Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 9
  • 1:22
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кіраўніцтва Магілёўскай вобласці больш дакладных дзеянняў па развіцці вытворчасці і добраўпарадкаванні. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 5 лістапада ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка вырашыў пашырыць праграму знаходжання ў рэгіёне і прапанаваў правесці нараду па праблемных пытаннях развіцця Магілёўшчыны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго хвалюе сітуацыя ў Магілёўскай вобласці і хацеў бы пачуць ад кіраўніцтва рэгіёна, якія паказчыкі яна дэманструе вобласць з пачатку года. Прэзідэнт адзначыў, што яму паступаюць трывожныя сігналы па сітуацыі ў Магілёўскай вобласці, і гэта інфармацыя пацвярджаецца з незалежных крыніц. "Таму мяне не можа не хваляваць тая сітуацыя, якая складваецца ў Магілёўскай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў некаторыя паказчыкі работы рэгіёна. У прыватнасці, за 9 месяцаў бягучага года аб'ём вырабленага валавога рэгіянальнага прадукту Магілёўскай вобласці склаў Br39,3 трлн, або ў супастаўных цэнах 96,8 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. На 1 кастрычніка запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў вобласці ў фактычных цэнах склалі Br3 трлн, або 72 працэнты да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Паводле папярэдніх даных, у студзені-верасні арганізацыямі вобласці экспартавана тавараў на суму $1,757 млрд. Да ўзроўню аналагічнага перыяду 2013 года экспарт тавараў склаў 94 працэнты, без уліку нафты і нафтапрадуктаў. Прагноз на студзень-верасень 2014 года - амаль 110 працэнтаў. "Таксама правал", - канстатаваў Прэзідэнт.

Імпарт тавараў за 9 месяцаў 2014 года па вобласці склаў $1,237 млрд і зменшыўся на 10 працэнтаў. Сальда знешняга гандлю таварамі склалася дадатнае ў памеры паўмільярда долараў. Кіраўнік дзяржавы прывёў несуцяшальныя даныя і па рабоце сельгасарганізацый, прамысловых прадпрыемстваў вобласці.

"Я праз пальцы не магу глядзець на такі стан спраў у вобласці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Павінны быць канкрэтныя вынікі. Калі іх няма, тады трэба думаць, хто будзе даваць гэтыя вынікі".

Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў прычыну нечаканай нарады з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці. Паводле яго слоў, любая сустрэча Прэзідэнта з кіраўнікамі заўсёды на карысць і дае магчымасць сам-насам пагаварыць аб праблемах у рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам спрабуе фарміраваць новыя кіруючыя кадры ў краіне. "Праз год нам разам з вамі давядзецца даваць справаздачу перад беларускім народам. Той, хто назірае за кадравымі назначэннямі, не мог не заўважыць, што ў кіраўніцтве з'явіліся новыя асобы, і гэты працэс не завершыцца заўтра, - сказаў Прэзідэнт. - Існуе практыка: перад прэзідэнцкімі выбарамі народ павінен добра бачыць тую каманду, з якой будзе працаваць пасля гэтых выбараў". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што змена кадраў з'яўляецца аб'ектыўнай неабходнасцю.

Прэзідэнт адзначыў, што ў бліжэйшы час мае намер правесці шэраг нарад па найбольш праблемных пытаннях развіцця краіны.

У прыватнасці, у хуткім часе адбудзецца справаздача ўрада і разгляд прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на наступны год.

У бліжэйшы час таксама дасць справаздачу губернатар Гродзенскай вобласці аб сітуацыі ў рэгіёне. "Я павінен зрабіць, перш за ўсё, для сябе вывад, наколькі правільным быў выбар", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на базе Віцебскай вобласці адбудзецца нарада, прысвечаная пытанням работы аграрнага сектара. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для разгляду праблем у гэтай сферы была створана спецыяльная рабочая група. "Мне абяцалі, што ў выніку гэтых рашэнняў сельская гаспадарка будзе развівацца сямімільнымі крокамі. Я спецыяльна зрабіў паўзу, каб паглядзець, наколькі ж будуць апраўданымі і сумленнымі тыя заявы групы, - сказаў Прэзідэнт. - Завяршыўся год, год нядрэнны, і ў канцы яго мы, напэўна, яшчэ раз збяромся і паглядзім, наколькі ў нас таленавітая каманда ў сельскай гаспадарцы, наколькі дакладна яны ўлавілі негатыўныя тэндэнцыі і ці правільна прапанавалі прыняць рашэнні па асобных пытаннях".

