Рабочая паездка ў Клецкі раён Мінскай вобласці

  • 14

Наступны год у сельскай гаспадарцы Беларусі пройдзе пад знакам навядзення парадку і культуры земляробства. Адпаведную задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 29 верасня ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, дзе азнаёміўся з ходам асенніх палявых работ.

"Наступны год мы аддадзім поўнасцю парадку, культуры земляробства, культуры на палях. Гэта будзе наш галоўны год", - заявіў Прэзідэнт.

"Больш не разлічвайце на вялікія грошы і капітальную падтрымку. Год добры, зарабляйце грошы. Мы павінны сканцэнтраваць сродкі на меліярацыйных, культурна-тэхнічных работах. Трэба прыводзіць у парадак краіну і нарэшце жорстка паставіць пытанне па рэкультывацыі былых ферм", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна размова ішла аб рабоце прыватнага бізнесу ў сферы сельгасвытворчасці. У Клецкім раёне быў такі вопыт, аднак практыка паказала, што прыватнікі таксама не заўсёды працуюць эфектыўна і ў поўнай меры выкарыстоўваюць прадастаўленыя ім землі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў звяртаць увагу на такія факты, калі яны маюць месца, і прымаць неабходныя меры.

Пра важнасць эфектыўнага гаспадарання на зямлі гаварылася і ў час наведвання Прэзідэнтам поля з кукурузай і пакуль яшчэ экзатычнай для Беларусі сельгаскультурай - сорга, якое яшчэ называюць суданскай травой. Яго таксама нарыхтоўваюць на сілас для патрэб жывёлагадоўлі. Але яго асаблівасць у тым, што гэта культура добра пераносіць засуху і менш патрабавальная да ўрадлівасці глебы, чым прывычныя для Беларусі збожжавыя і кукуруза.

Аляксандру Лукашэнку падрабязна расказалі аб пажыўных якасцях сорга, а таксама ў цэлым аб распрацаваных прапановах па саставе кармавой базы ў залежнасці ад рэгіёнаў краіны, мэтазгоднасці выкарыстання тых ці іншых культур. Было падкрэслена, што ў аграрыяў у кожным асобным рэгіёне і гаспадарцы ёсць выбар, што менавіта вырошчваць і ў якой колькасці, зыходзячы з мясцовых умоў. "Вывад адзін - варыянты ёсць. Гэта яго (кіраўніка) справа. А разумны кіраўнік, дзе землі крыху прасцейшыя, беднаватыя, пасее 50-100 га сорга", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц далажыў, што праведзеныя разлікі пацвярджаюць магчымасць сфарміраваць вельмі нізкі сабекошт пры вытворчасці малака з выкарыстаннем толькі традыцыйных для Беларусі кармавых культур. Асабліва гэта актуальна для Віцебскай вобласці, дзе ў многіх раёнах немэтазгодна вырошчваць вялікія аб'ёмы збожжавых і асноўная іх спецыялізацыя ў сельскай гаспадарцы павінна быць звязана з мясной жывёлагадоўляй.

"Трэба пераарыентаваць іх структуру (пасяўных плошчаў), каб яны не збожжавыя сеялі. Да гэтага часу 4 тыс. га не ўбралі. Гэта трэба ўжо забыць, там ужо ўбіраць няма чаго. Таму навошта сеяць тое, што мы ўжо ў кастрычніку ўбіраем, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Вось варыянты. Выбірайце і адказвайце. Вы павінны мець свае грошы".

Асобны акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на пытанні дысцыпліны. Ён падкрэсліў, што ў гэтым плане нельга пад некага падладжвацца, а важна патрабаваць дакладнага выканання пастаўленых задач. "Усе ведаюць, як рабіць. Галоўнае - прымусіць людзей выконваць. За тое, што вы строга будзеце патрабаваць за выкананне тэхналогіі, вас ніхто ніколі не прыцягне да адказнасці", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама даручыў актывізаваць намаганні на завяршальным этапе асенніх палявых работ. "Трэба паскарацца і зноў мабілізоўваць людзей. Мы ж не ведаем, якое будзе надвор'е, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Праз два тыдні гэтага напружання ўжо не будзе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, вяскоўцы ў пэўнай ступені самазаспакоіліся пасля завяршэння ўборкі збожжавых культур. Разам з тым у бліжэйшыя дні аграрыям яшчэ трэба будзе выканаць вялікі аб'ём работ, у тым ліку па завяршэнні сяўбы азімых, уборцы агародніны, кукурузы. Асаблівую занепакоенасць беларускі лідар выказаў у сувязі з тэмпамі работ па ўборцы кукурузы на сілас.

Што датычыцца сяўбы азімых, Прэзідэнту далажылі, што адпаведныя работы па краіне будуць у асноўным завершаны да 4 кастрычніка. Аднак яшчэ застаюцца вялікія незасеяныя плошчы ў Віцебскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на важнасць захавання агратэхнічных тэрмінаў. "Ці не атрымліваецца, што мы сеем дзеля таго, каб пасеяць - план намецілі, і хоць у снежні, - заўважыў ён. - Як бы там ні было, у Віцебскай вобласці трэба пасеяць на гэтым тыдні".

У Клецкім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў сельгаспрадпрыемства ААТ "Кухчыцы", дзе яму далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці гэтага сельгаспрадпрыемства і Клецкага раёна ў цэлым, аб выніках уборкі збожжавых і ходзе асенніх палявых работ, нарыхтоўцы кармоў у рэгіёне і ў Беларусі ў цэлым.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выконваюцца дадзеныя раней даручэнні па будаўніцтве сянажных траншэй. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што адпаведныя работы вядуцца актыўна і ўжо ў 2018 годзе ва ўсіх рэгіёнах краіны заданне будзе выканана. Размова ішла таксама ў цэлым аб забеспячэнні захаванасці ўраджаю агародніны і пладоў. "Трэба зрабіць гэтыя сховішчы капітальна, на ўсё жыццё", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў бульбасховішча, дзе яму далажылі аб выкананні даручэнняў па забеспячэнні захоўвання бульбы і плодаагародніннай прадукцыі. Там жа ён азнаёміўся з тэхналогіяй закладкі зерня кукурузы ў палімерны рукаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанне цэнаўтварэння на сельгаспрадукцыю і падкрэсліў важнасць таго, каб цэны ў розніцы былі адэкватнымі, а пасрэднікі і перакупшчыкі не нажываліся на працы вяскоўцаў.

У ААТ "Кухчыцы" Прэзідэнт таксама азнаёміўся з уборкай цукровых буракоў. Яму далажылі аб рабоце айчынных селекцыянераў і вопыце выкарыстання розных сартоў гэтай культуры. Насенне цукровых буракоў у Беларусь пастаўляецца з Італіі і Сербіі, дзе яго атрымліваюць пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў. Аднак існуючых там участкаў недастаткова для забеспячэння насеннем пад поўную патрэбнасць. Прэзідэнт даручыў абмеркаваць гэта пытанне з партнёрамі і вырашыць яго.