць сітуацыю. "Я хацеў на роднай зямлі сустрэцца з людзьмі, якіх ведаю, якія працуюць на зямлі, разлічваючы на іх шчырасць у бачанні праблем і перспектыў далейшага развіцця вёскі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Таму невыпадкова ў гэтыя святочныя дні было прынята рашэнне правесці такі дыялог. Ён вельмі важны, паколькі ў бліжэйшы час трэба будзе правесці сур'ёзную нараду на тэму перспектыў развіцця і рэфармавання сельскай гаспадаркі, дадаў ён.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, з чаго пачыналася яшчэ зусім нядаўна развіццё аграрнага сектара. Не хапала сродкаў, адчуваўся недахоп сельгаспрадукцыі. Накарміць, як аказалася потым, народ можна, як і прадаць вялікую колькасць прадукцыі. Сёння Беларусь імкнецца выйсці на экспарт $7 млрд сельгаспрадукцыі. Забяспечана харчовая бяспека краіны. А тады стаяла пытанне: "Што рабіць?" Было шмат розных прапаноў. У тым ліку адна з прапаноў - раздаць зямлю ў прыватную ўласнасць. "Вы ведаеце маё рашэнне. Я быў катэгарычна супраць. І пабываўшы сёння ў паспяховых фермераў Шклоўскага раёна, у людзей, з якімі я працаваў, якіх я добра ведаю, пераканаўся, што тады мы абсалютна правільна зрабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, калі б тады раздалі зямлю, то сёння мелі б сумныя вынікі. Шмат негатыўных момантаў "прыватызацыі" ён сёння бачыць у суседняй Расіі і нават Еўропе. Важным крокам у развіцці вёскі Прэзідэнт таксама лічыць тое, што ў Беларусі быў створаны шэраг сельскагаспадарчай тэхнікі ад шырокай лінейкі трактароў, навясных агрэгатаў да камбайнаў. "Пытанне якасці застаецца сур'ёзным, - заўважыў ён. - Але на гэта мы сёння звяртаем асаблівую ўвагу. Тым не менш, наша тэхніка, і гэта паказвае практыка, можа працаваць эфектыўна. Для гэтага толькі патрэбны веды і ўменні. А тады ж было шмат і праціўнікаў гэтай ідэі. Некаторыя прапаноўвалі ўсю тэхніку купляць у Германіі. А цяпер я думаю, калі б мы пайшлі тым шляхам, то магло б стацца так, што і збожжа нечым было б убіраць. Гэта значыць мы прайшлі вялікі, цяжкі шлях развіцця вёскі, уклаўшы ў яе развіццё за апошнія дзесяць гадоў больш за $45 млрд".

Паводле слоў Прэзідэнта, прайшоў час, і сёння нават еўрапейскія госці зайздросцяць беларускім аграрыям, паколькі там далёка не ўсе фермеры могуць дазволіць сабе працаваць на такіх вялікіх плошчах зямлі. Там вельмі жорсткая канкурэнцыя, а зямля прыватная. І кожны прыватнік змагаецца за сваю зямлю, стараючыся атрымаць са свайго кавалачка максімум выгады. "Напэўна, тады мы прынялі правільнае рашэнне, і я не думаю, што ад яго трэба адмаўляцца, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Тады ж мною было прынята рашэнне не перашкаджаць развіццю фермерскага руху. І каля яшчэ некалькі гадоў таму былі абмежаванні на карыстанне зямлёй, то сёння яны зняты. І сёння нармальная сітуацыя, калі фермеру аддаюць сельгасугоддзі, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца".

У час сустрэчы фермеры ў ліку асноўных праблемных пытанняў, якія стрымліваюць іх развіццё, неаднаразова называлі цяжкасці з выкупам маёмасці, якую яны арандуюць. Паводле іх слоў, калі б гэтыя будынкі і збудаванні перайшлі да іх ва ўласнасць, то і стаўленне да іх было б іншае. Тады яны былі б гатовы інвесціраваць у іх рамонт і мадэрнізацыю значныя сродкі.