Яшчэ адна сфера, на якую Прэзідэнт мае намер звярнуць увагу, - ЖКГ. "Група адпрацавала гэтыя пытанні, і цяпер я чакаю, як ўстараняюцца выяўленыя недахопы. Зімой на гэту тэму пагаварым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады Прэзідэнт выслухаў меркаванні як кантралюючых структур, так і кіраўніцтва вобласці, Магілёва, Магілёўскага раёна адносна прычын нізкіх тэмпаў развіцця рэгіёна. На думку большасці прысутных на нарадзе, у вобласці не ўдалося выпрацаваць сістэмны падыход падбору кадраў.

"Стыль работы, вы самі гэта пацвердзілі, - нікчэмны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка.

"Мы ў наступным годзе будзем здаваць людзям экзамен. А ў вас людзі зарплату не атрымліваюць, а калі і атрымліваюць - мізэрную, у вас парадку няма, усё застыла ў мінулым стагоддзі, няма руху, і я гэта кажу не таму, што прыдзіраюся да вас. Магілёў - горшы горад у краіне з абласных цэнтраў", - адзначыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне прадаставіць губернатару Магілёўскай вобласці Пятру Рудніку права да 15 лістапада прымаць любыя кадравыя рашэнні ў рэгіёне.

"У вас час да 15 лістапада замяніць усіх, хто знахозіцца ніжэй за вас па пасадзе, пачынаючы ад першага намесніка і да прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, сельскіх саветаў. Вы прымеце рашэнне і мне накіруеце пісьмо, каго вызвалілі і каго назначылі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Да 15 лістапада я даю права губернатару прыняць па ўсіх прадпрыемствах вобласці рашэнне на пасяджэнні выканкама, накіраваць мне пісьмо, і я гэта зацверджу", - дадаў Прэзідэнт.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з Пятра Рудніка будзе адпаведнае патрабаванне за нездавальняючую работу вобласці ў будучым.

Прэзідэнт таксама дадаў, што да 1 студзеня будзе выдадзены дэкрэт аб адказнасці кіруючых кадраў і прадастаўленні ім права патрабавання з падначаленых. Над дакументам да канца года будзе праведзена дадатковая работа з тым, каб зрабіць яго збалансаваным.

"Таму ніхто вам перашкаджаць не будзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Пятра Рудніка. - У аснове работы павінны быць сумленнасць і справядлівасць".

"Больш гэтых размоў не будзе, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Прагноз - гэта добра, але мне важна, што будзе ў дынаміцы".

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся таксама з развіццём сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкаваннем Магілёва, наведаўшы пляцоўку каля рэканструяванага моста цераз раку Днепр і прадпрыемства па вытворчасці металаканструкцый рознай складанасці, у тым ліку стальных маставых канструкцый - ТАА "Протас".

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб перспектывах развіцця дарожнай сеткі ў абласным цэнтры і вобласці з выкарыстаннем мясцовых будаўнічых матэрыялаў. Апошнім часам у Магілёве склалася даволі складаная транспартная сітуацыя ў сувязі з павелічэннем практычна на чвэрць колькасці транспарту за апошнія пяць гадоў.

Мост, размешчаны па праспекце Шміта, эксплуатуецца з 1967 года, і толькі ў бягучым годзе капітальна адрамантаваны. Аднаўленне руху па мосце дало магчымасць значна аптымізаваць транспартныя патокі (у час рамонту штомесяц амаль 1 млн пасажыраў накіроўваліся праз іншыя масты).

Прэзідэнту расказалі аб тым, што наспела неабходнасць правядзення рамонту другой важнейшай транспартнай артэрыі Магілёва - моста па Пушкінскім праспекце цераз Днепр, які эксплуатуецца з 1959 года. Паколькі размова ідзе аб выкарыстанні бюджэтных сродкаў, як і пры рамонце першага моста, то Кіраўнік дзяржавы паабяцаў уключыць у планы на 2016 год правядзенне мадэрнізацыі яшчэ аднаго моста ў Магілёве.

У час абмеркавання сітуацыі з развіццём дарожнай сеткі ў рэгіёне размова зайшла аб неабходнасці будаўніцтва кальцавой дарогі ў Бабруйску і моста цераз Бярэзіну. Прэзідэнт падтрымаў гэту прапанову.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на праблему павелічэння транспартнага патоку праз Беларусь, таксама з улікам сітуацыі ва Украіне. На яго думку, якасць беларускіх дарог павінна адпавядаць сучасным патрабаванням.

Разам з тым Прэзідэнт указаў кіраўніцтву вобласці і горада на недахопы ў добраўпарадкаванні Магілёва, асабліва ў прыбярэжнай зоне.

Аляксандр Лукашэнка наведаў ТАА "Протас", дзе азнаёміўся з сучасным абсталяваннем і тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці металаканструкцый, якія, дарэчы, былі выкарыстаны пры рамонце моста цераз Днепр. Кіраўніку дзяржавы даложана аб тым, як рэалізуецца інвестыцыйны праект па будаўніцтве завода маставых металічных канструкцый.

Прэзідэнт таксама паразмаўляў з працоўным калектывам.

Паколькі прыезд у Магілёўскую вобласць адбыўся напярэдадні 7 лістапада, то работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі яго стаўленнем да гэтага свята. Прэзідэнт Беларусі сказаў, што не бачыць прычын для адмены гэтага святочнага дня, але палітычнага сэнсу ў яго не ўкладвае. "Ніякага палітычнага сэнсу ў гэта свята я не ўкладваю. Людзі прывыклі яго адзначаць. І чаму трэба яго адмяняць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён растлумачыў: "Я праціўнік рэвалюцый, як і вы, але тады людзі змагаліся за лепшае жыццё". Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што ён не прыхільнік таго, каб ламаць гісторыю і пераймяноўваць даты. "Але ў нас ухіл на гэта свята крыху іншы - у гэты час падыходзіць да завяршэння вытворчы і фінансавы год на прадпрыемствах. І я прапанаваў - давайце да гэтага дня рабіць народу падарункі, паказваць, што мы зрабілі за год", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта таксама дзень прамежкавай справаздачы перад народам.

Адно з закранутых у час размовы пытанняў датычылася жыллёвай тэматыкі. Дзяржава пры магчымасці будзе павялічваць падтрымку маладых сем'яў, у тым ліку ў набыцці жылля, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё магчымае ў краіне ў гэтым напрамку робіцца. "Будзе магчымасць - абавязкова павялічым падтрымку, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але крыху трэба напружыцца і маладым сем'ям".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры інфляцыі 20 працэнтаў ільготны крэдыт пад 4 працэнты гадавых з'яўляецца фактычна падарункам. "Для таго каб рабіць падарункі, вы павінны ў пяць разоў больш плаціць падаткаў, іншыя прадпрыемствы павінны ў 3-4 разы больш плаціць падаткаў, каб была магчымасць стварыць фонд у бюджэце і падарыць маладым сем'ям або сем'ям з дзецьмі, шматдзетным жыллё. Але вы не можаце плаціць падаткаў у пяць разоў больш, - сказаў Прэзідэнт. - Нельга падатковым чынам нагрузіць народ і прадпрыемствы. Дык адкуль узяць грошы для таго, каб выдаць іх маладым сем'ям? Гэтых грошай няма. Мы не друкуем грошы, гэта прывядзе да абвалу нацыянальнай валюты ў гэты крызісны перыяд".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава робіць усё магчымае па максімуму. Паводле слоў Прэзідэнта, пры вызначэнні, каму аказаць падтрымку ў першую чаргу, яна аказваецца шматдзетным сем'ям. Гэта робіцца таму, што ў краіне самая вострая праблема - павялічэнне нараджальнасці. "У нас насельніцтва не хапае, і я вымушаны стымуляваць гэту нараджальнасць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І вось сюды мы асноўныя рэсурсы накіроўваем - нараджайце".