Прэзідэнт даручыў ураду разгледзець і вырашыць праблемы ўласнасці для фермераў. "Гэта не той выпадак, дзе дзяржава павінна трымацца за гэту ўласнасць, напрыклад, стары свінакомплекс, які быў бы даўно ўжо разбураны. Я думаю, нам трэба прадумаць, сабраць разам усе праблемныя пытанні фермерскай супольнасці, звязаныя з уласнасцю, і адным махам іх вырашыць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, атрымаўшы ва ўласнасць маёмасць, фермер будзе больш актыўна ўкладваць у яе сродкі, можа будаваць што-небудзь новае, але, прынамсі, пакуль новае пабудуе, адрамантуе старое. "Таму давайце ад жыцця пойдзем і вырашым гэта пытанне. Але трэба ўлічваць, што ў пытанні прыватнай уласнасці мы яшчэ толькі ў пачатку шляху. І нам трэба вельмі асцярожна ісці, улічваючы меркаванне грамадства", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца пытання прыватнай уласнасці на зямлю, то, на думку Прэзідэнта, у Беларусі час для яе ўстанаўлення яшчэ не настаў. "Мы гэта пытанне будзем разглядаць. Калі гэта пры мне будзе, то я гарантую, што вы будзеце першымі, хто атрымае права прыватнай уласнасці на зямлю. Я кажу гэта не таму, што я з вамі сустракаюся, а таму што вы даказалі сваёй працай, што гэта ваша зямля", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, зыходзячы з вопыту, самае важнае прыняць рашэнне своечасова. "Вось, разумееце, застопарылася і далей не ідзе - і тады трэба імгненна рэагаваць. А вы, паважаныя фермеры, вельмі правільную агаворку зрабілі: "Пакуль гэта не тармозіць развіццё фермерства". На думку Кіраўніка дзяржавы, пытанне больш за ўсё тут у псіхалогіі. "Давайце не будзем тут спяшацца. Настане час, і гэта пытанне будзе вырашана. Галоўнае, каб цяпер людзі не баяліся прыйсці на арандаваную зямлю, былі ўпэўнены, што ў іх яе ніхто не забярэ. Калі ў нас заканадаўства ў гэтым плане не хапае, мы яго дапоўнім. Галоўнае - непахіснасць права прыватнай уласнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама даручыў спрасціць сістэму бухгалтарскага ўліку для фермераў. "Давайце дамовімся жалезна: мы павінны на працягу гэтага года адпрацаваць, адрэгуляваць і спрасціць да немагчымасці ўлік у фермерскіх гаспадарках. Бухгалтарскі ўлік перш за ўсё павінен быць нацэлены на кантроль за выплатай падаткаў", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта ў савецкія часы трэба было кантраляваць, куды зрасходаваны сродкі, куды пайшло паліва, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца тэхніка. "А цяпер трэба вызначыць асноўныя артыкулы і стварыць самую простую схему бухгалтарскага ўліку, зняўшы ўсялякія абмежаванні. Калі ў фермера жонка без вышэйшай адукацыі выдатна спраўляецца, то навошта ад яго патрабаваць наймаць спецыяліста з трохгадовым стажам работы і вышэйшай адукацыяй? Таму па бухгалтарскім уліку да канца гэтага года трэба выпрацаваць аптымальную сістэму", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама наведаў сялянска-фермерскую гаспадарку "Слесараў А.І.".  Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур. Ва ўсіх работах у асноўным задзейнічана беларуская тэхніка. Палі засеяны ідэальна. А вынік яе выкарыстання сведчыць сам за сябе - у сярэднім рэнтабельнасць атрыманай прадукцыі складае 15-18 працэнтаў. "Гэта сведчыць аб тым, што калі хочаш, то эфектыўна можна працаваць і на беларускай тэхніцы, патрэбны толькі веды і ўменні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Знаёмячыся з тэхналогіяй сяўбы, вырошчвання і захоўвання бульбы ў суседняй фермерскай гаспадарцы "Дзіяна", Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне пераемнасці пакаленняў. "У фермерскай справе вельмі важна, калі ў бізнесе працуе ўся сям'я, гэта ўжо своеасаблівы паказчык эфектыўнасці, а калі ў дзяцей няма цягі да зямлі, то, можа, і не трэба пачынаць наогул гэту справу", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміў Прэзідэнту Беларусі кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі Уладзімір Маліноўскі, у гэтым годзе тут маюць намер павялічыць пасяўныя плошчы бульбы больш як у два разы. У сувязі з гэтым у гаспадарцы пачалося будаўніцтва трэцяга сучаснага бульбасховішча магутнасцю 15 тыс. т. Ён запрасіў Прэзідэнта ў верасні прыехаць на яго адкрыццё і паспытаць дранікаў з новага ўраджаю другога хлеба.