"Я часта кажу аб тым, што я вас крыху збалаваў, - сказаў Прэзідэнт. - Нельга залішне дапамагаць чалавеку, паколькі ён тады перастае працаваць. Вазьміце, напрыклад, Расію: там мала хто спадзяецца на дзяржаву, чалавек імкнецца недзе знайсці работу і зарабіць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што грошы ў першую чаргу трэба зарабіць, і цяпер у Беларусі гэта зрабіць можна. Больш мабільнымі павінны быць і самі людзі, пераязджаючы ў тыя месцы, дзе ўжо ёсць жыллё і работа.

Прэзідэнт Беларусі таксама пацвердзіў сваё патрабаванне рашучых мер, каб прымусіць дармаедаў працаваць.

"Вы ўжо чулі маё патрабаванне, якое неадназначна ўспрымаецца, каб усе, хто можа, працавалі. Ніякага дармаедства, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - А то нехта не працуе, падаткі не плаціць і не горш, чым іншыя, жыве. Пры гэтым карыстаецца адукацыяй, аховай здароўя, якая практычна бясплатная або за мізэрную цану".

На яго думку, дармаедаў трэба прымушаць працаваць. А такіх у краіне каля 400 тыс. "А дажывуць да 60 гадоў, запатрабуюць: давайце пенсіі. А адкуль пенсіі? Ад нас з вамі, - заўважыў Прэзідэнт. - Таму я і патрабую рашучых мер у барацьбе з тымі, хто нідзе не працуе".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта ні ў якім разе не датычыцца тых, хто працуе ў Расіі. "Маўляў, Лукашэнка прымушае ўсіх, хто працуе ў Расіі, вярнуцца. Гэта не так. Зарабляеце, прысылаеце сюды грошы, - гэта ваш уклад. Размова ідзе аб іншых - аб гультаях, якія не працуюць ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ў іншых краінах", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Кожны павінен працаваць, прыносіць карысць сям'і і дзяржаве, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Адказнасць дзяржавы зразумелая - гэта клопат аб дзецях, адукацыя, ахова здароўя, абарона, бяспека і многае іншае. А для гэтага таксама патрэбны грошы", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Падагульняючы тэму, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што на дзяржаўным узроўні будуць прыняты ўсе неабходныя меры для барацьбы з дармаедствам.

Адзін з маладых працаўнікоў прадпрыемства закрануў хвалюючую яго тэму прадаўжэння навуковай работы ў час вытворчай дзейнасці і выказаў свае апасенні наконт будучай абароны дысертацыі.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што падтрымлівае навуковую дзейнасць, звязаную непасрэдна з вытворчай тэматыкай. "Калі вы ўзяліся за дысертацыю і напішаце аб патрэбнай, перспектыўнай тэме, а тым больш зробіце адкрыццё, гэта дысертацыя, безумоўна, атрымае падтрымку", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пахваліў кіраўніцтва ТАА "Протас" як у цэлым за стварэнне ў краіне такой вытворчасці, так і за добрую работу. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі будуць падтрымліваць прыватнікаў, якія ствараюць вытворчасці.

"Тым, хто стварае прадпрыемствы, вытворчасці за ўласныя або за крэдытныя сродкі, будзе толькі падтрымка", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што ніколі не выступаў супраць прыватнай уласнасці.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў яго асаблівае стаўленне да прыватызацыі: "Мы прыватызуем прадпрыемствы, але не ўсе без разбору, як у некаторых краінах. Калі бачым, што прадпрыемства дрэнна або слаба працуе, мы прапануем: няхай прыватнік купляе, але не за бясцэнак, і працуе". У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сельскую гаспадарку, дзе амаль трэць калгасаў і саўгасаў прыватызаваны. "І гэты працэс будзе прадаўжацца", - дадаў ён.

"У краіне павінна быць сумленнасць і справядлівасць. Прыходзьце, адкрывайце любыя прадпрыемствы, пачынаючы ад аграсядзіб, якія, дарэчы, вельмі добра працуюць. Няхай больш будзе прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю прадукцыі, а не спекуляцыяй", - падкрэсліў Прэзідэнт.